Перайсці да зместу

Чат-бот

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Чат-бот — гэта праграма, здольная падтрымліваць размову з карыстальнікам у фармаце чата. Простыя чат-боты маюць абмежаваны набор рэплік і функцый і выкарыстоўваюцца для пэўнай мэты: збор інфармацыі, адказ на простыя пытанні, ацэнка задаволенасці і г.д. Аднак сучасныя чат-боты могуць выкарыстоўваць сістэмы генератыўнага штучнага інтэлекту, каб цалкам натуральна падтрымліваць любую размову, нібы яна адбываецца з рэальным чалавекам. Чат-боты са штучным інтэлектам звычайна выкарыстоўваюць тонка настроеныя вялікія моўныя мадэлі (англ.: fine-tuned large language models) для генерацыі тэксту.

Выхад ChatGPT ад OpenAI у 2022 годзе прывёў да выбуховага росту папулярнасці чат-ботаў з ШІ. Неўзабаве былі створаныя такія чат-боты як Gemini ад Google, Claude ад Anthropic і Grok ад xAI. Хуткае развіццё чат-ботаў называюць часткай бума штучнага інтэлекту.

Часцей за ўсё чат-боты выкарыстоўваюцца ў якасці віртуальных памочнікаў для абслугоўвання і падтрымкі карыстальнікаў.

У 1950 годзе Алан Цьюрынг напісаў артыкул пад назвай «Вылічальныя машыны і розум», у якім прапанаваў эмпірычны тэст для ацэнкі інтэлекта вылічальнай машыны. Тэст Цьюрынга правярае здольнасць камп’ютарнай праграмы выдаваць сябе за чалавека ў пісьмовай размове з чалавекам.

Першая праграма, якая імітавала размову, была створана Джозэфам Вайцэнбаўмам у 1966 годзе пад назвай «ЭЛІЗА» (англ.: ELIZA). Вайцэнбаўм не сцвярджаў, што ЭЛІЗА сапраўды разумная: метад яе адказаў быў пабудаваны на пошуку ключавых слоў, па якіх выбіраўся загадзя падрыхтаваны наступны сказ. Напрыклад, любы ўвод са словам «мама» прыводзіў да адказу «Раскажы мне больш пра сваю сям’ю». Такім чынам стваралася ілюзія разумення, але апрацоўка інфармацыі была павярхоўнай.

У 1972 годзе псіхіятр Кенэт Колбі распрацаваў чат-бот PARRY, які ўдаваў шызафрэніка. Групе псіхіятраў прапанавалі варыяцыю тэста Цьюрынга, у якой трэба было выявіць па раздрукоўцы размовы з кім адбываецца размова — з чалавекам або камп’ютарам. Толькі 48 % з іх адказалі правільна, што вельмі блізка да выпадковага трапляння.

Іншымі прыкладамі прымітыўных чат-ботаў з’яўляюцца праект CYRUS 1978 года, які імітаваў 57-га дзяржаўнага сакратара ЗША Сайруса Вэнса, праграма Racter 1984 года, якая стварала празаічныя тэксты, і найпрасцейшы чат-бот A.L.I.C.E., выпушчаны ў 1995.

Сучасныя чат-боты, такія як ChatGPT, заснаваныя на вялікіх моўных мадэлях (англ.: large language models, LLMs), адказы якіх часам немагчыма адрозніць ад натуральнай чалавечай мовы. Вялікія моўныя мадэлі з найлепшымі характарыстыкамі заснаваныя на канцэпце генератыўнага трансформера з папярэднім навучаннем (англ.: generative pre-trained transformer, GPT). Яны выкарыстоўваюць тэхналогіі глыбокага навучання (англ.: deep learning) і генеруюць тэкст пасля навучання на вялікіх тэкставых корпусах.

У 2024 годзе даследчыкі са Стэнфарда паведамілі, што мадэль GPT-4 «праходзіць строгі тэст Цьюрынга, адхіляючыся ад звычайных чалавечых паводзін галоўным чынам для большай кааператыўнасці».[1]

Чат-боты многіх кампаній працуюць у праграмах абмену паведамленнямі або проста праз SMS. Яны выкарыстоўваюцца для абслугоўвання кліентаў, продажаў і маркетынгу.

Многія кампані і дзяржаўныя ўстановы выкарыстоўваюць чат-ботаў для адказаў на простыя пытанні карыстальнікаў, рэкламы, ацэнкі задаволенасці і ў маркетынгавых даследаваннях.

Некаторыя буйныя кампаніі, такія як Lloyds Banking Group, Royal Bank of Scotland, Renault і Citroën, выкарыстоўваюць чат-ботаў замест кол-цэнтраў для першага кантакту з кліентамі.

У сферы аховы здароўя чат-боты могуць эфектыўна выкарыстоўвацца для запісу на прыём да лекара, пошуку медыцынскіх клінік або прадастаўлення інфармацыі аб леках.

  1. Study finds ChatGPT's latest bot behaves like humans, only better | Stanford School of Humanities and Sciences (англ.). humsci.stanford.edu. Архівавана з першакрыніцы March 26, 2024. Праверана March 26, 2024.