Перайсці да зместу

Час дзеяслова

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Час дзеясло́ва — словазменная катэгорыя, якая абазначае адносіны дзеяння да моманту размовы[1].

У беларускай мове

[правіць | правіць зыходнік]

У сучаснай беларускай мове адрозніваюць тры формы часу: цяперашні, прошлы і будучы. Формы цяперашняга і будучага часу складаюць групу няпрошлых часоў, якая проціпастаўлена формам прошлага часу. Катэгорыя часу ўласціва толькі формам абвеснага ладу. Час дзеяслова цесна звязаны з трываннем дзеяслова: дзеясловы незакончанага трывання маюць поўную парадыгму часавых форм (цяперашні, прошлы і будучы), дзеясловы закончанага трывання — толькі прошлы і будучы: бегчы — бягу, бег, буду бегчы; адбегчы — адбег, адбягу[1].

Цяперашні час абазначае дзеянне, якое адбываецца ў момант гутаркі, утвараецца ад асноў інфінітыва незакончанага трывання з дапамогай асабовых канчаткаў (чытаю — чытаеш — чытае — чытаем — чытаеце — чытаюць)[1].

Прошлы час абазначае дзеянне, якое адбывалася ці адбылося да моманту гутаркі, утвараецца ад асноў інфінітыва закончанага ці незакончанага трывання з дапамогай суфікса -л- () і канчаткаў -а, -о, -і (чытаў — чытала — чыталі, прыйшоў — прыйшла — прыйшло — прыйшлі) і мае дзве формы: простую, найбольш пашыраную (нёс — несла — неслі), і складаную, якая абазначае даўно мінулае дзеянне і ўтвараецца спалучэннем звязкі быць і дзеяслова ў прошлым часе (якраз тады прыехалі былі з горада сябры, я быў нагледзеў харошы дубок)[1].

Будучы час абазначае дзеянне, якое адбудзецца ці будзе адбывацца пасля моманту гутаркі. Мае дзве формы: простую, якая ўтвараецца ад асноў інфінітыва закончанага трывання пры дапамозе асабовых канчаткаў (прачытаю — прачытаеш — прачытае — прачытаем — прачытаеце — прачытаюць), і складаную, якая ўтвараецца са звязкі быць і інфінітыва (буду чытаць, будзем чытаць)[1].

У сістэме часоў дзеясловаў беларускай мовы адбыліся прыкметныя змены. У агульнаўсходнеславянскай мове адрознівалі сем формаў часу. Зніклі формы прошлага часу аорыст, імперфект, а на аснове перфекта і імперфекта ўтварыліся сучасныя формы прошлага часу. Простая форма будучага часу захавалася. Складаныя (формы, утвораныя спалучэннем інфінітыва і дапаможных дзеясловаў начьну, почьну, хочу, а таксама далучэннем дапаможнага дзеяслова буду да дзеепрыметніха на -лъ (буду робилъ), перасталі ўжывацца. Замацавалася форма будучага складанага часу з дапаможным дзеясловам буду і інфінітывам. На аснове даўнейшай складанай формы з дапаможным дзеясловам иму (иму робити, иму носити) утварыліся дзеясловы тыпу рабіцьму, насіцьму, пашыраныя ў паўднёвых беларускіх гаворках[1].

  1. а б в г д е Час дзеяслова // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 17: Хвінявічы — Шчытні / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2003. — Т. 17. — С. 251. — 512 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0279-2 (т. 17).