Цадзік
Цадзік (іўр.: צַדִיק — праведнік) — дабрадзейны чалавек, які кіруецца наказамі Торы і тым самым выконвае свае абавязкі перад Богам і людзьмі (у іўдаізме), а таксама духоўны лідар хасідскай абшчыны (у хасідызме)[1]. У равіністычнай літаратуры цадзікам часам абазначаюць чалавека выключнай набожнасці і святасці[2].
Іўдаізм
[правіць | правіць зыходнік]Першым цадзікам лічыцца Ной, уратаваны ад патопу дзякуючы сваёй праведнасці.
У Талмудзе гаворыцца пра 36 цадзікаў, якія таемна жывуць у кожным пакаленні, дзякуючы ім існуе свет. Лічыцца, што цадзік, які пакутуе разам са сваім пакаленнем, сваімі пакутамі выкупляе грахі гэтага пакалення[2]. Таксама Бог пасылае праведнікам пакуты, каб ачысціць іх ад тых нешматлікіх грахоў, у якіх яны вінаваты[1].
Цадзік вядзе праведнае жыццё, пры гэтым ён не проста ўстрымліваецца ад злых учынкаў і маральных правін, але пастаянна імкнецца да справядлівасці і здзяйснення добрых учынкаў.
Талмуд падзяляе людзей на бездакорных праведнікаў, якіх да дзеяння схіляюць іхныя добрыя рысы; на поўных беззаконнікаў, якія дзейнічаюць паводле злой волі; а таксама на «сярэдніх», у якіх праяўляюцца як добрыя, так і дрэнныя схільнасці.
Паводле вучэння, праведнікі валодаюць моцнай грамадзянскай свядомасцю: «яны ўстаюць на досвітку, каб прынесці карысць абшчыне, і нават у гадзіну смерці клапоцяцца не пра асабістае, а пра грамадскае»[1].
Згодна з іўдаізмам, абсалютнай праведнасцю не валодае ніхто, але кожны абавязаны імкнуцца да яе. Нават злодзей, які здзейсніў подзвіг поўнага выпраўлення, удастоіцца імя праведніка[2]. Да такога сама выніку прыводзіць і пакаянне ў грахах[1]. Аднак няма граху большага, чым праведнасць напаказ[2].
У сярэднявечнай яўрэйскай думцы назіралася тэндэнцыя да пашырэння сферы, ахопленай паняццем праведнасці. Ад праведніка патрабавалася не толькі вялікая духоўная сіла, але і выкананне нормаў, сфармуляваных у равіністычнай літаратуры. Напрыклад, каб ён ужываў ежу і пітво не дзеля задавальнення, а каб мець сілы для служэння Богу[1].
Хасідызм
[правіць | правіць зыходнік]У хасідызме развіўся асобны інстытут цадзікаў. Там імі называлі духоўных лідараў, да якіх звяртаюцца па параду, просяць малітваў і блаславення[3]. Таксама цадзікамі называлі кіраўнікоў таго ці іншага рэлігійнага цячэння або напрамку ўнутры хасідызму. Напрыклад, на тэрыторыі ВКЛ дзейнічаў адзін з першы цадзікаў Ахарон бен Я‘акаў (1736—1772), які паходзіў з хасідскай дынастыі з прыгараду Пінска. Ён распаўсюджваў хасідызм на Палессі.[3].
Кабала
[правіць | правіць зыходнік]Сярод кабалістаў тэрмін «цадзік» азначае чалавека выключнай святасці і нават цудатворца[1].
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ а б в г д е Редакция. цаддик (руск.). Электронная еврейская энциклопедия ОРТ. Праверана 26 мая 2025.
- ↑ а б в г Кто называется цадиком? . Toldot.com — Иудаизм и евреи (26 лістапада 2009). Праверана 26 мая 2025.
- ↑ а б Редакция. хасидизм (руск.). Электронная еврейская энциклопедия ОРТ. Праверана 26 мая 2025.