Хрысціянскі нубійскі жывапіс

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Размяшчэнне археалагічных аб'ектаў, дзе былі знойдзеныя фрэскі, якія прадстаўляюць хрысціянскі нубійскі жывапіс

Хрысціянскі нубійскі жывапіссценапісы з Нубіі, датаваныя перыядам паміж VI і XIV стагоддзямі, якія прадстаўлюць хрысціянскую іканаграфію.

Працягласць і храналогія[правіць | правіць зыходнік]

Фіялетавы стыль
Жоўта-чырвоны стыль
Рознакаляровы стыль

Пісьмовыя дакументы і археалагічныя сведчанні пацвярджаюць працэс паступовага пранікнення хрысціянства на поўдзень ад I парога Ніла ўжо каля III і IV стагоддзяў[1]. Але царства Макурыя прыняло хрышчэнне толькі ў сярэдзіне VI стагоддзя з рук візантыйскіх місіянераў. Па словах Стэфана Якабельскага, хрышчэнне магло адбыцца каля 570 года, і зрабіў гэта мелькіцкі місіянер, пасланы Юстыніянам Вялікім[2]. Сто гадоў пасля Макурыя аб'ядналася з Набадыяй, сваім паўночным суседам. Цары Алодыі – тэрыторыі, размешчанай на поўдзень ад Макурыі, былі ахрышчаны ў канцы VI стагоддзя[3]. Хрысціянізацыя, якая ажыццяўлялася Візантыяй, была апісана Пракопіям Кесарыйскім і Янам Эфескім. У перыяд з VI–VII да XIV стагоддзя (да арабскага заваявання) у гэтым рэгіёне пераважалі хрысціянства і звязаныя з імі формы мастацтва.

Мастацтва і архітэктура Нубіі традыцыйна дзеляцца на тры перыяды:

  1. Ранні (VII–IX стагоддзі),
  2. Класічны (IX–XII стагоддзі), калі наступілі адыход ад манеры ранняга перыяду і росквіт жывапісу з большай свабодай[4]. У гэты перыяд у жывапісу з'явіліся шырокія іканаграфічныя праграмы, візантыйскія ўзоры былі апрацаваны так, што паўстаў мясцовы характар ​​мастацтва. У канцы перыяду з'явілася імкненне да сінтэзу і спрашчэння формаў, відаць натхненне мастацтвам арабскім – у асноўным у багатых арнаментах.
  3. Позні (XIII–XIV стагоддзі) – гэты перыяд характарызуецца адсутнасцю ранніх тэалагічных цыклаў апрацоўкі малюнкаў, простымі кампазіцыямі з іерархічнай сістэмай, плоскай і дыфузнай тэкстурай, арнамент з'яўляўся спарадычна.

Іншы тып катэгарызацыі нубійскага мастацтва паўстаў на аснове вывучэння карцін сабора ў Фарасе. Гэтая катэгарызацыя была створана ў мэтах вызначэння храналогіі археалагічных аб'ектаў на аснове дамінуючых колераў. Тут вылучаюцца:

  1. Фіялетавы стыль[5] (VIII стагоддзе) – прыкладам можа служыць фрэска Святой Ганны і апосталаў Пятра і Іаана,
  2. Жоўта-чырвоны стыль (першая палова X стагоддзя) – прадстаўніком з'яўляецца выява архангела Міхаіла,
  3. Рознакаляровы стыль (канец X і пачатак XI стагоддзя) – прыкладам служаць фрэска епіскапа Мар’янаса пад абаронай Хрыста і Божай Маці і іншыя выявы біскупаў Фараса[2].

Хрысціянскі нубійскі жывапіс неаддзельны ад архітэктуры. Сценапіс быў знойдзены ў асноўным у рэлігійных будынках і цэрквах Макурыі і Набадыі (помнікаў з Алодыі вельмі мала) на месцах археалагічных раскопак у Фарасе, Старой Данголе, Вадзі-эс-Себуа, Таміце, Абдала Ніркі, Абу-Ода, Абд-эль-Гадыры, Сонкі Тыны, Кулубнарці, Банганарці і Каср Ібрыме.

Тэхнікі жывапісу[правіць | правіць зыходнік]

Перавезеныя з Фараса фрэскі пасля рэстаўрацыйных работ прадстаўлены ў Галерэі Фарас. Экспазіцыя часткова адлюстроўвае іх размеркаванне ў храме

Пераважнай тэхнікай, якую выкарыстоўвалі нубійцы, была тэхніка насценнай паліхраміі al secco. Фарба наносілася непасрэдна на сцяну без злучэння пігментаў з растворам. Пігменты былі прыроднага паходжання, такія як аксіды жалеза, якія дазвалялі атрымаць цёплы, жаўтлява-карычневы колер, злучэнні медзі, каб набыць цёмна-карычневы, зялёны і чорны колеры, каштоўны лазурыт, з якога атрымлівалі сіні колер[6].

Іканаграфічны рэпертуар[правіць | правіць зыходнік]

Першыя фрэскі малявалі ў прыстасаваных да патрэб хрысціянства язычніцкіх храмах, затым у хрысціянскіх цэрквах і нарэшце ў сакральных аб'ектах, якія будаваліся ў VII стагоддзі. Форма базылікі, характэрная для новабудоўляў, аказала значны ўплыў на развіццё іканаграфіі, якая ў той жа час знаходзілася пад моцным уплывам візантыйскага мастацтва. Вядучым тыпам архітэктуры стала ўжо (у ранні перыяд) папулярная ва ўсім хрысціянскім свеце базіліка з трыма ці пяццю нефами, прытворамі з заходняга боку і часта з лесвіцай з паўднёва-заходняга боку, і паўкруглым прэзбітэрыем з усходняга боку. Апсіда была акружаная рызніцай, як правіла, у спалучэнні з вузкім праходам[7]. Да нефаў прымыкалі капліцы, прысвечаныя святым або фундатарам храма. Другім выглядам храмаў, які звычайна сустракаецца у буйных цэнтрах, з'яўляюцца пабудовы на плане крыжа. Ўпрыгожванне цэркваў было цесна звязана з архітэктурнымі формамі і літургічнай традыцыяй[7], такім чынам, канкрэтныя віды малюнкаў маюць пастаяннае месца ў розных частках храма.

Хрысціянскі нубійскі жывапіс у ранні перыяд характарызаваўся невялікай цікавасцю да тэалагічных цыклаў з Новага або Старога Запавету. Сцэны са Святога Пісання даволі выпадковыя. Значна больш папулярнымі былі адзінокія, франтальныя выявы Хрыста, Дзевы Марыі, анёлаў і арханёлаў, святых і фундатараў. Нязначная колькасць сцэн са Старога і Новага Запавету прыпадае на класічны перыяд, прыблізна ад X стагоддзя. Прадстаўлены на іх Вадохрышча Хрыста, гісторыя Валаама, вылячэнне сляпога ў купальні Сілоам. Акрамя таго, у Фарасе і Старой Донголе знойдзены цыклы апавяданняў[6]. Вельмі папулярныя ў раннім і больш інтэнсіўна ў класічным перыядзе, малюнкі нубійскай заступнікаў, свецкіх, якія аддаюць сябе пад апеку святога.

Дамінуючыя іканаграфічныя тыпы – дагматычныя і літургічныя – з'яўляюцца ў Нубіі пад уплывам мастацтва з Егіпта. Акрамя таго, толькі ў Нубіі і Егіпце ў кампазіцыях прысутнічалі іканаграфічныя выявы двух тыпаў, падзеленыя дэкаратыўным поясам (цокалем).

Віды малюнкаў[правіць | правіць зыходнік]

Віды малюнкаў
Прадстаўленне Раства Хрыстова ў саборы ў Фарасе
Веліч Крыжа з сабора ў Фарасе
Епіскап Петрас са святым Апосталам Пятром

На скляпенні апсіды знаходзіцца малюнак тыпу Хрыстос Велічны (Maiestas Domini)  (англ.)[7]. Гэта абраз глыбокага багаслоўскага зместу, заснаванага на веры ў тэафанію і прысутнасць Хрыста ў Еўхарыстыі[8]. У гэты іканаграфічны варыянт увайшоў крыж — Хрыстос прадстаўлены ў цэнтры крыжа (Веліч Крыжа, Maiestas Crucis), з чатырох бакоў акружаны чатырма жывымі істотамі. Часта пад абліччам Хрыста размяшчалі выяву Багародзіцы на троне або стоячы у акружэнні апосталаў, часам — па тыпу Адзігітрыя. У прыбудовах з паўднёва-заходняга боку (у выпадку манастыра ў Данголе) знаходзіўся малюнак Мадонны з немаўлём ў тыпе Адзігітрыя або Lactans, у паўночнай частцы храма — сцэны з Божага Нараджэння, у паўднёвым сектары царквы — сцэна трох хлапцоў у распаленай печы.

На фрэсках, дзе прадстаўлены нубійскія заступнікі, свецкія, якія аддаюць сябе пад апеку святога[4], намаляваныя фігуры, апранутыя святочна і багата, трымаюць знакі сваёй улады. За спіной знаходзіцца іх нябесны заступнік ці анёл з рукамі на плячах апякаемага. Фігура пратэктара звычайна больш па памеры.

Партрэты цароў размяшчалі ў святыні і паўднёва-заходняй ці ўсходняй частцы нааса. Царскія маці і сёстры прадстаўлены ў сцэнах пратэкцыі. Каля іх прысутнічаюць арханёлы і часта — Дзева Марыя тыпу Lactans. Гэты мясцовы іканаграфічны від, звязаны з дынастычнай палітыкай: у Нубіі трон пераходзіў у спадку сыну сястры цара, таму яго сястру называлі царскай маці.

У асноўным у рызніцы або ў паўднёва-заходняй частцы нааса былі прадстаўлены партрэты біскупаў[9]. Сярод выяваў святых сустракаюцца апосталы, пакутнікі, панны, воіны і пустэльнікі. Святыя воіны намаляваныя са сваімі атрыбутамі, на прыклад, рэптыліі як персаніфікацыя зла, зброя (дзіда) як ранг ў грамадстве, характэрна адсутнасць німба, некаторыя паказаны на канях (Фарас, Абд-эль-Гадыра, Абдала Ніркі). Пустэльнікі часта прадстаўлены на карцінах з элементамі ландшафту і таксама маюць свае атрыбуты: посуд з вадой, саква, вяроўка.

Унікальным відам з’яўляюцца сцэны аплаквання мёртвых — дзве былі выяўленыя ў Данголе. У абедзвюх памерлы ляжыць на насілках (голы або апрануты), над ім схіляецца анёл. Сцэны натхнёныя іканаграфіяй Успення Багародзіцы, папулярнай у візантыйскім мастацтве з XI стагоддзя[4].

Артыстычная форма[правіць | правіць зыходнік]

Пазнанне нубійскага хрысціянскага жывапісу абмежавана з-за дрэннага стану аб'ектаў. Жывапіс характарызуецца простай, строгай, геаметрычнай формай[10]. Фігуры знаходзяцца ва ўрачыстых, роўных, франтальных пазіцыях. Асобы намаляваныя сіметрычна і схематычна. Вочы, нос і вушы ненатуральна павялічаны. Як правіла, фон гладкі і просты, няма эфекту horror vacui. Часам толькі фон ўзмацняецца фрагментамі пейзажу або архітэктурных элементаў. Карціны характарызуюцца наяўнасцю выразных контураў, ужываннем плоскіх каляровых плям, пазбаўленнем элементаў мадэлявання плоскасці, які дае ўражанне трохвымернасці. Стан аб'ектаў паказвае на бедную палітру каляраў, мала разнастайную нават у межах аднаго колеру. Дамінуе зямлістыя тон, радзей з'яўляюцца белыя або фіялетавыя тоны і спарадычна – адценні зялёнага колеру[11]. Праблематычна ўсталяваць, ці была колеравая гама шырэй.

Форма жывапісу мае панадчасовы характар, адназначна перадае рэлігійны змест, захоўваючы пры гэтым сціплыя сродкі выразу. Па-за залежнасцю ад адрозненняў паміж фазамі хрысціянскага нубійскага жывапісу ёсць наяўнасць агульных фармальных прыкмет, што дазволіла захаваць візантыйскую канвенцыю ў мясцовым мастацтве.

Мастакі[правіць | правіць зыходнік]

Імёны мастакоў невядомыя. Нубійскае мастацтва, як і візантыйскае, было калектыўным і ананімным. Верагодна, у пачатку развіцця жывапісу гэта былі егіпецкія манахі, з часам, магчыма, навыкі набылі таксама мясцовыя мастакі, якія стваралі свае ўласныя майстэрні[11].

Зноскі

  1. B. Mierzejewska, Faras, в: B. Mierzejewska, A. Sulikowska, Galeria Faras im. profesora Kazimierza Michałowskiego. Przewodnik, Warszawa 2014, с. 20.
  2. а б S. Jakobielski, Chrześcijaństwo nubijskie w świetle najnowszych badań, в: A.S. Atiya, Historia Kościołów Wschodnich.
  3. A.C. Wheeler, Christianity in Sudan Архівавана 15 красавіка 2012., Dictionary of African Christian Biography.
  4. а б в M. Martens-Czarnecka, Malowidła z Dongoli, в: M. Martens-Czarnecka, S. Jakobielski, Polskie wykopaliska w Starej Dongoli. 45 lat współpracy archeologicznej z Sudanem.
  5. M. Martens-Czarnecka, Caractéristiques du style «violet» dans la peinture à Dongola, «Études et Travaux XIV», (1990).
  6. а б M. Martens-Czarnecka, The Wall Paintings from the Monastery on Kom H in Dongola.
  7. а б в Sztuka chrześcijańska w Nubii, в: B. Mierzejewska, A. Sulikowska, Galeria Faras im. profesora Kazimierza Michałowskiego. Przewodnik.
  8. T. Dobrzeniecki, Maiestas Domini w zabytkach polskich i obcych z Polską związanych, «Rocznik Muzeum Narodowego w Warszawie XVIII», (1974).
  9. S. Jakobielski, Portraits of the Bishops of Faras, в: J.M. Plumley, Nubian Studies, Proceedings of the Symposium for Nubian Studies, Selwyn College, Cambridge, 1978.
  10. Sztuka chrześcijańska w Nubii, в: B. Mierzejewska, A. Sulikowska, Galeria Faras im. profesora Kazimierza Michałowskiego. Przewodnik, с. 44.
  11. а б Sztuka chrześcijańska w Nubii, в: B. Mierzejewska, A. Sulikowska, Galeria Faras im. profesora Kazimierza Michałowskiego. Przewodnik, с. 45.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Atiya A.S., Historia Kościołów Wschodnich, Warszawa 1978.
  • Dobrzeniecki T., Maiestas Domini w zabytkach polskich i obcych z Polską związanych, «Rocznik Muzeum Narodowego w Warszawie XVIII», (1974).
  • Martens-Czarnecka M., Caractéristiques du style «violet» dans la peinture à Dongola, «Études et Travaux XIV», (1990).
  • Martens-Czarnecka M., The Wall Paintings from the Monastery on Kom H in Dongola, Warszawa 2012
  • Martens-Czarnecka M., Jakobielski S., Polskie wykopaliska w Starej Dongoli. 45 lat współpracy archeologicznej z Sudanem, Warszawa 2006.
  • Mierzejewska B., Sulikowska A., Galeria Faras im. profesora Kazimierza Michałowskiego. Przewodnik, Warszawa 2014.
  • Plumley J.M., Nubian Studies, Proceedings of the Symposium for Nubian Studies, Selwyn College, Cambridge, 1978, Warminster 1982.
  • Wheeler A.C., Christianity in Sudan Архівавана 15 красавіка 2012., Dictionary of African Christian Biography.