Чарняхоўская культура

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Чарняхоўская культура
Сярэднявечча


Чарняхоўская культура ў III стагоддзі н.э.:

      — чарняхоўская культура
Геаграфічны рэгіён Паўночнае Прычарнамор'е
Лакалізацыя стэпавая паласа Украіны і Малдовы
Датаванне II-IV стагоддзя
Носьбіты готы
Тып гаспадаркі земляробства
Даследчыкі П. Райнеке, В. В. Хвойка
Пераемнасць
Зарубінецкая

Вельбарская

Пянькоўская

Іменькаўская

Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Чарняхоўская культура — раннесярэдневяковая археалагічная культура, якая існавала на тэрыторыях Украіны (уключаючы Крым[1]), Малдовы і Румыніі ў II-IV стагоддзях. Змяняе зарубінецкую культуру.

Чарняхоўская культура прасочваецца там, дзе старажытныя аўтары размяшчаюць готаў, прычым згасае як раз у той час, калі готы мігрыруюць з Прычарнамор'я на захад Еўропы.[2] На гэтай падставе большасць гісторыкаў (П. Райнеке) злучаюць гэту культуру з дзяржавай готаў.

Больш ранні этап развіцця этнаса ўяўляе вельбарская культура. Апроч асноўнага (гоцкага), прызнаецца наяўнасць сярод чарняхоўцаў і іншых этнічных элементаў (сарматы, гепіды, дакі, фракійцы, геты, славяне-анты).

Этымалогія[правіць | правіць зыходнік]

Названа па магільніку ў сяла Чарняхоў Кагарлыцкага раёна Кіеўскай вобласці, даследаванаму В. В. Хвойкам ў 1900—1901 гадах. На тэрыторыі Румыніі чарняхоўская культура называецца Сынтана-дэ-Мурэш—Чарняхоў па назве паселішча ў трансільванскім жудзецы Мурэш. Даследаваны рэшткі паселішчаў і грунтавыя магільнікі.

Культура[правіць | правіць зыходнік]

Жылья[правіць | правіць зыходнік]

Чарняхоўцы жылі ў вялікіх неўмацаваных паселішчах. Наземныя жытлы і зямлянкі размяшчаліся радамі. Плошча некаторых наземных хат, якія належалі, верагодна, вялікім патрыярхальным сем'ям, перавышала 100 м². У наземных пабудоў сцяны ўзводзіліся з жэрдак, абмазаных глінай. Падлогі ўяўлялі або ўтрамбаваную зямлю, або пакрываліся глінай. Жытлы ацяпляліся каменнымі або глінянымі ачагамі. Каля хат знойдзены гаспадарчыя пабудовы і ямы-сховішчы, часам глыбінёй да 3 метраў.

Па мяжы распаўсюджвання Чарняхоўскай культуры да нашага часу захаваліся так званыя Зміевы і Траянавы валы.

Металургія[правіць | правіць зыходнік]

Былі развіты жалезаапрацоўчае, кавальскае, бронзаліцейнае, каменясечнае, кастарэзнае рамёствы, прычым майстры працавалі пераважна па замовам і толькі часткова на рынак. Аналіз тэхналогіі выяўляе адносна высокі ўзровень жалезаапрацоўчага рамяства. Жалезаапрацоўчыя гораны адкрыты на паселішчах у невялікай колькасці. Асобнае скопішча такіх горанаў выяўлена пад Уманню.

У Ільінецкім раёне Вінніцкай вобласці выяўлены Ільінецкі кар'ер — старажытны кар'ер па здабычы вулканічнага туфу для вырабу жоранаў да млыноў. Археолаг П. І. Хаўлюк, які выявіў кар'ер, датуе яго стварэнне III ст. н.э. і прыпісвае яго да Чарняхоўскай культуры.[3]

Чарняхоўскія ювеліры выраблялі розныя ўпрыгажэнні з бронзы, серабра, золата. Былі распаўсюджаны ўпрыгажэнні з напаўкаштоўных камянёў, бурштыну і шкла. У вырабе ювелірных вырабаў выкарыстоўвалася зернь і скань. Адзенне зашпільвялася на плячы мастацка аформленымі металічнымі фібуламі. Іншымі відамі ўпрыгажэнняў былі скроневыя кольцы, бранзалеты, грыўні, раменныя бляхі.

Кераміка[правіць | правіць зыходнік]

Кераміка выраблялася галоўным чынам на ганчарным крузе і адрознівалася разнастайнасцю формаў. Знойдзены чыгуны, міскі, чары, гарлачы, кубкі, чаркі, вазы з трыма ручкамі. У побыце карысталіся таксама шклянымі кубкамі, касцянымі грабянямі, бронзавымі фібуламі. Ганчарныя гораны выяўлены больш чым на 20 паселішчах. У горане з Будэштаў (на тэрыторыі Малдовы) абпальваліся 150 пасудзін адначасова. Ганчарная кераміка пераважала над ляпной у большасці паселішчаў.

Прадметы з Будэшцкага некропаля Крыўлянскага раёна Малдовы, Чарняхоўская культура, III—IV стст. н.э.

Пахавальны абрад[правіць | правіць зыходнік]

У пахавальным абрадзе спалучаліся трупаспаленні (палі пахавальных урнаў) і трупапакладанні (апошнія пераважалі). У інвентары пахаванняў — кераміка, шкляныя кубкі, фібулы і касцяныя грабяні.

Гаспадарка[правіць | правіць зыходнік]

Жывёлагадоўля, земляробства, рамяство, паляванне, рыбалоўства. Уздым земляробства ў эпоху чарняхоўскай культуры адзначаны ўдасканаленнем плуга і рала з жалезнымі наканечнікамі; вол і конь выкарыстоўваліся, верагодна, як цяглавая сіла; пашырыўся склад культурнай травы; пад раллю асвоены значныя плошчы. Земляробства было падсечным і аблогавым. Прадукцыю сельскай гаспадаркі чарняхоўцы захоўвалі ў ямах-сховішчах або ў вялікіх гліняных пасудзінах — «зерневіках». Збожжа малолі жоранамі. З хатніх жывёл разводзілі буйную і дробную рагатую скаціну, свіней, коней, свойскую птушку.

Квітнеў гандаль з найбліжэйшымі антычнымі цэнтрамі. Пра гэта сведчаць імпартныя прадметы (амфары, у якіх прывозілі віно і аліўкавы алей, шкляныя кубкі, радзей — чырвоналакавыя пасудзіны) — цэлыя і ў абломках, выяўленыя на ўсіх помніках чарняхоўскай культуры. У знешнім і нутраным гандлі выкарыстоўвалася рымская манета. На тэрыторыі чарняхоўскай культуры выяўлена больш за тысячу манетных скарбаў. Некаторыя рысы чарняхоўскай культуры склаліся пад уплывам познеантычнай цывілізацыі.

Этнічны склад[правіць | правіць зыходнік]

Чарняхоўская культура

Чарняхоўская культура па часе і геаграфіі супадае з дзяржавай Оюм, заснаванай готамі напачатку III ст. н.э. і знішчанай гунамі ў канцы IV стагоддзя. Аднак большасць даследчыкаў лічыць, што чарняхоўская культура была поліэтнічнай. Апроч германцаў, тут жылі фракійцы-дакі, іранамоўныя сарматы, анты. Меркаванне пра такую поліэтнічнасць чарняхоўскай культуры грунтуецца, галоўным чынам, на наяўнасці лакальных асаблівасцей у хатабудаванні, кераміцы і пахавальным абрадзе яе носьбітаў.

Акадэмік Сядоў В. В. адзначае, што асноўным насельніцтвам чарняхоўскай культуры былі славяне-анты (пераважна з поўначы гэтай культуры), скіфа-сарматы (на поўдні), фракійцы і балты. Германскі (вельбарскі) элемент сканцэнтраваны ў Пруцка-Днястроўскай вобласці, што пацвярджаюць гістарычныя крыніцы, і невялікая колькасць іх таксама адзначаецца ў Ніжнім Падняпроўі[4]. На падставе археалагічных крыніц Сядоў выводзіць, што Оюм («водная краіна») знаходзіўся ў раёне Палесся, абмяжоўваючыся Пінскімі балотамі.

Асабняком стаіць меркаванне Б. А. Рыбакова, які лічыў, што чарняхоўскую культуру трэба было б хутчэй адносіць да ранняй старажытнаславянскай, і дасканалы аналіз, праведзены археолагам, хутчэй сведчыць не пра зараджэнне чарняхоўскай культуры за кошт готаў, якія затрымаліся там, але хутчэй пра прыкметны яе заняпад у той перыяд. Існуе гіпотэза пра перарастанне яе ў пражскую культуру[5], аднак кераміка гэтых культур значна адрозніваецца.

Лічыцца, што менавіта ў часы існавання чарняхоўскай культуры праславянская мова запазычыла шмат слоў германскага паходжання, напрыклад, хлеў, кацёл, шлем, труба, царква[6].

Антрапалагічнае аблічча[правіць | правіць зыходнік]

Чарняхоўскае насельніцтва выяўляе блізкасць да вельбарскай культуры і характарызуецца кельцкім і балцкім тыпам. Насельніцтва, блізкае да пшэварскай культуры і зарубінецкай культуры, не пакінула антрапалагічных помнікаў, паколькі хавала памерлых па абрадзе крэмацыі. Фіксуюцца значныя міграцыйныя патокі з раёнаў Цэнтральнай і Паўночнай Еўропы[7].

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Гимбутас М. Славяне. Сыны Перуна. — М.: Центрполиграф, 2003.
  • История Республики Молдова. С древнейших времён до наших дней = Istoria Republicii Moldova: din cele mai vechi timpuri pină în zilele noastre / Ассоциация учёных Молдовы им. Н. Милеску-Спэтару. — изд. 2-е, переработанное и дополненное. — Кишинёв: Elan Poligraf, 2002. — С. 22—24. — 360 с. — ISBN 9975-9719-5-4
  • Магомедов Б. В. Черняховская культура. Проблема этноса. — Люблин: Университет Марии Кюри-Склодовской, 2001. — (Monumenta Studia Gothica. Tom I). — ISBN 83-227-1762-8.(недаступная спасылка)
  • Магомедов Б. В. Черняховская культура Северо-Западного Причерноморья. — Киев, 1987.
  • Проблемы изучения черняховской культуры, в сборнике: Краткие сообщения Института археологии, в. 121, М., 1970.
  • Рафалович И. А. Данчены. Могильник черняховской культуры III-IV вв. н.э.. — Кишинев, 1986.
  • Рыбаков Б. А. Язычество древних славян. — 1981.
  • Черняховская культура. — М.: Издательство Академии наук СССР, 1960. — (Материалы и исследования по археологии СССР. № 82).(недаступная спасылка)
  • James P. Mallory Chernoles Culture // Encyclopedia of Indo-European Culture. — Fitzroy Dearborn, 1997.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]