Цэнтральны навуковы архіў НАН Беларусі
| Цэнтральны навуковы архіў НАН Беларусі |
|---|
Цэнтральны навуковы архіў НАН Беларусі — архіў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, самастойнае навукова-метадычнае падраздзяленне Інстытута гісторыі НАНБ. Размяшчаецца па адрасе праспект Незалежнасці, 66, кабінет 432, Фонд археалагічнай навуковай дакументацыі (ФАНД) ЦНА — па Акадэмічнай вуліцы, 1, кабінет 225[1].
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Арганізаваны ў пачатку 1930-х гг. На працягу сваёй гісторыі акадэмічны архіў неаднаразова рэарганізоўваўся і змяняў сваю падпарадкаванасць, з’яўляючыся папераменна структурным падраздзяленнем Фундаментальнай бібліятэкі АН БССР і Апарата Прэзідыума АН БССР[1].
З снежня 1987 г. Цэнтральны навуковы архіў — самастойнае навукова-метадычнае падраздзяленне Інстытута гісторыі. Са студзеня 2021 г. уваходзіць у склад цэнтра гісторыі навукі і архіўнай справы Інстытута гісторыі НАН Беларусі[1].
Загадчыкі[1]
[правіць | правіць зыходнік]- 1952—1972 — А. С. Цыганкоў
- 1972—1996 — М. І. Бялоў
- 1996—2007 — М. М. Смалянінаў
- 2007—2008 — А. У. Шынкевіч
- 2008—2020 — М. У. Глеб
- 2021—2022 — Д. А. Крэнт
- 2022—2024 — І. Ф. Фокіна
- з 2024 — Кірыл Ігаравіч Шыкунец
Кірункі дзейнасці
[правіць | правіць зыходнік]Асноўныя кірункі дзейнасці архіва[1]:
- Прыём і пастаноўка на архіўны ўлік матэрыялаў структурных падраздзяленняў і арганізацый НАН Беларусі;
- Метадычная дапамога арганізацыям НАН Беларусі ў арганізацыі справаводчага працэсу;
- Арганізацыя працы па выкарыстанню дакументальных матэрыялаў архіва ў сацыяльна-прававых, культурна-асветніцкіх і навуковых мэтах;
- Стварэнне і ўдасканаленне ўліковай і навукова-даведачнай дакументацыі да архіўных фондаў.
Фонды
[правіць | правіць зыходнік]Па стане на 1 студзеня 2022 г. у архіве налічваецца 103 фонды і 58 948 адзінак захавання. Храналагічныя межы асноўнага дакументальнага масіву — 1922—2018 г., хоць маюцца асобныя дакументы, якія храналагічна адносяцца да XVIII—XIX стст. Большая частка дакументаў прадстаўлена матэрыяламі справаводства інстытутаў, іншых устаноў і падраздзяленняў Апарата Прэзідыума Акадэміі навук[1].
Найбольшую каштоўнасць прадстаўляюць матэрыялы, якія назбіраліся ў міжваенны час. Большая частка падобных матэрыялаў захоўваецца ў фондах № 1 (Прэзідыум), 3 (Інстытут гісторыі), 14 (Інстытут эканомікі), 23 (Інстытут біялогіі), 54 (Інстытут аграглебазнаўства), 62 (Выдавецтва «Навука і тэхніка»), 67 (Інстытут беларускай культуры), 68 (Камісія па вывучэнні Заходняй Беларусі), 72 (Інстытут нацыянальных меншасцей) і інш.[1]
На захаванні ў ЦНА НАН Беларусі маецца шэраг асабістых фондаў беларускіх навукоўцаў, чыя навуковая і службовая дзейнасць была цесна звязана з Акадэміяй навук. Па стане на 1 студзеня 2022 г. апісаны і пастаўлены на архіўны ўлік асабістыя фонды акадэміка У. М. Перцава (Ф. 3а), акадэміка Б. І. Сцяпанава (Ф. 114), кандыдата гістарычных навук М. У. Токарава (Ф. 3д). Не вылучаны ў якасці асобных фондаў, але прадстаўляюць несумнеўны інтарэс матэрыялы асабістага паходжання акадэміка А. В. Лыкава (матэрыялы ўлічаны па фонду № 56 «Інжынерна-фізічны часопіс») і акадэміка М. М. Сіраты (матэрыялы ўлічаны па фонду № 46 «НПЦ па матэрыялазнаўству»). Значным інфармацыйным патэнцыялам валодае калекцыя асабістых спраў (Ф. 2), якая налічвае больш за 20 000 адзінак захавання[1].
З 2014 г. у падпарадкаванне архіва перададзена ўнікальнае сховішча дакументальных матэрыялаў па гісторыі археалагічнага вывучэння Беларусі — Фонд археалагічнай навуковай дакументацыі (былы Архіў археалагічнай навуковай дакументацыі Інстытута гісторыі НАН Беларусі). Па стане на 1 чэрвеня 2021 г. па ФАНДу ўлічана 5448 адзінак захавання за 1924—2017 гг. Матэрыялы фонду прадстаўлены археалагічнымі справаздачамі, палявымі дзённікамі, рукапісамі асобных прац па археалогіі Беларусі і справаводчай дакументацыяй структурных падраздзяленняў археалагічнага профілю Інстытута гісторыі НАН Беларусі. У склад фонду ўваходзіць шэраг асабістых фондаў беларускіх археолагаў, якія, аднак, патрабуюць дадатковай архіўнай апрацоўкі[1].