Цэнтральны раён (Гомель)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Цэнтральны раён
Краіна
Статус Унутрыгарадскі раён
Уваходзіць у
Дата ўтварэння 1940
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы
Раёны Гомеля. Цэнтральны раён выдзелены светла-зялёным колерам
Адміністрацыя Цэнтральнага раёна (да рэвалюцыі — Рускі шынок)

Цэнтральны раён — адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка (гарадскі раён) у складзе горада Гомеля. Размешчаны ў цэнтральнай, усходняй і паўночна-ўсходняй частках Гомеля. Плошча 2110 га, у тым ліку каля 300 га зялёных насаджэнняў. Насельніцтва каля 80 тыс. чалавек (што складае каля 16 % ад агульнай колькасці насельніцтва горада). Утвораны ў 1940 годзе.

Сучаснае аблічча Цэнтральнага раёна пачало фарміравацца ў другой палове XVIII — пачатку XX стагоддзя. Пасля ўваходжання Гомеля ў склад Расійскай імперыі (1772) яго новыя гаспадары Румянцавы сталі забудоўваць цэнтр накшталт Пецярбурга (ад цэнтральнай плошчы імя Леніна (раней Замкавая), размешчанай за цэнтральным паркам) праменепадобна разыходзяцца вуліцы Савецкая (раней Румянцаўская), пр-кт Леніна (раней Замкавая) і вул. Пралетарская (раней Фельдмаршальская). Галоўнымі вуліцамі з’яўляюцца вуліцы Савецкая (цэнтральная гарадская вуліца), пр-кт Леніна, Перамогі (гэтыя тры вуліцы ўтвараюць трохвугольнік з плошчамі Леніна, Прывакзальнай і Паўстання па кутах), Мазурава, Інтэрнацыянальная, Крупскай.

У Цэнтральным раёне дзейнічаюць 24 прамысловых прадпрыемствы, пераважна станкабудавання, прыборабудавання, аўтатранспарту, лёгкай і харчовай прамысловасці. Найбуйнейшымі з іх з’яўляюцца Станкабудаўнічы завод імя С. М. Кірава «СтанкаГомель», кандытарская фабрыка «Спартак», швейныя фабрыкі «8 Сакавіка» і «Камінтэрн», паліграфічнае прадпрыемства «Палесдрук», хлебазавод, абутковая фабрыка «Труд», аўтарамонтны завод, завод вымяральных прыбораў.

У раёне размешчаны 13 агульнаадукацыйных устаноў, 11 ССНУ і ПТВ, 2 ВНУ (Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Ф. Скарыны, Гомельскі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт). Да ўстаноў аховы здароўя ў раёне адносяцца Гомельская гарадская бальніца хуткай медыцынскай дапамогі, абласная дзіцячая клінічная бальніца, гарадская клінічная бальніца № 5, радзільны дом, 9 паліклінік (з іх 3 стаматалагічныя).

Галоўныя спартыўныя аб’екты — футбольны стадыён «Цэнтральны», Лядовы палац, лёгкаатлетычны манеж «Дынама».

У раёне знаходзіцца вялікая частка славутасцей і аб’ектаў культуры горада — Гомельскі палацава-паркавы ансамбль, Паляўнічы домік, драмтэатр, цырк, тэатр лялек, эксперыментальны маладзёжны тэатр-студыя, абласны грамадска-культурны цэнтр, Гомельская абласная філармонія, карцінная галерэя Г. Х. Вашчанкі, гарадскі цэнтр культуры, галерэя мастацтваў Беларускага саюза мастакоў, Гомельскі абласны цэнтр народнай творчасці, кінатэатр імя Калініна, Вечны Агонь, брацкія магілы савецкіх воінаў, Цэнтральная бібліятэка. Шматлікія паркі і скверы: Цэнтральны парк, сквер імя А. Грамыкі, Студэнцкі парк, сквер імя Дзяржынскага і многія іншыя (усяго 30 сквераў і 3 паркі). Устаноўлены помнікі і бюсты Леніну, А. Пушкіну, Н. Румянцаву, А. Грамыка, І. Паскевіч, П. Чайкоўскаму, Кірыле Тураўскаму, П. Сухому і інш.

Кіраўнік адміністрацыі раёна — Іван Апанасавіч Барадзінчык.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]