Царква на стрэлцы Ніжняга замка
| Страчаны храм | |
| Царква на стрэлцы Ніжняга замка | |
|---|---|
| | |
| Краіна | Беларусь |
| Горад | Полацк |
| Канфесія | Праваслаўе |
| Тып будынка | Царква-ўсыпальніца |
| Архітэктурны стыль | Полацкая школа дойлідства |
| Будаўніцтва | Першая палова XII ст. |
| Статус | Страчана |
| Стан | Разбурана, часткова захаваліся падмуркі |
Царква́ на стрэ́лцы Ні́жняга за́мка — колішні праваслаўны храм першай паловы XII стагоддзя ў Полацку на ўскраіне Ніжняга замка. Стрэлка, на якой стаяў храм, сёння выдаецца ў паўночным кірунку ў бок Палаты, але да змены рэчышча ракі ўтварала адно цэлае з гарадзішчам. Полацкае гарадзішча прыкладна ў XII ст. стала гарадскімі могілкамі, таму царква, верагодна, існавала пры манастыры каля гарадскіх могілак[1].
Царква на стрэлцы Ніжняга замка ўяўляла сабой першы вядомы на Русі храм, дзе выкарыстаны складаныя планы галерэй з пашырэннем на вуглах. Багата аздобленыя фрэскавым роспісам усыпальні і шыферны саркафаг сведчаць пра прызначэнне храма як пахавальні полацкіх князёў[1].
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Храмы-пахавальні на Ніжнім замку і ў Ефрасіннеўскім манастыры будавала адна і тая ж будаўнічая арцель, але храм-пахавальня Ефрасіннеўскага манастыра быў пабудаваны раней. Падчас раскопак было высветлена, што да пабудовы мураванай царквы на яе месцы існавала больш ранняя драўляная, якая згарэла. З-за гэтага, верагодна, і ўзнікла неабходнасць у складанай сістэме штучнай падсыпкі грунта пры ўзвядзенні каменнага храма[2]. Мураваная царква неаднаразова рамантавалася, аб чым сведчыць культурны пласт вакол храма. Час канчатковага разбурэння царквы быў вызначаны дзякуючы знаходцы дынарыя вялікага князя літоўскага Аляксандра Ягелончыка (1501—1506 гг.) у культурным пласце, які перакрывае рэшткі будынка[1].
Архітэктура і будаўнічыя тэхналогіі
[правіць | правіць зыходнік]Помнік уяўляў сабой чатырохслуповую аднаапсідную царкву шырынёй 14,1 м і даўжынёй (без апсіды) каля 14,5 м. Таўшчыня сцен складала ад 1,1—1,12 да 1,9 м. Муроўка сцен вялася ў традыцыйнай полацкай тэхніцы «са схаваным радам». З паўночнага боку храма быў выяўлены невялікі фрагмент падмуркавай галерэі шырынёй 2 м. Каля заходніх вуглоў храма гэтая галерэя пашыралася, падобна да галерэі храма-пахавальні Ефрасіннеўскага манастыра. Сцены галерэі былі значна больш тонкімі ў параўнанні са сценамі галоўнага аб’ёму храма — усяго каля 0,75 м. Яшчэ адной адметнасцю царквы з’яўлялася наяўнасць невялікіх капліц каля ўсходняй лапаткі паўночнай сцяны[1]. П. А. Рапапорт прапанаваў графічную рэканструкцыю гэтага помніка.
Царква вызначалася цалкам унікальнай для Старажытнай Русі канструкцыяй падмурка. З-за асаблівасцей мясцовасці і, верагодна, наяўнасці рэшткаў згарэлай папярэдняй царквы, будаўнікі выкапалі траншэі ў магутным культурным пласце, не даходзячы да шчыльнага мацерыка. Пасля гэтага ўся пляцоўка была штучна паднята на 70 см падсыпкай з чыстага ярка-жоўтага суглінку. Каменныя падмуркі, якія былі выкладзены з валуноў насуха (без вапнавага раствору), таксама былі падняты на гэтую вышыню. У выніку агульная вышыня падмурка дасягнула прыкладна 1 метра[3].
Аднаапсіднасць вылучае полацкія храмы-пахавальні сярод усіх помнікаў усходнеславянскага дойлідства, бо такія прыёмы будаўніцтва на Русі дагэтуль не сустракаліся. На думку П. А. Рапапорта, гэтыя новаўвядзенні могуць тлумачыцца тым, што полацкія князі пры вяртанні з высылкі ў Візантыю маглі прывезці з сабой новага дойліда. Ён развіў некаторыя мясцовыя традыцыі і ўключыў у іх новыя архітэктурныя прыёмы, напрыклад, мадыфікацыю шырока распаўсюджанай у Візантыі муроўкі сцен «са схаваным радам». Не выключана, што візантыйскі дойлід быў запрошаны ў Полацк яшчэ да высылкі князей (г. зн. да 1130 г.), што вельмі верагодна, улічваючы даўнія і моцныя сувязі Полацкага княства з Візантыяй[1].
Інтэр’ер
[правіць | правіць зыходнік]Падчас раскопак былі выяўлены некаторыя элементы пачатковай унутранай аздобы царквы. Падлога была выкладзена пліткамі, пакрытымі палівай жоўтага, зялёнага ці чырвона-карычневага колераў. Знойдзены кавалкі тынкоўкі з фрэскавым роспісам, які паходзіў з ніжняй часткі храма і быў выкананы ў разнастайнай тэхніцы: прысутнічалі чырвона-карычневыя палоскі, «змейкі» арнаменту, «напырск» пад мармур, а таксама белы раслінны арнамент на карычневым фоне. Таксама знойдзена некалькі фрагментаў амфар ад галаснікоў, што сведчыць пра іх выкарыстанне ў скляпеннях храма.
Быў знойдзены фрагмент пліты ад саркафага, які быў прывезены з Валыні для пахавання вельмі знатнага чалавека. Саркафаг быў зроблены з чырвонага пірафілітавага сланцу (так званага «чырвонага шыферу») таўшчынёй ад 6 см і меў рэшткі дэкаратыўнай разьбы[1]. Рэшткі пахаванняў выяўлены таксама на знешнім баку падмурка галерэі: захаваліся сляды драўляных трун разам з мужчынскімі і жаночымі пахаваннямі. Наяўнасць жаночых пахаванняў сведчыць аб тым, што царква, верагодна, не была мужчынскай манастырскай.
Даследаванні
[правіць | правіць зыходнік]Наяўнасць магільных скляпоў і рэшткі багата аздобленага шыфернага саркафага сведчаць аб знатнасці пахаваных там асоб. На думку П. А. Рапапорта, гэтая царква з’яўлялася княжацкай пахавальняй дынастыі полацкіх князёў.
Першыя сляды помніка (развал плінфы) зафіксаваў М. К. Каргер, аднак сам храм ім не быў адкрыты. У 1976 годзе беларускі археолаг Г. В. Штыхаў выявіў фрагмент старажытнага падмурка ў раёне дамоў № 22 і 23 па вуліцы Горкага. У 1977 годзе П. А. Рапапортам быў закладзены паўнавартасны раскоп, які дазволіў даследаваць помнік. Сёння большая частка помніка занятая сучаснымі гаспадарчымі пабудовамі, садам і агародам.
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Раппопорт П. А. Строительное производство Древней Руси (X–XIII вв.). — СПб.: Наука, 1994. — 160 с.
- Дук Д. У. Гісторыя Полацка: Па матэрыялах археалагічных даследаванняў. — Наваполацк, 2006.