Перайсці да зместу

ЦІШО

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Цэнтральная яўрэйская школьная арганізацыя (ідыш: צענטראַלע ייִדישע שול־אָרגאַניזאַציע — цэнтралэ ідышэ шул-організац’е), скарочана ЦІШО (צישאָ) — адукацыйная арганізацыя, якая развівала свецкае навучанне на ідышы, дзейнічала ў Польшчы, Заходняй Беларусі і Заходняй Украіне з 1921 да пачатку 1940-х гадоў, знішчана нацызмам.

Яўрэйскія свецкія школы ў Польшчы пасля вайны адкрываліся спантанна. На першым школьным з’ездзе ў Варшаве была створана цэнтральная арганізацыя (1921). Яна каардынавала дзейнасць, пашырала ідыш, вяла культурную працу. Займалася стварэннем раскладаў, напісаннем і друкам падручнікаў, у першыя гады распрацоўвала навуковую тэрміналогію. У канцы 1920-х гадоў было 150 аддзелаў ЦІШО. Найбольшым уплывам у ёй карысталіся левыя партыі, галоўным чынам бундысты. Эндэкі абвінавачвалі ЦІШО ў схільнасці да дзяржаўнай здрады, чыноўнікі ставіліся насцярожана, прыглядаліся да «антыдзяржаўных элементаў» яе дзейнасці.

Матэрыяльную дапамогу аказваў амерыканскі Джойнт, росквіт ЦІШО дзякуючы ёй прыпаў на 1928-29 навучальны год (46 дзіцячых дамоў, каля 24 тысяч вучняў у 114 агульных школах, 3 гімназіях, 52 вячэрніх школах). У Вільні адкрылася настаўніцкая семінарыя. У далейшым вучняў было менш: у 1934-35 навучальным годзе — 15 166 вучняў (9 936 у пачатковых школах, 650 у гімназіях, 4 580 іншых).

Мовай усёй арганізацыі быў ідыш, «польскія прадметы» вывучаліся на польскай мове, факультатывам быў іўрыт. Выхаванне вялося ў духу яўрэйскай народнай культуры, а таксама сацыялізму, антыклерыкалізму, антысіянізму.

ЦІШО выдавала тры часопісы педагагічнага напрамку: «Дзі нае шул», «Шул ун лэбм», «Шулвэгн».

  • Rafał Żebrowski: CISZO. W: Polski słownik judaistyczny. Dzieje — kultura — religia — ludzie. Oprac. Zofia Borzymińska i Rafał Żebrowski. T. 1: A-K. Warszawa: Prószyński i S-ka, 2003, s. 296, seria: Słowniki. ISBN 83-7255-126-X.