Кліпер

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Чайны кліпер)

Кліпер (ад англ.: clipper або нідэрл.: klipper) — паруснае судна з развітым парусным узбраеннем і вострымі, рэжучымі ваду (англ.: clip) абводамі корпуса.

Першыя кліперы з'явіліся ў ЗША; у пачатку XIX ст. так называлі тую разнавіднасць шхун і брыганцін, што будавалася ў Балтыморы. Вострыя абводы корпуса, павялічаная астойлівасць, нахіленыя да кармы мачты і вялікая плошча ветразяў, у т.л., за кошт дадання пятай, шостай, часам і сёмай, рэяў, дазвалялі кліперам развіваць выдатную хуткасць і добра трымаць курс, але за гэта давялося заплаціць паменшанай ёмістасцю трумаў і павялічанай асадкай. Высокай хуткасці таксама спрыялі суадносіны даўжыні да шырыні корпуса, якія сягалі 7:1, у параўнанні са звычайнымі значэннямі ад 3:1 да 4:1. Балтыморскія кліперы актыўна ўжываліся ў якасці камерцыйных рэйдэраў, для кантрабанды і прарыву блакады, для перавозкі афрыканскіх рабоў; у 1840–1850-я – для перавозу пасажыраў у Каліфорнію вакол мысу Горн у час "залатой ліхаманкі". Ваенныя флоты карысталіся кліперамі, як ветранымі, так і ветрана-паравымі, у перыяд 1860–1870-х.

У 1833 годзе на ваду быў спушчаны вялікі трохмачтавы балтыморскі кліпер «Эн Мак-Кім». Ён і стаў непасрэдным папярэднікам класічных кліпераў. У 1835 годзе быў пабудаваны кліпер «Рэйнбоу», які паказаў нечуваную хуткасць, яго звычайна і завуць першым сапраўдным кліперам.

Асноўным таварам, які абяцаў купцам немалыя прыбыткі, быў кітайскі чай. Вожаны на старых суднах, ён часам бываў у дарозе 12 месяцаў, рабіўся волглым, набіраў пахаў з труму (Гл. таксама чай-бергамот). Кліперы, якія дастаўлялі грузы з Кітая за тры–чатыры месяцы, былі названыя на брытанскіх астравах «ганчакамі акіяну».

Пачынаючы з 1859 года рэгулярна праводзіліся гонкі чайных кліпераў. Самая славутая з іх адбылася ў 1866 годзе. 28 мая 1866 года з рэйду горада Фучжоу (Кітай) стартавалі 16 кліпераў. Пасля доўгага шляху, 5 верасня кліперы «Тайпінг» і «Арыэль» з розніцай у 20 хвілін адшвартаваліся ля прычальнай сценкі ў лонданскім порце. Гэта выклікала дужы шум у прэсе, і ўладальнікі «Тайпінга», атрымаўшы прэмію, падзялілі яе з уладальнікамі «Арыэля». А капітан «Тайпінга» падзяліў сваю прэмію з капітанам «Арыэля».

У 1872 годзе «Арыэль» падчас чарговай чайнай гонкі знік і аб яго лёсе, як і аб лёсе экіпажа нічога не вядома.

Кліпер «Каці Сарк» у сухім доку Грынвіча

Самы вядомы ў свеце кліпер — Каці Сарк. «Каці Сарк» — адзіны, які захаваўся, прадстаўнік вялікай плеяды «ганчакоў акіяна». Па прапорцыях, канструкцыі і памерах судна амаль у дакладнасці адпавядае найдасканалейшаму кліперу «Фермапілы». Кліпер «Каці Сарк» пабудавалі ў 1869 годзе на шатландскай верфі «Лінтан энд Скот» па замове суднаўладальніка Джона Віліса.

З 1870 года «Каці Сарк» эксплуатавалася на чайнай лініі, але паказаныя вынікі ацэньваліся як сярэднія. Найвышэйшым дасягненнем стала трэцяе месца ў гонцы 1871 года, калі «Каці Сарк» прапусціла наперад толькі легендарных «ганчакоў» — «Тытанію» і «Фермапілы». Аднак, на ваўнянай лініі, канчатковай кропкай якой з'яўляліся парты Аўстраліі, «Каці Сарк» неаднаразова атрымлівала перамогі за кошт шырэйшых абводаў у кармавой частцы і меншай, як на той час, плошчы ветразяў, якія забяспечвалі перавага ў штармавых плаваннях наўкола мысу Горн. Традыцыйным часам прыходу ў Аўстралію для лепшых хадакоў лічыліся "сто дзён". Шлях "ваўняных кліпераў" быў паўтораны яхтсменам Ф. Чычэстарам на яхце "Джыпсі Мот IV" (19661967).

На сённяшні дзень «Каці Сарк» адзіны прадстаўнік класа чайных кліпераў, які захаваўся. У цяперашні час ён стаіць на вечнай стаянцы ў сухім доку ў Грынвічы (Вялікабрытанія).

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]