Перайсці да зместу

Цэнурозы

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Цэнурозы
Выява
Медыцынская спецыяльнасць інфекталогія[d], ветэрынарыя і гельмінтолаг[d]
Сімптомы галаўны боль, ірвота, гіперкінез, ataxia[d], парэз[d], эпілептычны прыпадак[d], meningism signs[d], Bruns' syndrome[d], paralysis[d], exophthalmos[d], слепата і міялгія[d]
Медыцынскі агляд CT, medical ultrasonography[d] і magnetic resonance imaging[d]
Лячэнне surgical operation[d] і anthelmintic[d]
Лекі, якія выкарыстоўваецца для лячэння praziquantel[d], albendazol[d] і niclosamide[d]
Працэс перадачы патагена фекальна-аральны шлях[d]
Анатамічная лакалізацыя галаўны мозг, спінны мозг, вока і мускулы
Носьбіт узбуджальніка інфекцыі сабачыя, Vulpini[d], трусы, зайцы і капытныя[d]

Цэнурозы[1] (лац.: Coenurosis, англ.: Coenuriasis, таксама Вярцячка[1] ў жывёл) — інвазіі, выкліканая прамежкавымі стадыямі стужачных гельмінтаў відаў мазгавік авечы (Taenia multiceps), Taenia serialis, Taenia brauni, Taenia glomerata, якія з’яўляюцца паразітамі сямейства сабачых, у тым ліку сабак (англ.: Bladderworm). Пры гэтым у арганізме чалавека ўтвараюцца цэнуры (буйныя паразітарныя пухіры, якія ўсярэдзіне змяшчаюць адразу некалькі зародкаў з галоўкамі-сколексамі). З-за гэтага ларвальную (лічынкавую) стадыю мазгавіка авечага (Taenia multiceps) называюць часта Coenurus cerebralis. У іншых згаданых гельмінтаў таксама ларвальныя стадыі называюць адпаведна — Coenurus serialis або brauni або glomerata.

Гістарычныя звесткі

[правіць | правіць зыходнік]

Упершыню быў знойдзены ў чалавека ў 1913 годзе ў Парыжы, калі ў час патолагаанатамічнага ўскрыцця слесара, памерлага ад працяглай хваробы, якая працякала з сутаргавымі прыступамі і афазіяй, былі выяўленыя ў галаўным мозгу два вялікіх пухіра, адзін з якіх ужо дэгенераваў, а другі быў жывым і утрымліваў у сабе 75 сколексаў (галовак стужачнага гельмінта)[2].

Першы даказаны выпадак заражэння чалавека Т. serialis знойдзены ў 59-гадовай французскай жанчыны ў 1933 годзе. Цэнуры ад гэтай хворай далі з’есці сабаку, у кішачніку якога пасля гэтага былі знойдзеныя 7 сколексаў[2].

Першы хворы, які меў цэнуроз, выкліканы Т. brauni, знойдзены ў 1956 годзе[2].

Першы хворы на цэнуроз, выкліканы T. glomerata, знойдзены ў Нігерыі ў 1919 годзе. Гэты хворы да таго ж яшчэ і хварэў на праказу[2].

Інвазіі адносяць да біягельмінтозаў.

  • мазгавік авечы (Taenia multiceps) паразітуе ў прамежкавых гаспадароў — буйной і малой рагатай жывёлы, коней і антылоп. Лічынкі (цэнуры) часцей за ўсё лакалізуюцца ў галаўным мозгу.
  • Taenia serialis паразітуе ў прамежкавых гаспадароў — трусоў, зайцоў і грызуноў. Цэнуры ўтвараюцца ў падскурных тканках і нутрацягліцавай злучальнай тканцы.
  • Taenia brauni паразітуе ў прамежкавых гаспадароў — пясчанак у асобных рэгіёнах Афрыкі. Цэнуры ўтвараюцца ў падскурных тканках і некаторых унутраных органах гэтых жывёл.
  • Taenia glomerata таксама паразітуе ў пясчанак. Цэнуры ўтвараюцца ў цягліцах. Канчатковы гаспадар гэтага гельмінта не ўстаноўлены.

Эпідэміялагічныя асаблівасці

[правіць | правіць зыходнік]

Сабакі, лісы з’яўляюцца асноўнымі гаспадарамі і крыніцамі гэтых інвазій. Прамежкавымі гаспадарамі з’яўляюцца капытныя, трусы, зайцы, грызуны. Людзі могуць заразіцца фекальна-аральным шляхам пры выпадковым заглынанні яец з кантамініраванай вадой і прадуктамі, пры кантакце з заражаным сабакам, у якой яйцы ёсць на поўсці і паверхні языка. Заражаныя людзі для іншых людзей не ўяўляюць небяспекі. Хвароба распаўсюджана паўсюль у свеце, але ў людзей сустракаецца рэдка.

Клінічныя праявы

[правіць | правіць зыходнік]

Пры заражэнні чалавека мазгавіком авечым (Taenia multiceps) як правіла ўтвараюцца цэнуры ў галаўным і спінным мозгу, пры інвазіі іншымі цэнурными відамі — цэнуры фармуюцца ў міжцягліцавай злучальнай тканцы, падскурнай абалоніне, брушной або грудной поласці, воку.

  • Цэнуроз галаўнога мозгу выяўляецца галаўным болем, часта прыступабадобным, часам суправаджаецца ванітамі, болем у вобласці шыі, пазваночніка, слабасцю, патлівасцю, апатыяй. Паступова з’яўляюцца гіперкінезы, атаксія, дэзарыентацыя ў часе і прасторы, прыступы страты прытомнасці, парэзы, эпілептыформныя прыпадкі. Аб’ектыўна адзначаюць ачаговую страту адчувальнасці, менінгеальные сімптомы (у прыватнасці станоўчы сімптом Керніга, рыгіднасць патылічных цягліц), застой на вочным дне як прыкмета ацёку — набракання галаўнога мозгу. Пры лакалізацыі цэнур у страўнічках галаўнога мозгу развіваецца сіндром Брунса (прыступы рэзкага галаўнога болю, якія суправаджаюцца галавакружэннем, бледнасцю або пачырваненнем скуры, патлівасцю, парушэннямі дыхання, брадыкардыяй, у цяжкіх выпадках — нярэдка стратай прытомнасці, танічнымі курчамі).
  • Пры размяшчэнні цэнураў у спінным мозгу магчымая спастычная ніжняя параплегія (парэз або паралюш ніжніх канечнасцяў), разлады функцый тазавых органаў і да таго падобнае.
  • Пры цэнурозе вока адзначаюць боль у воку, экзафтальм, зніжэнне або страту зроку, павышэнне ўнутрывочнага ціску.
  • У выпадках размяшчэння цэнура ў падскурнай абалоніне, міжцягліцавай злучальнай тканцы пальпіруюць пухлінападобнае ўтварэнне памерам ад 1 да 8 см, вельмі рэдка такія ўтварэнні могуць лакалізавацца ў брушной або грудной поласці.

Пры пашкоджанні мозгу прагноз неспрыяльны.

У дыягностыцы выкарыстоўваюць УГД, КТ і МРТ, часам марфалагічнае даследаванне аперацыйнага або біяптатнага матэрыял. Сералагічныя даследаванні для гэтай інвазіі не распрацаваны.

Праводзяць празіквантэлам у спалучэнні з хірургічным умяшаннем. Часам з-за размяшчэння цэнураў у некаторых так званых «неаперабельных» участках галаўнога мозгу правядзенне нейрахірургічнай аперацыі немагчыма. Таксама з мэтай гібелі гельмінтаў можна выкарыстоўваць альбендазол і ніклазамід.

Пераважна актуальная ў жывёл. Неабходна пазбягаць заражэння сабак, рагатай жывёлы. Людзям варта пазбягаць ужывання кантамініраванай яйцамі гэтых стужачных гельмінтаў вады і прадуктаў, кантактаў з заражанымі або вандроўнымі сабакамі, у якіх яйцы ёсць на поўсці і паверхні языка.

Паражэнне барановага мозгу відам Coenurus cerebralis (мазгавік авечы (Taenia multiceps)) з утварэннем цэнураў.

Цячэнне інвазій ў жывёл

[правіць | правіць зыходнік]

Верагодна, у некаторых рэгіёнах свету (асабліва ва Уэльсе, паўднёва-заходняй Шатландыі і паўднёва-заходняй Англіі) цэнуроз, які выклікаюць Coenurus cerebralis, з’яўляецца адной з найбольш распаўсюджаных прычын захворвання ЦНС у авечак і бараноў. Рэальную распаўсюджанасць цэнуроза цяжка ацаніць, паколькі фермеры і ветэрынары часта не даюць дыягнаставаць хваробу і адпраўляюць хворую жывёлу на забой без пацверджання або ўнясення ў справаздачу. Большую частку заражаных жывёл паспяваюць прадаць, да таго, як выяўляюцца перш клінічныя прыкметы. Адносна распаўсюджвання іншых цэнурных стужачных гельмінтаў — то яны сустракаюцца на абмежаваных тэрыторыях, а з-за пашкоджання пераважна дзікіх жывёл клінічныя праявы практычна не вывучаныя. У авечак заражэнне адбываецца, калі яны харчуюцца травой, забруджанай анкасферамі або яйцамі мазгавіка авечага (Taenia multiceps). Затым зародкі гельмінта праз кроў мігруюць у ЦНС жывёлы. Цэнуроз можа працякаць у авечак у вострай або хранічнай форме.

Востры цэнуроз у авечак

[правіць | правіць зыходнік]

Захворванне, якое развіваецца падчас міграцыйнай фазы, як правіла, пачынаецца праз 10 дзён пасля праглынання адначасова вялікай колькасці яец. Часцей за ўсё гэта адбываецца ў маладых ягнят ва ўзросце 6-8 тыдняў. З’яўляецца пераменная гіпертэрмія, не вельмі яркія неўралагічныя прыкметы, у прыватнасці млявасць і невялікага ўзроўню калыханні і трасяніна галавой. Часам прыкметы з’яўляюцца больш значнымі, і ў жывёлы можа развіцца энцэфаліт, канвульсіі і смерць на працягу 4 — 5 дзён.

Хранічны цэнуроз

[правіць | правіць зыходнік]

Звычайна развіваецца ў авечак ва ўзросце 16-18 месяцаў. Час, неабходны для лічынак каб міграваць і вырасці ў досыць вялікія цэнуры, каб праявіцца ў выглядзе нервовай дысфункцыі, вар’іруе ад 2 да 6 месяцаў. Самыя раннія прыкметы часта паводніцкія, інфікаваныя жывёлы маюць тэндэнцыю стаяць у баку ад статка і павольна рэагуюць на знешнія раздражняльнікі. Па меры росту цэнура клінічныя прыкметы прагрэсуюць да ўзнікнення дэпрэсіі, аднабаковай слепаты, бессістэмнага кружэння (вярцячка), змененага становішча галавы, парушэння каардынацыі, паралічаў і прыняцця ўстойлівага ляжачага становішча. Калі не лячыць хваробу хірургічным шляхам, то жывёла памрэ пасля прыняцця ляжачага становішча[3].

  1. а б Цэнурозы // Энцыклапедыя прыроды Беларусі. У 5-і т. Т. 5. Стаўраструм — Яшчур / Рэдкал. І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ імя Петруся Броўкі, 1986. — 583 с., іл. — 10 000 экз.. — С. 298
  2. а б в г A History of Human Helminthology. D. I. Grove. 1990. C·A·B International: Wallingford, UK, 1990, 848 pp.
  3. Compendium of Animal Health & Welfare in Organic Farming. Архівавана з першакрыніцы 23 лістапада 2013. Праверана 23 жовтня 2015.
  • Інфекційні хвороби (підручник) (за ред. О. А. Голубовської);— Київ: ВСВ «Медицина» (2 видання, доповнене і перероблене). — 2018. — 688 °C. + 12 с. кольор. вкл. (О. А. Голубовська, М. А. Андрейчин, А. В. Шкурба та ін.) ISBN 978-617-505-675-2
  • Coenurosis [1] Архівавана 26 березня 2015. (англ.)
  • Taenia Infections / Taeniasis, Cysticercosis, Neurocysticercosis, Coenurosis, Neurocoenurosis Last Updated: May 2005 [2] Архівавана 21 грудня 2015. (англ.)
  • Acha PN, Szyfres B (Pan American Health Organization [PAHO]). Zoonoses and communicable diseases common to man and animals. Volume 3. Parasitoses. 3rd ed. Washington DC: PAHO; 2003. Scientific and Technical Publication No. 580. Coenurosis; p. 162-165. (англ.)