Перайсці да зместу

Чэслаў Янкоўскі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Часлаў Янкоўскі)
Чэслаў Янкоўскі
Асабістыя звесткі
Псеўданімы Czesław, Litwin[1]
Дата нараджэння 9 снежня 1857(1857-12-09)
Месца нараджэння
Дата смерці 6 лістапада 1929(1929-11-06) (71 год)
Месца смерці
Пахаванне
Грамадзянства
Альма-матар
Прафесійная дзейнасць
Род дзейнасці паэт, журналіст, палітык, гісторык, пісьменнік, публіцыст
Мова твораў польская
Узнагароды
афіцэр ордэна Адраджэння Польшчы
Лагатып Вікікрыніц Творы ў Вікікрыніцах
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Чэслаў (Часлаў) Янкоўскі (польск.: Czesław Jankowski; 9 снежня 1857, Паляны, на Ашмяншчыне — 6 кастрычніка 1929; Вільня, Псеўданімы: Чэслаў; Літвін, Ашмянчук) — польскі паэт, крытык, публіцыст, гісторык-краязнавец.[2][3][4]

Нарадзіўся ў сям'і Караля (1827–1887) і Ванды, народжанай Беніслаўскай, герба Пабог. Пачатковую адукацыю атрымаў дома ад маці, унучкі паэткі Канстанцыі Беніслаўскай. З 1870 па 1877 год вучыўся ў класічнай гімназіі ў Мітаве з нямецкай мовай навучання.

Дэбютаваў як паэт вершам «Песні і людзі» ў 1876 годзе ў часопісе «Biesiada Literacka». З 1877 па 1879 год вучыўся ў Варшаўскім універсітэце на філалагічным і гістарычным факультэце. Яго настаўнікам у гэты перыяд быў Антон Эдвард Адынец, ураджэнец Ашмянскага павета, які пазнаёміў яго з салонам Дэатымы (Ядзвігі Лушчэўскай). Янкоўскі таксама быў госцем на «літоўскіх» грамадскіх вечарынах сям'і Шаткевічаў (дзе пазнаёміўся з Генрыкам Сянкевічам). Вывучаў жывапіс у Станіслава Віткевіча.

У 1879–1882 гадах вывучаў філасофію ў Ягелонскім універсітэце. У 1883–1886 гадах працаваў у газеце «Kurier Warszawski», спецыялізуючыся на фельетонах.

У 1889 годзе быў літаратурным дырэктарам варшаўскай газеты «Kurier Codzienny», а ў 1890–1893 гадах — сакратаром рэдакцыі. Пад псеўданімам Stenio ён публікаваў сатырычныя жанравыя сцэнкі пра эмансіпацыю жанчын, што выклікала гнеў Марыі Канапніцкай, якая адказала на гэта некалькімі крытычнымі артыкуламі ў штотыднёвіку «Świt», які яна рэдагавала. Яго палеміка з вядомай паэткай павысіла папулярнасць Янкоўскага. На старонках «Tygodnik Ilustrowany» і «Kurier Warszawski» ён таксама публікаваў справаздачы аб выставах і крытычныя эсэ пра творчасць польскіх імпрэсіяністаў. Пасля ад'езду з Варшавы пасяліўся ў Палянах (1896–1900).

Стаў членам Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі[5].

У 1902–1904 гадах быў рэдакцыйным сакратаром пецярбургскага штотыднёвіка «Kraj».

Палітычная дзейнасць

[правіць | правіць зыходнік]

Спачатку трымаўся кансерватыўна-ліберальнага кірунку краёвасці[6], актыўна падтрымліваў Канстытуцыйна-каталіцкую партыю Літвы і Беларусі.

Рэдактар газеты «Kurier Litewski» (1.12.1905—1.4.1907).

Паводле Людвіка Абрамовіча:

Пад яго кіраўніцтвам "Кур'ер Літоўскі" стаў сапраўднай з'явай у нашай журналістыцы. Газета заўсёды трымала высокі культурны узровень, друкавала лепшых і выдатна інфармаваных аўтараў, але пры тым не страціла свайго індывідуальнага характару. Яна ўсебакова асвячала краёвае жыццё і перад усім служыла яго інтарэсам. Газета займала памяркоўную і нават кансерватыўную, але далёкую ад рэтраградства пазіцыю, якая з-за цэнзуры, магла быць не надта выразнай, але заўсёды падкрэслівала асобную гісторыю беларуска-літоўскіх зямель. Але "Кур'ер Літоўскі" быў далёкі ад шавінізму і нацыянальнай выключнасці, газета адрознівалася талерантнасцю і імкнулася да супрацы паміж народамі.[7]

На выбарах у I Думу заклікаў галасаваць толькі за дэпутатаў-«палякаў»[8]. У 1906 годзе быў выбраны дэпутатам I Дзяржаўнай думы ад Віленскай губерні. Уваходзіў у фракцыю дэпутатаў «Краёвае кола Літвы і Русі» (ці «Дэпутацкае кола Літвы і Русі», «Тэрытарыяльнае кола», «Група дэпутатаў ад заходніх губерняў»). У аграрным пытанні выступаў супраць адчужэння нават часткі памешчыцкіх земляў. Крытыкаваў польскіх нацыянал-дэмакратаў («эндэкаў»). Разам з Раманам Скірмунтам быў арганізатарам віленскага схода землеўласнікаў (15 чэрвеня 1907), дзе была заснавана Краёвая партыя Літвы і Беларусі.

Пасля сыходу з «Літоўскага кур'ера» у 1907 годзе спрабаваў выдаваць свой уласны штотыднёвік «Głos Polski» (хрысціянска- прагрэсіўнай арыентацыі), які павінен быў стаць органам Краёвай партыі Літвы і Беларусі. Выйшла толькі пяць нумароў выдання.

Варшаўскі перыяд (1907-1915)

[правіць | правіць зыходнік]

У канцы 1907 года ён вярнуўся ў Варшаву і стаў членам рэдакцыйнага калектыву палітычнай газеты «Słowo». У гэтай газеце (№88, 1909) апублікаваў артыкул "Краёвая ідэя", на яго думку, толькі краёвая ідэя магла перашкодзіць абвастрэнню канфліктаў і супярэчнасцяў, што пагражаюць адзінству края, які з'яўляецца сумеснай Айчынай розных народаў.

Толькі пад лозунгам гэтай ідэі ў Літве і Русі можа наступіць яднанне мясцовых нацыянальных сілаў для сумеснай працы дзеля будучыні краю. Толькі і выключна краёвая ідэя як ідэя рознаэтнічнага краёвага грамадзянства, здолее вырашыць праблемы тутэйшых нацыяналізмаў і ў першую чаргу польска-літоўскую праблему, якая, нарэшце, перастане быць праблемай.[9]

У 1909 годзе быў членам камітэта па драматычных конкурсах Варшаўскіх урадавых тэатраў, а ў 1913 годзе — старшынёй тэатральнай секцыі Таварыства польскіх пісьменнікаў і журналістаў у Варшаве. У 1913 годзе супрацоўнічаў з «Przegląd Wileński» Людвіка Абрамовіча і «Prawda» Вінцэнта Рымоўскага. З кастрычніка 1914 г. па люты 1915 г. за ўласны кошт выдаваў беспартыйны штотыднёвік «Przegląd Warszawski» (выйшла пяць нумароў), дзе публікаваў, сярод іншага, кароткія мастацкія рэцэнзіі, а таксама рэцэнзіі на паэзію. Пасля закрыцця газеты падтрымліваў пастаяннае супрацоўніцтва толькі з «Tygodnik Ilustrowany», публікуючы тэатральныя рэцэнзіі.

У гэты час ён стаў вядомым як прыхільнік беларускага народа і культуры, і адначасова крытык літоўскага нацыяналізму. Пад уплывам падзей 1914 года (пагаршэнне палітычнай сітуацыі і пачатак Першай сусветнай вайны) ён радыкальна змяніў свае погляды на польскую нацыянальную справу, што знайшло найбольш поўнае адлюстраванне ў двух брашурах, апублікаваных у той час: «Польскі народ і яго Айчына. Нарыс рэальнай нацыянальнай палітыкі» і «Этнаграфічная Польшча. Папулярны гістарычны нарыс». У гэтых брашурах ён выступаў супраць так званай Ягелонскай ідэі і выступаў за адмову ад крэсаў (памежжа) і засяроджванне на этнаграфічнай тэрыторыі, каб эфектыўна абараняцца ад рускага і нямецкага нацыяналізмаў.[3] Паводле Алеся Смалянчука, "амаль упершыню польскі палітык прадказваў перамогу беларускага руху, які паводле яго меркавання не мае ніякіх прыязных сантыментаў да польскай прысутнасці ў Беларусі".[10]

Віленскі перыяд (1915-1929)

[правіць | правіць зыходнік]

З ліпеня 1915 года па люты 1916 года ён жыў у акупаванай немцамі Вільні, рабіў нататкі для «Tygodnik Ilustrowany», якія пазней былі апублікаваны ў кніжным выданні «З дня ў дзень: Варшава 1914 – Вільня 1915» (Вільня, 1923). Супрацоўнічаў з Польскім адукацыйным камітэтам, які каардынаваў развіццё польскай адукацыі ў Літве падчас акупацыі. Выступаў за стварэнне асобнага польскага кіраўнічага органу — «Нацыянальнага польскага сената для Літвы і Беларусі».

Пасля таго, як Вільня была адбіта ў бальшавікоў у красавіку 1919 года заняў сваю першую пасаду ў дзяржаўным кіраванні — кіраўніка Дэпартамента друку Грамадзянскай адміністрацыі Усходніх тэрыторый. Адным з яго абавязкаў быў кантроль за публікацыямі ў прэсе. Некаторы час ён узначальваў так званы Камітэт нейтральнага пояса — орган Міністэрства замежных спраў Польшчы, які рыхтаваў дакументацыю для Лігі Нацый адносна Віленскай вобласці, на якую прэтэндавалі літоўцы. Нягледзячы на ​​свае службовыя абавязкі, ён не цалкам адмовіўся ад журналісцкай дзейнасці. Таксама зноў паспрабаваў выдаць уласны штотыднёвік «Tygodnik Wileński», афіцыйным рэдактарам якога быў кнігагандляр і выдавец Казімір Руцкі (1867–1945). Выданне карысталася падтрымкай уладаў, але з-за фінансавых цяжкасцей выйшла толькі пяць нумароў. Пачаў супрацоўнічаць з выданнямі «Nasz Kraj» і яго пераемнікам «Gazeta Krajowa». Абодва выданні прасоўвалі федэратыўную праграму і сімпатызавалі ўмераным памкненням літоўцаў і беларусаў. Палітычная платформа, якую ён прасоўваў, ужо лічылася польскімі палітыкамі анахранічнай. У 1922 годзе сышоў з дзяржаўнай службы.[3]

Далучыўся да кансерватыўнай газеты «Słowo» пад рэдакцыяй Станіслава Цат-Мацкевіча (1896–1966), дзе рэдагаваў дадатак «Przegląd Tygodniowy Życia Kultury i Obyczajowego». Найбольш папулярнай была яго нядзельная сатырычная калонка «Przechadzki po Wilnie» , якая выходзіла з чэрвеня 1924 года па снежань 1925 года (дадатковая частка з'явілася ў 1927 годзе). Таксама працягваў пісаць тэатральную крытыку.

Удзел Янкоўскага ў мясцовых справах выразна дэманструецца яго намаганнямі па ўсталяванні ў Вільні помнікаў выдатным літаратурным дзеячам: Уладзіславу Сыракомлі і Адаму Міцкевічу. Першая ініцыятыва была заблакаваная, а другая так і не была рэалізавана з-за працяглых канфліктаў паміж прыхільнікамі розных праектаў і пачатку Другой сусветнай вайны ў 1939 годзе. Сярод іншага, займаў пасаду прэзідэнта Віленскага аддзялення Прафсаюза польскіх пісьменнікаў, створанага ў 1925 годзе, і Сіндыката Віленскіх журналістаў. Яго любоў да Вільні прасочваецца ў многіх яго публікацыях, у тым ліку ў памятных брашурах 1927 года: «Пра Славацкага» і «Гасцям Вільні на памяць», надрукаваных да каранацыі абраза Маці Божай Вострабрамскай. Важным сведчаннем развіцця віленскага тэатра, літаратуры і прэсы паміж 1905 і 1925 гадамі стаў «Літаратурны альманах» (1926), які ён рэдагаваў і дзе былі змешчаны біяграфіі 45 аўтараў і ўрыўкі з іх твораў.

2 чэрвеня 1926 года, у пяцідзесятую гадавіну літаратурнага дэбюту Янкоўскага, у віленскім тэатры «Lutnia» адбыўся музычна-літаратурны вечар, прысвечаны яму, падзея знайшла водгук у тагачаснай прэсе.[3]

Гісторыка-краязнаўчыя працы

[правіць | правіць зыходнік]

У гісторыка-этнаграфічных нарысах «Ашмянскі павет: Матэрыялы да гісторыі краю і людзей» («Powiat Oszmiański: Materjały do dziejów ziemi i ludzi», т. 1—4, С.-Пецярбург; Кракаў, 1896—1900) даў грунтоўную характарыстыку Валожыншчыны, Смаргоншчыны, Маладзечаншчыны, выклаў гісторыю знакамітых шляхецкаіх родаў краю, маёнткаў, мястэчак, касцёлаў, кальвінскіх збораў, друкарняў. Выдаў карэспандэнцыю Караля Станіслава Радзівіла "Пане Каханку" («Korespondencya księcia Karola Stanisława Radziwiłła wojewody wileńskiego "Panie Kochanku", 1744—1790: Z archiwum w Werkach», Кракаў, 1898).[11]

Пісаў лірычныя вершы, літаратурныя нарысы, займаўся перакладамі.

Быў аўтарам беларускамоўнай лірычнай мініяцюры «Ужо птушкі пяюць усюды», якую памылкова прыпісвалі Уладзіславу Сыракомлю.[12]

У 1886 годзе ажаніўся з Марыяй Ясенскай (памерла ў 1919 годзе), унучкай паэта Казіміра Буйніцкага. У іх нарадзіліся дзве дачкі, Ірэна (нар. 1888, выйша замуж за Марцэля Шарота, гісторыка і дыпламата) і Эва (1889–1902). Незадоўга перад смерцю другі раз жаніўся на Ядзвіге з Анджэеўскіх.

Памёр 6 кастрычніка 1929 года ад раку страўніка. Пахаваны ў Вільні на Старых Росах, на так званым "Літаратурным узгорку" (сектар 5а, пляцоўка 6). Лацінскі надпіс на яго магіле абвяшчае: qui numquam quievit quiescit ("хто ніколі не адпачываў, той адпачывае"). Надмагілле, адкрытае ў 1933 годзе, было зроблена скульптарам Баляславам Балзукевічам.

Зноскі

  1. Národní autority České republiky Праверана 30 жніўня 2020.
  2. Nowa Panorama Literatury Polskiej » Jankowski Czesław. nplp.pl. Праверана 12 мая 2026.
  3. 1 2 3 4 Mikołaj Banaszkiewicz. Jankowski Czesław. Polski Petersburg (21 сакавіка 2017).
  4. M. Stokowa, Jankowski Czesław Borys, w: Polski słownik biograficzny, Wrocław–Warszawa–Kraków 1962, t. 10, s. 533–534
  5. Адреса членов Минского общества сельского хозяйства. ― Минск : Паровая типолит. Х. Дворжец, [1889―1897?]. ― 34 с.
  6. Смалянчук. Палякі…, С.87.
  7. Людвік Абрамовіч. Юбілей Часлава Янкоўскага. pawet.net. Праверана 12 мая 2026.
  8. Смалянчук. Палякі…, С.125.
  9. Słowo: pismo polityczne. R. 28, 1909, no 88
  10. Аляксандр Смалянчук Паміж краёвасцю і нацыянальнай ідэяй. Польскі рух на беларускіх і літоўскіх землях. 1864-1917 (выданне першае) // Гродна. — 2001-01-01. — С. 263-264.
  11. Валерый Пазднякоў. Янкоўскі Чэслаў Карлавіч. Электронная энцыклапедыя "Вялікае Княства Літоўскае".
  12. Антон Францішак Брыль. Аўтарства верша “Ужо птушкі пяюць ўсюды…”: Чэслаў Янкоўскі. // «Роднае слова» 1/2019.
  • Палякі Беларусі і Літвы ў рэвалюцыі 1905—1907 гг. / А. Ф. Смалянчук. — [Гродна] : Ратуша, 2000. — 204 с.