Цэнтральны дзіцячы парк імя Максіма Горкага (Мінск)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Цэнтральны дзіцячы парк імя Максіма Горкага
Галоўны ўваход у парк з альтанкамі
Галоўны ўваход у парк з альтанкамі
Асноўная інфармацыя
ТыпПарк культуры і адпачынку 
Размяшчэнне
53°54′11″ пн. ш. 27°34′24″ у. д.HGЯO
Краіна
ГорадМінск
Цэнтральны дзіцячы парк імя Максіма Горкага (Мінск) (Беларусь)
Цэнтральны дзіцячы парк імя Максіма Горкага
Цэнтральны дзіцячы парк імя Максіма Горкага
Цэнтральны дзіцячы парк імя Максіма Горкага (Мінск) (Мінск)
Цэнтральны дзіцячы парк імя Максіма Горкага
Цэнтральны дзіцячы парк імя Максіма Горкага
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Цэнтральны дзіцячы парк імя Максіма Горкага — парк культуры і адпачынку ў цэнтры Мінска недалёка ад Плошчы Перамогі. Размешчаны паміж вуліцамі Янкі Купалы, Фрунзэ, Першамайскай і праспектам Незалежнасці і на сённяшні дзень займае плошчу ў 28 гектараў. Парк з’яўляецца важным звяном у сістэме зялёных масіваў уздоўж р. Свіслач, мае вялікае горадабудаўнічае значэнне.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Заснаванне парку. Да рэвалюцыі.[правіць | правіць зыходнік]

Помнік Карнееву З. Я. у парку

Парк — самы стары з паркаў горада[1]. Створаны на мяжы 1819 стагоддзяў першым мінскім губернатарам Карнеевым З. А.[2][3]. Побач з пасаджаным Карнеевым першым дрэвам быў пастаўлены конусападобны абеліск у памяць пра заснаванне парку. Другі абеліск са словамі «Дваранству і грамадзянству пасля прац адпачыванне» (руск.: Дворянству и гражданству после трудов отдохновение) знаходзіўся ў цэнтральнай частцы[4].

Гарадскі парк на р. Свіслач быў урачыста адкрыты для наведвання 1 мая 1805 года і першапачаткова зваўся Губернатарскім садам[2][3], у гонар заснавальніка парку. Ён стаў першым грамадскім месцам адпачынку ў Беларусі. Ад першаснай пасадкі 1805 года захавалася ліпа[5].Перайсці да раздзела «#Помнікі прыроды»

Парк плошчай 15 га ствараўся з перавагай матываў рамантызму. Геамарфалагічныя асаблівасці мясцовасці вызначылі своеасаблівасць яго агульнай кампазіцыі. Парк заняў нешырокую пойму ракі і частка маляўніча перасечанай рачной тэрасы з пакатым схілам. Вось кампазіцыі не была выяўлена[4]. Спецыяльнага ўваходу парк не меў[1], у аснову планіроўкі пакладзены тры алеі (дзве часткова прасочваюцца і ў наш час)[4], якія пачыналіся ад лініі вуліцы і вялі ў розныя часткі парку[1]. Гэта пацвярджаюць гістарычныя планы горада, зробленыя ў 1809 г. і 1810 г. Уваход у парк знаходзіўся ў раёне будынка былой электрастанцыі[1]. Сеткай бакавых дарожак алеі ўвязваліся з павільёнамі, альтанкамі. У парку таксама былі ўладкованы купальня, грот, штучныя каналы з масткамі, кветнікі. Парадныя месцы мелі рэгулярную пабудову. Выкарыстоўвалася фігурная фармоўка раслін. У. Бранеўскім (1828), які наведаў Мінск у 1810 годзе, парк ацэньваўся як адзін з лепшых вядомых яму ўзораў садовага мастацтва таго часу[4].

План Юбілейнай сельскагаспадарчай выстаўкі, якая праходзіла ў гарадскім садзе ў 1901 годзе

Новы план развіцця Мінска быў зацверджаны ў 1817 г. Гэты дакумент вызначыў асноўныя напрамкі гарадскога развіцця на наступныя 40 гадоў. Парк на плане быў пазначаны № 27 — «Гарадскі сад». Парк планавалася паступова пашырыць ва ўсходнім напрамку. У выніку рэалізацыі гэтага плана плошча парку магла павялічыцца ўдвая і сучасная зона ўваходу ў парк стала б паркавай тэрыторыяй. Але гэтыя праектныя прапановы не былі рэалізаваны. Тэрыторыя сучаснага галоўнага ўваходу ў парк была аддадзена пад пабудовы жандарскай каманды. Ад тэрыторыі парку жандарскія пабудовы былі аддзелены агароджай[1].

Гарадскі сад на плане горада 1858 года

Складзены ў 1858 г. новы план горада прадугледжваў і рэканструкцыю парку. Яго тэрыторыю меркавалася павялічыць да вул. Вясёлай (сучасная Першамайская) і Шпітальнай (сучасная Фрунзе). Але, як і папярэдні план, ён не быў цалкам рэалізаваны. У 1863 г. частка тэрыторыі, выдзеленай пад парк, была перададзена пад гарадскую забудову[1].

У 1872 г. Мінская гарадская ўправа прыняла рашэнне аб будаўніцтве водаправода. На беразе Свіслачы быў запраектаваны будынак помпавай станцыі і водазаборных калодзежаў. У выніку гэтага будаўніцтва ўся ўваходная зона парку была практычна знішчана. Захаваўся толькі праход да моста цераз Свіслач, адкуль і пачынаецца цяпер парк. У ім быў усталяваны велатрэк, а ў 1891 г. адбыўся запуск паветранага шара[1]. Меліся пляцоўкі для лаўн-тэніса, кракета, кегельбана. Можна было ўзяць напракат ровар, а для дзяцей ладзіліся гімнастычныя заняткі і дзіцячыя святы. Напоі ў парку прадаваліся выключна безалкагольныя: мінеральная вада, малако, кефір, чай, кава.

З 26 жніўня па 4 верасня 1901 года ў садзе праходзіла Юбілейная сельскагаспадарчая выстаўка, дзеля якой былі пабудаваныя павільёны. У 12 аддзелах (сельскай гаспадаркі, прамысловасці і рамяства) і ў прыватных павільёнах быў прадстаўлены самы шырокі набор тавараў — ад розных складаных сельскагаспадарчых прылад і парод хатняй жывёлы да вырабаў мясцовых рамеснікаў[6]

Пасля рэвалюцыі[правіць | правіць зыходнік]

Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 года і стварэння БССР у духу таго часу  перайменаваны ў сад «Прафінтэрн». З 1936 г. за паркам замацоўваецца назва — «парк імя Максіма Горкага»[1], як даніна новай традыцыі зваць паркі культуры і адпачынку ў найбуйнейшых гарадах СССР імем гэтага вялікага пралетарскага пісьменніка.

Паваенны час[правіць | правіць зыходнік]

Адзначэнне 1 Мая ў час нямецкай акупацыі. 1943

У Вялікую Айчынную вайну частка парку і прылеглыя да яго гарадскія кварталы былі разбураны. Сярод зніклых кварталаў знаходзіўся і дом, дзе ў 19271941 гадах жыў народны пісьменнік Якуб Колас. Цяпер на гэтым месцы аднапавярховы цагляны домік — будынак адміністрацыі парку, з мемарыяльнай таблічкай, што на гэтым месцы стаяў дом гэтага паэта і пісьменніка. Адміністрацыйны будынак аднапавярховы, накрыты вальмавым дахам. Сцены неатынкаваныя. Фасады расчлянёны лапаткамі, лучковымі аконнымі праёмамі. Пад дахам праходзіць шматслойны карніз[1].

Паводле пасляваеннага генеральнага плана тэрыторыя Цэнтральнага парку культуры і адпачынку імя Горкага абмежавана вуліцамі Пралетарскай, Набярэжнай, Чырвонай, Правіянцкай, Савецкай, Фрунзэ і Першамайскай, г. зн. у ЦПКА уваходзілі землі парку Янкі Купалы і ўся плошча сучаснага квартала паміж вуліцамі Чырвонай, Камуністычнай, Незалежнасці і Кісялёва[1].

Згодна з гэтым праектам уваход планавалася зрабіць з боку вул. Янкі Купалы, дзе ў наш час знаходзіцца бакавы ўваход у парк Янкі Купалы. Акрамя галоўнага, уваходаў было пяць: тры з боку вул. Фрунзэ і два з боку вул. Першамайскай.

У 1951 годзе праект быў адкарэкціраваны М. Баршчам, а генплан зроблены архітэктарам Р. Кофам[1]. Парк пашыраны да 28 га[2][4] У парку з’явіліся разнастайныя зоны адпачынку для дзяцей і дарослых, новыя атракцыёны, шэраг павільёнаў. Нават быў пабудаваны летні кінатэатр, які так і зваўся — «Летні», ён стаяў недалёка ад галоўнага ўваходу. Прыведзены ў парадак стадыён, адзіны ацалелы ў Мінску (сёння выкарыстоўваецца галоўным чынам для гульні і правядзенні чэмпіянатаў па хакею на траве. З 1945 года на ім праходзяць матчы ўсесаюзнага чэмпіянату па футболе. У мінскіх заўзятараў з’явілася магчымасць убачыць сваю каманду ў гульнях з прафесіяналамі савецкага футбола. Узімку стадыён ператвараўся ў лядовую пляцоўку. Напачатку 1970-х на ім праходзілі хакейныя матчы.

Абсерваторыя (на пярэднім плане) і кола

3 1952 года функцыяніраваў як парк культуры і адпачынку[2].

У 1960 годзе парк цалкам становіцца дзіцячым і за ім замацоўваецца яго цяперашняя назва «Цэнтральны дзіцячы парк імя Максіма Горкага». Распрацаваны новы генеральны план яго рэканструкцыі[2] такімі архітэктарамі, як Л. Усава, У. Вараксін, В. ГерашчанкаМінскпраект»). Свіслач атрымлівае новую набярэжную, праз яе перакінуўся пешаходны масток. Былі рэканструяваны алеі і збудаваны новыя павільёны. Пры стадыёне з’явіўся спартыўны павільён і комплекс пляцовак. Асобна дададзены новыя і разнастайныя атракцыёны для дзяцей. На ўзвышэнні пабудаваны будынак навучальнага планетарыя, абсерваторыі і метэаралагічнай станцыі. Дадаткова высаджаны дрэвы, хмызнякі і кветкі.

Крыты каток

Напачатку 1970-х гадоў, у выніку пажару, згарае летні кінатэатр. На месцы былога велатрэка ўзводзіцца крыты каток (сёння гэта лядовы палац, дзе праходзяць матчы чэмпіянату Беларусі па хакеі). Каток быў пабудаваны па праекце архітэктараў Ю. Грыгор’ева В. Бабашкіна, В. Гразнова[7]. Адкрыты ў 1976 г. У яго комплекс увайшлі хакейнае поле з трыбунамі для гледачоў на 1300 месцаў, поле для трэніровак юных хакеістаў і фігурыстаў, залы харэаграфіі і цяжкай атлетыкі. Перароблена па больш сучасным эстрада, з’явіліся горкі для аматараў ролікавых канькоў, цір, рэканструявана асвятленне алей. Завяршаецца рэканструкцыя ўваходных арачных варот парку з боку Плошчы Перамогі, якія служаць і візітнай карткай парку. У парку праводзяцца дзіцячыя святы, выстаўкі, канцэрты, працуюць гурткі, школа фігурнага катання, у ціры — секцыя стральбы з малакалібернай зброі, шахматны клуб «Сланяня».

У 1955 годзе, недалёка ад цэнтральнага ўваходу, быў усталяваны помнік Максіму Горкаму ў выглядзе манумента, на якім стаяў пісьменнік. У 1981 годзе быў адкрыты новы помнік Горкаму дзе ён сядзіць на імправізаванай лаўцы.

Сучаснасць[правіць | правіць зыходнік]

Парк у святочны дзень

З кастрычніка 2003 года Цэнтральны дзіцячы парк імя Горкага абвешчаны зонай, свабоднай ад тытунекурэння.

Архітэктура[правіць | правіць зыходнік]

Уваходныя прапілеі
Плошча пры галоўным уваходзе
Альтанка пры уваходзе

Парк з’яўляецца важным звяном у сістэме зялёных масіваў уздоўж р. Свіслач, займае выгоднае становішча ў межах[4] і мае вялікае горадабудаўнічае значэнне. Разам з паркам імя Я. Купалы, што размешчаны на другім баку праспекта Незалежнасці, ён стварае перад плошчай Перамогі зялёны курданёр[2]. Парк багата пасычаны архітэктурай малых форм: павільёны, альтанкі, мосцікі, грот з басейнам, сучасная асвятляльная арматура і інш[2], стылізаваныя пад даўніну ліхтары, лаўкі, і урны для смецця, але перагружаны атракцыёнамі і спартыўнымі збудаваннямі. Служыць улюблёным месцам адпачынку мінчукоў і гасцей сталіцы. У парку праводзяцца дзіцячыя святы, выстаўкі, канцэрты, працуюць кружкі і школы[4].

У парку растуць больш за 60 парод дрэў і кустоў, у асноўным мясцовыя: бяроза, ліпа, елка, хвоя, таполя, рабіна, ніцая вярба і інш. Ёсць і рэдкія садова-паркавыя расліны — сасна кедравая, піхта каліфарнійская, лістоўніца еўрапейская, чаромха вяргінская, клёны палявы і серабрысты. Зберагліся дэкаратыўныя групы стогадовых ліп і клёнаў, хвоі веймутавай, унікальныя экземпляры кедраў. У парку створаны глыбінныя пейзажныя курціны. Усё гэта дапаўняецца пасадкамі кустоў і кветнікамі[2]. У парку можна пакарміць качак, якіх шмат і ў Свіслачы, і ў рачулках парку, і ў сажалцы каля стадыёна. Нярэдка ў парку можна ўбачыць і вавёрак.

Функцыянальнае заніраванне тэрыторыі прадугледжана з улікам узросту дзяцей. Ва ўсходняй частцы парку для самых маленькіх была абсталявана спецыяльная зона з басейнам, горкай, іншымі канструкцыямі і атракцыёнамі. Для заняткаў спортам было створана поле масавых гульняў са спартыўным павільёнам, крытым катком, комплексам спартыўных пляцовак, стадыёнам; ёсць велатрэк, цір, гарадок з аўтатрасай для вывучэння правіл вулічнага руху. Для абслугоўвання наведвальнікаў былі збудаваны выставачны павільён, павільён з аўтаматамі-гульнямі, 2 кафэ. У парку нраводзяцца дзіцячыя святы, выстаўкі, канцэрты, працуюць гурткі, школа фігурнага катання, шахматны клуб «Сланяня» (1988)[2].

Парадны ўваход у парк вырашаны ў выглядзе масіўнага шасцікалоннага праезду-прапілеяў, які фланкіраваны пяцікалоннымі альтанкамі-ратондамі (архіт. Г. Заборскі). Пры галоўным уваходзе была створана вялікая адкрытая плошча, выкладзеная бетоннымі плітамі розных колераў з украпаваннямі газонаў[2] і дэкараваная саліцёрамі дуба чырвонага, вярбы залаціставаласістай (спілаваная ў верасні 2018[8]), хвоі сібірскай кедравай, клёна серабрыстага і бярозы павіслай. Адсюль адкрываецца заходняя панарама паркавага масіва, падкрэсленага плаўным выгінам набярэжнай Свіслачы. Маляўнічы контур масіва ўтварае таполя канадская з уключэннем адзінкавых дрэў іншых экзотаў: ліпы буйналістай, ясеня пенсільванскага, вярбы залаціставаласістай[4].

Помнік М. Горкаму

На ўзлеску побач з вязам шурпатым з экзатычнай ніцай кронай у 1981 г. пастаўлены помнік пісьменніку Максіму Горкаму[2], імя якога носіць парк з 1936 г. (скульптары А. Заспіцкі, І. Міско, М. Рыжанкоў, архітэктар А. Трафімчук)[4].

Планіровачная кампазіцыя старога саду, якая гістарычна склалася, захавана пераважна і пры рэканструкцыі. Парк пейзажнага тыпу з элементамі рэгулярнага. Аснову планіроўкі складаюць 3 прамыя алеі, перасечаныя ў розных кірунках дарожкамі і сцежкамі[2].

Плаціна
Пешаходны мост цераз Свіслач

Ландшафтную кампазіцыю парку ўзбагачае рэчышча Свіслачы[2]. У паваенны час на месцы часткі пераўвільготненай поймы, якая увесь час падтаплялася вясной паводкавымі водамі, была створана набярэжная[4], па якой праходзіць адзін з асноўных прагулачных маршрутаў[2]. Адначасова было пашырана рэчышча ракі і пабудавана плаціна, што стварае эфектны вадаспадам. Ад набярэжнай ва ўсходнім кірунку адыходзяць дзве асноўныя маршрутныя паркавыя магістралі-дарогі. Адна з іх праходзіць у цэнтральнай частцы парку ўздоўж былой рачной поймы прыкладна на месцы адной з трох асноўных алей XIX ст. Гэта шырокая пешаходная алея, абсаджаная таполяй канадскай мэрылендскай і вязамам, перасякае парк і выводзіць на вул. Першамайскую. Па цэнтральнай алеі размешчаны паркавыя павільёны і кафэ. Частка парку з паўднёвага боку дарогі, уздоўж Свіслачы, займае былую пойму[4].

Мосцік
Канал з качкамі
Вадаём

Асноўным кампазіцыйным элементам паніжанай часткі парку з’яўляецца нешырокая штучная пратока, якая ўтварае разам з ракой вялікі востраў. Уздоўж пратокі са шматлікімі масткамі растуць адзіночныя дрэвы, чаргуюцца лужкі з невялікімі драўнянымі групамі, складзенымі галоўным чынам з вільгацелюбівых раслін (вольха чорная, вярба залаціставаласістая і белая брытцэнская, таполя канадская мэрылендская). Пратока з дэкаратыўнымі масткамі была характэрным структурным элементам і ў старым парку. На ёй каля Усціняй горкі мелася крыніца, вада якога змяшчала серу і валодала гаючымі ўласцівасцямі. Як і раней, пратока, плаўна паварочваючы, упадае ў раку. У апошні час у месцы яе выгіну пабудаваны дэкаратыўны вадаём. Другім вадаёмам з павільёнам-прыстанню замыкаецца яе невялікае адгалінаванне каля рэчышча ракі. Утвораны пратокай востраў у мінулым перасякаўся сеткай вузкіх каналаў, а з боку горада (вул. Я. Купалы) праз яго ішла алея. На месцы яе зараз пракладзена новая алея, якая таксама перасякае пратоку і выводзіць на цэнтральную таполевую алею парку[4].

Маляўнічая цэнтральная частка парку (з паўночнага боку цэнтральнай алеі) займае схіл тэрасы, які перасякаецца шматлікімі пешаходнымі дарожкамі. Яны праходзяць паміж буйнымі, якія захаваліся з XIX ст. дрэвамі клёна і ліпы на зялёным дыване газона. Асабліва маляўнічыя ліпы старога парку, якія растуць адзіночна, у выглядзе букетаў (па 2—5 дрэў) ці рэштак былых кветнікаў. Адзіночна сустракаюцца старыя дрэвы лістоўніцы, конскага каштана, ясеня. Уражанне ад пейзажаў гэтай часткі парку змяншаецца шматлікімі пасадкамі маладых дрэў, якія закрываюць від на старыя асобнікі, іх своеасаблівыя ствалы, экзатычныя кроны. На невялікіх палянах, лужках вырошчваюцца ружы, астыльбы, хосты, півоні, званочкі, ліхніс, нівянік, рудбекія, гейхера і іншыя шматгадовыя кветкавыя расліны[4].

Другая асноўная дарога сучаснага парку праходзіць у яго найбольш прыпаднятай частцы на месцы былой вуліцы горада. Перспектыва ўздоўж дарогі, абсаджанай рознымі відамі дрэў, завяршаецца маляўнічым павільёнам-млыном. Гэта тэрыторыя парку, абмежаваная з паўночнага боку вуліцай Фрунзэ, была сфарміравана адразу пасля Вялікай Айчыннай вайны. Яе кампазіцыйным цэнтрам стаў адзін з жылых дамоў, прыстасаваны пад службовы будынак. Парк атрымаў выхад у горад у выглядзе кароткіх алей, пракладзеных па восі трох гарадскіх завулкаў — Бранявога, Вайсковага і Омскага. Сектары паміж алеямі прадстаўлены разрэджаным дрэвастоем з ліпы з дамешкамі клёна, бярозы, таполі пахучай пірамідальнай і інш. Яны служаць зонай актыўнага адпачынку, тут размешчаны шматлікімі атракцыёны, гульнявыя пляцоўкі і спартыўныя павільёны. Уздоўж гэтай дарогі, з паўднёвага яе боку, ідзе двухрадная лінейная пасадка піхты аднаколернай ва ўзросце прыкладна 55 гадоў. Хоць яна не ўвязана з агульнай паркавай кампазіцыяй, піхты з блакітнаватай ігліцай і ажурнай кронай надаюць гэтай часткі парку асаблівую прыгажосць[4].

Мінскі планетарый

Побач, на самым высокім месцы рэльефу, у 1965 годзе па тыпавым праекце пабудаваны вучэбны планетарый і абсерваторыя, перад будынкам планетарыя ўстаноўлены помнік К. Э. Цыялкоўскаму[2] (скульптары А. Заспіцкі, Л. Гумілеўскі)[4]. Ад планетарыя адна з пешаходных дарожак праходзіць па перакідным мосце, які адначасова служыць краявіднай пляцоўкай[4].

Акцэнтам паўднёвай перспектывы з’яўляецца арыгінальнае збудаванне эстрады, размешчанае сярод дрэў на казачнай паляне з багатай драўлянай скульптурай (працы майстра Н. Ерафеева). У паўднёвым кірунку ад моста дарога вядзе да месца пахавання члена рэўваенсавета 16-й арміі, героя Грамадзянскай вайны А. Э. Даўмана і начальніка палітаддзела 8-й дывізіі І. М. Флакса, якія загінулі ў барацьбе за Савецкую ўладу на Беларусі. Тут жа знаходзіцца магіла воіна Чырвонай Арміі Г. А. Іванкова, які загінуў у 1944 годзе[2][4].

Асноўным кампазіцыйным элементам усходняй часткі парку з’яўляецца драўняны масіў хвоі звычайнай на ўзгорку, падкрэслены ў заснавання нешырокай кляновай алеяй. Старыя, ва ўзросце каля 150 гадоў, хвоі з прытупленымі вяршынямі добра захаваліся, але пад уплывам урбанізаванага асяроддзя застылі ў росце. Разрэджаны хвойнік разнастайваюць адзінкавыя маладыя дрэвы чаромхі пенсільванскай і клёна серабрыстага. Гэта частка парку найбольш зменена. Са збудаванняў тут дамінуе будынак крытага катка, пабудаванае ў 1976 г. (архітэктары В. Бабашкін, Ю. Грыгор’еў). З двух бакоў да яго прылягаюць стадыён і гульнявыя пляцоўкі.

Помнікі прыроды[правіць | правіць зыходнік]

12 кастрычніка 2017 года Мінгарвыканкам абвясціў 200-гадовую ліпу Губернатарскага саду і 120-гадовую таполю-велікан, найстарэйшых прадстаўнікоў дадзеных відаў на тэрыторыі сталіцы, батанічнымі помнікамі прыроды мясцовага значэння. Ліпа Губернатарскага саду, або губернатарская ліпа захавалася ад першаснай пасадкі ў 1805 годзе, калі парк быў заснаваны першым губернатарам Мінска З. А. Карнеевым[5].

Атракцыёны[правіць | правіць зыходнік]

Кола агляду
Цягнік

У парку дзейнічаюць атракцыёны: «Кола агляду», аўтадром, «Сюрпрыз», шарыкавы басейн, «Званок», «Сонейка», дзіцячыя арэлі, «Лодачкі», ланцужковая карусель і іншыя. Гонар парку — агляднае «Кола агляду», вышынёй 54 метра, з якога мінчукі і госці сталіцы могуць з вышыні агледзець цэнтральную частку горада.

Самыя маленькія могуць пакатацца на дзіцячых электрамабілях і матацыклах. Дзеці старэйшага ўзросту і дарослы — на Паратруперы, Сатурне, Ракавінках (Вальс), Спруце, Арбіце, Рамонку і іншыя. Можна пакатацца на прагулачным цягніку, пракаціцца на катары па Свіслачы.

Апроч новага Кола агляду, увесну 2003 г. усталявана яшчэ чатыры новых атракцыёны. Усталяваны скачкі на батуце, з’явіўся «Пакой страху», а таксама і «Пакой смеху».

Зноскі

  1. а б в г д е ё ж з і к Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь: [Даведнік] / склад. В. Я. Абламскі, І. М. Чарняўскі, Ю. А. Барысюк. — Мн.: БЕЛТА, 2009. — 684 с. — 1 000 экз. — ISBN 978-985-6828-35-8.
  2. а б в г д е ё ж з і к л м н о п 195.  // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі / АН БССР. Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1988. — Мінск. — 333 с.: іл. — ISBN 5-85700-006-8.
  3. а б У Мінску ёсць дуб, якому больш за 400 гадоў Архівавана 12 кастрычніка 2014.
  4. а б в г д е ё ж з і к л м н о п р Федорук А. Т. Центральный детский парк им. М. Горького // Садово-парковое искусство Белоруссии. — Минск: Ураджай, 1989. — 247 с. — 10 300 экз. — ISBN 5-7860-0086-9.
  5. а б Их года — наше богатство. Кто и почему спасает от вырубки вековые деревья в Минске Архівавана 7 кастрычніка 2020.
  6. Шыбека, З. В. Минскъ сто гадоў таму… С. 188.
  7. Архитекторы Советской Белоруссии: Биогр. справочник / Союз архитекторов БССР; Сост. В. И. Аникин и др. — Мн.: Беларусь, 1991. — 262 с. — ISBN 5-338-00611-1. (руск.)
  8. В парке Горького срубили красивейшую иву у центрального входа

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]