Хоахаа

Хоахаа або хоахаізм (в’етн.: Hòa Hảo) — сінкрэтычнае рэлігійнае вучэнне на аснове будызму. Распаўсюджана галоўным чынам у В’етнаме.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Заснавальнікам хоахаа стаў малады рэлігійны дзеяч Хюінь Фу Со (1920 – 1947 гг.) з вёскі Хоахаа на поўдні В’етнама, які з-за хваробы не быў здольны працягваць навучанне ў в’етнамскай школе, адкрытай французамі, і стаў вучнем будысцкага пустэльніка. У 1937 годзе ён пачаў прапаведаваць самастойна сярод в’етнамскіх сялян.
Пасля смерці вучыцеля ў 1939 годзе Хюінь Фу Со вярнуўся ў родную вёску, дзе адкрыта прапанаваў новае вучэнне, сэнс якога быў у скарачэнні складанай будысцкай абраднасці, пакаянні і звароце да нацыянальных пачуццяў в’етнамцаў. Таленавіты паэт і аратар, Хюінь Фу Со меней, чым за год прыцягнуў на свой бок каля 100 тысяч прыхільнікаў, пераважна сялян.
Падчас Індакітайскай вайны сектанты стварылі ў паўднёва-заходняй частцы В’етнама ўласныя ўзброеныя сілы, якія існавалі да сярэдзіны 1950-х гадоў і кантралявалі значную частку тэрыторыі В’етнама[1].
У перыяд Амерыкана-в’етнамскай вайны секта вяла актыўную прапагандысцкую дзейнасць нацыяналістычнай накіраванасці. У гэты час у кіраўніцтве секты адбыліся рознагалоссі з нагоды палітычнай арыентацыі – частка сектантаў займала адкрыта антыкамуністычныя пазіцыі, іншая частка прапагандавала барацьбу супраць акупантаў сумесна з камуністамі[1].
У 1947 годзе Хюінь Фу Со трапіў у палон да камуністаў-партызан, быў закатаваны, а яго цела разрэзалі на кавалкі і раскідалі па лесе, каб хоахаісты не маглі ў далейшым шанаваць яго. Пасля прыходу да ўлады ў В’етнаме камуністаў кіраўніцтва секты было падвергнута рэпрэсіям, дзейнасць навучальных устаноў, якія належаць секты, была забаронена[1].
У наш час налічваецца каля 2 мільёнаў вернікаў, прычым большасць з іх жыве на поўдні В’етнама. Тыя з хоахаістаў, хто эмігрыраваў пасля вайны ў ЗША стварылі рэлігійны цэнтр у Каліфорніі. У 2005 і 2007 гадах некалькі кіраўнікоў хоахаа адкрыта выступілі супраць рэлігійнага прыгнёту ў В’етнаме, за што былі арыштаваны, а тэксты іх прароцтваў зніклі з друкарні.
Дактрына
[правіць | правіць зыходнік]Хаця прыхільнікі хоахаа кажуць пра імкненне адрадзіць сапраўдны будызм, на вучэнне Хюінь Фу Со аказала моцны ўплыў хрысціянства, у меншай ступені — культ продкаў, даасізм і канфуцыянства. Хоахаа вераць у прышэсце жывых Будаў, якія выратуюць в’етнамскі народ і ўсё чалавецтва. Распаўсюджванне іх веры праводзіцца праз адукацыю і пропаведзь міру, а не праз прымус. Робіцца акцэнт на прызнанні асаблівай ролі простых сялян, якія захоўваюць чысціню памкненняў.
Кожны прыхільнік хоахаа абавязаны выконваць абавязак чатырох шанаванняў:
- Шанаванне продкаў і бацькоў
- Шанаванне сваёй краіны
- Шанаванне трох скарбаў будызму
- Шанаванне суайчыннікаў і чалавецтва
Культ
[правіць | правіць зыходнік]Хоахаізм адрокся ад большасці абрадаў, у тым ліку ад вясельных і пахавальных, правядзення пышных богаслужэнняў і святаў. Замест гэтага прапануецца дабрачыннасць на карысць бедных, самастойнае вывучэнне рэлігійных тэкстаў, выяўленне асабістых творчых пачуццяў і малітвы ў сям’і. На карычневым сцяге хоахаа няма ніякіх сімвалаў. Адзінай арганізацыі фактычна не існуе. «Святой зямлёй» лічыцца вёска Хоахаа, дзе знаходзіцца невялікі храм.
Гл. таксама
[правіць | правіць зыходнік]Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- 1 2 3 Хоахао (Фат зяо Хоа Хао) (руск.)
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- Сайт прыхільнікаў хоахаа
- Рэлігія ў В'етнаме Архівавана 14 жніўня 2013.
- Кароткае апісанне будызму хоахаа Архівавана 29 лістапада 2010.
- Рэлігіязнаўчы агляд