Цмок (беларуская міфалогія)

З пляцоўкі Вікіпедыя
(Пасля перасылкі з Цмок, беларуская міфалогія)
Jump to navigation Jump to search

Цмок — у беларускай міфалогіі і фальклоры пачвара, змей. Хтанічны персанаж, увасабленне зямной і воднай стыхіі.

Апісанне[правіць | правіць зыходнік]

У паданнях часам вельмі розных персанажаў называюць «цмокам», таму некарэктна лічыць, што гэтае паняцце супадае з паняццем «дракон». Часцей за ўсё «цмок» выяўляецца як пачвара са змяінымі або звярынымі рысамі (хаця лукомскі цмок выглядаў «як чалавек»). У некаторых крыніцах тоесны шматгаловаму дракону (казка «Хведар Набілкін і сапраўдныя асілкі» і інш), мае 3, 6, 7, 9 ці 12 галоў, якія могуць зноў адрастаць, калі адрубленыя, але не прыпечаныя агнём[1]. Зубы нібыта нарогі, кіпцюры — як сярпы. У адрозненні ад нячысцікаў цмок штодня мыецца, ходзячы ў лазню. Ростам Цмок з вялікі дом, але вельмі лянівы: калі нехта з людзей патурбуе яго, то ён не абавязкова будзе нападаць, а спачатку ўзважыць, ці вартая ахвяра парушанага спакою. Можа жыць як у возеры ці балоце (што адпавядае яго хтанічнай прыродзе) так і ў небе.

Але часцей цмока апісваюць не як пачвару, а як нячысцік, як адменнік беса і атаясняюць з «лятучым змеем» — злым духам, які прыносіць багацце свайму гаспадару[2], але потым нярэдка прысвойвае яго душу. Фалькларыст А. Я. Багдановіч атаясняў яго з галоўным чортам (Люцыферам), якога анёлы закавалі з ланцугі. Атаясняюць і з вогненным змеем — дэманічным духам, які наведвае жанчын і ад якога яны нараджаюць дзяцей (быліна «Волх Усяславіч», прататыпам героя якой мог быць Усяслаў Чарадзей). У іншых сюжэтах дзяцей такое сужыцельства не прыносіла. Лукомскі цмок наогул паўстае ў двух абліччах — у выглядзе чалавека і ў выглядзе вясёлкі — у апошняй форме ён смокча ваду з Лукомскага возера і перапампоўвае яе на неба, служачы, такім чынам, размеркавальнікам балансу паміж вадой зямной і нябеснай. Не выпадкова забойства такой істоты Пяруном можа выклікаць масавыя залёвы і сусветны патоп. Верагодна, такое рознае значэнне слова «цмок» тлумачыцца і рознай этымалогіяй, якую ў тых ці іншых выпадках магла мець гэтая назва: ад «змей» (параўн. з польскім «smok», «zmok») да «смактаць». Такім чынам паняцце «цмок» можна лічыць зборным, яно аб'ядноўвае шэраг відаў міфічных персанажаў, часам даволі кантрасных.

Цмокі ў апісанні Уладзіміра Караткевіча[правіць | правіць зыходнік]

У аповесці У. Караткевіча «Хрыстос прызямліўся ў Гародні» даецца сціплае апісанне цмокаў, якія быццам жылі ў Лепельскім возеры. Выглядам яны былі як «звер фока» (цюлень), але значна буйнейшыя («сорак дзевяць футаў і яшчэ дваццаць два дзюймы» — каля 15 метраў), у складках, без поўсці, з плаўнікамі. Шыю мелі надта доўгую, а галаву — як у змяі альбо лані[3].

У 2013 годзе ў Лепелі быў адкрыты помнік цмоку[4], зроблены пераважна паводле апісання У. Караткевіча.

У змееборчых паданнях[правіць | правіць зыходнік]

Пашыраны сюжэт, дзе цмок патрабуе рэгулярных чалавечых ахвяр, пагражае ў адваротным выпадку знішчыць усю вёску (ці горад), але ўрэшце гіне ад рукі героя. Сюжэт сфарміраваўся пад уплывам легенды пра святога Георгія і сімвалізуе пераход ад язычніцтва да хрысціянства — цмок увасабляе паганскае боства, якое жадае крывавых ахвярапрынашэнняў. У народнай баладзе «Ой, да булы ж людэ да не хрысціяне» святы Юр'я ратуе дзяўчыну ад цмока і загадвае больш ніколі не адпраўляць пачвары людзей на з'ядзенне. Часта Юр'я выратоўвае ад цмока Багародзіцу. Падобную ж структуру мае і паданне аб Змеевай гары[5]. Але сам архетыпны сюжэт мае менавіта язычніцкія карані і паходзіць ад змееборчага міфу. Святы Юр'я ў розных сюжэтах выступае заменнікам як бога Ярылы, так і грамабоя Пяруна (Дундара). А цмок у гэтым выпадку можа выводзіцца ад язычніцкага змея-пачвары, увасаблення цемры, выкрадальніка сонца. У выглядзе змея-пачвары цмок часцей за ўсё паўстае і ў чарадзейных казках («Маці і сын» і інш.), дзе нярэдка носіць эпітэт «паганы».

У паданнях аб камнях-краўцах[правіць | правіць зыходнік]

З некаторымі валунамі (каля в. Віркі Чашніцкага раёна, каля в. Валэйкішка Астравецкага раёна) звязваліся паданні, нібыта ў іх калісьці былі адтуліны (аконцы), а ўнутры жыў цмок. Шматлікія спасылкі да вобраза бога Вялеса дазваляюць меркаваць, што цмокі з камянёў з'яўляюцца фальклорнымі перапрацоўкамі менавіта гэтай язычніцкай постаці. Іх «змяіная» прырода сумнеўная — лукомскі цмок нават выглядаў быццам чалавек. Часам нават падкрэсліваецца іх асабістая прыгажосць, што нагадвае прыгажуна-волата з касмаганічнага падання «Паходжанне д'ябла і балот» і яшчэ болей збліжае гэты від цмокаў з Вялесам. Цікава, што адзін з іх нават носіць імя Вяль — празрыстая спасылка на імя старажытнага боства.

Вядомыя цмокі[правіць | правіць зыходнік]

Інтэрпрэтацыя[правіць | правіць зыходнік]

Цмок звязаны з вадой (жыве ў балоце, у некаторых апавяданнях — у моры), але яго нутраная прырода — вогненная (як і іншыя легендарныя Змеі, ён зяхае агнём). Фактычна ён сумяшчае ў сабе несумесныя стыхіі — ваду, агонь, паветра (паводле некаторых версій, нават жыве на небе, сярод хмар). Адсюль, магчыма, увасабляе першасны, неструктураваны сусвет, дэміургічнае (творчае) раскладанне якога вядзе да ўзнікнення ўсяго існага.

Цмок у сучаснай беларускай культуры[правіць | правіць зыходнік]

Кампанія «Будзьма беларусамі» распрацоўвае вобраз Цмока як адзін з брэндаў Беларусі[6].

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]

Цмок у сусветнай міфалогіі

Зноскі

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Міфалогія беларусаў: энцыклапедычны слоўнік / склад. І. Клімковіч, В. Аўтушка; навук. рэд. Т. Валодзіна, С. Санько. — Мн.: Беларусь, 2011. — 607 с.: іл.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]