Чака (культурны нацыянальны гістарычны парк)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Культура Чака*
Chaco Culture**
Сусветная спадчына ЮНЕСКА

Тып культурны
Крытэрыі iii
Спасылка 353
Рэгіён*** Еўропа і Паўночная Амерыка
Гісторыя ўключэння
Уключэнне 1987  (11 сесія)
* Міжнародная канвенцыя «ЮНЕСКА»
** Назва ў афіцыйным англ. спісе
*** Рэгіён па класіфікацыі ЮНЕСКА

Культурны нацыянальны гістарычны парк Ча́ка (англ.: Chaco Culture National Historical Park) — нацыянальны парк на тэрыторыі штата Нью-Мексіка (ЗША), створаны для захавання культуры старажытных пуэбла. У 1987 г. быў уключаны ў спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. Агульная плошча — 14 261 га.

Чака ўяўляе сабою каньён на плато Каларада, дзе пераважае засушлівы кантынентальны клімат з агульнагадавой колькасцю ападкаў каля 200 мм. У нашы дні флора каньёна прадстаўлена пераважна ксерафітамі, аднак каля 1000 гадоў таму непасрэдна да каньёна прылягалі густыя хваёвыя лясы.

Паміж 850 г. і 1250 г. Чака з'яўляўся важным эканамічным і рэлігійным цэнтрам індзейцаў-анасазі. На працягу гэтага перыяду яны ўзвялі 15 архітэктурных комплексаў. Пуэбла-Баніта, найбуйнейшы з іх, складаецца з 4 паверхаў і 650 памяшканняў, займае плошчу 0,8 га. Ён будаваўся паэтапна каля 3 стагоддзяў. Вялізарныя ківы ўмяшчалі да некалькі сот чалавек. Усе рытуальныя і жылыя комплексы былі звязаны сеткай шырокіх дарог.

Росквіт паселішчаў каньёна прыйшоўся на пачатак XI — пачатак XII ст. Менавіта ў тую пару была застаўлена большая частка вырабаў з бірузы, якая мела надзвычайную каштоўнасць. Археолагі выявілі, што Чака выконваў важную рэлігійную функцыю ў жыцці анасазі, таму росквіт у значнай ступені быў абумоўлены пілігрымамі. Яны прыязджалі з усяго рэгіёна, вялі абмен і жывілі мясцовую эканоміку. Насельнікі Чака займаліся астранамічнымі назіраннямі, стварылі і некалькі стагоддзяў падтрымлівалі эфектыўную сістэму арашэння кукурузных палеткаў. Захаваліся шматлікія петрогліфы, піктаграмы, кераміка, упрыгожванні, прадметы з абсідыяну.

У 11301180 гг. у Чака назіраўся крызіс, абумоўлены працяглай засухай. Ён выклікаў абвастрэнне гвалту і ў выніку — умацаванне паселішчаў, а таксама адток часткі насельніцтва, меркавана ў Меса-Вердэ. У першай палове XIII ст. канфлікт мог абвастрыцца і перарасці ў вайну з-за новай засухі і экалагічных бедстваў. Археолагамі знойдзены сведчанні частых забойстваў і канібалізму. Пасля сярэдзіны XIII ст. паселішчы ў Чака былі канчаткова пакінуты іх жыхарамі.

Да XIX ст. землі вакол каньёна былі населены наваха, якія лічылі будаўнікоў Чака сваімі старажытнымі ворагамі (Anaasází). Дзякуючы аддаленасці і засушліваму клімату каньён рэдка наведваўся людзьмі. Толькі ў 1823 г. яго наведала і апісала мексіканская экспедыцыя. У 1907 г. амерыканскі прэзідэнт Тэадор Рузвельт усталяваў федэральны ахоўваемы статус. З 1920 г. арганізуюцца сістэматычныя даследаванні. Чака — важны турыстычны, даследчы і адукацыйны цэнтр.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]