Чаргаванне гукаў
Выгляд
Чаргава́нне гу́каў, альтэрна́цыя (лац.: alternatio — чаргаванне) — заканамерная замена гукаў мовы ў межах адной і той жа марфемы ў розных словах або словаформах. Адрозніваюць чаргаванне гістарычнае (традыцыйнае) і пазіцыйнае (фанетычнае)[1].
У беларускай мове
[правіць | правіць зыходнік]Гістарычнае чаргаванне гукаў абумоўлена гукавымі працэсамі, якія адбываліся ў старажытны перыяд і ў сучаснай беларускай мове не існуюць. Напрыклад:
- б — бл, п — пл, в — ўл, ф — фл, м — мл (вынік узаемадзеяння губных зычных з [й]): любіць — люблю, сыпаць — сыплю, славіць — слаўлю, графіць — графлю, запляміць — заплямлю[1][2];
- чаргаванне заднеязычных [γ], [к], [х] з шыпячымі [ж], [ч], [ш] і свісцячымі [з’], [с’], [ц] (вынік палаталізацыі): даро[γ]а — даро[ш]ка — на даро[з’]е, ра[к]а — рэ[ч]ка — у рэ[ц:]ы, стра[х]а — падстрэ[ш:]а — на стра[с’]е[2];
- чаргаванне свісцячых [з], [с] з шыпячымі [ж], [ш] (вынік палаталізацыі): ва[з’]іць — вя[з]у — ва[ж]у, ка[с’]іць — пако[с] — ка[ш]у[2];
Пры пазіцыйным чаргаванні змена гукаў у слове абумоўлена фанетычнымі законамі сучаснай мовы. Найбольш частыя пазіцыйныя чаргаванні гукаў у беларускай мове:
- чаргаванні, звязаныя з рэдукцыяй галосных (аканне, яканне): д[о]м — д[а]мы, [с’э]м — [с’а]мі[1][2];
- [у] — [ў]: ён узяў — яна ўзяла[1];
- [і] — [ы]: ісці — адысці[1];
- звонкія і глухія зычныя: са[д]ы — са[т][1][2];
- цвёрдыя і мяккія зычныя: ру[к]а — ру[к’]і[1][2];
- свісцячыя і шыпячыя зычныя: гру[з’]іць — гру[ш]чык[1][2].
Гл. таксама
[правіць | правіць зыходнік]Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- 1 2 3 4 5 6 7 8 Чаргаванне гукаў // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 17: Хвінявічы — Шчытні / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2003. — Т. 17. — С. 225. — 512 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0279-2 (т. 17).
- 1 2 3 4 5 6 7 Беларуская мова: энцыклапедычны даведнік / пад агул. рэд. Д.В. Дзятко. — Мн.: Беларусь, 2022. — С. 199—200. — 495 с. — ISBN 978-985-01-1558-4.