Свята-Ільінская царква (Бабруйск)

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Праваслаўны храм
Свята-Ільінская царква
Бабруйскія краявіды 04.jpg
53°12′04,50″ пн. ш. 29°13′52,50″ у. д.HGЯO
Краіна Беларусь
Горад Бабруйск
Канфесія Праваслаўе
Епархія Бабруйская
Благачынне Бабруйскае гарадское
Архітэктурны стыль драўлянае дойлідства з рысамі рэтраспектыўна-рускага стылю
Першае згадванне 1614 г.
Дата пабудовы 1893 год
Статус Ахоўная шыльда гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь. Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 513Г000070шыфр 513Г000070
Стан дзейнічае

Свята-Ільінская царква — драўляны праваслаўны храм ў горадзе Бабруйску Магілёўскай вобласці, перавезены ў 2004 годзе з вёскі Куляшоўкі Клімавіцкага раёна. Знаходзіцца ва ўрочышчы Лукавая гара, на вуліцы Сікорскага, 30. Помнік архітэктуры з рысамі рэтраспектыўна-рускага стылю.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Паводле гістарычных звестак, першая Свята-Ільінская царква ў Бабруйску існавала ячшэ ў 1614 годзе. Верагодна, гэты храм быў разабраны падчас узвядзення крэпасці ў 1811 годзе. Будаўнічыя матэрыялы з яго пайшлі на ўзвядзенне могілкавай Свята-Сафійскай царквы на вуліцы Мінскай. У 1826 годзе на хутары Лукі (цяпер — урочышча Лукавая гара) была пабудавана новая Свята-Ільінская царква, якую разабралі ў 1930-я гады. Ад яе застаўся толькі вялікі падмуркавы камень, на якім пазней будзе высечаны крыж і які будзе пакладзены ў аснову цяперашняга храма[1].

У 2000 годзе ва ўрочышчы Лукавая гара на беразе Бярэзіны ў дзень памяці прарока Ільі былі асвячоны крыж і месца пад будаўніцтва новай царквы. У тым жа годзе кіраўніцтвам Беларускай чыгункі прыходу быў перададзены пасажырскі вагон, які выкарыстоўваўся як часовы храм. 6 верасня таго ж года па блаславенні архіепіскапа Максіма прастол у ім быў асвячоны благачынным Генадзем Вяйго, протаіерэем Андрэем Мільто і клірыкамі епархіі. У 2002 годзе прыход наведаў мітрапаліт Мінскі і Слуцкі Філарэт[2].

Да канца 2003 года быў заліты падмурак пад новы храм. У 2004 годзе па блаславенні архіепіскапа Сафронія на месца будаўніцтва была перавезена царква з вёскі Куляшоўкі Клімавіцкага раёна. Будынак, узведзены ў 1893 годзе, быў закрыты мясцовымі ўладамі ў 1959 годзе і з таго часу прыйшоў у заняпад. Увесну пачалася яго зборка, якая скончылася да канца ліпеня. Першая літургія ў новым будынку адбылася 2 жніўня 2004 года. 2 жніўня 2013 года епіскап Бабруйскі і Быхаўскі Серафім асвяціў прастол адбудаванай царквы.

Праведзеная рэканструкцыя пабудовы цалкам змяніла яе гістарычнае аблічча[3]. У царкве захоўваюцца мошчы Святога Іаана Кармянскага і часціцы мошчаў прападобных старцаў Опцінскіх. Пры храме дзейнічае нядзельная школа і бібліятэка. Настаяцелямі ў прыходзе служаць іерэі Віктар Смычнік і Аляксандр Чылей[4]. У 2007 годзе была занесена ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь як аб’ект гісторыка-культурнай спадчыны рэгіянальнага значэння.

Архітэктура[правіць | правіць зыходнік]

Nuvola apps kview.svg Вонкавыя выявы
Searchtool.svg Царква да перавозу з вёскі Куляшоўка

Помнік драўлянага дойлідства з рысамі рэтраспектыўна-рускага стылю. Чатырохчасткавая кампазіцыя царквы складаецца з асноўнага прамавугольнага зруба, пяціграннай апсіды з невялікімі гранёнымі рызніцамі, дадатковага аб’ёму і бабінца. Над асноўным аб’ёмам пастаўлены светлавы васьмігранны барабан, над бабінцам — васьмярык званіцы. Барабан і званіца завершаны вастраверхімі шатрамі з галоўкамі. Такая ж галоўка знаходзіцца і над апсідай.

Будынак мае тры ўваходы: галоўны і два бакавыя, аформленыя раней вялікімі ганкамі з масіўнымі разнымі слупамі і фігурнымі франтонамі. Пластыку фасдаў у мінулым дадавалі разарваныя карнізы, разьба, шалёўка (гарызантальная ў прасценках, вертыкальная ў цокальнай панелі, фрызе, атыку). Інтэр’ер двухсветлавы, перакрыты самкнёным васьмігранным скляпеннем[5].

Зноскі[правіць | правіць зыходнік]

  1. Культавае дойлідства Бабруйска — Магілёўская абласная бібліятэка (бел.) 
  2. Храм Святога Прарока Іліі г. Бабруйска — Бабруйская епархія (руск.) 
  3. Як згубілася і дзе знайшлася Куляшоўская царква — horad.info, 6 студзеня 2014 (бел.) 
  4. Храмы Бабруйскай епархіі — Бабруйская епархія (руск.) 
  5. Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Магілёўская вобласць / АН БССР, Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэд. кал.: С. 13. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш.— Мн.: Беларус. Сав. Энцыклапедыя, 1986.— 408 с., іл. С.238

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]