Нёман (спартыўны комплекс, Гродна)

З пляцоўкі Вікіпедыя
(Пасля перасылкі з ЦСК «Нёман», Гродна)
Jump to navigation Jump to search
Цэнтральны спартыўны комплекс «Нёман»
ЦСК «Нёман»
Былыя назвы «Чырвоны сцяг» (1963—2001)
Спартыўны камбінат «Нёман» (2001—2007)
Месцазнаходжанне Гродна, вул. Камунальная, 3
Закладзены 1962
Пабудаваны 1963
Адкрыты 1964
Рэканструяваны 2002—2008
Хатняя каманда «Нёман»
Умяшчальнасць 8 479[1]
Памеры поля 105×68 м
Пакрыццё Натуральнае
Лагатып Вікісховішча Цэнтральны спартыўны комплекс «Нёман» на Вікісховішчы

Цэнтральны спартыўны комплекс «Нёман» — шматфункцыянальны спартыўны комплекс у Гродне, Беларусь. З’яўляецца хатняй арэнай для футбольнага клуба «Нёман», які выступае ў Вышэйшай лізе чэмпіянату Беларусі па футболе. Умяшчальнасць трыбун на стадыёне складае 8 479 месцаў.

Асноўная інфармацыя[правіць | правіць зыходнік]

Будаўніцтва стадыёна пачалося ў 1962 годзе. Дазвол атрымлівалі прафсаюзы, якія і пабудавалі спартыўную арэну ў 1963, надаўшы ёй назву «Чырвоны сцяг». У 1964 годзе стадыён быў здадзены ў экплуатацыю. На гэты час ужо існавала мясцовая каманда «Нёман», для якой арэна стала хатняй.

Стадыён быў узведзены на месцы яўрэйскіх могілак, якія існавалі тут з 19 стагоддзя і былі зачыненыя незадоўга да Вялікай Айчыннай вайны. Месца пахаванняў значна пацярпела ў ваенны час, а ў сярэдзіне 1950-х гадоў савецкія ўлады канчаткова знішчылі іх. На пустэчы, якая ўзнікла на месцы могілак, і быў пабудаваны стадыён. «Чырвоны сцяг» з’яўляўся найбуйнейшай спартыўнай арэнай БССР пасля мінскага стадыёна «Дынама». Умяшчальнасць драўляных трыбун арэны складала 15 000 гледачоў.

З 1992 года стадыён стаў прымаць матчы чэмпіянату Беларусі па футболе. Напрыканцы 2001 года спартыўная арэна была перададзена з уласнасці Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Гродзенскаму абласному выканаўчаму камітэту. Пасля змены ўласніка стадыён атрымаў новую назву — спартыўны камбінат «Нёман».

Увосень 2002 года пачалася маштабная рэканструкцыя арэны, якая была скончана ў 2008, калі стадыён набыў сучасны выгляд. Аўтарам праекта рэканструкцыі з’яўляецца У.М. Еўдакімаў. Падчас будаўніцтва стары стадыён быў поўнасцю разбураны, на яго месцы была пабудавана цалкам новая арэна. Колькасць месцаў для гледачоў скарацілася да 8,5 тысяч, над Заходняй трыбунай узведзены дах. Праведзены капітальны рамонт футбольнага поля, спартыўных залаў, гасцініцы. Былі ўзведзены лёгкаатлетычнае ядро з бегавымі дарожкамі і лёгкаатлетычны манеж. Усталяваны электроннае табло і асвятляльныя мачты, якія дазволілі праводзіць матчы ўвечары. Газон на футбольным полі натуральны, усталяваны падагрэў. Памеры поля 105×68 метраў.

Урачыстае адкрыццё новай арэны адбылося 12 жніўня 2008 года. Пасля рэканструкцыі спартыўны камбінат «Нёман» набыў статус шматфункцыянальнага спартыўнага комплексу. У 2009 годзе стадыён атрымаў трэцюю катэгорыю УЕФА і другі клас ад Еўрапейскай лёгкаатлетычнай асацыяцыі.

Галоўная спартыўная арэна Гродна неаднаразова прымала важныя футбольныя паядынкі. 6 чэрвеня 2009 года на ёй праходзіў першы ў сваёй гісторыі матч нацыянальнай зборнай Беларусі. Адборачны матч чэмпіянату свету 2010 супраць Андоры скончыўся перамогай беларусаў. 14 лютага 2013 адбыўся першы матч 1/16 фінала Лігі Еўропы 2012/13, у якім барысаўскі БАТЭ згуляў унічыю са стамбульскім «Фенербахчэ». 28 мая 2017 года стадыён спарткомплексу прымаў вырашальны паядынак за перамогу ў Кубке Беларусі 2016/2017. У гэтым матчы брэсцкае «Дынама» абыграла салігорскі «Шахцёр».

Структура спарткомплексу[правіць | правіць зыходнік]

У цяперашні час цэнтральны спартыўны комплекс «Нёман» уключае ў сябе:

  • 2 футбольныя палі — асноўнае з натуральным газонам і падагрэвам, запасное са штучным пакрыццём і трыбунамі на 1000 месцаў;
  • лёгкаатлетычнае ядро з бегавымі дарожкамі, лёгкаатлетычны манеж, залы спартыўнай і мастацкай гімнастыцы, залы барацьбы і бокса;
  • пляцоўкі для баскетбола і валейбола, залы каратэ і таэквандо, трэнажорную залу, гасцініцу, кафэ.

На базе спарткомплексу праводзяцца вучэбна-трэніровачныя заняткі і спаборніцтвы па футболе, цяжкай і лёгкай атлетыцы, спартыўнай і мастацкай гімнастыцы і інш.

Заўвагі[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]