Ціроль, гістарычная вобласць

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці
Eurorregión Tirol-Tirol del Sur-Trentino.png
Часткі гістарычнага Ціроля

Ціроль[1] (ням.: Tirol; італ.: Tirolo; лац.: Tirolis) — гістарычная вобласць у Цэнтральнай Еўропе ва ўсходняй частцы Альпійскіх гор, якая ўключае федэральную зямлю Ціроль у складзе Аўстрыі і аўтаномныя правінцыі Паўднёвы Ціроль і Трэнціна ў Італіі.

З межамі гістарычнага Ціроля практычна цалкам супадаюць межы еўрарэгіёна Ціроль-Паўднёвы Ціроль-Трэнціна.

Дагістарычны перыяд[правіць | правіць зыходнік]

Ціроль населены з часоў мезаліту, аднак асабліва масавы прыток насельніцтва пачаўся ў эпоху неаліту. Да часоў неаліту адносяцца рэшткі Эцы — «ледзянога чалавека», змёрзлага ў Альпах.

У эпоху бронзавага веку ў Ціролі дамінавала культура Лаўген-Мелаўн, якая зведала ўплыў культуры палёў пахавальных урнаў[2]. У рымскі перыяд гэта культура пераможана рэтамі, якія дамінавалі ў Ціролі да заваявання іх рымлянамі.

Антычнасць[правіць | правіць зыходнік]

Цірольскія землі ўвайшлі ў склад Рымскай імперыі ў 15 годзе да н.э. у выніку паходаў Друза і Тыберыя. Яны былі ўключаны ў склад правінцыі Рэцыя (часткова ў правінцыю Норык).[3] У перыяд рымскага панавання Ціроль заставаўся даволі слаба закрануты цывілізацыяй з-за горнага характару рэгіёна. Аднак і тут былі заснаваны рымскія паселішчы: Трыдэнтум (Трэнта), Эніпанс (Інсбрук). Вялікае значэнне мела дарога праз Брэнерскі перавал з Італіі ў даліну Дуная і Аўгусту Віндэлікорум (Аўгсбург). У гэты перыяд у Ціролі пачалася распрацоўка радовішчаў металаў у Альпах.

У 233 годзе ў Рэцыю ўварваліся алеманы[4], якія рассяліліся на правах федэратаў у паўночнай частцы Ціроля. Пры Дыяклетыяне Рэцыя была падзелена на дзве правінцыі, прычым большая частка цірольскіх зямель адышла да правінцыі Рэцыя II з цэнтрам у Аўгусце Віндэлікоруме.

У IV стагоддзі на тэрыторыі Ціроля пачало распаўсюджвацца хрысціянства; тады ж былі заснаваны біскупствы.[4] У IV стагоддзі войны рымлян з германцамі аднавіліся. Алеманы разрабавалі Рэцыю, а пасля падзення ў 476 годзе Рымскай імперыі Ціроль быў уключаны спачатку ў дзяржаву Адаакра, а з 493 года — Остгоцкага каралеўства Тэадорыха Вялікага.

З сярэдзіны VI стагоддзя Ціроль перайшоў пад уладу лангабардаў. Аднак улада гэтых дзяржаў у рэгіёне была вельмі слабая. Гэтым скарысталіся бавары і часткова славяне (славенцы), якія засялілі поўнач і поўнач-усход Ціроля, аднак яго паўднёвая частка заставалася пад уладай лангабардаў.[3]

Сярэднявечча[правіць | правіць зыходнік]

Ціроль пад уладай біскупаў[правіць | правіць зыходнік]

З уключэннем Ціроля ў склад Баварскага герцагства рэгіён падвергся актыўнай германізацыі і хрысціянізацыі. Раманізаванае насельніцтва было выцеснена ў горы і захавалася дагэтуль як носьбіты рэтараманскай і ладзінскай моў. Місіянеры, Калумбан і ірландскія манахі VIII стагоддзя, забяспечылі прыняцце мясцовым насельніцтвам хрысціянства. Былі заснаваны некалькі манастыроў і біскупстваў (Брыксен (901 год); Трыдэнт (1027 год)). З канца VIII стагоддзя Баварыя ўвайшла ў склад франкскай імперыі Карла Вялікага.

У перыяд франкскага панавання ў Ціролі хутка ўзмацніліся царкоўныя феадалы, у выніку чаго да сярэдзіны XI стагоддзя практычна ўся тэрыторыя вобласці апынулася пад уладай двух біскупстваў: Брыксена (паўночны Ціроль) і Трыдэнта (паўднёвы Ціроль). Біскупы валодалі поўным імунітэтам на тэрыторыі сваіх уладанняў і не падпарадкоўваліся свецкім уладам. Дзякуючы кантролю над Брэнерскім перавалам Брыксен і Трыдэнт сталі важнымі саюзнікамі германскіх каралёў у іх барацьбе за падпарадкаванне Італіі. У адказ каралі актыўна падтрымлівалі ўладу біскупаў і часта даравалі ім землі і розныя прывілеі.[5][6]

Герцагі Меранскія і ўтварэнне Цірольскага графства[правіць | правіць зыходнік]

Цірольскае княжацкае графства
Gefürstete Grafschaft Tirol
Contea principesca del Tirolo

імперскае саслоўе (да 1806)
каронная зямля (1804-1919)
Banner of Bavaria-München.svg
1140 — 1919


Flag of Tirol.svg
 
Flag of South Tyrol.svg
 
Flag of Trento Province.svg
Flag of Tirol.svg Wappen Gefürstete Grafschaft Tirol.png


Сцяг Герб
1799 Cary Map of Tyrol - Geographicus - Venice-cary-1799.jpg
У складзе Сцяг Свяшчэннай Рымскай Імперыі Свяшчэннай Рымскай імперыі
Сцяг Аўстрыйскай імперыі Габсбургскай манархіі, Аўстрыйскай імперыі, Цыслейтаніі
Сталіца Меран (афіцыйная), Інсбрук (фактычная з 1420)
Мова(ы) Паўднёвабаварская, венецкая
Грашовая адзінка Цірольскі талер
Сёння Сцяг Аўстрыі Аўстрыя
Сцяг Італіі Італія

Свецкія феадалы Ціроля першапачаткова былі вельмі слабымі і знаходзіліся ў поўнай залежнасці ад біскупаў. Завяршэнне барацьбы за інвестытуру ў пачатку XII стагоддзя і звязанае з ім узмацненне ўплыву Папы Рымскага вымусілі імператараў пачаць шукаць апору сярод свецкіх феадалаў. Гэта спрыяла стварэнню першых досыць трывалых графстваў на тэрыторыі Ціроля. Першымі былі графы Андэкскія, чые ўладанні знаходзіліся ў заходняй Баварыі, Франконіі і ў даліне Іна. Ім удалося атрымаць у лен ад біскупаў і імператара значныя зямельныя ўладанні ў паўночным і паўднёвым Ціролі, што дазволіла Андэксам усталяваць свой кантроль над рэгіёнам. У 1182 годзе Бертольд IV атрымаў тытул герцага Меранскага і ўладу над прыморскімі рэгіёнамі Істрыі і Далмацыі. Ён і яго пераемнікі далучылі да сваіх уладанняў Істрыю, Франш-Кантэ і Фрыўлі.

Менавіта Андэксы заснавалі Інсбрук і даравалі яму гарадскія правы (1237), што дазволіла гораду хутка стаць сталіцай усяго Ціроля. Усеўладдзе біскупаў у рэгіёне было ліквідавана. Аднак у 1248 годзе са смерцю Атона II мужчынская лінія Андэкскай дынастыі згасла. Паводле пагаднення 1241 года яго ўладанні ў рэгіёне перайшлі да Альбрэхта III, кіраўніка невялікага графства, названага па імі замка Ціроль недалёка ад Мерана.

Цірольскае графства ўзнікла ў сярэдзіне XI стагоддзя і першапачаткова было цалкам падпарадкавана біскупам Брыксена. Паступова, аднак, графы Ціроля падпарадкавалі сабе значныя землі, галоўным чынам, у паўночнай частцы вобласці. Дзякуючы саюзу з герцагамі Меранскімі ім удалося істотна ўмацаваць сваё становішча і да сярэдзіны XIII стагоддзя ўсталяваць свой кантроль над Брыксенскім біскупствам[5]. Графы Ціроля, такім чынам, валодалі правамі фогтаў (асоб, якія валодалі правамі апякунства ў свецкіх і судовых справах мясцовага духавенства) у дачыненні да біскупаў Брыксена і Трыента (Трэнта)[7]. Далучэнне ўладанняў Андэксаў у 1248 годзе прывяло да таго, што большая частка Ціроля была аб’яднана пад уладай графаў Цірольскіх. Гэта дало штуршок да паскарэння эканамічнага і сацыяльнага развіцця краіны. Інсбрук стаў буйным горадам, найважнейшым гандлёвым цэнтрам на шляху з Італіі ў Баварыю. З 1253 года ў Цірольскім графстве ўсталявалася Гарыцкая дынастыя, прадстаўнікі якой з’яўляліся вернымі саюзнікамі Габсбургаў. У 1286 годзе Мейнхард II атрымаў ад імператара Рудольфа I Габсбурга Карынтыю і Крайну і атрымаў тытул герцага Карынтыйскага[3].

Усталяванне дынастыі Габсбургаў[правіць | правіць зыходнік]

Карыкатурны партрэт Маргарыты, графіні Ціроля, пэндзля Квенціна Масейса, 1525—1530

Пасля смерці ў 1335 годзе графа Генрыха II яго ўладанні былі падзелены паміж Габсбургамі, якія атрымалі Карынтыю і Паўднёвы Ціроль, і Вітэльсбахамі, якія атрымалі Паўночны Ціроль. Аднак мясцовае насельніцтва выступіла супраць падзелу і Габсбургі былі вымушаны вярнуць Ціроль дачцы Генрыха II Маргарыце, якая была ў шлюбе з герцагам Баварыі. У 1361 годзе сканаў муж Маргарыты, герцаг Баварыі Людвіг V. Суправіцелем Маргарыты ў Ціролі стаў іх сын Мейнхард III. У 1363 годзе ён нечакана сканаў і Маргарыта была вымушана саступіць свае ўладанні Рудольфу IV Аўстрыйскаму[8]. Так у Ціролі ўсталявалася дынастыя Габсбургаў і графства было ўключана ў склад аўстрыйскіх уладанняў.

У другой палове XIV стагоддзя ўладанні Габсбургаў неаднаразова былі падзелены паміж рознымі галінамі дынастыі. Ціроль і Пярэдняя Аўстрыя з 1396 года ўтварылі асобнае княства пад уладай малодшай лініі Габсбургскага дому. У гэты перыяд рэзка ўзмацнілася роля ландтагаў. У Ціролі скліканне першага Ландтага адбылося яшчэ ў 1362 годзе, яго вынікам стала запрашэнне ў якасці суправіцеля Маргарыты яе сына Мейнхарда III. Асаблівасцю Ціроля быў удзел у ландагах прадстаўнікоў вольнага сялянства. Яны ўваходзілі ў адну курыю з гараджанамі (апроч прадстаўнікоў гарадоў у склад цірольскага, як і іншых аўстрыйскіх ландтагаў, уваходзілі прадстаўнікі яшчэ трох курый: духавенства, буйныя тытулаваныя землеўладальнікі і рыцары)[9]. Цірольскі Ландтаг неаднаразова выступаў супраць палітыкі графаў, а ў 1487 годзе прымусіў графа Жыгімонта перадаць фактычную ўладу ў рукі камітэта саслоўяў, які дэнансаваў пагадненні Жыгімонта з Баварыяй аб тэрытарыяльных саступках і вымусіў графа ў 1490 годзе адмовіцца ад Ціроля на карысць Максіміліяна I, эрцгерцага Аўстрыі, які вельмі ўпадабаў яго[10]. Тут жа, у Інсбруку, ён быў і пахаваны[11]. Такім чынам Ціроль ізноў увайшоў у склад адзінай аўстрыйскай дзяржавы.

Роля Ціроля ў гэты перыяд моцна павялічылася: сярэбраныя і медныя рудні графства сталі фінансавай асновай ваеннай палітыкі Габсбургаў. Цірольскі талер хутка выцесніў з абароту венскі крэйцар. Аднак у пачатку XVI стагоддзя з-за хранічнай нястачы сродкаў на вайну з туркамі імператар Максіміліян I заклаў цірольскія рудні паўднёванямецкаму банкірскаму дому Фугераў. Максіміліян I таксама паспрабаваў упарадкаваць сістэму кіравання аўстрыйскіх уладанняў і ў 1493 годзе стварыў адмысловую адміністрацыю для верхнеаўстрыйскіх зямель (Ціроль, Форарльберг і Пярэдняя Аўстрыя). Аналагічны орган быў створаны для ніжнеаўстрыйскіх герцагстваў. Пачалася цэнтралізацыя дзяржаўных структур. Аднак на аб’яднаным ландтагу ўсіх зямель Габсбургаў у Інсбруку ў 1518 годзе саслоўі выступілі супраць цэнтралізацыі і правалілі рэформы Максіміліяна I.

У Сярэднявеччы сяляне Ціроля карысталіся большай свабодай, чым земляробы іншых тэрыторый імперыі Габсбургаў. Яны амаль не мелі прыгонных павіннасцей, не служылі ў арміі, затое былі прадстаўлены ў мясцовым ландтагу. Са старажытных часоў галоўным заняткам цірольскіх сялян была жывёлагадоўля, але з XV стагоддзя значнае развіццё атрымала горная справа: здабыча золата, срэбра, ртуці і медзі[12]. У 1488 годзе ўладальнікамі цірольскіх шахт сталі Фугеры. Яны пашырылі сферу збыту прадукцыі горнай і металургічнай прамысловасці Ціроля, адпраўлялі яе па акіянскіх шляхах на аддаленыя сусветныя рынкі[13].

Новы час[правіць | правіць зыходнік]

Сялянская вайна і Рэфармацыя[правіць | правіць зыходнік]

У 1525 годзе Ціроль ахапіла агульнанямецкая Сялянская вайна. На чале паўстання ўстаў Міхаэль Гайсмайр. Першапачаткова паўстанне развівалася надзвычай хутка і паспяхова. Прыхільнікі Гайсмайра захапілі Брыксен, разрабавалі манастыры і замкі, з цірольскага ландтага былі выгнаны дваране і прэлаты[14]. Асноўныя мэты паўстанцаў былі сфармуляваны Гайсмайрам у адным з праграмных дакументаў Сялянскай вайны — «Земскае ўпарадкаванне». Паводле яго палажэнняў усіх дваран і царкоўнікаў, што прыгняталі простых людзей, «пярэчылі сапраўднаму слову Божаму і агульнай карысці» варта было вынішчыць. Дзеля поўнай роўнасці павінны былі быць знішчаны не толькі замкі, але і ўсе гарадскія ўмацаванні, уведзена дзяржаўная манаполія на гандаль і рудную справу і да т.п. Ціроль ператвараўся ў закрытую дзяржаву, пабудаваную на прынцыпах амаль поўнай аўтаркіі[14]. Толькі ў 1526 годзе сялянская армія Гайсмайра была разбіта аўстрыйскімі войскамі ў бітве пры Радштаце.

Пачынаючы з сялянскай вайны ў Ціроль пачало пранікаць пратэстанцтва (важную ролю ў гэтым працэсе гулялі анабаптысты)[15]. Аднак Рэфармацыя ў Ціролі была значна слабейшай, чым у астатніх аўстрыйскіх землях, дзе паводле сучасных ацэнаках прыхільнікі новай веры складалі да 70 %[15]. Тут традыцыйна былі моцныя пазіцыі каталіцкай царквы. Да таго ж вучэнне анабаптыстаў, якое атрымала распаўсюджанне ў Ціролі, было аднолькава непрымальна як для каталікоў, так і для лютэран. Пасля прыгнечання сялянскага паўстання сапраўдны тэрор быў разгорнуты супраць анабаптыстаў. У 1528 годзе ў Ціролі пакаралі смерцю 150 анабаптыстаў, а на наступны год колькасць пакараных смерцю дасягнула 700 чалавек[16]. Ужо ў канцы XVI стагоддзя герцаг Фердынанд II, які атрымаў Ціроль у 1564 г. пасля чарговага падзелу габсбургскіх зямель, запрасіў у рэгіён езуітаў, якія хутка выцеснілі нешматлікіх цірольскіх лютэран і кальвіністаў[17].

У 1665 годзе згасла лінія цірольскіх Габсбургаў і краіна перайшла пад уладу венскай лініі гэтага роду. Пры імператары Леапольдзе I у 1669 годзе ў Інсбруку быў заснаваны ўніверсітэт.

Асветны абсалютызм і Напалеонаўскія войны[правіць | правіць зыходнік]

У другой палове XVIII стагоддзя ў Ціролі, як і ў іншых уладаннях Габсбургаў, разгарнуліся рэформы асветнага абсалютызму. Аднак іх уплыў у Ціролі быў абмежаваным. Так, урбарыяльныя патэнты Марыі Тэрэзіі 17711778 гадоў, якія зафіксавалі феадальныя павіннасці сялян, скарацілі паншчыну, і пацвердзілі права свабоды пераходу, не мелі таго ўплыву на цірольскае сялянства, якое пераважна было свабодным, як у астатніх рэгіёнах імперыі. Мытная рэформа 1775 года таксама не закранула Цірольскае графства. Вялікае значэнне мела школьная рэформа 1779 года — развіццё пачатковай адукацыі і пераход пад дзяржаўны кантроль сярэдняй школы пасля забароны Ордэна езуітаў — а таксама патэнт Іосіфа II аб верацярпімасці 1781 года, які ўраўнаваў у правах пратэстанцкіх і праваслаўных падданых Габсбургаў з каталікамі[18]. У 1782 годзе ў рамках палітыкі цэнтралізацыі і абсалютызму Іосіф II ліквідаваў права склікання правінцыйных ландтагаў, аднак пасля яго смерці ў 1790 годзе органы рэгіянальнага самакіравання былі адноўлены[18].

Ціроль пад уладай Баварыі, 1808

У 1797 годзе тэрыторыя Ціроля стала арэнай баявых дзеянняў паміж наступаючай арміяй Напалеона і войскамі Аўстрыйскай імперыі. Ціроль быў акупаваны генералам Жуберам, аднак тут французы сутыкнуліся з моцным супраціўленнем простага народа. Паводле ўмоў мірнага дагавора ў Кампа-Форміа Ціроль быў вернуты Аўстрыі, але ў 1805 годзе зноў заняты французскімі войскамі. Разбітая ў Аўстэрліцкай бітве Аўстрыя паводле Прэсбургскага міру саступіла Ціроль Баварыі — галоўнаму саюзніку Напалеона ў Паўднёвай Германіі. Пераход пад уладу Баварыі рэзка пагоршыў сацыяльна-палітычнае становішча графства. Быў ліквідаваны цірольскі Ландтаг, краіна апынулася падзеленай на тры акругі, цалкам падпарадкаваныя цэнтральнаму ўраду ў Мюнхене, павялічыліся падаткі, баварскія ўлады сталі ўмешвацца ў царкоўныя адносіны, спыніўся транзітны гандаль.[19].

Расстрэл Андрэаса Гофера французамі ў Мантуі, 1810

9 красавіка 1809 года ў Ціролі ўспыхнула паўстанне супраць французскай і баварскай улады. На чале яго стаў Андрэас Гофер[20]. Паўстанцы разбілі франка-баварскія атрады, 12 красавіка занялі Інсбрук, а затым вымусілі баварскую армію да капітуляцыі. У Ціроль увайшлі аўстрыйскія войскі, якія пры падтрымцы насельніцтва аднавілі аўстрыйскую ўладу ў графстве. Нягледзячы на тое, што ўжо ў маі новая французская армія выцесніла аўстрыйцаў, усё насельніцтва вобласці паднялося на барацьбу з Францыяй.[19]. Толькі да 1810 года ўдалося здушыць супраціўленне цірольцаў. Паводле Венскага міру 1809 года Паўночны Ціроль застаўся за Баварыяй, а Паўднёвы быў перададзены Італьянскаму каралеўству. У 1813 годзе Ціроль быў вернуты ў склад Аўстрыйскай імперыі.

У 1867—1918 гадах Ціроль — адна з каронных зямель Аўстра-Венгрыі. У канцы XIX — пачатку XX стагоддзяў у паўднёвай частцы Ціроля, дзе пераважала італьянскае насельніцтва, атрымаў распаўсюджанне ірэдэнтызм[3], што шмат у чым прадвызначыла лёс Паўднёвага Ціроля пасля заканчэння Першай сусветнай вайны.

Найноўшая гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Франц Дэфрэгер «Цірольскія пілігрымы» (каля 1920)

Пасля Першай сусветнай вайны паводле ўмоў Сен-Жэрменскага мірнага дагавора Паўднёвы Ціроль адышоў ад Аўстрыі да Італіі[21]. Пры гэтым аўстрыйская зямля Ціроль апынулася разарванай на дзве несумежныя часткі — Паўночны Ціроль і Усходні Ціроль. У італьянскім Ціролі на той момант 86% мясцовых жыхароў размаўлялі на нямецкай мове. У складзе Італіі нямецкамоўныя цірольцы сталі нацыянальнай меншасцю. Саюз фашысцкай Італіі і нацысцкай Германіі пасля аншлюса Аўстрыі паставіў іх на грань знікнення. Ім прапанавалася або пакінуць радзіму і перасяліцца ў Трэці рэйх, або застацца і падвергнуцца італьянізацыі і асіміляцыі. У выніку пасля 1938 года 78 тысяч жыхароў пакінулі рэгіён[22].

У гады Другой сусветнай вайны многія цірольцы служылі ў частках вермахта — у спецыяльных горных дывізіях альпійскіх стралкоў. Удзельнічалі ў Дацка-Нарвежскай аперацыі, у заваяванні Грэцыі і баях за Крыт. На Усходнім фронце яны ўдзельнічалі ў баях за Каўказ[23]. У прыватнасці, цірольцам быў самы дзейсны снайпер нямецкай арміі ў гады Другой сусветнай вайны Маціяс Хетцэнаўэр, які служыў у 144-м палку горных егераў (ням.: Gebirgsjäger) 3-ай горнастралковай дывізіі.

Пасля заканчэння Другой сусветнай вайны быў створаны добраахвотніцкі параваенны Камітэт вызвалення Паўднёвага Ціроля, адметнай асаблівасцю якога было імкненне пазбегнуць ранення ці гібелі людзей. Па гэтай прычыне ўсе акцыі былі накіраваны супраць будынкаў ці збудаванняў і праводзіліся ўначы. У 1961 годзе Камітэтам быў здзейснены падрыў апор ліній электраперадач, які абясточыў правінцыю і выклікаў спыненне падачы электрычнасці на прамысловую поўнач Італіі. Гэта падзея ўвайшла ў гісторыю пад назвай «Вогненная ноч», і сусветная грамадскасць даведалася пра становішча нямецкамоўнай супольнасці ў Італіі[24]. Сучаснымі палітычнымі прыхільнікамі паўднёвацірольскага сепаратызму і агульнацірольскага ірэдэнтызму з’яўляюцца Паўднёвацірольская народная партыя, якая ўваходзіць у Еўрапейскі свабодны альянс, а таксама Саюз Паўднёвага Ціроля, Свабода Паўднёвага Ціроля і Дэмакратычная партыя Паўднёвага Ціроля.

Мірны дагавор 1947 года пацвердзіў граніцу Італіі з Аўстрыяй станам на 1919 год[25]. Нямецкамоўнай меншасці Паўднёвага Ціроля гарантавалася поўная роўнасць правоў з італамоўным насельніцтвам. Быў створаны аўтаномны рэгіён Трэнціна — Альта-Адыджэ, у якім Паўднёвы Ціроль з’яўляецца паўночнай правінцыяй Бальцана (Боцэн) (другая, пераважна італамоўная, паўднёвая правінцыя — Трэнціна). Аднак Аўстрыя працягвала заяўляць, што нямецкамоўная меншасць падвяргаецца ў Італіі дыскрымінацыі. Італія, у сваю чаргу, вінаваціла Аўстрыю ў падтрымцы пангерманскіх і пранацысцкіх сіл, а таксама ў дапамозе тэрарыстам, якія здзяйснялі свае акцыі ў Паўднёвым Ціролі на працягу 1960-х гадоў. У канцы 1969 года Італія і Аўстрыя дасягнулі пагаднення, паводле якога «рэгіён атрымліваў правы пашыранай аўтаноміі, узрастаў уплыў цірольцаў на нацыянальную палітыку ў правінцыі, нямецкая мова атрымлівала адпаведны статус, прызнавалася нямецкая назва тэрыторыі — Паўднёвы Ціроль»[22]. Аднак Італія не спяшалася ажыццяўляць гэтыя палажэнні. Канчаткова пытанне Паўднёвага Ціроля было ўрэгулявана ў 1992 годзе. Італія надала нямецкамоўным жыхарам рэгіёна Трэнціна — Альта-Адыджэ права атрымліваць адукацыю на нямецкай мове, яны сталі шырэй прадстаўлены ў муніцыпальных органах улады і змаглі непасрэдна звяртацца ў Міжнародны суд ААН у Гаазе за аховай сваіх праў[26]. У 1992 годзе аўстрыйскія ўлады абвясцілі ААН аб спыненні супярэчнасцей з Італіяй датычна Паўднёвага Ціроля. У 2001 годзе ён атрымаў статус асобнай нямецкамоўнай правінцыі, размешчанай на поўначы Італіі[27]. Паводле Статуту рэгіёна Трэнціна — Альта-Адыджэ/Паўднёвы Ціроль урад гарантуе захаванне культурных і моўных адрозненняў асобных этнічных груп. Таксама быў утвораны парламент - Правінцыяльная рада, у якую ўваходзяць 70 выбарных дэпутатаў. Правінцыяльная рада валодае не толькі заканадаўчай уладай на рэгіянальным узроўні, але таксама выбірае прэзідэнта, двух віцэ-прэзідэнтаў і міністраў аўтаноміі, пры гэтым на працягу тэрміна паўнамоцтваў абранага парламента пасаду прэзідэнта рэгіёна папераменна павінны займаць прадстаўнікі нямецкай і італьянскай абшчыны[27].

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]

Заўвагі[правіць | правіць зыходнік]

  1. Ціроль // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 17: Хвінявічы — Шчытні / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 2003. — 512 с.: іл. ISBN 985-11-0279-2 (т. 17), ISBN 985-11-0035-8.
  2. Tyrol — Embassy of Austria — Washington D.C.
  3. 3,0 3,1 3,2 3,3 Советская историческая энциклопедия. Т. 14: ТААНАХ-ФЕЛЕО. — М.: Издательство «Советская энциклопедия», 1973. С. 234.
  4. 4,0 4,1 Тироль // Энциклопедический словарь Брокгауза и Ефрона: В 86 томах (82 т. и 4 доп.) — СПб., 1890—1907.
  5. 5,0 5,1 Catholic Encyclopedia (1913)/Diocese of Brixen.
  6. Catholic Encyclopedia (1913)/Trent
  7. Воцелка, Карл, 2007, с. 50-51
  8. Маркович Е. Примечания // Л. Фейхтвангер. Безобразная герцогиня Маргарита Маульташ. — М.: Профиздат, 1992. С. 216 ISBN 5-255-01049-9
  9. Митрофанов П. П., 2010, с. 44
  10. MAXIMILIAN I — Luminarium Encyclopedia.
  11. Глаголев, А. Г. Записки русскаго путешественника А. Глаголева, с 1823 по 1827 год. — Санкт-Петербург : в тип. Императорской российской акад., 1837. Ч. 2: Тироль. Швейцария. Лион. Гренобль. С. 22.
  12. Грицак, Е. Н., 2007, с. 12-13
  13. Всемирная история: в 10 т. — Т. 4: История мира в XVI—XVII веках. — Библиотека Якова Кротова
  14. 14,0 14,1 История Европы. Т. 3, 1993, с. 359-362
  15. 15,0 15,1 Воцелка, Карл, 2007, с. 134-136
  16. Митрофанов П. П., 2010, с. 55
  17. Митрофанов П. П., 2010, с. 66
  18. 18,0 18,1 История Европы. Т. 4, 1994, с. 359-360
  19. 19,0 19,1 D.W. Hamish Hamish, Andreas Hofer and the insurrection in the Tyrol, 1809. Fondation Napoléon. Архівавана з першакрыніцы 5 жніўня 2012. Праверана 15 ліпеня 2012.
  20. «Andreas Hofer». Catholic Encyclopedia. New York: Robert Appleton Company. 1913.
  21. Сен-Жэрменскі мірны дагавор 1919 — Дыпламатычны слоўнік
  22. 22,0 22,1 Австрия. История — Энциклопедия Кругосвет.
  23. Грицак, Е. Н., 2007, с. 24-25
  24. Антхольц или Антерсельва?
  25. Мірны дагавор з Італіяй, 1947
  26. Eric Solsten, ed. Austria: A Country Study. Washington: GPO for the Library of Congress, 1994.
  27. 27,0 27,1 Special Statute of the Trentino-Alto Adige/Südtirol Region. Official website of the Autonomous Province of Bolzano/Bozen (2009). Архівавана з першакрыніцы 25 студзеня 2012. Праверана 11 красавіка 2011.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Воцелка Карл. История Австрии — М.: Весь мир, 2007. — ISBN 978-5-7777-0333-0.
  • Грицак Е. Н. Тироль и Зальцбург — М.: Вече, 2007. — ISBN 978-5-9533-1859-4.
  • Митрофанов П. П. История Австрии с древнейших времён до 1792 года — М.: URSS, 2010.
  • История Европы: От Средневековья к новому времени — М.: Наука, 1993. — Т. 3.
  • История Европы: Европа нового времени — М.: Наука, 1994. — Т. 4.
  • Львович, Модест. Поездка в Южный Тироль (Арко-Рива-Гриз-Меран) и Горицию / [Соч.] Модеста Львовича. — Одесса: тип. «Одесск. вестника», 1888.
  • Barth-Scalmani, Gunda; Kuprian, Hermann J. W. and Brigitte Mazohl-Wallnig. National Identity or Regional Identity: Austria vs. Tyrol/Salzburg. // A. Pelinka, G. Bischof (eds). Austrian Historical Memory and National Identity. New Brunswick — London: Transaction Publishers, 1997. ISBN 1-56000-902-0
  • Fontana, Josef; Haider, Peter W.; Leitner, Walter; Mühlberger, Georg; Palme, Rudolf; Parteli, Othmar und Josef Riedmann. Geschichte des Landes Tirol. Bozen/Innsbruck/Wien, 1988—1990.
  • Karl Baedeker (Firm). Switzerland and the Adjacent Portions of Italy, Savoy, and Tyrol: Handbook for Travellers. 1913.
  • Norman, Gertrude. A Brief History of Bavaria. München: Heinrich Jaffe, 1906.
  • Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 17: Хвінявічы — Шчытні / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 2003. — 512 с.: іл. ISBN 985-11-0279-2 (т. 17), ISBN 985-11-0035-8.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]