Часлаў Манюшка
| Часлаў Манюшка | |
|---|---|
| Аўтапартрэт. 1835 г. | |
| Крыўда | |
| Нараджэнне |
20 ліпеня 1790[1] |
| Смерць | 1870 |
| Месца пахавання | |
| Род | Манюшкі |
| Бацька | Станіслаў Манюшка[d][1] |
| Маці | Ева з Вайніловічаў[d] |
| Жонка | Альжбета з Маджарскіх[d][1] |
| Дзеці | Станіслаў Манюшка[2] |
| Член у | |
Часлаў Станіслававіч Манюшка (20 ліпеня 1790, Смілавічы, Менскі павет, Менскае ваяводства, Вялікае Княства Літоўскае — 1870) — арыстакрат, бацька кампазітара Станіслава Манюшкі.
Біяграфія
[правіць | правіць зыходнік]Прадстаўнік старажытнага беларускага шляхецкага роду Манюшкаў герба «Крыўда», сын Станіслава (1734—1807) і Евы з Вайніловічаў.
Нарадзіўся 20 ліпеня 1790 года ў Смілавічах. Як адзначае А. Валіцкі, Часлаў Манюшка ў той жа дзень быў ахрышчаны мясцовым ксяндзом М. Гродскім. Пачатковую адукацыю Часлаў атрымаў пад кіраўніцтвам ксяндза экс-місіянера Ю. Корвеля. Пасля гэтага вучыўся ў Смілавіцкім канвенце. Потым пераехаў у Вільню, відаць, хутчэй за ўсё ён хацеў паступіць у Віленскі ўніверсітэт[3].
Нягледзячы на тое, што яшчэ ў пяцігадовым узросце страціў адно вока, у 1807 годзе ўступае ў войска Герцагства Варшаўскага, у складзе якога прымае ўдзел ў кампаніі 1807 года, падчас якой быў ад’ютантам маршала Мюрата, біўся пры Гофе, Эйлау, Гутштаце, Гейльсбергу. У 1808 годзе суправаджаў свайго патрона ў Мадрыд, прызначанага камандуючым Іспанскай арміяй. Удзельнічаў у падаўленні Мадрыдскага паўстання, 7 верасня — ад’ютант генерала Валанса, камандуючага 3-й польскай дывізіі IV корпуса Арміі Іспаніі.
Удзельнік вайны 1812 года. Прызначаны капітанам у полк конных літоўскіх стралкоў, сфарміраваны яго старэйшым братам Ігнацыем Манюшкам, але ж з-за праблем з камплектацыяй і навучаннем адзінкі амаль увесь час састаяў пры штабе маршала Даву. У 1813 (ці ў 1815) годзе ён выйшаў у адстаўку[3]. Не вярнуўся з-за мяжы, і таму яго маёнтак у Ігуменскім павеце паводле царскага маніфеста быў канфіскаваны ў казну[4][удакладніць].
20 ліпеня 1818 года ён ажаніўся з Альжбетай Маджарскай і асеў у маёнтку Убель паблізу Смілавічаў. Як адзначаў А. Валіцкі, «… Часлаў меў характар надзвычай сяброўскі і вясёлы. З погляду навуковай адукацыі ён не мог параўнацца са сваімі братамі, але вайсковая служба, шматлікія падарожжы і сяброўства з цікавымі людзьмі, не толькі з арыстакратыі, але і з вельмі адукаванымі, аказалі значны ўплыў на яго выхаванне»[3].

У 1820 годзе — адстаўны капітан ВП[4].
Член масонскай ложы «Паўночная паходня» ў Мінску, масон 3-й ст. у 1820; член ніжэйшага капітула «Святыні Спакою» ў Нясвіжы[4].
Пасля Дамініка быў гаспадаром маёнтка Радкаўшчызна, паставіў яму тут каменны абеліск з надпісам «Заснавальніку агранамічнай школы ў 182… у Радкаўшчызне. Брат Часлаў Манюшка. 1861 г. чэрвеня 20 дня. Любі Бога і Бліжняга з цэлага свайго сэрца. Рабі дабро…»[4]. У 1842 годзе Часлаў Манюшка быў вымушаны прадаць Убель губернскаму сакратару Івану Дзічкоўскаму[3]. Пасля смерці Манюшкі маёнтак Пацігола перайшоў праз шлюб Паўліны да роду Ваньковічаў[4].
Пахаваны разам з жонкай у сямейнай капліцы-пахавальні ў Роткаўшчыне.
Мастацкая спадчына
[правіць | правіць зыходнік]Захапляўся маляваннем і з задавальненнем прысвячаў яму вольны час. Як адзначалі сучаснікі, Часлаў не атрымаў добрай мастацкай адукацыі, але сяброўства з рознымі мастакамі і шматлікія з німі сувязі дапамагло Чаславу дасягнуць добрага ўзроўня. Сяброўскія адносіны склаліся ў яго з Валенціем Ваньковічам і Янам Дамелем. З першым з іх ён некаторы час нават жыў у адным доме і меў сумесную майстэрню. Акрамя таго, Часлаў быў заўзятым калекцыянерам. Ён збіраў творы мастацтва і вельмі часта плаціў вялікія грошы за каштоўныя рэчы. Даследчыкі адзначалі, што Часлаў Манюшка быў таленавітым рысавальшчыкам і яго матэрыялы з’яўляюцца каштоўнай іканаграфічнай крыніцай па гісторыі роду і асяроддзя Станіслава Манюшкі[3].
- Малюнкі Часлава Манюшкі
-
Панарама Мінска з боку Плябанскіх Млыноў. 1840-я
-
Плябанскія Млыны з боку Высокага Места. 1840-я
-
Дворык на Валоцкай вуліцы ў Мінску, удалечыні — касцёл Святога Тамаша Аквінскага. 1830-я
-
Валокі Полацкія. 1849
-
Палац Ваньковічаў у Вялікай Сляпянцы. 1830-я
-
Мінск з боку Людамонта. 1840-я
-
Малая Сляпянка. 1846
-
Сядзіба Манюшкаў ва Убелі
-
Станіслаў Манюшка за арганам ў віленскім касцёле Святых Янаў
Сям’я
[правіць | правіць зыходнік]
У шлюбе з Альжбетай Маджарскай (памерла ў 1850 годзе, пахавана ў Радкаўшчызне), праўнучкай майстра слуцкіх паясоў Яна Маджарскага, меў трох дзяцей:
- Станіслаў (1819—1872) — кампазітар;
- Марыяна, у шлюбе з Корсакам;
- Міхаліна, у шлюбе з Эдвардам Ваньковічам.
Зноскі
- ↑ а б в г Дзянісаў У. М. Сядзіба Манюшкі // Архіварыус — Мн.: Дзяржкамархіў, Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі, 2001. — вып. 1. — С. 33. — ISSN 2225-4412
- ↑ Дзянісаў У. М. Сядзіба Манюшкі // Архіварыус — Мн.: Дзяржкамархіў, Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі, 2001. — вып. 1. — С. 29. — ISSN 2225-4412
- ↑ а б в г д Сядзіба Манюшкі Архівавана 24 верасня 2021.. Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі
- ↑ а б в г д Швед 2007.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Швед, В. В. Манюшка Чэслаў Станіслававіч // Масоны і ложы на землях Беларусі (канец XVIII — першая чвэрць XIX ст.) : біябібліягр. слоўн.. — Гродна: ГрДУ, 2007. — 275 с. — ISBN 978-985-417-866-0.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]
На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Часлаў Манюшка