Царква Нараджэння Хрыстовага (Слуцк)
Славутасць | |
Царква Нараджэння Хрыстовага | |
---|---|
Краіна | Беларусь |
Горад | Слуцк |
Канфесія | Праваслаўе |
Епархія | Слуцкая |
Першае згадванне | XVI стагоддзе |
Дата пабудовы | 1762 год |
Стан | страчана |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Царква Нараджэння Хрыстовага ці Раждзественская царква, Востраўская — колішні драўляны праваслаўны храм у горадзе Слуцку Мінскай вобласці.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Першая вядомая царква Нараджэння Хрыстовага ў гістарычных дакументах узгадваецца з XVI стагоддзя, але дакладны час заснавання яе невядомы, як невядома і месца, дзе яна спачатку знаходзілася. На планах горада XVIII стагоддзя царква паказана ў Старым горадзе на вуліцы Востраўскай (цяпер месца непадалёку ад Маладзёжнага цэнтра).
У 1762 годзе на тым жа месцы была ўзведзена новая драўляная царква.
Пасля рэвалюцыі царква была закрыта савецкімі ўладамі. У 1926 годзе была ўзята пад ахову дзяржавы як помнік архітэктуры. У 1941 годзе ў пачатку Вялікай Айчыннай вайны пры налёце нямецкай авіяцыі яна згарэла разам з іншымі царкоўнымі будынкамі.
Архітэктура
[правіць | правіць зыходнік]Царква была невялікая, пабудаваная з драўляных часаных брусоў. Галоўны аб’ём — чацвярык, завершаны нязначным па вышыні васьмярыком, які пакрываў вялікі купалападобны шацёр з маленькім купалком на глухім барабане. Па баках і з галоўнага фасаду храм быў абнесены ўдвая меншай па вышыні галерэяй. Меліся тры, галоўны і два бакавыя, уваходы з ганкамі пад двухсхільнымі дахамі на слупах. Алтарная частка, да якой далучаліся дзяканнік і панамарнік, уяўляла сабою невялікі стромкі двух’ярусны чацвярык пад двухсхільным дахам. Сцены, звонку ашаляваныя дошкамі, праразаліся вузкімі лучковымі вокнамі. Ваконныя ліштвы, інтэр’ер і іканастас былі багата аздоблены разьбою, а сцены да 1870 года ўпрыгожваў манументальны роспіс. З правага боку ад уваходу на царкоўны пляц стаяла драўляная званіца, злева ад храма быў жылы царкоўны дом. У царкве спалучаліся рысы драўляных храмаў ярусна-восевага і цэнтрычнага тыпу. Царква мела рысы стылю барока[1].
Зноскі
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Памяць. Слуцкі раён, Слуцк. Кн.1, Мн. 2000.
Царква Нараджэння Хрыстовага (Слуцк) на Вікісховішчы |