Цэнтральны дзіцячы парк імя Максіма Горкага (Мінск)

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search

Цэнтральны дзіцячы парк імя Максіма Горкага
Галоўны ўваход у парк з альтанкамі
Галоўны ўваход у парк з альтанкамі
53°54′11″ пн. ш. 27°34′24″ у. д.HGЯO
КраінаFlag of Belarus.svg Беларусь
МесцазнаходжаннеМінск, Беларусь
ТыпПарк культуры і адпачынку
Цэнтральны дзіцячы парк імя Максіма Горкага (Мінск) (Беларусь)
Цэнтральны дзіцячы парк імя Максіма Горкага
Цэнтральны дзіцячы парк імя Максіма Горкага
Commons-logo.svg Цэнтральны дзіцячы парк імя Максіма Горкага на Вікісховішчы

Цэнтральны дзіцячы парк імя Максіма Горкага — парк культуры і адпачынку ў цэнтры Мінска недалёка ад Плошчы Перамогі. Размешчаны паміж вуліцамі Янкі Купалы, Фрунзэ, Першамайскай і праспектам Незалежнасці і на сённяшні дзень займае плошчу ў 28 гектараў. Парк з’яўляецца важным звяном у сістэме зялёных масіваў уздоўж р. Свіслач, мае вялікае горадабудаўнічае значэнне.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Заснаванне парку. Да рэвалюцыі.[правіць | правіць зыходнік]

Алея кахання ў Губернатарскім садзе
Велатрэк у 1912 годзе
Помнік Карнееву З. Я. у парку

Створаны на мяжы 1819 стагоддзяў (плошча 15 га) першым мінскім губернатарам Карнеевым З. А., адкрыты ў 1805 годзе і першапачаткова зваўся Губернатарскім садам[1][2], у гонар заснавальніка парку. Парк з’яўляўся першым грамадскім месцам адпачынку ў Беларусі. Гэта быў вялікі парк з кветнікамі, алеямі і штучнымі каналамі. Яго плошча складала каля 18 га. Уздоўж яго маляўнічых алей стаялі лаўкі, на якіх можна было спакойна прысесці адпачыць у цені дрэў. А на адным з паркавых слупоў было высечана на латыні: «Post laborem requies» (пасля працы — адпачынак).

У канцы XIX стагоддзя ў парку з’явіўся першы стадыён з велатрэкам, пляцоўкі для лаўн-тэніса, кракета, кегельбана. Можна было ўзяць напракат ровар, а для дзяцей ладзіліся гімнастычныя заняткі і дзіцячыя святы. Напоі ў парку прадаваліся выключна безалкагольныя: мінеральная вада, малако, кефір, чай, кава.

Пасля рэвалюцыі[правіць | правіць зыходнік]

Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 года і стварэння БССР у духу таго часу  перайменаваны ў сад «Прафінтэрн». З 1936 г. за паркам замацоўваецца назва — «парк імя Максіма Горкага», як даніна новай традыцыі зваць паркі культуры і адпачынку ў найбуйнейшых гарадах СССР імем гэтага вялікага пралетарскага пісьменніка.

Паваенны час[правіць | правіць зыходнік]

У Вялікую Айчынную вайну частка парку і прылеглыя да яго гарадскія кварталы былі разбураны. Сярод зніклых кварталаў знаходзіўся і дом, дзе ў 19271941 гадах жыў народны пісьменнік Якуб Колас. Цяпер на гэтым месцы аднапавярховы цагляны домік — будынак адміністрацыі парку, з мемарыяльнай таблічкай, што на гэтым месцы стаяў дом гэтага паэта і пісьменніка.

Пасля вайны парк рэканструяваны і пашыраны да 28 га[1] па праекце архітэктара І. Рудэнка. Ён жа праектаваў і суседні парк імя Янкі Купалы. У парку з’явіліся разнастайныя зоны адпачынку для дзяцей і дарослых, новыя атракцыёны, шэраг павільёнаў. Нават быў пабудаваны летні кінатэатр, які так і зваўся — «Летні», ён стаяў недалёка ад галоўнага ўваходу. Прыведзены ў парадак стадыён, адзіны ацалелы ў Мінску (сёння выкарыстоўваецца галоўным чынам для гульні і правядзенні чэмпіянатаў па хакею на траве. З 1945 года на ім праходзяць матчы ўсесаюзнага чэмпіянату па футболе. У мінскіх заўзятараў з’явілася магчымасць убачыць сваю каманду ў гульнях з прафесіяналамі савецкага футбола. Узімку стадыён ператвараўся ў лядовую пляцоўку. Напачатку 70-х на ім праходзілі хакейныя матчы.

Абсерваторыя (на пярэднім плане) і кола

3 1952 г. функцыяніраваў як парк культуры і адпачынку[1].

У 1960 парк цалкам становіцца дзіцячым і за ім замацоўваецца яго сённяшняя назва «Цэнтральны дзіцячы парк імя Максіма Горкага». Распрацаваны новы генеральны план яго рэканструкцыі[1] такімі архітэктарамі, як Л. Усава, У. Вараксін, В. ГерашчанкаМінскпраект»). Свіслач атрымлівае новую набярэжную, праз яе перакінуўся пешаходны масток. Былі рэканструяваны алеі і збудаваны новыя павільёны. Пры стадыёне з’явіўся спартыўны павільён і комплекс пляцовак. Асобна дададзены новыя і разнастайныя атракцыёны для дзяцей. На ўзвышэнні пабудаваны будынак навучальнага планетарыя, абсерваторыі і метэаралагічнай станцыі. Дадаткова высаджаны дрэвы, хмызнякі і кветкі.

Крыты каток

Напачатку 70-х гадоў, у выніку пажару, згарае летні кінатэатр. На месцы былога велатрэка ўзводзіцца крыты каток (сёння гэта лядовы палац, дзе праходзяць матчы чэмпіянату Беларусі па хакеі). Каток быў пабудаваны па праекце архітэктараў Ю. Грыгор’ева і В. Бабашкіна. Адкрыты ў 1976 г. У яго комплекс увайшлі хакейнае поле з трыбунамі для гледачоў на 1300 месцаў, поле для трэніровак юных хакеістаў і фігурыстаў, залы харэаграфіі і цяжкай атлетыкі. Перароблена па больш сучасным эстрада, з’явіліся горкі для аматараў ролікавых канькоў, цір, рэканструявана асвятленне алей. Завяршаецца рэканструкцыя ўваходных арачных варот парку з боку Плошчы Перамогі, якія служаць і сёння візітнай карткай парку. У парку праводзяцца дзіцячыя святы, выстаўкі, канцэрты, працуюць гурткі, школа фігурнага катання, у ціры — секцыя стральбы з малакалібернай зброі, шахматны клуб «Сланяня».

У 1955 г., недалёка ад цэнтральнага ўваходу, быў усталяваны помнік Максіму Горкаму ў выглядзе манумента, на якім стаяў пісьменнік. У 1981 г. быў адкрыты новы помнік Горкаму дзе ён сядзіць на імправізаванай лаўцы.

Сучаснасць[правіць | правіць зыходнік]

Парк у святочны дзень

З кастрычніка 2003 г. Цэнтральны дзіцячы парк імя Горкага абвешчаны зонай, свабоднай ад тытунекурэння.

Сажалка з качкамі

Дарожкі парку выбрукаваны тратуарнай пліткай, усталяваны новыя, стылізаваныя пад даўніну ліхтары, лаўкі, і урны для смецця.

У парку можна пакарміць качак, якіх шмат і ў Свіслачы, і ў рачулках парку, і ў сажалцы каля стадыёна. Нярэдка ў парку можна ўбачыць і вавёрак.

Архітэктура[правіць | правіць зыходнік]

Парк з’яўляецца важным звяном у сістэме зялёных масіваў уздоўж р. Свіслач, мае вялікае горадабудаўнічае значэнне. Разам з паркам імя Я. Купалы, што размешчаны на другім баку праспекта Незалежнасці, ён стварае перад плошчай Перамогі зялёны курданёр[1].

Плошча пры галоўным уваходзе

Парадны ўваход у парк вырашаны ў выглядзе масіўнага шасцікалоннага праезду, які фланкіраваны альтанкамі-ратондамі (архіт. Г. Заборскі). Пры галоўным уваходзе была створана плошча, выкладзеная бетоннымі плітамі розных колераў з украпаваннямі газонаў. Плапіровачная кампазіцыя старога саду, якая гістарычна склалася, захавана пераважна і пры рэканструкцыі. Парк пейзажнага тыпу з элементамі рэгулярнага. Аснову планіроўкі складаюць 3 прамыя алеі, перасечаныя ў розных кірунках дарожкамі і сцежкамі[1].

Плаціна
Пешаходны мост цераз Свіслач
Мосцік

Ландшафтную кампазіцыю парку ўзбагачае рэчышча Свіслачы, на якой пабудавана плаціна, што стварае эфектны вадаспад, зроблены вадаёмы і адводны канал з пешаходнымі мосцікамі. Берагі ракі добраўпарадкаваны, па набярэжнай праходзіць адзій з асноўных прагулачных маршрутаў. Парк багата пасычаны архітэктурай малых форм: павільёны, альтанкі, мосцікі, грот з басейнам, сучасная асвятляльная арматура і інш[1].

У парку растуць больш за 60 парод дрэў і кустоў, у асноўным мясцовыя: бяроза, ліпа, елка, хвоя, таполя, рабіна, ніцая вярба і інш. Ёсць і рэдкія садова-паркавыя расліны — сасна кедравая, піхта каліфарнійская, лістоўніца еўрапейская, чаромха вяргінская, клёны палявы і серабрысты. Зберагліся дэкаратыўныя групы стогадовых ліп і клёнаў, хвоі веймутавай, унікальныя экземпляры кедраў. У парку створаны глыбінныя пейзажныя курціны. Усё гэта дапаўняецца пасадкамі кустоў і кветнікамі[1].

Функцыянальнае заніраванне тэрыторыі прадугледжана з улікам узросту дзяцей. Ва ўсходняй частцы парку для самых маленькіх была абсталявана спецыяльная зона з басейнам, горкай, іншымі канструкцыямі і атракцыёнамі. Для заняткаў спортам было створана поле масавых гульняў са спартыўным павільёнам, крытым катком, комплексам спартыўных пляцовак, стадыёнам; ёсць велатрэк, цір, гарадок з аўтатрасай для вывучэння правіл вулічнага руху. Для абслугоўвання наведвальнікаў былі збудаваны выставачны павільён, павільён з аўтаматамі-гульнямі, 2 кафэ. У парку нраводзяцца дзіцячыя святы, выстаўкі, канцэрты, працуюць гурткі, школа фігурнага катання, шахматны клуб «Сланяня» (1988)[1].

На самым высокім месцы рэльефу пабудаваны вучэбны планетарый і абсерваторыя, перад будынкам планетарыя ўстаноўлены помнік К. Э. Цыялкоўскаму[1].

Непадалёку ад планетарыя знаходзяцца магілы героя Грамадзянскай вайны А. Э. Даўмана, удзельніка барацьбы за Савецкую ўладу на Беларусі I. М. Флакса, воіна Чырвонай Арміі Г. А. Іванкова, які загінуў у 1944 г., у цэнтральнай частцы парку — помнік М. Горкаму[1].


Атракцыёны[правіць | правіць зыходнік]

Кола агляду
Цягнік

Сёння ў парку дзейнічаюць атракцыёны: Кола агляду, Аўтадром, Сюрпрыз, Шарыкавы басейн, Званок, Сонейка, Дзіцячыя арэлі, Лодачкі, Ланцужковая карусель і іншыя. Гонар парку — агляднае «Кола агляду», вышынёй 54 метра, з якога мінчукі і госці сталіцы могуць агледзець горад з вышыні.

Самыя маленькія могуць пакатацца на дзіцячых электрамабілях і матацыклах. Дзеці старэйшага ўзросту і дарослы — на Паратруперы, Сатурне, Ракавінках (Вальс), Спруце, Арбіце, Рамонку і іншыя. Можна пакатацца на прагулачным цягніку, пракаціцца на катары па Свіслачы.

Апроч новага Кола агляду, увесну 2003 г. усталявана яшчэ чатыры новых атракцыёны. Усталяваны скачкі на батуце, з’явіўся «Пакой страху», а таксама і «Пакой смеху».

Зноскі

  1. 1,00 1,01 1,02 1,03 1,04 1,05 1,06 1,07 1,08 1,09 1,10 Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Мінск / АН БССР. Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэдкал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш.— Мн.: БелСЭ, 1988.— 333 с.: іл. ISBN 5-85700-006-8.
  2. У Мінску ёсць дуб, якому больш за 400 гадоў

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]