Цімур Ісхакавіч Пулатаў
Цімур Ісхакавіч Пулатаў | |
---|---|
Асабістыя звесткі | |
Дата нараджэння | 22 ліпеня 1939 (85 гадоў) ці 1939[1] |
Месца нараджэння | |
Грамадзянства | |
Альма-матар | |
Прафесійная дзейнасць | |
Род дзейнасці | пісьменнік |
Гады творчасці | з 1964 |
Жанр | аповесць[d] |
Мова твораў | руская |
Узнагароды |
Цімур Ісхакавіч Пулатаў (узб.: Тимур Исхак-агъа Пулатов; нар. 22 верасня 1939 года) — узбекскі і расійскі празаік, сцэнарыст. Вядомы сваёй паслядоўнай падтрымкай крымскататарскага народа. Выступіў супраць затрымання і арышту Нарымана Джэлялава[2].
Біяграфія
[правіць | правіць зыходнік]Цімур Пулатаў нарадзіўся ў 1939 годзе ў Бухары (Бухарская вобласць Узбекскай ССР, цяпер Узбекістан). Скончыў педагагічны інстытут у Бухары (1963); вышэйшыя курсы сцэнарыстаў і рэжысёраў у Маскве (1967). Працаваў галоўным рэдактарам кінастудыі «Узбекфільм». Аўтар шэрагу сцэнарыяў мастацкіх фільмаў («Вяртанне камандзіра», па матывах аднайменнай аповесці Ц. Пулатава «Іншыя населеныя пункты», 1968 г., рэжысёр — Д. Салімаў, «Гэты слаўны хлопец», 1972 г., рэжысёр — Э. Хачатураў, «Апошняе падарожжа Каіпа», па матывах аднайменнай аповесці Ц. Пулатава, 1991 г., рэжысёр — Ф. Даўлетшын і інш.)
У 1968 годзе Цімур Пулатаў уступае ў члены Саюза пісьменнікаў СССР. У 1991 годзе быў абраны першым сакратаром праўлення Саюза пісьменнікаў СССР. Пасля рэарганізацыі Саюза пісьменнікаў СССР у Міжнародную супольнасць пісьменніцкіх саюзаў Расіі і краін СНД (МСПС) у 1992 годзе, Цімур Пулатаў узначаліў гэтае найбуйнейшае пісьменніцкае аб’яднанне на тэрыторыі былога СССР у якасці Першага сакратара выканкама, а ў 1994 годзе на чарговым з’ездзе быў абраны старшынёй МСПС.
Цімур Пулатаў узначальваў МСПС на працягу 6 гадоў. За гэты час творчая арганізацыя пісьменнікаў, якая практычна перастала існаваць з распадам СССР, адрадзілася. Былі наладжаны творчыя сувязі паміж Пісьменніцкімі Саюзамі Расіі і СНД. Упершыню за шмат гадоў на рускай мове выйшлі творы нацыянальных пісьменнікаў краін СНД у аб’ёме каля 200 паэтычных, празаічных твораў. Для найбольш вядомых твораў пісьменнікаў Расіі і СНД былі створаны нацыянальныя прэміі Б. Пастарнака, А. Платонава, А. Наваі, А. Хаяма, С. Вургуна і іншых. Была адроджана ганаровая ў часы СССР міжнародная літаратурная прэмія «Лотас» для пісьменнікаў СНД, краін Азіі і Афрыкі. З 1998 года пачала выдавацца газета «Літаратурная Еўразія», якая знаёміла чытачоў на рускай мове з творамі пісьменнікаў краін Садружнасці, спрыяла наладжванню літаратурных сувязяў, знаходзіла і публікавала на сваіх старонках маладых, таленавітых пісьменнікаў. Былі зноўку наладжаныя перапыненыя ў пачатку 90-х гадоў міжнародныя літаратурныя сувязі з мноствам краін, сярод якіх — Германія, Чэхія, Славакія, Балгарыя, Кітай, краіны Блізкага Усходу.
У 2000 годзе Цімур Пулатаў склаў з сябе паўнамоцтвы Старшыні МСПС. З тых часоў пісьменнік вярнуўся да літаратурнай творчасці, пра якую марыў усе тыя гады, што быў кіраўніком творчага саюза. На дадзены момант працуе над вялікім раманам пра сучаснасць.
З 1991 года па цяперашні час Цімур Пулатаў пражывае ў горадзе Масква. Жанаты. Мае дачку, унука і ўнучку.
Творчасць
[правіць | правіць зыходнік]Першая аповесць Цімура Пулатава «Не хадзі па абочыне» была апублікавана ў 1964 годзе. Таксама шырокую вядомасць атрымалі і іншыя творы, у прыватнасці:
- «Іншыя населеныя пункты»
- «Другое падарожжа Каіпа»
- «Заўсёднік»
- «Вартавыя вежы»
- Трылогія «Страсці бухарскага дома»
Найбольшую вядомасць і прызнанне атрымаў раман «Чарапаха Таразі» — пра жыццё і дзіўныя прыгоды сярэднявечнага навукоўца з Бухары, які адважваўся на вялікі эксперымент, у якім праяўляецца высокі парыў чалавечага духу і высакароднасць намераў.
«Плаваючая Еўразія» — мудрагелістае перапляценне фантастыкі і рэальнасці, міфалогіі і сатыры, гісторыі і сучаснасці. Дзеянне рамана разгортваецца ў вялікім сярэднеазіяцкім горадзе ў дні, напоўненыя драматычным чаканнем чарговага землятрусу.
Шэраг твораў Цімура Пулатава не ўбачылі свет на радзіме аўтара, ва Узбекістане, з-за цэнзурных прычын. У Расіі яны былі апублікаваныя, аднак па сканчэнні шматлікіх гадоў пасля напісання.
Раманы, аповесці і апавяданні Цімура Пулатава перакладзены на арабскую, урду, фарсі, хіндзі, англійскую і іншыя мовы. Выдадзены ў Венгрыі, Чэхаславакіі, Балгарыі, Польшчы, Германіі, Швецыі, Фінляндыі і іншых краінах. У ЗША, Італіі, Германіі і шэрагу іншых краін выдадзены манаграфіі і абаронены дысертацыі па творчасці Цімура Пулатава.
У 1996 годзе ў выдавецтве «Сучасны пісьменнік» выйшаў збор выбраных твораў Цімура Пулатава ў трох тамах. У 1999 годзе ў тым жа выдавецтве выйшаў чацвёрты том, у якім сабраны публіцыстычныя артыкулы Цімура Пулатава, шматлікія водгукі пра яго ад пісьменнікаў і літаратуразнаўцаў Расіі, Казахстана, Грузіі, Арменіі, Чачэнскай Рэспублікі, Азербайджана, а таксама водгукі замежнай прэсы, у прыватнасці вялікая манаграфія нямецкай даследчыцы Б. Фукс «Чалавек, грамадства і рэлігія ў творах Ц. Пулатава». З найбольш вядомых прац апошняга часу пра творчасць Цімура Пулатава, у 2005 годзе выйшла манаграфія Э. Ф. Шафранскай «Міфапаэтыка прозы Цімура Пулатава: Нацыянальныя вобразы свету».
Водгукі крытыкаў
[правіць | правіць зыходнік]Вячаслаў Калмыкоў у «Літаратурнай газеце» пісаў: «Сёння пра яго кажуць як пра дыктатара, які на працягу дзесяці гадоў утрымліваў у сваіх руках ледзь не ўсю маёмасць былога Саюза пісьменнікаў СССР. Але чамусьці ўсе забыліся, што гэты дыктатар у свой час напісаў выдатны раман „Плаваючая Еўразія“. Аднак мы прывыклі да крайнасцей: або да нябёсаў усхваляем, або толькі кляймім. А ў літаратуры ўсё нашмат складаней. Людзі з жахлівым характарам часам здольныя на шэдэўры»[3].
Узнагароды і прэміі
[правіць | правіць зыходнік]- Ордэн Дружбы народаў (28 кастрычніка 1994 года) — за заслугі ў развіцці літаратуры і мастацтва, умацаванні міжнацыянальных культурных сувязяў[4].
- Народны пісьменнік Узбекскай ССР (1989)
- Народны пісьменнік Таджыкістана
- Дзяржаўная прэмія Узбекістана
- Літаратурная прэмія Важы Пшавелы (Грузія)
- Літаратурная прэмія Саят-Новы (Арменія)
- Міжнародная прэмія імя М. А. Шолахава
Зноскі
- ↑ Czech National Authority Database Праверана 8 чэрвеня 2022.
- ↑ Гульнара Бекирова. «И успокоится народ под сенью родины». К 80-летию писателя Тимура Пулатова (руск.). Крым. Реалии (22 ліпеня 2019).
- ↑ «День рождения только раз в году», «Литературная Россия», № 28. 15.07.2005 (руск.)(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 20 студзеня 2012. Праверана 16 жніўня 2010.
- ↑ Указ Президента Российской Федерации от 28 октября 1994 года № 2037 «О награждении государственными наградами Российской Федерации» (руск.)
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- Тимур Пулатов: Ислам наполнил мою душу на всю жизнь! (руск.)
- «Пулатов освобождён. Кто на очереди?» — «Литературная Россия» № 49 от 08.12.2000 (руск.)
- Тимур Пулатов (руск.)
- «Писатели тоже плачут» — Газета «Коммерсантъ» № 4 (157) от 09.10.1992 (руск.)
- «Первая десятка „Русского переплёта“» от 23.02.2009 (руск.)
- «Прозаик Тимур Пулатов встретился с крымскотатарской интеллигенцией» от 19.10.2010(недаступная спасылка) (руск.)(недаступная спасылка)
- «Крым посетил друг крымскотатарского народа Тимур Пулатов» от 20.10.2010 Архівавана 15 снежня 2021. (руск.)
- Нарадзіліся 22 ліпеня
- Нарадзіліся ў 1939 годзе
- Нарадзіліся ў Бухары
- Кавалеры ордэна Дружбы народаў
- Асобы
- Пісьменнікі паводле алфавіта
- Вікіпедыя:Артыкулы пра асоб, якія не маюць старонак цёзак па прозвішчы
- Нарадзіліся 22 верасня
- Выпускнікі Бухарскага дзяржаўнага ўніверсітэта
- Народныя пісьменнікі Таджыкскай ССР
- Пісьменнікі Расіі паводле алфавіта
- Народныя пісьменнікі Узбекскай ССР
- Члены міжнароднай супольнасці пісьменніцкіх саюзаў
- Члены Саюза пісьменнікаў СССР
- Лаўрэаты Дзяржаўнай прэміі Узбекскай ССР
- Пісьменнікі СССР
- Пісьменнікі Расіі
- Пісьменнікі Узбекістана