Цішыня

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Манафанічныя дарожкі ў аўдыёрэдактары. Верхняя дарожка - цішыня, ніжняя - ружовы шум.

Цішыня, ціша — поўная ці частковая адсутнасць гукаў, шуму, іншых раздражняльнікаў слыху. Таксама ў пераносным значэнні словам "цішыня" абазначаюць душэўны спакой, адсутнасць варожасці і да т.п.[1] Часам для кантрасту ў алегорыях цішынёй называюць не поўную адсутнасць гуку, а толькі адносную, напр., бязмоўнасць прыроды, што кантрастуе з шумам мегаполіса. Адносная цішыня карысная для здароўя, таму стомленым і хворым людзям раяць пазбягаць гучных шумаў. Але гукі ў дыяпазоне ад 20 да 60 дБ станоўча ўплываюць на чалавека.[2] Лічыцца, што чалавек не можа пачуць абсалютную цішыню, бо ў любым выпадку будзе чуць гук уласнага сэрца.

Аўстралійскі псіхолаг-эвалюцыяніст і музыказнаўца Язэп Жарданія лічыць, што для сацыяльных жывёл (у тым ліку, для чалавека) цішыня можа з’яўляцца прыкметай небяспекі. Шмат якія сацыяльныя жывёлы выкарыстоўваюць, здавалася б, выпадковыя гукі для камунікацыі.[3] Гэта сумесь розных гукаў, якія суправаджаюць штодзённае жыццё жывёл (напр., гукі харчавання), з іх дапамогаю члены групы захоўваюць аўдыёкантакт паміж сабой. Некаторыя сацыяльныя жывёлы ў выпадку небяспекі "цішэюць", сігналізуючы сваім маўчаннем пра сітуацыю. Чарлз Дарвін апісваў такія паводзіны ў групах дзікіх коней, буйной рагатай жывёлы.[4]

Зноскі

  1. ТСБМ-2005, таксама тут(недаступная спасылка).
  2. Что такое тишина? Архівавана 14 мая 2013. (руск.)
  3. Macedonia, J. (1986). Individuality in the contact call of the ring-tailed lemur (Lemur catta). American Journal of Primatology, 11, 163-179 (англ.)
  4. Charles Darwin (2004). The Descent of Men. London: Penguin Books. pg. 123. (англ.)