Цары Каляды

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Цары Каляды*
Rite of the Kalyady Tsars**
Сусветная спадчына ЮНЕСКА

Удзельнікі абраду «Цары Каляды»
Тып традыцыі
Крытэрыі VI
Спасылка 00308
Рэгіён*** Еўропа і Паўночная Амерыка
Гісторыя ўключэння
Уключэнне 2009  (4 сесія)
* Міжнародная канвенцыя «ЮНЕСКА»
** Назва ў афіцыйным англ. спісе
*** Рэгіён па класіфікацыі ЮНЕСКА

Цары Каляды ("калядныя цары") — традыцыйны абрад каляднага абыходу хатаў у вёсцы Семежава Капыльскага раёна Мінскай вобласці ў Беларусі.

Хадзілі "ў цары" напярэдадні "старога Новага года" (новага года паводле юліянскага календара), у Шчодры вечар ("Шчодрык") — з 13 на 14 студзеня.

У 2009 годзе абрад "Цары" ўключаны ў спіс нематэрыяльных культурных каштоўнасцяў ЮНЕСКА як аб'ект, які знікае і якому патрэбная тэрміновая абарона[1].

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Папулярная версія тлумачыць так, што абрад «Цары Каляды» мог з'явіцца ў XVIII стагоддзі, калі недалёка ад Семежава стаялі раскватараваныя часці царскай расійскай арміі: нібыта ў дні святкавання Новага года па старым стылі (Юліянскім календары) салдаты і афіцэры хадзілі па дварах, здзяйсняючы вясёлы паказ, за што гаспадары адорвалі іх пачастункам[2].

Гэтая версія была пачутая ад мясцовага былога настаўніка гісторыі, але больш у Семежаве такой версіі не распавядаў, таму яна ставіцца пад сумнеў. Мяркуецца, што семежаўскі абрад можа сягаць карэньмі задоўга да атраду расійскай арміі[3].

Абрад праводзіўся да 1960-х гадоў. Пасля 40-гадовага перапынку быў адроджаны ў 1996 годзе па ініцыятыве мясцовых жыхароў[3]. У 2000-х гадах абрад выконваўся некалькімі групамі «цароў» адначасова.

У кастрычніку 2009 г. абрад «Калядныя цары» рашэннем Міжурадавага камітэта ЮНЕСКА па ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны быў уключаны ў Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны, якой патрабуецца тэрміновая ахова. ЮНЕСКА прызнала неабходнасць у абароне свята з-за перасялення актыўнага насельніцтва ў гарады і страце цікавасці з боку моладзі.

Апісанне абраду[правіць | правіць зыходнік]

У абрадзе ўдзельнічаюць маладыя мужчыны і юнакі, так званыя «цары», апранутыя ў спецыяльныя касцюмы.

Касцюмы прадстаўляюць сабой белыя штаны і кашулі. На грудзях кожнага цара крыж-накрыж павязаныя чырвоныя семежаўскія паясы з геаметрычным арнаментам. На галаве — высокія шапкі з рознакаляровымі папяровымі стужкамі.

Цароў на свяце суправаджаюць камічныя персанажы Дзед (выконвае дзяўчына ў абарванай мужчынскай вопратцы) і Баба (выконвае хлапец).

Працэсія цароў наведвае дамы вяскоўцаў і разыграе драму «Цар Максіміліян». Пасля прадстаўлення адбываецца традыцыйнае віншаванне гаспадароў дома, якія адорваюць удзельнікаў абраду.

З надыходам цемры «цары» запальваюць факелы, што надае дзеі незвычайную відовішчнасць.

Паралель у Літве[правіць | правіць зыходнік]

Падобны сваім зместам калядны абрад вядомы ў Літве. Ён называецца "выезджваць сівага" (літ. šokdinti šyvį), дзе "сівы" - гэта конь. Немалаважная роля ў абрадзе належыць мужчынам, пераапранутым у вайскоўцаў, якіх чатыры і пяты іх начальнік-"вадас". Абрад абыходу хатаў пачынаўся з таго, што ў хату грукалі і "вадас" пытаў: "Ці дазволіце выезджваць сівага?" Калі дазвалялі, пачыналі граць музыкі, якія таксама ўваходзілі ў гурт калядоўшчыкаў. Часам у хату дазвалялі праходзіць толькі калі "сівы" мог пераскочыць прыстаўленую да дзвераў перашкоду (лаўку, крэсла, нават стол). "Вадас" званіў у званочак, музыка аціхала, і ў самы вялікі пакой хаты прамаршыроўвалі чатыры "вайскоўцы" з ім на чале.

"Вадас" камандаваў: "На месцы стой! Зважай! Направа! Кожны другі два крокі наперад марш! Раўнуй! Адзін насупраць аднаго стой! Зважай!" Потым гучала каманда "Шаблі ўгору!". "Вайскоўцы" скрыжоўвалі шаблі над галовамі. "Вадас" загадваў: "Песня!" "Вайскоўцы" зацягвалі народную песню пра вайскоўца. Праспяваўшы, гучала каманда разысціся па чатырох кутах пакоя.

"Сівы" ў літоўскіх Гражышках, 1972 г.
"Сівы" ў літоўскіх Гражышках, 1972 г.

Пачыналі ізноў граць музыкі, забягаў падмятальшчык, вымятаў падлогу. Тады ўваходзіў "сівы". Ён вытанцоўваў, усяляк брыкаючы "нагамі". Пасля яго скокаў у хату заходзілі астатнія з калядоўшчыкаў: чорт (вымазваў кагось смалой), цыганы (спрабавалі штось сцягнуць), бусел (меў у дзюбе ляльку і дзяўчыне ці жанчыне на выбар скідаў), мядзведзь (прапаноўваў мужчынам выпрабаваць, хто мацнейшы). Гаспадары адорвалі калядоўшчыкаў. Напрыканцы падмятальшчык ізноў вымятаў падлогу. "Вадас" дзякаў гаспадарам, усе сыходзілі[4].

У ХХ-м стагоддзі абрад "выезджваць сівага" заставаўся толькі ў адной мясціне ў Літве, у мястэчку Гражышкі (літ. Gražiškiai), у Вілкавішскім раёне, на ранейшым літоўска-прускім памежжы (раней бытаваў у многіх вёсках паўднёвага захаду Літвы). Калядаваць такім чынам ідуць у Гражышках у перыяд паміж Калядамі і каталіцкім святам Трох каралёў (25 снежня - 6 студзеня). На гербе Гражышак нават выяўлены калядоўшчык - вершнік-вайсковец у белай форме і з белай фуражкай, на белым кані.

Хоць карнавальны персанаж "вершнік" папулярны і ў Польшчы, і ў Нямеччыне, але актыўная роля ў абрадзе "вайскоўцаў" ставіць у адзін шэраг гражышскі абрад з семежаўскім. І там, і там вайскоўцы маюць свайго начальніка (вылучаецца знешне), таксама і там, і там удзельнічае персанаж "падмятальшчык".

Мяркуецца, што калядны персанаж "конь" даўнейшы за персанажа "вершнік". Тым больш даволі познія персанажы - "вайскоўцы". Калядоўшчыкі адпачатку ўвасаблялі прадстаўнікоў "таго свету" і свету прыроды (у процілегласць да свету культуры), а вайскоўцаў інкарпаравалі ў іх склад, калі ў войска забіралі так надоўга, што гэта разумелася як смерць у вачах традыцыйнай вясковай грамады.

Хадзілі "выезджваць сівага" ў Гражышках да 1970-х гадоў. У 2023 годзе гражышская традыцыя "выезджваць сівага" ўнесеная ў літоўскі нацыянальны Звод каштоўнасцяў нематэрыяльнай культурнай спадчыны[5].

Зноскі

  1. Абрад «Цары Каляды» пад пагрозай знікнення. Наша Ніва. Праверана 28 жніўня 2013.
  2. Архіўная копія(недаступная спасылка). belarus.by. Архівавана з першакрыніцы 17 красавіка 2015. Праверана 29 жніўня 2013.
  3. а б Абрад “Калядныя цары” вёскі Семежава Капыльскага раёна Мінскай вобласці. budzma.org. Праверана 28 жніўня 2013.
  4. Šyvio šokdinimas. Pokalbis su Suvalkijos (Sūduvos) kultūros centro-muziejaus etnologu Andriumi MILINKEVIČIUMI // Būdas. Nr. 6. 2023. C. 70-77.
  5. Šyvio šokdinimo tradicija Gražiškiuose(нявызн.).

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]