Свята-Мікалаеўская царква (Брэст)

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Праваслаўны храм
Свята-Мікольская царква
Царква Святога Міколы на тытульным лісце візітацыйнай кнігі, 1759 г.
Царква Святога Міколы на тытульным лісце візітацыйнай кнігі, 1759 г.
52°04′57,53″ пн. ш. 23°39′36,14″ у. д.HGЯO
Краіна Беларусь
Горад Берасце
Канфесія Праваслаўе, затым уніяцтва
Тып будынка абарончы храм
Архітэктурны стыль беларуская готыка
Першае згадванне 1390
Статус страчана ў 1840-х гг.

Свята-Мікольская царква (Брэст)
Свята-Мікольская царква
Свята-Мікольская царква

Царква́ Свято́га Мікала́я ў Бе́расці — кафедральны храм епіскапа Уладзімірскага і Берасцейскага, асвечаны ў гонар свяціцеля Мікалая Цудатворца. Мяркуецца, што храм адносіўся да абарончага тыпу. У сярэдзіне XIX ст. быў разабраны пры будаўніцтве Брэсцкай крэпасці. Ад храма нічога не захавалася.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Дакладны час заснавання храма невядомы. Упершыню царква ўпамінаецца ў 1390 годзе, як кафедральная, пры наданні Берасцю магдэбургскага права.

У 1593 годзе Іпацій Пацей — епіскап Берасцейскі і Уладзімірскі дае грамату і фундуш мяшчанам каралеўскім берасцейскім на заснаванне брацтва пры царкве Св. Мікалая ў Бярэсці. Дакумент падпісаны Мікалаем Табенскім, падстоліем і падстаростам берасцейскім, Янам Верашчакам, суддзёй, Жыгімонтам Аніхімаўскім, пісарам і айцом Апанасам Піліповічам. Фундуш вызначае падпарадкаванне царквы Св. Мікалая брацтву разам з царкоўным судом, аблачэннямі і міласцінай царкоўнай. Вызначае таксама парадак службы «У вялікім градзе Берасці перад вялікім алтаром царквы Св. Мікалая». У грамаце вызначаецца, што ў царкве Св. Мікалая ў прыдзеле меўся вялікі алтар Св. Барыса і Глеба.

9 кастрычніка 1596 года ў будынку царквы была падпісана Берасцейская царкоўная унія.

У 1836 годзе на месцы старога Берасця пачалося будаўніцтва Брэсцкай крэпасці. Аднак, на архіўных планах крэпасці да самага 1840 года значыцца царква Св. Мікалая. Верагодна, храм меркавалі захаваць як гарнізонны. З гэтай мэтай у 1837 годзе былі зняты яго абмеры і распрацован план рэканструкцыі. Аднак у 1840 годзе старажытную царкву разабралі. Працэс яе зносу адлюстраваў польскі мастак Марцін Залескі, акадэмік жывапісу, які напісаў два палатны з відамі будуемай крэпасці 1840 года.

Выявы царквы[правіць | правіць зыходнік]

Існуе некалькі выяў царквы Св. Мікалая. Найбольш вядомая з іх — з візітацыйнай кнігі берасцейскіх цэркваў 18 ст., дзе царква ўяўляе сабой чатырохвугольны ў плане будынак з дзвюма вежамі на фасадзе. На аснове гэтай зарысоўкі беларускі даследчык Мікола Шчакаціхін, аналізуючы беларускія цэрквы абарончага тыпу, уключыў у іх лік і царкву Св. Мікалая.

Другая выява — гэта выразнае адлюстраванне чатырохвежавага будынка на гравюры Эрыка Дальберга, вядомай як «Аблога Берасця шведамі ў 1657 годзе», дзе на плане акольнага горада прысутнічае выява крыжападобнага ў плане будынка. I на панараме горада ў адпаведным месцы выява сакральнага будынка. Паводле Алены Квітніцкай, царква Св. Мікалая размяшчалася на поўдзень ад базыльянскага манастыра.

Архіўныя чарцяжы захавалі яшчэ адно адлюстраванне царквы Св. Мікалая ў 1831 г. Пры будаўніцтве Брэсцкай крэпасці першапачаткова планавалася перабудова царквы. Для гэтай мэты і былі выкананы абмерныя чарцяжы існуючай царквы і праект яе перабудовы ў 1837 г. На аснове метралагічнага аналізу чарцяжоў царквы Св. Мікалая ў Берасці можна меркаваць, што пабудавана яна была недзе на рубяжы 13—14 ст.

Архітэктура[правіць | правіць зыходнік]

Руіны царквы ў 1840 годзе

Храм быў пабудаваны з каменя, быў неатынкаваны, меў гонтавы дах з драўляным купалам пасярэдзіне. Верх купала быў абабіты белай бляхай, крыж быў жалезны. Збоку да храма быў прыбудован драўляны ганак.

Галоўная архітэктурная асаблівасць — планіроўка ў выглядзе крыжа, вельмі блізкая да старажытна-балканскага тыпу храма—«трыконха», які атрымаў распаўсюджанне на Русі з IX-га стагоддзя. Царква мае вельмі простую форму: чатырохвугольнік з дзвюма вежамі на пярэднім фасадзе.

Даследчык архітэктуры беларускіх храмаў абарончага тыпу Мікола Шчакаціхін адносіць да іх і царкву Св. Мікалая, адзначаючы яе вялікае падабенства з аналагічнымі захаванымі помнікамі (такімі як храмы ў Сынкавічах, Мураванцы, Супраслі, Кодне ці Вільні). З гэтым згаджаюцца і іншыя даследчыкі, у тым ліку Ірына Лаўроўская, якая лічыць, што царква магла некалькі разоў перабудоўвацца, асабліва пасля таго, як перайшла да ўніятаў.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]