Цвярское княства

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Вялікае княства Цвярское
Flag of None.svg
1247 — 1485


Coat of arms of Russia (XV Century).svg
Symbol Duchy of Tver.png


Герб
Сталіца Цвер
Мова(ы) старажытнаруская мова
Рэлігія язычніцтва, праваслаўе
Грашовая адзінка рубель
Форма кіравання манархія
князь, вялікі князь
Гісторыя
 - 1247 Княства
 - 1382 Вялікае княства
 - 1485 Страта незалежнасці

Цвярское княства, Вялікае княства Цвярское ўзнікла на землях, заселеных смаленскімі крывічамі, у ХІІІ ст. і існавала амаль да канца XV ст.

Горад Цвер узнік у ХІІ ст. і спачатку належаў Ноўгараду, а з 1209 г. перайшоў пад уладу Уладзіміра-Суздальскага княства. У пачатку ХІІІ ст. Цвер — удзел Пераяслаў-Залескага княства. Пасля разгрому Уладзіміра-Суздальскай зямлі мангола-татарамі і падзелу спадчыны вялікага князя Яраслава Усеваладавіча (які загінуў у Ардзе) атрымлівае ў 1247 годзе незалежнасць — пры князе Яраславе Яраславічы, родным браце Аляксандра Неўскага. З 1264 г. ён становіцца вялікім князем Уладзімірскім. У наступным годзе ў Цвяры ўзнікае епіскапская кафедра, якую ўзначаліў былы полацкі епіскап Сімяён. Другім цвярскім епіскапам у 1289—1316 быў Андрэй, сын полацкага князя Гердзеня. Усё гэта садзейнічала ўзвышэнню Цвяры.

У 1285 годзе князем Міхаілам Яраславічам, яго маці княгіняй Аксінняй і епіскапам Сімяёнам закладзены каменны Спаскі сабор, асвечаны ў 1290 г. Гэта быў кафедральны, галоўны храм новай краіны. Спаскі сабор стаў першым каменным храмам на тэрыторыі Паўночна-Усходняй Русі пасля татарскага разгрому 1238. Такім чынам, Цвер апярэдзіла Маскву ў галіне каменнага будаўніцтва. Яшчэ адну каменную царкву пачалі будаваць цверцы ў 1323 г. у Фёдараўскім манастыры. У XIV ст. у Цвяры на беразе Волгі стаяў яшчэ адзін храм Міхаіла Архангела. У 1369 князь Міхаіл Аляксандравіч умацаваў Цвер драўляным крамлём, а ў 1372 ўзвёў вакол земляны вал. Таксама ў Цвяры вяліся і ўласныя летапісы, некаторыя дайшлі да нашых дзён (напр. «Хроніка Георгія Амартола»).

Цвярское княства вяло актыўную барацьбу з Маскоўскай дзяржавай за вялікае ўладзімірскае княжанне і за палітычную гегемонію на Русі, у гэтай барацьбе часта атрымлівала падтрымку Вялікага княства Літоўскага, з якім, зрэшты таксама часта ваявала (1285 і інш.). Перадусім ішла барацьба за кантроль над раёнам Ржэва на Верхняй Волзе, у якім пазней да сярэдзіны XX ст. захоўваліся беларускія гаворкі і іншыя беларускія этнаграфічныя прыкметы (гл. Тудаўляне).

Да буйных цвярскіх гарадоў можна таксама аднесці Кашын, Ксняцін, Зубцоў, Старыцу (дзе здабывалі белы камень для будаўніцтва) Холм, Мікулін і Дарагабуж.

Тытул «вялікіх» канчаткова замацаваўся за цвярскімі князямі ў сяр. XIV ст., узмацнілася іх змаганне з князямі маскоўскімі. У гэты час Цвер наладзіла сяброўскія адносіны з ВКЛ. У 1320 дачка Гедзіміна Марыя выйшла замуж за цвярскога князя Міхаіла, а неўзабаве дачка Кейстута выйшла за князя Івана Міхайлавіча. Даволі часта палкі Цвяры ваявалі разам з войскамі ВКЛ супроць крыжакоў. У змаганні з цвярскімі князямі маскоўскія абапіраліся на Арду і татарскія войскі. У 1327 Цвер узначаліла паўстанне супроць Арды, у горадзе быў забіты татарскі пасланнік і ягоны аддзел. Тады залатаардынскі хан даручыў маскоўскаму князю Івану Каліце пакараць цверцаў. Каліта ўзначаліў татарскае войска, знішчыў паўстанцаў і разрабаваў Цвярскую дзяржаву. У 1328 ён атрымаў тытул Вялікага князя. Гэта паклала пачатак узвышэнню Вялікага княства Маскоўскага

Аднак Цвер паступова адрадзілася і з дапамогай вялікага князя літоўскага Альгерда, які ў 1347 годзе другі раз ажаніўся з цвярской княжной Юльянай, працягвала змагацца з Масквою. У лістападзе 1368 г. Альгерд падтрымаў цверцаў, пайшоў на Маскву, асадзіў яе і тры дні стаяў пад сценамі горада, пакуль не атрымаў выкуп.

У 1370 маскоўскі князь Дзмітрый зноў нападае на Цвер. Альгерд робіць другі паход на Маскву і бярэ яе ў аблогу 6 снежня 1370, У гэты час цвярскі князь атрымлівае ў Ардзе ярлык на валоданне Уладзімірскім княствам. У 1372 г. войскі ВКЛ начале з Вітаўтам і Кейстутам зноў уварваліся ў Масковію, каб падтрымаць свайго хаўрусніка. У 1375 маскоўскі князь Дзмітрый арганізаваў паход на Цвер, мабілізаваўшы вайсковыя дружыны 19 удзельных князёў. Цвярскі князь Міхаіл мужна абараняўся, аблога Цвяры доўжылася 5 тыдняў, але горад не здаваўся. Тады захопнікі разбурылі і знішчылі іншыя паселішчы вакол горада. Князь Міхаіл прапанаваў памірыцца, што і было зроблена.

У 1385 г. цвярскі князь Васіль Міхайлавіч ажаніўся на дачцэ кіеўскага князя Уладзіміра Альгердавіча і сувязі з дынастыяй Гедзімінавічаў зноў узмацніліся. Гэтаму спрыяла і тое, што сын віцебскага князя і цвярской княжны Ягайла ў 1386 г. стаў польскім каралём.

Найбольшы росквіт эканомікі і культуры цвярской дзяржавы прыпадае на першыя дзве трэці XV ст, калі ў Масковіі ішлі доўгія грамадзянскія войны і набегі на Цвер спыніліся. У пачатку XV ст. цвярскі князь Іван Міхайлавіч чаканіць свае грошы. Шырокая слава ідзе пра цвярскіх гарматнікаў. Цвярскія купцы гандлявалі з гарадамі Прыбалтыкі і Каўказа, Блізкага Усходу і Сярэдняй Азіі. Найбольш вядомы з іх — Афанасій Нікіцін, які ў 1466-72 здзейсніў вандроўку ў Індыю.

Апошні росквіт дзяржавы адбываецца пры князі Барысе Аляксандравічы. Аднак пры Іване ІІІ Масковія зноў узмацнілася, вызвалілася ад ардынскай залежнасці і захапіла землі Ноўгарада. Наступіла чарга і Цвяры. Спачатку Масква схіліла на свой бок частку мясцовых баяраў. У верасні 1485 войскі Івана ІІІ атачылі Цвер. Вялікі князь літоўскі і кароль польскі Казімір, нягледзячы на саюзныя абавязкі паводле дамоваў 1449 і 1484, не падтрымаў асаджаных. Праз некалькі дзён падкупленыя баяры перайшлі на бок Масквы і цвярскі князь Міхаіл Барысавіч з невялікай дружынай здолеў дабрацца да межаў ВКЛ, а яго маці, княжну Настассю ўзялі ў палон і вывезлі ў Маскву. «І так скончылася Вялікае Княства Цвярское» — адзначыў летапісец у Валынскім кароткім летапісе.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]