Чарназём

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Чарназёмы, ЗША

Чарназём — багаты на гумус, цёмнаафарбаваны тып глеб лесастэпавай і стэпавай зон умераных паясоў.

Умовы глебаўтварэння[правіць | правіць зыходнік]

Чарназёмы фарміруюцца пад шматгадовай травяністай расліннасцю пры недахопе вільгаці ва ўмовах непрамыўнога або перыядычна прамыўнога воднага рэжыму, у асноўным на карбанатных пародах (лёсападобных суглінках ці глінах).

Кліматычны пояс умераны, сектар — умерана кантынентальны, характэрна чаргаванне ўвільгатнення і ўсушэння, а таксама панаванне дадатных тэмператур. Сярэднегадавая тэмпература +3…+7 °C. Гадавая сума ападкаў — 300—600 мм.

Рэльеф хваліста-раўнінны (перыядычна зрэзаны западзінамі, лагчынамі, ярамі, рачнымі тэрасамі).

Расліннасць шматгадовая травяністая лугава-стэпавай і стэпавай падзоны, якая штогод пакідае ў глебе значную колькасць раслінных рэштак. У адпаведных гідратэрмічных умовах ідзе іх раскладанне з утварэннем перагнойных злучэнняў (гуміфікацыя), якія накопліваюцца ў верхніх слаях глебы. Разам з гумусам у глебе ў відзе складаных аргана-мінеральных злучэнняў замацоўваюцца такія элементы жыўлення раслін, як азот, фосфар, сера, жалеза і г.д.

Глебаўтваральныя пароды — лёсы і лёсападобныя суглінкі.

Будова глебавага профіля[правіць | правіць зыходнік]

Профіль чарназёмаў

Будова профіля:[1]

  • A — гумусавы гарызонт (бывае больш за 1 м)
  • B — ілювіяльна-карбанатны гарызонт
  • C — глебаўтваральная парода (звычайна лёс)

Уласцівасці[правіць | правіць зыходнік]

Чарназёмы маюць добрыя водна-паветраныя ўласцівасці, адрозніваюцца камякаватай ці крупчастай структурай, утрыманнем у глебавым паглынальным комплексе ад 70 да 90 % кальцыю, нейтральнай ці амаль нейтральнай рэакцыяй, павышанай натуральнай урадлівасцю, інтэнсіўнай гуміфікацыяй і высокім, парадку 15 %, утрыманнем у верхніх слаях перагною.

Віды[правіць | правіць зыходнік]

Падзяляюць на 2 градацыі:

Паводле магутнасці гумусавага слоя(A+AB)[правіць | правіць зыходнік]

  • а) звышмагутныя (магутнасць звыш 120 см.)
  • б) магутныя (120-80 см.)
  • в) сярэднемагутныя(80-40 см.)
  • г) маламагутныя(<40 см.)

Паводле колькасці гумусу % у Ап[правіць | правіць зыходнік]

  • а) тлустыя (>9 %) (афарбоўка чорная)
  • б) сярэднегумусныя(9-6 %) (чорная)
  • в) малагумусныя(6-4 %)(цёмна-шэрая)
  • г) слабагумусныя(<4 %)(шэрая)
  • д) мікрагумусныя(<2 %)(светла-шэрая)

Падтыпы[правіць | правіць зыходнік]

  • ападзоленыя чарназёмы
  • вышчалачаныя чарназёмы
  • тыповыя чарназёмы
  • звычайныя чарназёмы
  • паўднёвыя чарназёмы

Чарназёмныя зоны[правіць | правіць зыходнік]

Размеркаванне чарназёмаў

Геаграфічна чарназёмы займаюць значныя плошчы. У Еўразіі зона чарназёмаў ахоплівае Венгрыю, Балгарыю, Аўстрыю, Чэхію, Славакію, Балканы, Малдову, Украіну, Манголію і Кітай, цэнтральна-чарназёмныя вобласці Расіі, Паволжа, Паўночны Каўказ, Заходнюю Сібір.

Вядучае месца ў свеце сярод краін, на тэрыторыі якіх распаўсюджаны чарназёмы, займае Украіна. Чарназёмы Украіны займаюць 27,8 млн га, што складае 8,7 % ад сусветных плошчаў чарназёмаў.

У Паўночнай Амерыцы да зоны чарназёмаў адносяцца заходняя частка ЗША і поўдзень Канады. У Паўднёвай Амерыцы чарназёмы назіраюцца на поўдні Аргенціны і ў паўднёвых перадгорных раёнах Чылі.

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі

  1. Геаграфічныя паняцці і тэрміны. Мн.: БелЭн, 1993.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Геаграфічныя паняцці і тэрміны. — Мн.: БелЭн, 1993. ISBN 5-85700-085-8
  • Глазовская М. А. Почвы мира, Тт. 1-2. — М.: Изд-во МГУ, 1972—73.
  • Классификация и диагностика почв СССР. — М.: Колос, 1977. — 223 с.
  • Минеев В. Г., Панников В. Д. Почвы, климат, удобрения и урожай. — М.: Агропромиздат, 1987. — 512 с.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]