Хортус Палацінус

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Хортус Палацінус
ням. Hortus Palatinus
Асноўная інфармацыя
Тыпсад
Размяшчэнне
49°24′39″ пн. ш. 8°43′08″ у. д.HGЯO
Краіна
Хортус Палацінус (Германія)
Хортус Палацінус
Хортус Палацінус
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы
Жак Фук’е (1590-1659). «Панарама Гайдэльбергскага замка і саду Пфальца з далінай ракі Некар».

Хортус Палацінус (Hortus Palatinus) — лацінская назва саду Пфальца, створанага па замове Фрыдрыха V, уладальніка Гайдэльбергскага замка, у наваколлі якога і быў створаны сад.

Перадгісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Сад Пфальца, гравёр Матэўс Мерыян старэйшы.

Заказчыкам саду быў Фрыдрых V, уладальнік Гайдэльбергскага замка эпохі сярэднявечча, на той час кіраўніка Пратэстанцкага саюза. Зіму 1612 года не жанаты тым часам Фрэдэрык павёў у Лондане з палітычных меркаванняў, імкнучыся аб’яднаць намаганні двух пратэстанцкіх уладальнікаў. З яго боку гэта быў бы саюз родаў Пфальца, Аранскіх-Насаў і Даніі з каралём Англіі Якавам І Сцюартам. Але Фрыдрых V сустрэў дачку Якава Елізавету Сцюарт і маладыя пакахалі адзін аднаго. Яны ажаніліся і вярнуліся ў Гайдэльбергскі замак.

Жадаючы радаваць маладую жонку, Фрыдрых пачаў мадэрнізацыю замка і яго ваколіц, стварыўшы для Елізаветы Сцюарт «англійскі корпус замка», домік малпаў, звярынец і ў рэшце рэшт вялікі сад у стылі італьянскага адраджэння і маньерызму, які меў распаўсюджанне ў той час ў самой Брытаніі.

Стварэнне саду Пфальца (Hortus Palatinus)[правіць | правіць зыходнік]

Сад Пфальца на карціне 1619 года Жака Фук'е.
Саламон дэ Кос.

Для стварэння праекта перабудовы быў запрошаны англійскі архітэктар Ініга Джонс (1573-1652) і інжынер Саламон дэ Кос (1576-1626), французскі пратэстант на службе ў Лондане пры двары караля Якава i Сцюарта. Саламон дэ Кос быў вядомы сваімі працамі па стварэнні раскошнага саду для прынца Валійскага Генры вакол палаца Рычманд. Саламон дэ Кос быў прымушаны спыніць працу ў садзе прынца Генры, бо той памёр 1612 года. Быў знаёмым Саламон і з сястрой прынца Элізабэт. У ліпені 1614 года Саламон дэ Кос пачаў працу над новым садам вакол Гайдэльбергскага замка. Не дзіўна, калі Саламон дэ Кос выкарыстаў на новым месцы некаторыя элементы і дэталі праекта саду для акружэння палаца Рычманд, перапрацаваўшы праект, павялічыўшы маштаб і дадаўшы новыя дэталі.

Самым складаным заданнем для інжынера і архітэктара была неабходнасць стварыць сад у горнай мясцовасці, неабходнасць выраўноўваць вялікія зямельныя ўчасткі і прыўнесці сіметрыю ў несіметрычны ўчастак. Раўнінныя сады Англіі падыходзілі мала. Таму быў выкарыстаны вопыт італьянскіх садоўнікаў, што даўно ўжо стваралі сады на схілах пагоркаў і выкарыстоўвалі штучна створаныя тэрасы.

Тэрасы былі створаны вакол замка і атрымалі від лацінскай літары «L». Пераходы паміж тэрасамі стваралі шматлікія прыступкі. Тэрасы нагадвалі вісячыя сады, вядомыя са старажытнага Вавілона і са шматлікіх гравюр майстроў эпохі маньерызму 16 стагоддзя.

На тэрасах размясцілі ўзорыстыя партэры, участкі з дарослымі дрэвамі, лабірынтам , які быў абавязковай дэталлю садоў эпохі адраджэння ў Англіі. Двума выдатнымі мясцінамі саду асабліва ганарыліся інжынер і архітэктар — гэта невялікі гай з апельсінавых дрэў (іх было трыццаць шэсць) і складаная сістэма водазабеспячэння для невялікіх фантанаў, важнай дэталі садоў эпохі адраджэння. Сярод іх быў і фантан з вадзяным органам, а ў чашы фантана былі птушкі, якія спявалі на розныя птушыныя галасы.

Няпростая сістэма водазабеспячэння новага саду была вырашана за кошт крыніц і ручаёў, што цяклі з паўночнага схілу гары Кёнігштуль.

Да 1619 года такім чынам быў створаны самы вялікі па памерах сад у стылі адраджэння і маньерызму ў нямецкіх княствах. Хоць ўладкаванне саду яшчэ не было скончана.

1619 года Фрэдэрык прайграў у палітычнай барацьбе і быў вымушаны эміграваць з Прагі ў горада Гаага разам з жонкай. Працы па ўладкаванні саду Пфальца спынілі. Саламон дэ Кос быў вымушаны перабрацца ў Парыж, а неўзабаве памёр.

Апісанні і выявы рэдкага саду[правіць | правіць зыходнік]

Захаванае французскае выданне, датаванае 20 снежня 1619 года, прысвечанае праекту і этапам стварэння саду Пфальца. Кнігу да друку са шматлікімі гравюрамі падрыхтаваў Саламон дэ Кос.

У друкаванай графіцы пейзажы з выявай саду Пфальца стварыў і графік Матэўс Мерыян старэйшы (1593-1650).

Прыгажосцю нават недабудаванага саду быў захоплены і мастак Жак Фук’е (1590-1659), які падаў сад практычна завершаным на ўласнай карціне з выявай Гайдэльбергскага замка над далінай ракі Некар у стылістыцы панарамных пейзажаў нідэрландскіх майстроў.

Кароткае апісанне саду Пфальца[правіць | правіць зыходнік]

Сад Пфальца на карціне 1619 года Жака Фук'е.

Сад Пфальца па праекце Саламона дэ Коса быў створаны на ўчастку былога сярэднявечнага сада каля замка. Новы праект прымусіў кардынальна змяніць і яго плошчу ў бок павелічэння, і ўнесці змены ў стылі. Ад паўночнага схілу гары Кёнігштуль сад аддзяляла вузкая першая тэраса. Каля замка яна сканчалася архітэктурнай нішай са скульптурай Непуна. Над нішай быў фігурны франтон з фігурай Фрэдэрыка V, уладальніка Гайдэльбергскага замка, які прадстаўляўся яшчэ і як уладар Нептуна. Гэтая тэраса была ўсяго восем з паловай (8,5) метраў у шырыню, але доўгай і служыла для прагулак для агляду саду,што быў размешчаны ніжэй. Аглядная тэраса была практычна пазбаўленая раслін. Толькі ля падпорнай сцяны з боку гары былі высаджаны кусты.

Паркавым павільёнам варта было лічыць сіметрычную галерэю са скразным праходам па яе цэнтры. Былая галерэя даўно разбурана. Некалі яна мела вокны і рэльефы з выявай подзвігаў Геракла. Пышная сістэма барочных алегорый таксама параўноўвала з Гераклам заказчыка саду Фрэдэрыка V.

Памяшканне для захоўвання трапічных раслін, практычна з’яўлялася аранжарэяй. Менавіта ў ёй захоўвалі трапічныя расліны ў халодную пару года (гранатавыя і апельсінавыя дрэвы, лекавы размарын і іншыя).

Ніжэй была размешчана вялікая тэраса, дзе былі ўсталяваныя шматлікія партэры, невялікі гай апельсінавых дрэў, маленькія басейны з вадой. Цэнтральная частка гэтай часткі саду была добраўпарадкавана як паркавы павільён з дахам і сцяжынкамі, над якімі своеасаблівы дах утваралі галіны дрэў на каркасе — для прагулак у спякоту і флірту знакамітых уладальнікаў далей ад вачэй непажаданых сведак і слуг.

Самую вялікую дэкарацыю меў фігурны басейн, які нагадваў формай корпус скрыпкі. Ён быў упрыгожаны скульптурамі-алегорыямі рэк Некар і Майн.

Цікавай была і калекцыя раслін, сабраных ў садзе. Былі выкарыстаны як мясцовыя, так і экзатычныя расліны, сярод якіх Abies cephalonica, Chamaecyparis pisifera, гінкга білоба, клёны, Citrus aurantium і іншыя. З гадамі склад раслін змяняўся і станавіўся бяднейшым. Доля раслін была заменена на новыя і неадпаведныя першасным, таму што частку раслін прывезлі ў Еўропу з Амерыкі. Для абароны цытрусавых і экзатычных раслін была прадугледжана сістэма аховы і аранжарэя.

Сад Пфальца не меў адзінай восі усяго ансамбля, як тое было ў дварах Ватыкана (арх. Даната Брамантэ), на віле Джулія (арх. Джакама да Віньёла), віле Альдабрандзіні  (укр.) (арх. Джакама дэла Порта). Гэты сад меў некалькі восяў праз складаную сістэму тэрас на розных узроўнях і складаны рэльеф горнай мясцовасці, дзе ў нізіне паміж пагоркамі быў захаваны нават манастыр, які можна было агледзець з верхніх тэрас саду.

Далейшая гісторыя саду[правіць | правіць зыходнік]

План Гайдэльбергскага замка і саду каля яго, на 1780 год.

Першыя істотныя змены ў структуры саду прыйшлі ў гады Трыццацігадовай вайны, калі сад Пфальца і яго павільёны і фантаны падвергнуліся разбурэнням.

У 19 стагоддзі сад пачаў ператварацца не ў магнацкі сад, а ў тыповы буржуазны сад горада Гайдэльберг з атракцыёнамі і новымі ўстановамі. Так, адбылася дыскусія адносна размяшчэння ў садзе новага рэстарана, новай адкрытай эстрады або музычнага павільёна, таму што стары меў дрэнную акустыку і ўжо не задавальняў патрабаванням. Сад Пфальца ўсё больш ператвараўся ў буржуазны сад забаў.

Адначасова расло ўяўленне пра гістарычную і мастацкую каштоўнасць саду, хай і ў разбураным на той час выглядзе. У садзе ўсталявалі манумент у гонар гейдэльбергскага паэта Ёзэфа Віктара фон Шэфеля  (руск.). Ён стварыў некалькі вершаў са згадваннямі пра Гайдэльберг, а адзін верш стаў нават студэнцкай песняй.

У гонар паэта была названая і тэраса ў парку. Манумент Шэфеля быў тыповай прадукцыяй у стылі буржуазнага гістарызму — паэт у поўны рост з матэрыяльна-манатонным, дакладным прайграваннем вопраткі і ботаў і да таго падобнае. Помнік быў знішчаны ў гады 2-й сусветнай вайны.

План па аднаўленні саду[правіць | правіць зыходнік]

Афіцыйным уладальнікам разбуранага замка на пачатак 21 стагоддзя з’яўляецца Міністэрства Фінансаў зямлі Бадэн-Вюртэмберг. У пачатку 21 стагоддзя была створана праграма па аднаўленні саду Пфальца ў яго гістарычным выглядзе, а 13 верасня 2007 года праект быў апублікаваны.

Праект прызналі недасканалым. Жыхары горада даўно прывыклі да разбуранага саду з часткова узноўленымі элементамі і няпоўнай рэстаўрацыяй і лічаць, што поўнае аднаўленне знішчыць яго рамантычны выгляд, як некалі быў знішчаны яго рэгулярны характар. Дыскусійным засталося і пытанні аднаўлення разбуранага замка. Супраціў выклікаў і намер зрабіць наведванне адноўленага саду платным, тады як цяпер ён бясплатны.

Рэалізацыю аднаўлення саду Пфальца па прапанаваным праекце спынілі.

Галерэя[правіць | правіць зыходнік]

Саламон дэ Кос  (руск.). Партал для Вялікага Грота ў садзе Пфальца.

Фота захаваных і адноўленых частак саду Пфальца[правіць | правіць зыходнік]

Адноўлены фантан з алегорыяй ракі Рэйн.

Зноскі

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Davidson, Peter. The Universal Baroque. Manchester: Manchester University Press. (2007)
  • Grove, Richard H.  (англ.) Green Imperialism: Colonial Expansion, Tropical Island Edens and the Origins of Environmentalism, 1600-1860. Cambridge: Cambridge University Press. (2006)
  • Hart, Vaughan  (англ.). Art and Magic in the Court of the Stuarts. London: Routledge. (1994)
  • Hunt, John Dixon  (англ.). (ed) Garden History: Issues, Approaches, Methods. Dumbarton Oaks. (1992)
  • Kassel, Richard. The Organ: An Encyclopedia. London: Routledge. (2006)
  • McIntosh, Christopher. Gardens of the Gods: Myth, Magic and Meaning. London: I. B. Tauris. (2005)
  • Morgan, Luke. Nature as model: Salomon de Caus and early seventeenth-century landscape design. University of Pennsylvania Press. (2007)
  • Smith, Evans Lansing. Ricorso and Revelation: an Archetypal Poetics of Modernism. London: Camden House. (1995)
  • Spencer, Charles  (руск.). Prince Rupert: the Last Cavalier. London: Phoenix. (2008)
  • Turner, Tom  (англ.). Garden History: philosophy and design, BC 2000—2000 AD. Abingdon: Spon Press. (2005)
  • Zimmermann, Reinhard. Iconography in German and Austrian Renaissance Gardens. in Hunt (1992)