Хунвейбіны

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Хунвейбіны ў 1966 годзе

Хунвейбіны — члены моладзевых штурмавых атрадаў, якія выкарыстоўваліся Маа Цзэдунам падчас культурнай рэвалюцыі для барацьбы з палітычнымі супернікамі, а таксама ажыццяўлення масавага тэрору супраць «ворагаў рэвалюцыі».

Пачаткам руху хунвейбінаў лічыцца выступ 25 мая 1966 года выкладчыцы філасофіі Пекінскага ўніверсітэта Не Юаньцзы з жорсткай крытыкай «буржуазнай» універсітэцкай адміністрацыі і заклікам моладзі згуртавацца ў барацьбе з рэвізіяністамі. 29 мая вучні школы пры Універсітэце Цынхуа аб’ядналіся ў 1-ы атрад, які назвалі сябе хунвейбінамі; 2-і атрад — у Пекінскім універсітэце — узначаліла сама Не Юаньцзы. Да ліпеня 1966 года атрады хунвейбінаў паўсталі амаль ва ўсіх вышэйшых і сярэдніх школах Кітая. 1 жніўня ў Пекіне адбыўся 11-ы Пленум 8-га складу ЦК Камуністычнай партыі Кітая, верх на якім атрымалі прыхільнікі Маа. Хунвейбіны абвяшчаліся «адважным застрэльшчыкам вялікай пралетарскай культурнай рэвалюцыі», якой наканавана знішчыць «чатыры перажыткі» старой культуры і стварыць новую рэвалюцыйнаю дзяржаву. 18 жніўня на плошчы Цяньаньмэнь для сустрэчы з Маа Цзэдунам сабралося каля 1 мільёна хунвейбінаў. Атрады хунвейбінаў былі адпраўленыя ў розныя гарады Кітая (ім забяспечваўся бясплатны праезд), штурмавікі паўсюдна знішчалі і апаганьвалі культурныя помнікі (асабліва ў некітайскіх рэгіёнах КНР); толькі некаторыя аб’екты па загадзе Чжоу Эньлая былі ўзятыя пад ахову арміі. Навукоўцы, пісьменнікі, настаўнікі, абвінавачаныя ў «буржуазнасці» або «рэвізіянізме», цярпелі ганенні, збіванні, забойства, іх хаты рабавалі; той жа лёс чакаў партыйных чыноўнікаў, якія не ўваходзілі ў лік самых блізкіх паплечнікаў Маа.

З лютага 1967 года асобныя часці Народна-вызваленчай арміі Кітая прыступілі да ліквідацыі найбольш радыкальных атрадаў хунвейбінаў. Улетку 1968 года на сустрэчы ў Пекіне Маа Цзэдун загадаў лідарам хунвейбінаў спыніць дзейнасць іх атрадаў. Самыя радыкальныя хунвейбіны былі расстраляныя і кінутыя ў турмы, астатнія адпраўленыя «на перавыхаванне» у сельскія раёны КНР. Афіцыйна пра роспуск руху было абвешчана ў 1978.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Сяошэн Лян. Споведзь былога хунвэйбіна. Мінск 1999; Вусоў В. Н. Хунвэйбіны // Духоўная культура Кітая. М., 2009. Т. 4.