Чакта

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Чакта
(čahta)
Малюнак 1869 г.
Агульная колькасць 103 910 (2019 г.)
Рэгіёны пражывання ЗША
Мова чакта
Рэлігія хрысціянства, культ продкаў, анімізм
Блізкія этнічныя групы семінолы, маскогі, чыкаса, хоўма

Чакта (саманазва: čahta; англ.: Choctaw, [ˈtʃɒktɔ]) — індзейскі народ у ЗША. Чакта з’яўляюцца нашчадкамі носьбітаў старажытнай земляробчай Місісіпскай культуры. Традыцыйна насялялі землі на ўсход ад ракі Місісіпі. У 18311833 гг. большасць чакта былі пераселены ў Аклахому, дзе сфарміравалі аўтаномнае дзяржаўнае ўтварэнне, якое праіснавала да 1906 г.

У нашы дні жывуць пераважна ў штатах Аклахома, Алабама, Луізіяна, Місісіпі, Тэхас. Агульная колькасць (2010 г.) — 103 910 чалавек[1].

Традыцыйная культура чакта зведала значны ўплыў з боку еўрапейскай, аднак у сваю чаргу паўплывала на сучасную амерыканскую культуру.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Паходжанне[правіць | правіць зыходнік]

Курган Нані-Вая ў Місісіпі

Згодна лінгвістычным дадзеным і міфам саміх чакта яны маюць агульнае паходжанне з чыкаса і маскогамі. Паданні чакта аб паходжанні засяроджваюцца вакол штучнага кургана Нані-Вая ў штаце Місісіпі, ў якім ёсць пячора, і які нават называюць «маці курганоў»[2]. Паводле аднаго падання, першымі з гэтага кургана нарадзіліся на свет маскогі, потым чыкаса, і ўсе яны зышлі ў іншыя месцы. Апошнімі выбраліся на свет чакта і вырашылі жыць вакол кургана. Таксама існуе паданне пра тое, што чакта прыйшлі з захаду разам з чыкаса і спыніліся каля Нані-Вая, дзе ўпершыню пазнаёміліся з кукурузай[3]. Навуковае даследаванне Нані-Вая паказала, што курган мог быць узведзены ўжо ў лясны перыяд, хаця знешне больш нагадвае насыпы Місісіпскай культуры[4]. Сучасныя чакта лічаць, што ён быў створаны іх продкамі[5].

Амерыканскія вучоныя высоўваюць меркаванне, што чакта першапачаткова з’яўляліся адзіным народам з чыкаса і разлучыліся толькі ў XVII ст. Частка вучоных выводзіць іх агульных продкаў ад носьбітаў Плакемінскай культуры. Існуе таксама думка, што продкі чакта і чыкаса насяллі заходні рэгіён Місісіпскай культуры на тэрыторыі сучасных Луізіяны і Арканзаса[6]. Крыстафер Морыс, прыхільнік тэорыі заняпаду Місісіпскай цывілізацыі па экалагічных прычынах, зазначае, што перасяленне адбылося ў перыяд пасля з крызісу Кэхокіі[7]. Землі на ўсходзе былі прывабнымі, бо дазвалялі займацца не толькі земляробствам, якое ўжо не забяспечвала харчам, але і паляваннем. Патрысія Галаўэй ў спецыяльнай манаграфіі, прысвечанай паходжанню чакта[8], сцвярджае, што продкамі чакта былі розныя фрагментарныя групы выхадцаў Місісіпскай культуры, і ў XVII ст. яны аб’ядналіся разам. Тады ж узніклі тыповыя для чакта кераміка і пахаванне.

Першы зарэгістраваны кантакт з чакта ўсталяваў у 1699 г. П’ер Лемойн. Назва чакта ўпершыню сустракаецца ў пісьмовых крыніцах толькі пад 1772 г.[9] Яе этымалогія з’яўляецца спрэчнай.

Каланіяльны перыяд[правіць | правіць зыходнік]

Пушматаха

У XVIII ст. чакта насялялі землі на тэрыторыі сучасных штатаў Місісіпі і Алабама. Яны падзяляліся на 3 тэрытарыяльныя групы Окла Фалая («доўгія людзі»), Окла Танап («людзі на процілеглым боку») і Окла Ханалія («людзі шасці гарадоў») на чале вярхоўных правадыроў мінг. Кожная група падтрымлівала пераважныя сувязі з адной з каланіяльных дзяржаў — Францыяй, Вялікабрытаніяй і Іспаніяй. З канца XVII ст. Чакта пакутвалі ад нападаў ваяўнічых чыкаса, якія захоплівалі іх у палон для продажу ў рабства[10]. Заходняя група чакта імкнулася ў барацьбе з чыкаса заручыцца падтрымкай Францыі і выкарыстаць рэгулярныя французскія ваенныя сілы супраць супернікаў. Французы таксама выкарыстоўвалі воінаў чакта супраць іншых індзейскіх плямён[11]. У гады Амерыканскай рэвалюцыі брытанцы наймалі чакта для нападаў на натчэз і абароны Мабіла і Пенсаколы ад іспанцаў. У гэты перыяд іх агульная колькасць складала каля 15 тысяч чалавек[12]. Дзякуючы кантактам з еўрапейцамі ў чакта з’явіліся коні і іншыя сельскагаспадарчыя жывёлы. Часам яны вандравалі або палявалі на заходнім беразе ракі Місісіпі.

У 1786 г. чакта заключылі мірнае пагадненне з ЗША. Асветнік Б. Хокінс, які падпісваў пагадненне ад імя амерыканскага кангрэса, быў у 1796 г. прызначаны часовым агентам па справах індзейцаў і падтрымліваў палітыку «акультурацыі» чакта. У ЗША гэты народ разглядаўся як адно з пяці «цывілізаваных плямён»[13]. Пасля куплі Луізіяны ЗША ператварыліся ў асноўнага палітычнага партнёра. Падчас вайны 1812 г. чакта падтрымалі амерыканскі бок. Важную ролю ў ваенных і дыпламатычных зносінах з ЗША адыграў Пушматаха[14], правадыр Окла Ханалія.

«Акультурацыя» і пашырэнне кантактаў з амерыканскімі гандлярамі прывялі да ўцягвання чакта ў рынкавую эканоміку і крызісу ўлады традыцыйных правадыроў. Індзейцы звычайна плацілі за еўрапейскія тавары аленімі скурамі. У выніку неашчаднага палявання колькасць аленяў на землях чакта значна скарацілася, затое абавязкі перад амерыканскімі гандлярамі працягвалі расці. Частка чакта мігрыравала на заходні бераг Місісіпі, дзе ўмовы для палявання былі лепшыя, але прыходзілася сустракаць супраціў мясцовых плямён. Большасць працягвала займацца земляробствам, вырошчваць камерцыйныя культуры, у тым ліку бавоўну. На тэрыторыі Місісіпі і Луізіяны нават узніклі плантацыйныя гаспадаркі, што эксплуатавалі працу чарнаскурых рабоў. Для кансалідацыі трох груп чакта была створана агульная рада правадыроў. З 1819 г. пачалася актыўная місіянерская дзейнасць, адчыняліся школы. У гэтых умовах хутка узрастала роля новых правадыроў, дзяцей ад сумесных шлюбаў з еўрапейцамі або ваенных лідараў накшталт Пушматахі. Традыцыйныя правадыры выступалі супраць змен, але для падтрымання ўлады і выплаты фінансавых абавязкаў мелі патрэбу ў грошах, а таму пагаджаліся прадаваць амерыканцам абшчынныя землі[15]. З 1801 г. да 1820 г. чакта заключылі 6 дагавораў, паводле якіх перадалі амерыканцам 51 912,89 км² сваіх тэрыторый. Асабліва вострыя дыскусіі сярод правадыроў узніклі вакол дагавора 1820 г. аб перадачы зямель ў Місісіпі наўзамен на большую частку Арканзаса[11]. Пушматаха і новыя правадыры выступілі супраць абмену, але традыцыйныя правадыры на чале Мушулатубі далі згоду. Дагавор быў скарэктаваны ў 1825 г., але застаўся фактычна бяздзейсным, паколькі толькі невялікая частка чакта мігрыравала ў Арканзас, і прапанаваныя індзейцам землі былі заняты еўрапейскімі пасяленцамі.

Перасяленне ў Аклахому[правіць | правіць зыходнік]

Комплекс нацыі чакта ў Аклахоме

Хаця пагадненне 1786 г. з ЗША гарантавала чакта іх правы на ўласную зямлю, з павелічэннем белага насельніцтва на поўдні і стварэннем плантацыйных гаспадарак ціск на чакта ўзмацняўся. Ён тлумачыцца патрэбай пасяленцаў у зямлі, зацікаўленасцю ўладаў штата Місісіпі ў падатках з новых тэрыторый і наўмыснымі або скажонымі ўяўленнямі пра чакта як паляўнічых, якія валодаюць празмернымі абшарамі і не ўпісваюцца ў белую земляробчую цывілізацыю. Знакаміты амерыканскі даследчык Уільям Кларк упэўніваў дэлегатаў чакта ў карысці перасялення на захад[16].

28 мая 1830 г. у ЗША быў прыняты закон аб перамяшчэнні індзейцаў, што не былі амерыканскімі грамадзянамі, на захад ад ракі Місісіпі. 27 верасня 1830 г. рада чакта і прадстаўнікі ЗША заключылі дагавор у Дэнсінг-Рэбіт-Крык аб перамяшчэнні чакта з Місісіпі на тэрыторыю сучаснай Аклахомы (сама назва штата паходзіць з мовы чакта, Okla Humma значыць «чырвоныя людзі»[17]). Дагавор 1830 г. уключаў наступныя ўмовы[18]:

  • Перадача тэрыторый у Аклахоме для арганізацыі аўтаномнай супольнасці чакта, незалежнай ад законаў ЗША, але пад пратэктаратам ЗША
  • Чакта атрымоўваюць грашовыя кампенсацыі за згубленыя землі ў Місісіпі, асобныя штогадовыя кампенсацыі належаць правадырам
  • Перавозка ў Аклахому здзяйсняецца за кошт ЗША
  • ЗША абавязваецца наладзіць транспарт і паштовую службу ў Аклахоме за свой кошт
  • Чакта, якія адмаўляюцца ад перасялення, атрымоўваюць у Місісіпі ў валоданне 2,6 км² зямлі і дадатковыя землі для дзяцей, пасля чаго атрымоўваюць грамадзянства ЗША

Перасяленне чакта адбывалася трыма хвалямі[19]:

  • Канец 1831 г. чакта перавозіліся на параходах, а потым на іншых суднах па рацэ Місісіпі і яе прытокам, але апошні адрэзак шляху былі вымушаны перамяшчацца пешшу. У паўднёвых далінах Місісіпі пачалася снежная бура, дажджы размылі зямлю. Гэта зацягнула перамяшчэнне. Нарыхтаваных амерыканцамі ежы, адзежы і коўдраў не хапала, сярод перасяленцаў пачаўся голад.
  • Кастрычнік 1832 г. ахопліваў самую вялікую хвалю перасяленцаў у 6000 — 7000 чалавек. Арганізацыяй міграцыяй чакта займалася армія ЗША. Для эканоміі ваенныя скарацілі харчовае забеспячэнне і вылучылі толькі па 5 вазоў на кожную тысячу мігрантаў. У выніку впошні адрэзак шляху пешшу ішлі нават старыя і дзеці. Сярод перасяленцаў адбылася эпідэмія халеры.
  • Снежань 1833 г. Было перамешчана 900 мігрантаў.

У выніку паміж 1830 г. і 1834 г. з Місісіпі ў Аклахому адправілася 14 000 чакта, але прыкладна 2500 з іх загінулі падчас перамяшчэння. У 1834 г. у Аклахоме апынулася 11 500 чакта, у тым ліку каля 1000 чарнаскурых рабоў. Перасяленні ў Аклахому таксама адбываліся ў 18451854 гг. і 19021903 гг.[20]

Чакта падзялілі свае новыя тэрыторыі на 3 раёны Машулатубі (паўночны захад), Пушматаха (паўднёвы захад) і Апукшунубі (паўднёвы ўсход). Найбольш заходнія землі былі зданы ў арэнду чыкаса. У 1834 г. правадыры трох раёнаў падпісалі пагадненне пра стварэнне адзінай рады для кіравання з цэнтрам у Тушкахоме. Будынак для яе паседжаняў быў названы Нані-Вая[21]. У 1838 г. і 1842 г. былі прыняты Канстытуцыі нацыі чакта, што ўключалі арэндаваныя чыкаса землі ў асаблівы раён, ствараліся прадстаўнічыя заканадаўчыя, выканаўчыя і судовыя органы ўлады, адзіныя ваенныя сілы, якія назіралі за парадкам[22]. Фінансаванне адбывалася за кошт штогадовых выплат з боку ЗША па дагаворам 1825 г. і 1830 г. Пры перасяленні змянілася структура грамадства, паколькі на новых землях чакта аддавалі перавагу жыццю не ў вялікіх вёсках, а ў прыватных хутарах. У 1860 г. 14 % насельніцтва (2 349 чалавек) складалі чарнаскурыя рабы[23]. У 1855 г. чыкаса адасобіліся ад чакта. Актыўна праводзілася місіянерская дзейнасць, атэісты не мелі права займаць дзяржаўныя пасады[22].

Падчас Грамадзянскай вайны ў ЗША чакта Аклахомы выступалі на баку Канфедэратыўных Штатаў. У 1861 г. быў падпісаны адпаведны дагавор[24]. чакта сфарміравалі некалькі ваенных падраздзяленняў і прымалі ўдзел у баях на баку канфедэратаў. У 1866 г. пасля паражэння Канфедэратыўных Штатаў чакта і чыкаса былі вымушаны падпісаць у Вашынгтоне мірнае пагадненне з ЗША[25]. Яно адмяняла рабства, дазваляла ЗША будаваць праз землі індзейцаў чыгунку, умешвацца ва ўнутраныя справы. Пасля Грамадзянскай вайны на тэрыторыі чакта з’явілася шмат выхадцаў з ЗША. У 1902 г. фактычна была ліквідавана асобная судовая сістэма чакта. У 1905 г. прадстаўнікі гэтага народа ў Аклахоме выступалі за стварэнне індзейскага штата Секвоя. Але ў 1906 г. Кангрэс распусціў урад чакта. Толькі ў 1971 г. правы на выбранне сваіх правадыроў былі ўзноўлены.

У нашы дні нацыя чакта ў Аклахоме валодае племяннымі тэрыторымі, кіруецца племянной радай з 12 чальцоў[26], актыўна займаецца культурнай і камерцыйнай дзейнасцю.

Чакта на гістарычнай радзіме[правіць | правіць зыходнік]

Пасля перасялення большай часткі народа ў Аклахому на ўсходзе ад ракі Місісіпі засталося каля 4000 чакта. Яны атрымалі грамадзянства ЗША і такім чынам ператварыліся ў адну з найбуйнейшых у той час груп нееўрапейскага паходжання, што мелі амерыканскае грамадзянства. Але толькі 1300 з іх выкарыстала сваё права на атрыманне зямельных надзелаў. Да 1850 г. большасць з гэтых надзелаў былі згублены ў выніку продажу або зямельных махінацый[27]. Простыя абшчыннікі былі вымушаны ператварыцца ў арандатараў, наймацца на працу да белых фермераў або ўслед за суайчыннікамі мігрыраваць на захад. Вялікі правадыр Грынвуд Ле Флор[28][29], адзін з прыхільнікаў дагавора ў Дэнсінг-Рэбіт-Крык, таксама застаўся ў Місісіпі, дзе валодаў баваўнянай плантацыяй і чарнаскурымі рабамі. У 1841 г. ён быў абраны сенатарам. На гэтай пасадзе выступаў за законы, якія павінны былі садзейнічаць асіміляцыі этнічных меншасцей на поўдні ЗША. Ён, а таксама іншыя чакта Місісіпі і Алабамы прымалі ўдзел у Грамадзянскай вайне на баку Канфедэрацыі.

Згодна Канстытуцыі Місісіпі, прынятай у 1890 г.[30], чакта як «каляровае» насельніцтва былі пазбаўлены часткі грамадзянскіх правоў. Эканамічны стан большасці з іх быў гаротным. У 1918 г. падчас эпідэміі іспанскага грыпу загінула 25 % місісіпскіх чакта[31]. Толькі пасля гэтага федэральныя ўлады прынялі меры для паляпшэння медыцынскага абслугоўвання і адкрыцця пачатковых школ у вёсках чакта.

У 1945 г. місісіпская галіна чакта атрымала федэральнае прызнанне. У нашы дні яна кіруе рэзервацыяй плошчай 14 164 га і складаецца з 8 абшчын[32]. Ва ўласнасці місісіпскіх чакта 2 буйных казіно, курорт, спартыўныя і турыстычныя аб’екты. 18 жніўня 2008 г. штат Місісіпі перадаў ім сакральны курган Нані-Вая. У 1979 г. штат Алабама прызнаў адгалінаванне чакта, што жывуць на паўднёвым захадзе штата. Яны валодаюць аўтаномнай рэзервацыяй плошчай 121,4 га[33]. У 1995 г. федэральнае прызнанне атрымала група чакта ена ў Луізіяне[34]. Яна кіруе рэзервацыяй плошчай 1,21 га, на якіх у 2013 г. было адчынена казіно[35][36]. Ена захоўваюць родную мову і многія традыцыі. Штат Луізіяна таксама прызнае групу чакта ў Кліфтане і абшчыну чакта і апачы ў Эбарбе[37].

Чакта ў Тэхасе[правіць | правіць зыходнік]

Група чакта ёвані апынулася на захадзе ад ракі Місісіпі ў выніку 2 міграцый: пасля 1803 г. па дамоўленасці з іспанскімі каланіяльнымі ўладамі і ў 1824 г. па дамоўленасці з незалежнай Мексікай. У 1836 г. чакта прымалі ўдзел у падпісанні дагавора паміж Рэспублікай Тэхас і чэрокі[38]. У 1850 г. яны далучыліся да супольнай індзейскай абшчыны гары Табар ва ўсходнім Тэхасе[39]. У 2017 г. аўтаномія абшчыны была прызнана штатам Тэхас.

Культура[правіць | правіць зыходнік]

Гаспадарка[правіць | правіць зыходнік]

Коні пароды чакта

З часоў існавання Місісіпскай культуры галоўным гаспадарчым заняткам чакта з’яўлялася ручное земляробства. Чакта здаўна вырошчвалі «тры сястры», тытунь, сланечнік, у выніку ранніх кантактаў з еўрапейцамі яны перанялі такія культуры як кавун, капуста, цыбуля, часнык, сліва і інш.[40] Існавалі тры віды апрацаваных палеткаў: невялікія сямейныя ўчасткі знутры вёскі, вялікія абшчынныя палі і прагалы, засеяныя гарбузовымі[41]. Расчысткай палёў займаліся мужчыны. Першапачаткова яны высякалі кару буйных дрэў. Пасля таго, як дрэвы пачыналі гнісці ці сохнуць, іх валілі і спальвалі разам з падлескам[42]. Некаторыя дрэвы накшталт дубоў і арэхаў пакідалі для атрымання далейшага ўраджая. Апрацоўкай зямлі займаліся жанчыны. Галоўнай прыладай для апрацоўкі быў востры драўляны кій[43], але таксама выраблялі матыкі з вапняковым або касцяным лёзам. Асабліва важную ролю на палетках адыгрывала кукуруза. У паўднёвых раёнах, населеных чакта, паспявалі збіраць 2 ураджаі на год.

Збіральніцтва забяспечвала чакта зелянінай, ядомымі карэннямі і ягадамі. Ім займаліся жанчыны на працягу ўсяго года. Паляванне і рыбалоўства лічыліся мужчынскімі заняткамі, але ў забеспячэнні харчам яны мелі другасную ролю ў перыяды, калі не хапала сельскагаспадарчых культур[43]. У XVIII — першай трэці XIX стст. скуры аленяў ператварыліся ў важны камерцыйны тавар, што падвысіла ролю палявання. Паколькі чакта хутка вынішчылі пагалоўе дзікіх аленяў на сваіх землях, ім прыходзілася арганізоўваць паляўнічыя экспедыцыі на захад ад ракі Місісіпі. Палявалі з дапамогай лука і стрэл, духавых трубак, ладзілі пасткі.

Да кантактаў з еўрапейцамі адзінай вядомай свойскай жывёлай быў сабака. У XVIII ст. чакта трымалі свінняў, хатнюю птушку, кароў[40]. У гаспадарчых мэтах выкарыстоўваліся коні. Была распаўсюджана маларослая парода з карычневымі плямінамі на целе і лагодным норавам, пазней названая чакта[44]. Для коняў не рабілі асобных пабудоў або загонаў. Яны пасвіліся свабодна каля жытлаў гаспадароў.

Чакта па-майстэрску апрацоўвалі драўніну, косць, ракавіны. Жанчыны займаліся пляценнем і вырабам керамікі[45]. Пляценне з’яўляецца папулярным жаночым рамяством і ў нашы дні. Захавалася традыцыя вырабу дзіцячых лялек ішт вашоха[46].

Жытло[правіць | правіць зыходнік]

Чакта сяліліся ў буйных умацаваных вёсках, што будавалі на ўрадлівых землях уздоўж рачных далін. Усяго налічвалася каля 90 вёсак, геаграфічна згрупіраваных вакол 3 палітычных аб’яднанняў[47]. У кожнай жыло ад 50 да 500 чалавек. Вёскі займалі вялікую плошчу і не мелі выразных межаў[48]. Іншаземцы часцяком называлі іх гарадамі. Сем’і жылі ў аднакамерных хацінах чука[49], што ладзіліся з саману з адным уваходам без вокнаў. Канічны дах рабілі з саломы. У цэнтры хаціны месцілі агмень, а ўздоўж сцен — гліняны палок, на якім можна было сядзець, спаць, захоўваць харчовыя прыпасы. Кукурузу захоўвалі ў асобных будынках. Да сярэдзіны XIX ст. распаўсюдзіліся еўрапейскія дамы каркаснага тыпу. У Аклахоме чакта не будавалі вялікіх вёсак, а аддавалі перавагу жыццю на прыватных фермах.

Вопратка[правіць | правіць зыходнік]

У ранні перыяд гісторыі чакта рабілі вопратку са скур дзікіх жывёл[50]. Для дублення выкарыстоўвалі аленевы мозг. Вопратка жанчын складалася са скураной блузы і кароткай спадніцы, мужчынская — са штаноў і кашулі. Падчас вандровак апраналі макасіны, у звычайным побыце хадзілі басанож. Жанчыны і мужчыны мелі доўгія валасы.

Сучасны народны жаночы строй узнік ў XIX ст.[51] пад уплывам еўрапейскіх перасяленцаў. Ён уключаў прыталеную баваўняную сукенку з падолам крыху вышэй за лодыжкі, фартух і хустку. Сукенка ручной працы мае поўны рукаў і плыўную спадніцу з фальбонамі, што робіць яе падобнай да сукенкі брэтонак пачатку XIX ст. Строй незамужняй жанчыны адкрываецца ззаду, у той час як сукенка замужняй жанчыны адкрываецца спераду, каб зручней карміць немаўлят. Нягледзячы на змены моды, ён быў пашыраны да пачатку XX ст. У нашы дні яго апранаюць у асаблівыя выпадкі. У народным строі Місісіпі часцяком сустракаецца металічны грэбень для валасоў.

Мужчынскі народны строй таксама зведаў ўпыў еўрапейскай моды XIX ст., а потым — пазнейшых пан-індзейскіх традыцый[52]. Яго важным складальнікам з’яўляецца кашуля, апранутая навыпуск, упрыгожаная аплікацыямі з доўгіх адрэзкаў баваўнянай тканіны. У якасці ўпрыгожванняў выкарыстоўваюцца бандальеры, пацеркі, шыйныя абярэгі. На галаву апранаюць капялюш з шырокімі палямі. Галаўныя ўборы з пер’ем былі запазычаны ў іншых індзейскіх народаў.

Кухня[правіць | правіць зыходнік]

Страва з дзікай цыбулі

Да сярэдзіны XX ст. чакта ўжывалі пераважна раслінную ежу[53]. Адной з найбольш запатрабаванай культур была кукуруза. Яе сушылі ў зярноўках, лушчылі і пераціралі перад прыгатаваннем. Звычайнай стравай была бунаха — кукурузная мука з гарохам, загорнутая ў кукурузнае лісце, печаная або вараная ў вадзе[54]. Таксама кукурузу пяклі на вуглях, гатавалі кукурузную поліўку з дзікай цыбуляй і зелянінай, кукурузныя аладкі, салодкія вараныя галушкі з вінаградам і г. д.[55] У кукурузную муку дадавалі зярняткі сланечніка. У выпадку неўраджая муку рабілі з жалудоў, дзікіх карэнняў і батата[56].

З дзікіх арэхаў атрымлівалі алей, на якім смажылі мяса забітых на паляванні жывёл — індыкоў, трусоў, аленяў і мядзведзяў. Мядзведжы тлушч тапілі і захоўвалі ў пузырах для таго, каб дадаваць у раслінную ежу. Ужо ў канцы XVIII ст. чакта трымалі свінняў, а свініну называлі «салодкім мясам»[57]. чакта таксама елі рыбу, малюскаў, алігатараў.

У сакральных мэтах ужывалі так званае «чорнае пітво»[58] — узбуджальны напой з расліны Ilex vomitoria. У XX ст. у Аклахоме папулярным алкагольным напоем стала піва чок (англ.: choc beer)[59]. Гэта лёгкае хатняе піва, першапачаткова вынайдзенае чакта, запраўленае садавіной, тытунем, травамі ці збожжам.

Грамадства[правіць | правіць зыходнік]

Сацыяльная структура грамадства чакта моцна змянілася на працягу XVIII — XX стст. Паколькі зямлю апрацоўвалі жанчыны і асноўная маёмасць перадавалася па жаночай лініі, першапачаткова ў яе аснове палягаў падзел на матрылінейныя роды[60]. Усяго іх налічвалася ад 6[61] да 12[62]. Дзеці пэўнай маці належалі да яе рода. У сваю чаргу, роды аб’ядноўваліся ў 2 буйныя лініі — белую і чырвоную. У адным паселішчы маглі жыць прадстаўнікі розных родаў. Чакта падзяляліся па сацыяльна-узрастоваму прынцыпу на імаклаша (старэйшын) і інхулалата (юнакоў). Імаклаша аднаго рода вырашалі пэўныя праблемы яго чальцоў у межах паселішча. Асноўныя пытанні разглядаліся мужчынамі, хаця жанчыны мелі ўскосны ўплыў і імкнуліся маніпуляваць мужчынамі падчас выбараў.

Прадстаўнікі родаў кіравалі паселішчамі. На чале паселішча стаяў правадыр, звычайна найбольш вопытны мужчына. Падчас вайны вылучаўся ваенны правадыр[63]. У XVIII — першай трэці XIX стст. існавалі 3 тэрытарыяльныя групы паселішчаў Окла Фалая («доўгія людзі»), Окла Танап («людзі на процілеглым боку») і Окла Ханалія («людзі шасці гарадоў») на чале вярхоўных правадыроў мінг. Становішча вярхоўнага правадыра не перадавалася па спадчыне, таму ён быў вымушаны залагоджваць ніжэйшых правадыроў падарункамі, аказваць дапамогу простым абшчыннікам.

У XIX ст. узнікла Нацыянальная рада ўсіх трох груп. Яе паседжанні адбываліся ў вёсцы вярхоўнага правадыра, які прымаў прадстаўнікоў паселішчаў. Прадстаўнікі збіраліся на вясковым пляцы і займалі сваё месца на адной з лаў, што стаялі ў 2 рады. На кургане ля пляца распальвалі вогнішча. Вярхоўны правадыр паднімаў адпаведную колькасць пальцаў, каб паказаць колькасць пытанняў, якія павінна была разгледзець рада. Кожны прадстаўнік меў неабмежаваны час для выступу. Пасля заканчэння абмеркавання слова браў вярхоўны правадыр. Ён павінен быў зрабіць высновы. Прадстаўнікі выказвалі згоду выкрыкам ма («так»)[64]. У спрэчках важную ролю адыгрывала мастацтва красамоўства.

Пасля перасялення ў Аклахому чакта прынялі Канстытуцыю[65], што з некаторымі зменамі дзейнічала да 1906 г. Яна ўлічвала прыналежнасць да матчынага роду. Замест традыцыйнага падзелу на тэрытарыяльныя групы, ствараліся новыя раёны, дзе насельніцтва магло быць змяшаным па паходжанню. Пасля інкарпарацыі нацыі чакта ў ЗША матрылінейная родавая арганізацыя страціла свае паўнамоцтвы, хаця адлік сваяцтва па жаночай лініі існуе да нашай пары. Чакта, што засталіся ў Місісіпі, былі вымушаны падпарадкоўвацца амерыканскаму заканадаўству, таму матрылінейны падзел сярод іх знік раней, чым у Аклахоме. У нашы дні чакта падпарадкоўваюцца як амерыканскім законам, так і законам сваіх аб’яднанняў.

Сярод чакта існавалі як малыя нуклеарныя, так і вялікія пашыранныя сем’і з трох пакаленняў[66]. Апошнія часцяком узнікалі з-за беднасці, немагчымасці маладых сем’яў знайсці зямлю і асобную хаціну для самастойнага існавання. Шлюб патрабаваў згоды з боку нявесты і яе маці, арганізацыі спецыяльных цырымоній. Разводы лічыліся звычайнай з’явай. Да заняпаду матрылінейных родаў большая частка маёмасці перадавалася па жаночай лініі.

У чакта існаваў звычай дэфармацыі чэрапа[67] ў раннім дзіцячым узросце.

Гульні[правіць | правіць зыходнік]

Гульня ў мяч, XIX ст.

Да пачатку XX ст. сярод чакта была папулярна камандная гульня у мяч капуча. Дзве каманды гульцоў сустракаліся на доўгім полі з варотамі на супрацьлеглых баках. Вароты маглі ўяўляць шчэпленыя бярвенні, павернутыя шырокім бокам да поля. Каб атрымаць перамогу, каманда павінна была шмат разоў загнаць мяч у вароты праціўніка[68]. Вопратка гульцоў павінна была нагадваць якую-небудь жывёлу. Яны былі ўзброены драўлянымі кіямі з абручамі на навершы. Мяч рабілі з ануч, абгорнутых у аленевую скуру. Гульцоў падтрымліваў шаман з размаляваным целам у масцы, а таксама знахары, што падчас гульні стаялі каля варот і дапамагалі сваёй камандзе спевамі і пляскамі ў далоні. Перад гульнёй арганізоўваўся танец загавораў. У ім маглі ўдзельнічаць жанчыны. Падчас гульні дазвалялася прычыняць гвалт у дачыненні да супернікаў, акрамя ўдараў па галаве, таму гульня часам скончвалася калецтвамі і смерцямі[69].

Яшчэ адной папулярнай гульнёй была чанкі. Лічіцца, што яна зарадзілася ў часы Місісіпскай культуры і мела рытуальны характар[70]. Па полю кацілі каменныя або гліняныя дыскі. Гульцы павінны былі трапляць у іх доўгімі тычкамі.

Існавала рызыкоўная гульня ў косці[69], дзе выкарыстоўваліся зярняты кукурузы і фасолі.

Музычная культура[правіць | правіць зыходнік]

Танец арла, XIX ст.

Найбольш старажытным вядомым музычным інструментам чакта з’яўляецца барабан. Сучасныя барабаны робяцца па вобразу брытанскіх і амерыканскіх ваенных барабанаў канца XVIII — пачатку XIX ст.[71] Пад уплывам еўрапейскага насельніцтва шырока выкарыстоўваюцца скрыпка і гітара.

Важную ролю адыгрывае акампанімент. Існуюць традыцыйны ансамблі з 5 — 12 чалавек з 1 барабанам[72]. Мужчыны ў іх спяваюць ва ўнісон. Мелодыі пачынаюцца з высокіх нот, затым пераходзяць на нізкія і зноў на высокія. У паўднёвай традыцыі галасы больш нізкія, спевакоў-мужчын падтрымлівае жаночы вакал. У мінулым зачынальнікам супольных спеваў быў правадыр[73].

Танцы з’яўляюцца моцным сацыяльным аб’яднальнікам, паколькі галоўнае ў іх не відовішча, а непасрэдны ўдзел[74]. Яны арганізоўваліся ў выпадках збору гуртоў аднаго ці розных паселішчаў, падас свят і гульні ў мяч. У нашы дні выкладаюцца ў індзейскіх школах. Шырока распаўсюджаны танцы з найменнем пэўных жывёл, калі танцоры адлюстроўваюць сваімі дзеяннямі розныя аспекты жыцця прыроды. У ваенных танцах удзел маглі браць не толькі мужчыны, але і жанчыны.

Вусная творчасць[правіць | правіць зыходнік]

Чакта захавалі багаты фальклор — казкі, міфы, легенды, генеалагічныя паданні. Папулярнымі героямі вуснай творчасці з’яўляюцца розныя жывёлы, паляўнічыя, што ішлі за сонцам, міфічныя постаці — вялікі змей Сінтхола, карлікі кові-анукаша, волаты шампэ і г. д.[75] Казкі пра труса-трыкстэра Чукфі паўплывалі на развіццё амерыканскай дзіцячай літаратуры.

Мова[правіць | правіць зыходнік]

Мова чакта адносіцца да маскогскай сям’і моў[76]. Падзяляецца на 3 буйныя дыялекты. У нашы дні вылучаюцца асобныя гутарковыя дыялекты Аклахомы і Місісіпі. Існуе некалькі варыянтаў пісьмовасці на аснове лацінкі.

Зноскі

  1. 2010 Census CPH-T-6. American Indian and Alaska Native Tribes in the United States and Puerto Rico: 2010
  2. A Brief History of the Choctaw Nation
  3. Origin Stories
  4. Nanih Waiya Mound and Village — National Register of Historic Places
  5. Nanih Waiya Mound — Choctaw.org(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 27 ліпеня 2019. Праверана 6 ліпеня 2019.
  6. Minahan, J. Ethnic Groups of the Americas: An Encyclopedia / J. Minahan. — Santa Barbara, Denver, Oxford: ABC-CLIO, 2013 — P. 94
  7. Morris, Ch. The Big Muddy: An Environmental History of the Mississippi and Its Peoples, from Hernando de Soto to Hurricane Katrina / Ch. Morris. — Oxford University Press, 2012 — P. 21 — 22
  8. Galloway, P. Choctaw Genesis, 1500—1700 / P. Galloway. — Lincoln, London: University of Nebrasca Press, 1995
  9. Definition of Choctaw by Merriam-Webster
  10. BEYOND THE DIVIDE: CHICKASAW-CHOCTAW WARFARE Архівавана 7 ліпеня 2019.
  11. а б Choctaw — Encyclopedia of Arkansas
  12. Southeastern Indians and the American Revolution
  13. Five Civilized Tribes
  14. Pushmataha — Encyclopedia of Alabama
  15. Mushulatubbee and Choctaw Removal: Chiefs Confront a Changing World Архівавана 19 ліпеня 2019.
  16. The Choctaw Removal Архівавана 11 ліпеня 2019.
  17. Touring Native Oklahoma: ‘The Land of ‘Red People’
  18. 1830 Treaty of Dancing Rabbit Creek
  19. Trail of Tears
  20. The Choctaw Nation of Oklahoma
  21. Austin C. Megli, The Choctaw Nation of Oklahoma: History, Influences, and Contemporary Setting of the Choctaw Legal Structure Архівавана 14 ліпеня 2019.
  22. а б Choctaw (tribe) — The Encyclopedia of Oklahoma History and Culture
  23. How Native Americans adopted slavery from white settlers
  24. ARTICLES OF CONFEDERATION ENTERED INTO BETWEEN MUSCOGEES, SEMINOLES, CHOCTAWS, AND CHICKASAWS AND THE CONFEDERATE STATES OF AMERICA July 1, 1861
  25. TREATY WITH CHOCTAW AND CHICKASAW, 1866
  26. TRIBAL COUNCIL
  27. Kenneth H. Carleton, A Brief History of the Mississippi Band of Choctaw Indians Архівавана 15 ліпеня 2007.
  28. LeFLORE, GREENWOOD (1800—1865)
  29. Greenwood LeFlore, the Famous Mississippi Indian Chief(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 9 кастрычніка 2020. Праверана 15 ліпеня 2019.
  30. The Mississippi Constitution of 1890 as originally adopted Архівавана 13 жніўня 2019.
  31. Kenneth H. Carleton, A Brief History of the Mississippi Band of Choctaw Indians Архівавана 15 ліпеня 2007.
  32. History(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 4 ліпеня 2019. Праверана 15 ліпеня 2019.
  33. About the MOWA Choctaw Indians
  34. History Архівавана 22 ліпеня 2019.
  35. Jena band of choctaw indians of Louisiana confirmation act
  36. Jena Band of the Choctaw Tribe
  37. Federal and State Recognized Tribes
  38. CHOCTAW INDIANS — Texas State Historical Association
  39. History Mount Tabor Indian Communit
  40. а б Native American Farming and Agriculture
  41. Traditional Agriculture
  42. Agriculture, Forest Food and Fiber Use, and Burning Practices of the Choctaw Indians Pre-European Contact — Mid 17
  43. а б Mississippi Choctaw: Food and Fiber Pre 1830’s
  44. Choctaw Herd — Return to Freedom
  45. Choctaw — Economy
  46. CHOCTAW DOLLS
  47. Choctaw — Settlements
  48. Agriculture, Forest Food and Fiber Use, and Burning Practices of the Choctaw Indians Pre-European Contact — Mid 1700’s
  49. Houses
  50. CEREMONIAL DRESS
  51. Clothing — Choctaw.org(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 5 ліпеня 2019. Праверана 18 ліпеня 2019.
  52. Akers, D. Culture and Customs of the Choctaw Indians / D. Akers. — Santa Barbara, Denver, Oxford: ABC-CLIO, 2013 — P. 145
  53. Was the Pre-Colonial Choctaw Native American Diet Vegetarian?
  54. Food
  55. Food — Choctaw Nation
  56. CHOCTAW FOOD
  57. Choctaws and a Cornucopia of Food
  58. Black drink Архівавана 10 верасня 2016.
  59. CHOC BEER
  60. FRED EGGAN, HISTORICAL CHANGES IN THE CHOCTAW KINSHIP SYSTEM Архівавана 20 ліпеня 2019.
  61. Choctaw — Kinship
  62. Choctaw Tribal Clans(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 20 ліпеня 2019. Праверана 20 ліпеня 2019.
  63. Choctaw — Sociopolitical Organization
  64. The Choctaw Indians Архівавана 20 ліпеня 2019.
  65. The Constitution and Laws of the Choctaw Nation
  66. Choctaw — Marriage and Family
  67. THE PRACTICE OF HEAD BINDING Архівавана 17 ліпеня 2019.
  68. Choctaw Stickball
  69. а б Choctaw Games of our Ancestors
  70. Chunkey Symbol
  71. Choctaw Musical Instruments Архівавана 25 ліпеня 2019.
  72. Choctaw Music Архівавана 25 ліпеня 2019.
  73. Choctaw’s Musical Culture
  74. Traditional Dancing(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 21 ліпеня 2019. Праверана 25 ліпеня 2019.
  75. Native Languages of the Americas: Choctaw Legends, Myths, and Stories
  76. Choctaw language, alphabet and pronunciation

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]