Даўжыня цела 13 см, размах крылаў 17-21 см. Карычневая галава з цёмнымi палоскамi i белым брывом. Верх цела карычнева-алiўкавы, таксама ў палоскi, надхвосце аднакаляровае. Нiз цела белаваты, бакi цела трошкi карычняватыя. Маладыя больш жаўтаватыя, асаблiва на надхвосці i версе галавы.
Рухавыя і шумлівыя птушкі. Песня — набор трыскучых і скрыпучых гукаў у выглядзе скорагаворкі з паўзамі. Часта спявае пад час шлюбнага палёту хрыплым i рваным голасам з трэлямi, якiя часам падобныя на галасы iншых птушак. Позыў «цек», асцерагае хрыплым «чэрр» (вельмi падобна, як трысняговая чаротаўка).
Арэал: Еўропа, Каўказ, Заходняя Сібір. На Беларусі найбольш масавы на гнездаванні з усіх чаротавак пералётны і транзітна мігрыруючы від. Месца зімовак: трапічная Афрыка на поўдзень ад Сахары.
Насяляе вільготныя і добра праграваемыя сонцам адкрытыя тэрыторыі з высокай расліннасцю (тарфянікі, якія параслі асакой і невялікімі кустамі); высокiя асокі на забалочаных або абалонных мясцiнах, ускрайкі надводных зараснікаў трыснягу і рагозу з боку сушы, нiзкi надрэчны вярбняк з буйна развiтай кронай. Пазбягае дрэў, густых i высокiх кустоў, скал i адкрытых мясцiн; кормiцца звычайна ад 10-150 см над зямлёй. Сустракаецца таксама на сухiх тэрыторыях, якiя гарантуюць стабiльнае развiццё раслiн, напр., запушчаныя сады, жывая агароджа вакол ферм, рысавыя, ячменныя палi i iншыя збожжавыя, пасевы гароху, канюшыны i рапсу, i нават у маладых лесапасадках сасны, калi вышыня дрэў не перавышае 2 м.
Спрытна лазіць у зарасніках прыбярэжных раслін. Корміцца дробнымі насякомымі, іх лічынкамі, чарвякамі.
Гняздо «ўціснутае» ў ніжнюю частку куста, праз які расце густая травянiстая расліннасць або ў купіне асакі на зямлi цi да 50 см над ёй. Яно глыбокае, у выглядзе куля без верху цi элiптычнае (над вадой). Знешняя частка з шырокіх, выгнутых лістоў травы або асакі, сцёблаў, моху (у нiжняй частцы), часта з павуцiнай; высцілка з сухіх травінак, часта з прымессю суквецця трыснягу, шэрсцi або расліннага пуху.
Яйкі (4-6, часам 3-8), крыху падоўжаныя, светла-аліўкава-зялёныя, алiўкава-жаўтаватыя або аліўкава-шэрыя, пакрытыя вельмі дробнымі і густымі, карычнева-аліўкавымі плямкамі, якiя могуць маскiраваць колер фону. Памеры: 18 х 13,5 мм.