Хімічны элемент

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці

Хімі́чны элеме́нт — від атамных часціц (атамаў або іонаў) з аднолькавым дадатным зарадам ядра; адно з найважнейшых паняццяў хіміі.

Аб'яднанне хімічных элементаў у адзіную сістэму, устанаўленне глыбокай унутранай сувязі паміж імі вызначаюцца перыядычным законам Мендзялеева. Уласцівасці атамаў хімічных элементаў, а таксама састаў і ўласцівасці рэчываў, якія яны ўтвараюць, знаходзяцца ў перыядычнай залежнасці ад зарадаў атамных ядзер.

Кожны хімічны элемент характарызуецца сваім атамным нумарам, роўным колькасці пратонаў у атамным ядры. Хімічныя элементы маюць назвы і скарочаныя абазначэнні (хімічныя знакі або сімвалы хімічных элементаў) з адной ці дзвюх літар лацінскага алфавіта, якія ўжываюцца ў хімічных формулах. Атамы аднаго хімічнага элемента з рознымі атамнымі масамі, называюцца ізатопамі гэтага хімічнага элемента. З тае прычыны, што суадносіны паміж ізатопамі у межах Зямлі блізкія да нязменных, для кожнага хімічнага элемента, які мае стабільныя прыродныя ізатопы, з улікам іх узаемных суадносін разлічваецца атамная маса, якая ўжываецца ў практычных разліках.

На сёння вядома 116 хімічных элементаў. З іх каля дзевяноста сустракаецца ў прыродзе, астатнія атрымліваюць штучна.

Паводле хімічных уласцівасцей хімічныя элементы падзяляюцца на металы і неметалы. Традыцыйнае дзяленне элементаў на металы і неметалы гістарычна ўзнікла з-за таго, што простыя рэчывы, утвораныя атамамі элементаў металаў, як правіла, знаходзяцца ў цвёрдым стане і праяўляюць металічныя ўласцівасці (бляск, высокую цепла- і электраправоднасць, коўкасць, пластычнасць і г. д.), а простыя рэчывы, ўтвораныя атамамі элементаў неметалаў, гэтымі ўласцівасцямі пры звычайных умовах не валодаюць.

У межах гэтых дзвюх груп існуюць больш дробныя падзелы паводле:

У прыродзе хімічныя элементы ўтвараюць простыя рэчывы і ўваходзяць у склад складаных рэчываў. Некаторыя элементы ў свабодным стане ўтвараюць некалькі алатропных мадыфікацый. Пашыранасць хімічных элементаў на Зямлі акрэсліваецца кларкамі элементаў.

Ператварэнне атамаў аднаго элемента ў атамы іншага адбываецца ў ядзерных рэакцыях. Хімічныя элементы вывучаюцца неарганічнай хіміяй.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Першыя ўяўленні пра хімічныя элементы вядомыя ў антычнай філасофіі ў вучэнні аб элементах-стыхіях і ў алхіміі — у вучэнні аб элементах-якасцях. Першае навуковае вызначэнне элементаў як нераскладальных простых рэчываў даў (эмпірычна) Роберт Бойль (1661). Істотны ўклад у тэорыю хімічных элементаў зрабілі Антуан Лавуазье, Джон Дальтан, Д. І. Мендзялееў.

Хімічныя элементы сістэматызаваны ў перыядычнай сістэме элементаў Мендзялеева (1869).

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Хімія: падруч. для 9-га кл. устаноў агул. сярэд. адукацыі з беларус. мовай навучання / А. І. Васілеўская [і інш.]; пераклад на беларус. мову Н. Г. Ляўчук. — 3-е выд., перагледж. і дап. — Мінск: Нар. асвета, 2012. — 240 с. ISBN 978-985-03-1791-9