Ціунэ Сугіхара
| Ціунэ Сугіхара | ||||
|---|---|---|---|---|
| 杉原 千畝 | ||||
| | ||||
|
| ||||
|
||||
|
|
||||
| Нараджэнне |
1900[1] |
|||
| Смерць |
31 ліпеня 1986[2][3] |
|||
| Месца пахавання | ||||
| Жонка |
|
|||
| Дзеці | Haruki Sugihara[d] | |||
| Грамадзянства | ||||
| Веравызнанне | сінтаізм | |||
| Адукацыя | ||||
| Дзейнасць | дыпламатыя[4] | |||
| Узнагароды | ||||
Ціу́нэ Сугіха́ра (яп.: 杉原 千畝 Sugihara Chiune, 1 студзеня 1900 — 31 ліпеня 1986) — японскі дыпламат, віцэ-консул Японскай імперыі ў Літве. Падчас Другой сусветнай вайны ён дапамог тысячам яўрэяў пакінуць краіну, выдаўшы ім транзітныя візы, дзякуючы якім яны трапілі ў Японію. Большасць бежанцаў былі яўрэямі з акупаванай немцамі Польшчы, якія пераехалі ў Літву. Сугіхара выдаваў візы, рызыкуючы ўласнай кар’ерай і жыццём сваім і членаў сваёй сям’і. У 1985 годзе Ізраіль назваў яго Праведнікам народаў свету.
Біяграфія
[правіць | правіць зыходнік]Ціунэ Сугіхара нарадзіўся ў сям’і сярэдняга класа, быў другім сынам сярод пяці хлопчыкаў і дзяўчынкі[5]. У 1912 годзе скончыў з адзнакай пачатковую школу і працягнуў навучанне ў аб’яднанай базавай і сярэдняй школе. У 1918 годзе паступіў ва ўніверсітэт Васэда, дзе вывучыў англійскую мову. У гэты ж час ён далучыўся да хрысціянскага братэрства баптысцкага пастара Гары Бакстэра Бенінгофа.
У 1919 годзе, здаўшы экзамен на стыпендыю Міністэрства замежных спраў, быў запрошаны на працу ў Харбін, дзе вывучыў таксама рускую і нямецкую мовы і стаў спецыялістам па дачыненнях з Расіяй. У Харбіне Сугіхара перайшоў у праваслаўе[6] і ажаніўся з Клаўдыяй Сямёнаўнай Апалонавай. Пазней Ціунэ Сугіхара звольніўся з пасады прадстаўніка Японіі ў Маньчжурыі на знак нязгоды са стаўленнем японцаў да кітайскага насельніцтва. Працаваў таксама ў аддзеле інфармацыі Міністэрства замежных спраў, перакладчыкам у японскай дыпмісіі ў Хельсінках[7].
У 1935 годзе Сугіхара і Клаўдыя Сямёнава развяліся; вярнуўшыся ў Японію, Ціунэ ажаніўся другім разам з Юкіка Кікучы (1913—2008), з якой мелі чатырох сыноў[8].
У 1939 годзе Сугіхара быў прызначаны віцэ-консулам Японіі ў Каўнасе (Літва). Сярод яго задачаў былі таксама даклады пра перамяшчэнні савецкіх і нямецкіх войскаў[5]. Пасля далучэння Літвы да Савецкага Саюза ў 1940 годзе шматлікія яўрэйскія бежанцы з Польшчы і літоўскія яўрэі намагаліся атрымаць выязныя візы, без якіх было немагчыма пакінуць краіну і знайсці новую, дзе іх маглі б прыняць. Адным з дыпламатаў, хто займаўся дапамогай яўрэям, быў прадстаўнік нідэрландскага пасольства Ян Звартэндэйк, які дапамагаў ім выехаць праз Кюрасаа, карыбскую калонію Нідэрландаў, якая не патрабавала ўязной візы, а таксама яшчэ праз адну калонію Сурынам. Японскі ж урад на той час патрабаваў ад ахвотных атрымаць уязную візу выканання пэўных іміграцыйных працэдур і наяўнасці пэўнай сумы грошай, чаму значная большасць яўрэяў не адпавядалі. Сугіхара тройчы звязваўся з Міністэрствам замежных спраў па інструкцыі, і тройчы Міністэрства адмаўлялася змякчыць іміграцыйныя патрабаванні[5].
З 18 ліпеня 1940 года Сугіхара, адчуваючы, што заяўнікі апынуцца ў небяспецы, калі застануцца ў СССР, параіўшыся з сям’ёй, вырашыў выдаваць візы на ўласны страх і рызыку. Насуперак інструкцыям ён пачаў выдаваць яўрэям дзесяцідзённыя транзітныя візы праз Японію. Улічваючы ягоную пасаду і бюракратызм МЗС Японіі, гэта быў нечуваны акт непадпарадкавання. Ён таксама дамовіўся пра дазвол на праезд яўрэяў па Транссібірскай магістралі з савецкімі ўладамі, якія бралі за квіток пяцікратны кошт.

Сугіхара працаваў над выдачай віз 18-20 гадзін у дзень да 4 верасня, пакуль консульства не было закрыта. За гэты час ён паспеў выдаць японскія візы тысячам яўрэяў, якія таксама мелі права па іх вывезці ўласныя сем’і. Цэнтр Сімона Візенталя ацэньвае агульную колькасць выратаваных з ягонай дапамогай бежанцаў прыблізна ў 6000, а колькасць іхніх нашчадкаў, што засталіся жывымі дзякуючы ягонай ахвярнасці — у 40 000[5]. Не ўсе з тых, хто атрымаў японскія візы, паспелі з’ехаць з СССР, і пазней былі схоплены нацыстамі і напаткалі той жа лёс, што і іншыя ахвяры Халакоста.
Дыпламатычны архіў Міністэрства замежных спраў апублікаваў два дакументы пра дзейнасць Сугіхары ў Літве. У першай ноце, датаванай 5 лютага 1941 года, Ціунэ Сугіхара паведамляе тагачаснаму міністру замежных спраў Ёсукэ Мацуоку, што 1500 з 2139 транзітных віз ён выдаў яўрэям і палякам. Другі дакумент згадвае пра яшчэ 3448 выдадзеных у Каўнасе віз, што агулам складае 5587. Больш за тое, «некаторыя іезуіты ў Вільнюсе працягнулі выдаваць візы з пячаткай і подпісам Сугіхары, якія ён пакінуў перад ад’ездам», што яшчэ павялічвае колькасць патэнцыйных бежанцаў з Еўропы дзякуючы ягонай дзейнасці[9].
Мноства бежанцаў па выдадзеных візах перасеклі Савецкі Саюз да Уладзівастока, адкуль пераправіліся ў японскі Кобэ, дзе існавала суполка расійскіх яўрэяў. Тут імі апекаваўся польскі пасол у Токіа Тадэуш Ромер. Са жніўня 1940 да лістапада 1941 года ён прадастаўляў візы для палітычнага прытулку ў Канадзе, Аўстраліі, Новай Зеландыі, М’янме, іміграцыйныя сертыфікаты ў Брытанскі мандат у Палесціне, іміграцыйныя візы ў Злучаныя Штаты Амерыкі і некаторыя лацінаамерыканскія для больш як дзвюх тысяч польска-літоўскіх яўрэяў з Кобэ і Шанхайскага гета. Астатнія бежанцы, якія заставалася ў Японіі, пазней былі дэпартаваны ў Шанхай (тады пад уладай Японіі), дзе існавала вялікая яўрэйская суполка. Большасць з 20 000 жыхароў Шанхайскага гета перажылі Другую сусветную вайну.
Пасля Літвы Ціунэ Сугіхара працягнуў дыпламатычную службу ў Празе (Чэхаславакія), Кёнігсбергу (Усходняя Прусія, 1941—1942) і Бухарэсце (Румынія, 1942—1944). Пасля ўваходу ў Румынію савецкіх войскаў дыпламат з сям’ёй быў арыштаваны і правёў 18 месяцаў у лагеры для ваеннапалонных. Яны былі вызвалены ў 1946 годзе і праз Савецкі Саюз выехалі ў Японію. У 1947 годзе Міністэрства замежных спраў паспрасіла яго сысці ў адстаўку па скарачэнні штатаў. На думку некаторых, у тым ліку жонкі Сугіхары Юкіка, ён быў звольнены праз «той інцыдэнт» у Літве[9][10].
У кастрычніку 1991 года міністэрства паведаміла сям’ю Сугіхары, што яго адстаўка была часткай кадравых перастановак, якія адбываліся неўзабаве пасля заканчэння вайны. У дакладной запісцы 24 сакавіка 2006 года Міністэрства замежных спраў Японіі дадало, што слядоў спагнання з Сугіхары дысцыплінарнага пакарання не знойдзена, ён звольніўся дабраахвотна, аднак прычыны гэтага «цяжка высветліць». У сваім мемарандуме міністэрства ўхваліла ўчынак Сугіхары, назваўшы яго «мужным і чалавечным рашэннем»[10].
Сям’я Сугіхараў пасялілася ў Фудзісаве (прэфектура Канагава). Каб пракарміць сям’ю, Ціунэ працаваў на розных некваліфікаваных працах, кшталту продажу лямпачак па хатах. У 1947 годзе адбылася трагедыя: у сямігадовым узросце памёр ягоны наймалодшы сын. Пазней Ціунэ ўладкаваўся генеральным дырэктарам у аддзяленне замежнай кампаніі. Карыстаючыся сваім веданнем рускай мовы, 16 гадоў сціпла жыў і працаваў у СССР, а сям’я заставалася ў Японіі.
Урэшце ў 1968 годзе яго знайшоў Ешуа Нішры, эканамічны аташэ ізраільскага пасольства ў Токіа і адзін з выратаваных Сугіхарам яўрэяў. У 1940-я Нішры быў падлеткам, які пераехаў у Літву з Польшчы. У наступным годзе Сугіхара наведаў Ізраіль, дзе быў сустрэты кіраўніцтвам дзяржавы. Удзячныя яму перасяленцы пачалі дамагацца ягонага ўключэння ў мемарыял Яд ва-Шэм.
У 1985 годзе Ціунэ Сугіхара атрымаў званне «Праведнік народаў свету» ад ізраільскага ўрада. На той час ён ужо быў цяжка хворы і не змог прыехаць на ўшанаванне, таму замест яго ўзнагароду атрымалі жонка і сын. Ціунэ Сугіхару і ягоным нашчадкам было нададзена пажыццёвае грамадзянства Ізраіля.
У гэтым жа годзе, праз 45 гадоў пасля далучэння Літвы да СССР, ён адказаў на пытанне, чаму вырашыў дапамагчы яўрэям:
| Вы хочаце даведацца пра прычыны майго ўчынку, ці не так? Добра. Гэта такі від суперажывання, які б адчуў кожны, хто ўбачыў у твар гэтых бежанцаў, што прасілі са слязьмі на вачах. Каб і не змог дапамагчы, дык суперажываў бы ім. Сярод бежанцаў былі і старыя, і жанчыны. Яны былі ў такой роспачы, што нават кідаліся цалаваць мае туфлі, так, я насамрэч назіраў падобнае на ўласныя вочы. Да таго ж я ў той час адчуваў, што японскі ўрад у Токіа не меў вызначанага меркавання. Некаторыя японскія военачальнікі былі проста наляканыя пад ціскам нацыстаў; а іншыя чыноўнікі былі проста абыякавыя.
Людзі ў Токіа не былі аб’яднаныя. Я разумеў, што дамаўляцца з імі недарэчна. Таму я вырашыў не чакаць на іхні адказ. Я ведаў, што нехта пэўна паскардзіцца на мяне пасля. Але я лічыў, што зраблю годную справу. Няма нічога заганнага ў тым, каб уратаваць мноства чалавечых жыццяў… Дух гуманнасці, філантропіі… добрасуседства… з гэтым духам я рызыкнуў здзейсніць тое, што здзейсніў, апынуўшыся ў надзвычай складанай сітуацыі — і з гэтай прычыны я дзейнічаў з падвоенай адвагай.[9] |
Сугіхара памёр у шпіталі ў Камакуры ў 1986 годзе. Нягледзячы на пашану, аказаную яму ў Ізраілі і іншых краінах, дома ён застаўся амаль невядомым. Толькі калі на ягонае пахаванне прыбыла вялізная дэлегацыя яўрэяў з усяго свету, у тым ліку пасол Ізраіля, ягоныя суседзі даведаліся пра ягоны подзвіг[10].
Ушанаванне памяці
[правіць | правіць зыходнік]
Імем Ціунэ Сугіхары названы вуліцы ў літоўскіх Вільнюсе і Каўнасе, а таксама ў Тэль-Авіве (Ізраіль). Ягонае імя носіць астэроід «25893 Сугіхара».
У родным горадзе Сугіхары — Яацу — пастаўлены помнік, а ў Каўнасе дзейнічае дом-музей[11].
Пасмяротна ўзнагароджаны літоўскім Крыжам уратавання жыцця (1993), Камандорскім крыжам Ордэна Заслуг перад Рэспублікай Польшча (1996)[12] і Камандорскім крыжам з зоркай ордэна адраджэння Польшчы (2007)[13].
У 1997 годзе Крыс Ташыма і Крыс Донах’ю знялі пра Ціунэ Сугіхару фільм «Візы і цнота», які атрымаў Оскар за найлепшы кароткаметражны гульнявы фільм[14].
2 мая 2019 года ў Міры (Гродзенская вобласць) адкрылі мемарыяльную дошку Ціунэ Сугіхара[15].
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ 杉原千畝 // https://mairi.me/-/1054634
- ↑ Chiune Sugihara // TracesOfWar
- ↑ The Righteous Among the Nations Database
- ↑ Národní autority České republiky Праверана 17 кастрычніка 2024.
- ↑ а б в г Tenembaum B. Sempo "Chiune" Sugihara, Japanese Savior (англ.). The International Raoul Wallenberg Foundation. Праверана 3 красавіка 2011.
- ↑ Keeler S. A Hidden Life: A Short Introduction to Chiune Sugihara (англ.). pravmir.com (17 снежня 2008). Праверана 3 красавіка 2011.
- ↑ Yukiko Sugihara. Visas for life (англ.). — Edu-Comm Plus, 1995. — ISBN 0-9649674-0-5.
- ↑ Anne Frank au Pays du Manga — Diaporama : Le Fils du Juste Архівавана 29 чэрвеня 2019. (фр.), Arte, 2012
- ↑ а б в Levine, Hillel. In search of Sugihara: the elusive Japanese diplomat who risked his life to rescue 10,000 Jews from the Holocaust. — New York: Free Press, 1996. — ISBN 0-684-83251-8.
- ↑ а б в Lee, Dom; Mochizuki, Ken. Passage to Freedom: The Sugihara Story (англ.). — New York: Lee & Low Books, 2003. — ISBN 1-58430-157-0.
- ↑ Sugihara House Museum (англ.)(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 5 лютага 2011. Праверана 11 мая 2018.
- ↑ 1996 Order of Merit of the Republic of Poland (англ.) (pdf)(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 4 сакавіка 2016. Праверана 11 мая 2018.
- ↑ 2007 Order of Polonia Restituta (англ.) (pdf)(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 14 сакавіка 2012. Праверана 11 мая 2018.
- ↑ Visas and Virtue (2001) - IMDb (англ.). Праверана 3 красавіка 2011.
- ↑ У Міры адкрылі мэмарыяльную шыльду японцу, які выратаваў некалькі тысяч габрэяў (бел. (тар.)). Радыё Свабода (3 мая 2019).
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]
- Yutaka Taniuchi (2001), The miraculous visas — Chiune Sugihara and the story of the 6000 Jews, New York, Gefen Books. ISBN 978-4-89798-565-7
- Seishiro Sugihara & Norman Hu (2001), Chiune Sugihara and Japan’s Foreign Ministry : Between Incompetence and Culpability, University Press of America. ISBN 978-0-7618-1971-4
- Yukiko Sugihara, Visas for Life, translated by Hiroki Sugihara, San Francisco, Edu-Comm, 1995.
- Yukiko Sugihara, Visas pour 6000 vies, traduit par Karine Chesneau, Ed. Philippe Picquier, 1995.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]
На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Ціунэ Сугіхара- Святкаванне 100-годдзя Ціунэ Сугіхары Архівавана 20 лютага 2012.
- Яўрэйская віртуальная бібліятэка
- Фундацыя «Візы для жыцця» Архівавана 27 верасня 2007.
- Міністэрства замежных спраў Японіі
- Яд Вашэм — Праведнікі народаў свету (англ.)(недаступная спасылка)
- Нарадзіліся ў 1900 годзе
- Нарадзіліся ў прэфектуры Гіфу
- Памерлі 31 ліпеня
- Памерлі ў 1986 годзе
- Памерлі ў прэфектуры Канагава
- Пахаваныя ў Японіі
- Выпускнікі ўніверсітэта Васэда
- Узнагароджаныя Ордэнам Заслуг перад Рэспублікай Польшча
- Камандоры з зоркай ордэна Адраджэння Польшчы
- Камандоры ордэна Заслуг перад Рэспублікай Польшча
- Узнагароджаныя Крыжам за ўратаванне жыцця
- Асобы
- Дыпламаты Японіі
- Халакост у Літве
- Абаронцы яўрэяў падчас Халакоста
- Праведнікі народаў свету
- Прынялі праваслаўе
- Памерлі ад сардэчна-сасудзістых захворванняў