Чарнагора
Чарнагора | |
---|---|
![]() | |
![]() |
Чарнагора (укр.: Чорногора) — горны масіў Усходніх Карпат, да якога належыць Гаверла (2061 м) — найвышэйшы пункт Украіны.
Знаходзіцца на паўднёва-ўсходнім прадаўжэнні Паланінскага хрыбта, у межах Закарпацкай і Івана-Франкоўскай абласцей. Цягнецца на 40 км паміж далінамі рэк Чорная Ціса, Белая Ціса і Чорны Чэрэмош.
Чарнагора — крутасхілае сярэднягор’е, над якім узнімаюцца вяршыні галоўнага хрыбта. Складаецца пераважна з флішу, месцамі маюцца выхады вулканічных парод. У плейстацэне Чарнагора трапляла ў зону зледзянення. Снегавая лінія ў эпоху апошняга зледзянення знаходзілася на вышыні 1450—1550 м.
Схілы глыбока рассечаныя, у верхняй частцы выражаны альпійскі рэлеф з ледавіковымі формамі: карамі, трогамі, цыркамі, марэнамі. Старажытныя ледавіковыя цыркі і кары не захапілі грэбневую зону, дзе захавалася паласа дэнудаванага рэльефу з адносна мяккімі формамі на аснове прыўзнятай зыходнай пенепленезаванай паверхні міяцэнавага ўзросту. Цвёрдыя пласты пескавікоў і кангламератаў на грабянях Чарнагары выступаюць у выглядзе скал незвычайнай формы («шпіцы» і інш.). На схілах пашыраны каменныя асыпкі.
Клімат вільготны, максімум ападкаў улетку. На Чарнагары ў чэрвені-ліпені два з трох дзён бываюць з дажджамі. Узімку фарміруецца значнае снегавое покрыва. Маюцца каравыя азёры.
Схілы ўнізе ўкрыты букавымі лясамі, вышэй ляжыць пояс яловых лясоў, на паўднёва-заходніх схілах елка заходзіць у пояс субальпійскіх лугоў, дзе яе крона набывае сцягападобную форму. У верхняй паласе пад кронамі елкі і на палянах з'яўляюцца сцелістыя формы горнай сасны і ядлоўца. На вяршынях гор — паланіны. Вышэй за 1800 м субальпійскі пояс пераходзіць у альпійскі.
Чарнагорскі запаведны масіў з’яўляецца часткай Карпатскага біясфернага запаведніка . Аб’ект турызму. На горных лугах пасвяць жывёлу.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Г. П. Міллер. Чорногора // Географічна енциклопедія України: [в 3 т.] / редкол.: О. М. Маринич (відповід. ред.) та ін. Т. 3. — К.: Українська енциклопедія ім. М. П. Бажана, 1993. (укр.)