Хобненска-Хойніцкі пахаваны выступ
Хобненска-Хойніцкі пахаваны выступ — тэктанічная структура ў Хойніцкім і Калінкавіцкім раёнах, у складзе Цэнтральнай структурнай зоны Прыпяцкага прагіну.
Выдзяляецца па паверхні фундамента, падсалявых і міжсалявых дэвонскіх адкладах. На поўначы, захадзе і поўдні праз шэраг лакальных разрыўных парушэнняў сучляняецца з Капаткевіцка-Велікаборскай, Шастовіцкай, Мазырскай тэктанічнымі ступенямі і Ельскай грабен-сінкліналлю.
Даўжыня каля 60 км, шырыня да 30 км. Фундамент у межах выступу залягае на адзнаках ад -2000 да -4000 м, апускаецца на паўночны захад. Па паверхні фундамента і надсалявых адкладах выдзелена значная колькасць блокаў.
У разрэзе асадачнага чахла ўстаноўлены дэвонскія адклады: падсалявыя тэрыгенныя (магутнасць каля 150 м) і карбанатныя (каля 300 м), несаляносныя (да 500 м), міжсалявыя (да 300 м), верхнесаляносныя (да 1600 м). Надсалявыя каменнавугальныя, пермскія і мезазойска-кайназойскія адклады магутнасцю да 1500 м. Міжсалявыя адклады ў межах выступу падвергліся інтэнсіўнаму размыву.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- І. Д. Кудравец. Хобненска-Хойніцкі пахаваны выступ // Энцыклапедыя прыроды Беларусі. У 5-і т. Т. 5. Стаўраструм — Яшчур / Рэдкал. І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ імя Петруся Броўкі, 1986. — 583 с., іл. — 10 000 экз.