Цмок (беларуская міфалогія)
Цмок — у беларускай міфалогіі і фальклоры пачвара, змей. Хтанічны персанаж, увасабленне зямной і воднай стыхіі.
Апісанне
[правіць | правіць зыходнік]У паданнях часам вельмі розных персанажаў называюць «цмокам», таму некарэктна лічыць, што гэтае паняцце супадае з паняццем «дракон». Часцей за ўсё «цмок» выяўляецца як пачвара са змяінымі або звярынымі рысамі (хаця лукомскі цмок выглядаў «як чалавек»). У некаторых крыніцах тоесны шматгаловаму дракону (казка «Хведар Набілкін і сапраўдныя асілкі» і інш), мае 3, 6, 7, 9 ці 12 галоў, якія могуць зноў адрастаць, калі адрубленыя, але не прыпечаныя агнём[1]. Зубы нібыта нарогі, кіпцюры — як сярпы. У адрозненні ад нячысцікаў цмок штодня мыецца, ходзячы ў лазню. Ростам Цмок з вялікі дом, але вельмі лянівы: калі нехта з людзей патурбуе яго, то ён не абавязкова будзе нападаць, а спачатку ўзважыць, ці вартая ахвяра парушанага спакою. Можа жыць як у возеры ці балоце (што адпавядае яго хтанічнай прыродзе) так і ў небе.
Але часцей цмока апісваюць не як пачвару, а як нячысцік, як адменнік беса і атаясняюць з «лятучым змеем» — злым духам, які прыносіць багацце свайму гаспадару[2], але потым нярэдка прысвойвае яго душу. Фалькларыст А. Я. Багдановіч атаясняў яго з галоўным чортам (Люцыферам), якога анёлы закавалі з ланцугі. Атаясняюць і з вогненным змеем — дэманічным духам, які наведвае жанчын і ад якога яны нараджаюць дзяцей (быліна «Волх Усяславіч», прататыпам героя якой мог быць Усяслаў Чарадзей). У іншых сюжэтах дзяцей такое сужыцельства не прыносіла. Лукомскі цмок наогул паўстае ў двух абліччах — у выглядзе чалавека і ў выглядзе вясёлкі — у апошняй форме ён смокча ваду з Лукомскага возера і перапампоўвае яе на неба, служачы, такім чынам, размеркавальнікам балансу паміж вадой зямной і нябеснай. Не выпадкова забойства такой істоты Пяруном можа выклікаць масавыя залёвы і сусветны патоп. Верагодна, такое рознае значэнне слова «цмок» тлумачыцца і рознай этымалогіяй, якую ў тых ці іншых выпадках магла мець гэтая назва: ад «змей» (параўн. з польскім «smok», «zmok») да «смактаць». Такім чынам паняцце «цмок» можна лічыць зборным, яно аб'ядноўвае шэраг відаў міфічных персанажаў, часам даволі кантрасных.
Цмокі ў апісанні Уладзіміра Караткевіча
[правіць | правіць зыходнік]У аповесці У. Караткевіча «Хрыстос прызямліўся ў Гародні» даецца сціплае апісанне цмокаў, якія быццам жылі ў Лепельскім возеры. Выглядам яны былі як «звер фока» (цюлень), але значна буйнейшыя («сорак дзевяць футаў і яшчэ дваццаць два дзюймы» — каля 15 метраў), у складках, без поўсці, з плаўнікамі. Шыю мелі надта доўгую, а галаву — як у змяі альбо лані[3].
У 2013 годзе ў Лепелі быў адкрыты помнік цмоку[4], зроблены пераважна паводле апісання У. Караткевіча[5].
У змееборчых паданнях
[правіць | правіць зыходнік]Пашыраны сюжэт, дзе цмок патрабуе рэгулярных чалавечых ахвяр, пагражае ў адваротным выпадку знішчыць усю вёску (ці горад), але ўрэшце гіне ад рукі героя. Сюжэт сфарміраваўся пад уплывам легенды пра святога Георгія і сімвалізуе пераход ад язычніцтва да хрысціянства — цмок увасабляе паганскае боства, якое жадае крывавых ахвярапрынашэнняў. У народнай баладзе «Ой, да булы ж людэ да не хрысціяне» святы Юр'я ратуе дзяўчыну ад цмока і загадвае больш ніколі не адпраўляць пачвары людзей на з'ядзенне. Часта Юр'я выратоўвае ад цмока Багародзіцу. Падобную ж структуру мае і паданне аб Змеевай гары[6]. Але сам архетыпны сюжэт мае менавіта язычніцкія карані і паходзіць ад змееборчага міфу. Святы Юр'я ў розных сюжэтах выступае заменнікам як бога Ярылы, так і грамабоя Пяруна (Дундара). А цмок у гэтым выпадку можа выводзіцца ад язычніцкага змея-пачвары, увасаблення цемры, выкрадальніка сонца. У выглядзе змея-пачвары цмок часцей за ўсё паўстае і ў чарадзейных казках («Маці і сын» і інш.), дзе нярэдка носіць эпітэт «паганы».
У паданнях аб камнях-краўцах
[правіць | правіць зыходнік]З некаторымі валунамі (каля в. Віркі Чашніцкага раёна, каля в. Валэйкішка Астравецкага раёна) звязваліся паданні, нібыта ў іх калісьці былі адтуліны (аконцы), а ўнутры жыў цмок. Шматлікія спасылкі да вобраза бога Вялеса дазваляюць меркаваць, што цмокі з камянёў з'яўляюцца фальклорнымі перапрацоўкамі менавіта гэтай язычніцкай постаці. Іх «змяіная» прырода сумнеўная — лукомскі цмок нават выглядаў быццам чалавек. Часам нават падкрэсліваецца іх асабістая прыгажосць, што нагадвае прыгажуна-волата з касмаганічнага падання «Паходжанне д'ябла і балот» і яшчэ болей збліжае гэты від цмокаў з Вялесам. Цікава, што адзін з іх нават носіць імя Вяль — празрыстая спасылка на імя старажытнага боства.
Вядомыя цмокі
[правіць | правіць зыходнік]Інтэрпрэтацыя
[правіць | правіць зыходнік]Цмок звязаны з вадой (жыве ў балоце, у некаторых апавяданнях — у моры), але яго нутраная прырода — вогненная (як і іншыя легендарныя Змеі, ён зяхае агнём). Фактычна ён сумяшчае ў сабе несумесныя стыхіі — ваду, агонь, паветра (паводле некаторых версій, нават жыве на небе, сярод хмар). Адсюль, магчыма, увасабляе першасны, неструктураваны сусвет, дэміургічнае (творчае) раскладанне якога вядзе да ўзнікнення ўсяго існага.
Цмок у сучаснай беларускай культуры
[правіць | правіць зыходнік]Кампанія «Будзьма беларусамі» распрацоўвае вобраз Цмока як адзін з брэндаў Беларусі[9].
Гл. таксама
[правіць | правіць зыходнік]Зноскі
- ↑ Цмок, Смок, Чмок, Змей(недаступная спасылка)
- ↑ Акамянелыя істоты(недаступная спасылка)
- ↑ У. Караткевіч. Хрыстос прызямліўся ў Гародні
- ↑ У Лепелі адкрылі першы ў Беларусі помнік Цмоку!
- ↑ Помнік Цмоку. Лепельскі раён, г. Лепель . ДУ «Віцебская абласная бібліятэка імя У. І. Леніна» (27 лістапада 2017). Праверана 4 сакавіка 2023.
- ↑ Паданне пра Змееву гару Архівавана 10 верасня 2013.
- ↑ Грушэцкі А.. Лепельскі цмок . час. «Вясёлка» (20 верасня 2016). Праверана 1 лютага 2021.
- ↑ Грушэцкі, А. Лепельскі Цмок / А. Грушэцкі // Лепельскі край. — 2016. — 23 жн. — С. 6.
- ↑ Новы вобраз Беларусі — падарожжа ў краіну цмокаў
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Міфалогія беларусаў: энцыклапедычны слоўнік / склад. І. Клімковіч, В. Аўтушка; навук. рэд. Т. Валодзіна, С. Санько. — Мн.: Беларусь, 2011. — 607 с.: іл.
- Грушэцкі, А. Мінскі цмок // Бярозка : часопіс. — Мн.: 2020. — В. 1100. — № 1. — С. 28—31.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- Пра веру ў цмокаў у старажытнай Беларусі(недаступная спасылка)
- Дзе шукаць беларускага цмока?(недаступная спасылка)
- Сяргей Харэўскі: «У Беларусі 26 Чорных азёраў, і ў кожным жыве цмок!»(недаступная спасылка)