Чавін (культура)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Чавін
Перыяд фарміравання ў Андах
Выява ягуара
Геаграфічны рэгіён Паўднёвая Амерыка
Лакалізацыя Паўднёвая Амерыка
Датаванне 1200 да н.э.250 да н.э.
Носьбіты індзейцы
Тып гаспадаркі сельская гаспадарка
Пераемнасць
Катош Наска, Мочэ
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Культура Чаві́н (ісп.: Cultura Chavín) — старажытная археалагічная культура на захадзе Паўднёвай Амерыкі, што існавала ў 1200 г. да н. э. — 250 г. да н. э. Яе цэнтрам з'яўляўся паўночна-цэнтральны рэгіён Перуанскіх Андаў.

Прадстаўнікі культуры Чавін займаліся жывёлагадоўляй, земляробствам, мелі ірыгацыйныя збудаванні, выраблялі кераміку і былі знаёмы з першаснай металургіяй (здабывалі і апрацоўвалі золата).

Помнік культуры Чавін-дэ-Уантар быў у 1985 г. унесены ў спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Чавін-дэ-Уантар, галоўны цэнтр культуры Чавін, ад якога яна атрымала сваю назву, быў вядомы еўрапейцам з XVI ст. У канцы XIX ст. яго даследавалі італьянскія і нямецкія вучоныя. Аднак найбольш важнымі сталі раскопкі, арганізаваныя перуанскім антраполагам Хуліа Сесарам Тэльё ў 1919 г. Менавіта дзякуючы яму ўзнікла вызначэнне культуры Чавін. Х. С. Тэльё лічыў, што яна была пачаткам андскіх культур. Знаходкі ў Чавін-дэ-Уантар дазволілі яму выступіць супраць папулярнай у той час гіпотэзы пра тое, што заснавальнікамі цывілізацыі ў Андах былі выхадцы з Месаамерыкі. Х. С. Тэльё сцвярджаў, што культура Чавін была створана тубыльцамі, якія перасяліліся ў Анды з Амазоніі.

У другой палове XX ст. вывучэннем культуры Чавін займаліся іншыя археолагі, у тым ліку міжнародныя групы. У канцы XX ст. стала вядома культура Нортэ-Чыка, больш старажытная, чым Чавін. Раскопкі Уака-Прыета паказалі, што сельская гаспадарка ўзнікла на ціхаакіянскім узбярэжжы значна раней, чым у горнай вобласці, дзе знаходзіцца Чавін-дэ-Уантар. Гіпотэза Х. С. Тэльё аб перасяленні з Амазоніі састарэла. Тым не меней, вывучэнне культуры Чавін застаецца важным як для перуанскай, так і міжнароднай археалогіі.

Развіццё культуры[правіць | правіць зыходнік]

Як паказалі археалагічныя даследаванні помніка Чавін-дэ-Уантар, які з'яўляўся сакральным цэнтрам культуры, будаўніцтва манументальнага храмавага комплесу адбывалася ў ім паміж 1200 г. да н. э. і 750 г. да н. э. Яно патрабавала значных рэсурсаў, якія з'явіліся дзякуючы дасягненням у развіцці гаспадаркі носьбітаў культуры. Горная даліна Чавін, што ўтварылася на месцы зліцця двух рэк, апынулася ідэальным месцам для развіцця ірыгацыйнага земляробства. Яе насельнікі вырошчвалі кукурузу, фасолю, арахіс, бавоўнік і клубневыя культуры.

Лішкі расліннага харчу абменьвалі на малюскаў і рыбу з ціхаакіянскага ўзбярэжжа. Паляванне ў Андах забяспечвала іх мясам аленяў. Бліжэй да сярэдзіны 1 тысячагоддзя да н. э. чавінцы асвоілі адгонную жывёлагадоўлю, пачалі трымаць лам. У гэты перыяд насельніцтва даліны хутка ўзрастала, а створаныя ў Чавін-дэ-Уантар артэфакты распаўсюджваліся на значных тэрыторыях на ўсход ад галоўнага Андскага хрыбта.

Сярод значных дасягненняў чавінцаў стала здабыча і апрацоўка золата. Яно выкарыстоўвалася пераважна для ўпрыгожванняў. Чавінскія ювеліры рабілі гравіроўку і пайку метала. Для развіцця керамікі ў раннюю эпоху былі характэрны шарападобныя абрысы з пляскатым нізам, у перыяд росквіту з'явіліся тонкія гарлавіны. Чавінцы займаліся ткацтвам, выраблялі афарбаваныя тканіны з намаляваным на іх арнаментам або рэлігійнымі сюжэтамі.

Вызначальным элементам манументальнай архітэктуры з'яўляецца U-падобная форма будынкаў. Захаваліся пераважна каменныя пабудовы ў выглядзе ўсечанай піраміды, колападобных валоў з прытопленымі фундаментамі. Таксама былі знойдзены падземныя сакральныя пабудовы ў выглядзе лабірынта. Вывучэнне будынкаў Чавін-дэ-Уантар выявіла, што іх узвядзенне патрабавала дасканалага праектавання, ведаў матэматыкі і акустыкі. Знутры храмы ўпрыгожваліся скульптурнымі кампазіцыямі, барэльефамі і стэламі.

Даследчыкі лічаць, што грамадства культуры Чавін было сацыяльна распластаваным. Вылучаўся пласт жрацоў, якія трымалі ў сваіх руках уладу. Манументальныя пабудовы Чавін-дэ-Уантар павінны былі аказваць вялікае ўражанне на простых абшчыннікаў, ахвяраваць шматлікім багам жывёлу, працаваць на храмы і такім чынам падтрымліваць высокі сацыяльны статус жрацоў. Простыя абшчыннікі займалі ўсход даліны, у той час як тыя, хто абслугоўваў жрацоў, будавалі хаціны непадалёк ад храмаў.

Росквіт Чавін-дэ-Уантар адбыўся паміж 500 г. да н. э. і 400 г. да н. э. У гэты перыяд, які археолагі часам клічуць «перыядам дароў», насельніцтва значна павялічылася, быў пабудаваны новы храм. Ён з'яўляўся працягам комплекса старога храма і вылучаўся дзякуючы галерэе са 100 каменных галоў, што выступалі з вонкавых сцен. Формы галоў паступова трансфармаваліся ад чалавечых да галоў ягуара. Археолагі мяркуюць, што галерэя адлюстроўвала ўяўленні пад уздзеяннем галюцынагенаў. Аднак у далейшым пачаўся заняпад, што можа быць растлумачаны з'яўленнем канкурэнтных сакральных цэнтраў і распаўсюджваннем прыкмет іншых культур.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]