Чорны кот (арганізацыя)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Чорны кот, арганізацыя)
«Чорны кот»
Гады існавання 1944—1957
Краіна
Падпарадкаванне Беларуская Народная Рэспубліка
Тып партызанская армія
Колькасць у 1950 годзе 250—300 чалавек
Дыслакацыя уся тэрыторыя БССР і паўночная частка УССР
Дэвіз Жыве Беларусь!
Колеры чырвона-белыя
Рыштунак разнастайны
Камандзіры
Вядомыя камандзіры Міхал Вітушка, Яўген Жыхар

«Чо́рны кот» («Беларуская Вызвольная Армія», «Беларускае вызвольнае войска» і інш.) — беларуская антысавецкая арганізацыя, якая існавала з 1944 па 1957 год на тэрыторыі БССР і паўночнай частцы УССР і вяла партызанскую барацьбу супраць Чырвонай арміі за аднаўленне незалежнасці Беларусі і стварэнне на яе тэрыторыі Беларускай Народнай Рэспублікі. Спыніла існаванне ў канцы 1950-х, меркавана ў 1957 годзе. Найбольш актыўна вяла барацьбу з верасня 1945 па 1948 год[1].

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Стварэнне[правіць | правіць зыходнік]

У час Другога Усебеларускага кангрэсу ў Мінску немцы прапанавалі дзеячам БЦР і Беларускай краёвай абароны ўдзельнічаць у арганізацыі антысавецкай арганізаванай барацьбы на тэрыторыі БССР, на што тыя пагадзіліся. Нямецкія спецыяльныя службы планавалі арганізаваць і пакінуць у тыле бальшавікоў вялізны дыверсійны фронт ад Балтыкі да Чорнага мора. Быў распрацаваны тайны план пад назвай «Любімая котка», пачалася падрыхтоўка людзей і матэрыялаў. Беларускай арганізацыі была дадзена назва «Чорны кот». На яе кіраўніка беларускі нацыянальны актыў прапанаваў маёра Міхала Вітушку, які быў загадам галоўнага ўпраўлення Імперскай Бяспекі ў Берліне аб прызначэнні (зацвярджэнні) «туземных камандзіраў» аперацыі «Любімая Котка» на тэрыторыі генеральнага камісарыяту Беларусь ад 27 лістапада 1943 г. прызначаны кіраўніком арганізацыі:

" Для ажыццяўлення аператыўнага кіравання аддзеламі «Чорнага Ката» на тэрыторыі Генеральнага камісарыяту Беларусь зацвярджаюцца наступныя кандыдатуры туземнага каманднага складу (падаюцца ў парадку падпарадкавання):
  1. капітан Вітушка Міхал Апанасавіч;
  2. капітан Ахрэмчук Віктар Мікалаевіч;
  3. капітан Вежан Юрый Феліксавіч;
  4. надлейтэнант Качан Уладзімір Сяргеевіч;
  5. надлейтэнант Корзун Павал Афанасьевіч;
  6. надлейтэнант Луцэвіч Георгій Віктаравіч;
  7. надлейтэнант Лявонаў Сіланцій Аляксандравіч;
  8. лейтэнант Насаль Юрый Мікалаевіч;
  9. лейтэнант Палякоў Сяргей Канстанцінавіч;
  10. лейтэнант Казак Руслан Анатольевіч;
  11. лейтэнант Хамутоў Іван Сямёнавіч.

Усім вышэйназваным асобам да 1 снежня 1943 г. загадваецца прыбыць да чарговага афіцэра Баранавіцкай філіі СД для накіравання ў падрыхтоўчы лагер «Калдычэва».
Ausland-SD Обэрфюрэр В. Шэленберг.

"

[2][3]

Атрады «Чорнага ката» падзялілі Беларусь на тры часткі «Беларусь-Поўдзень», «Беларусь-Цэнтр» і «Беларусь-Поўнач». Кожная з частак мела свайго кіраўніка. Тыя ў сваю чаргу падначальваліся Галоўнаму штабу «Чорнага ката», што быў змешчаны пад Варшавай. Усе гады дзейнасці арганізацыі ёй кіраваў Міхал Вітушка. Немцы падрыхтавалі каля трох тысячаў чалавек, большая частка якіх летам 1944 года засталася ў Беларусі і чакала загадаў Вітушкі. Некалькі атрадаў прайшлі падрыхтоўку ва Усходняй Прусіі і прыбылі пазней. Усе атрады «Чорнага ката» былі забяспечаныя радыёсувяззю, зброяй, яўкамі, медыкаментамі, грашыма, пячаткамі савецкіх вайсковых і цывільных установаў. Самі сябры арганізацыі называлі сябе па-рознаму: «Беларуская вызвольная армія», «Беларускае вызвольнае войска», «Беларускі вызвольны фронт», «Вольная Беларусь» ды іншыя. Таксама партызаны ня мелі ўсталяванай формы. Беларускія жаўнеры насілі форму ўсіх ваенных фармацыяў, у якіх яны служылі раней. На форму нашываліся нацыянальныя адзнакі — Бел-чырвона-белы сцяг ды герб «Пагоня».

Налібоцкая канферэнцыя[правіць | правіць зыходнік]

У верасні 1945 года ў Налібоцкай пушчы адбылася канферэнцыя камандзіраў усіх атрадаў «Чорнага ката». У ёй прынялі ўдзел каля 40 чалавек, у тым ліку сам Міхал Вітушка. Канферэнцыя разгледзела шмат пытанняў і прыняла рашэнне пра пачатак узброенай барацьбы. Таксама ўдзельнікі адмовіліся ад маштабных дыверсіяў, каб не падводзіць пад удар цывільнае беларускае насельніцтва. Было прынята рашэнне будаваць вялікую падпольную сетку і чакаць развіцця міжнародных падзеяў. Таксама разглядалася пытанне пра супрацу з вызвольнымі рухамі іншых краінаў. Не атрымалася дамовіцца толькі з Арганізацыяй украінскіх нацыяналістаў на чале са Сцяпанам Бандэрам і створанай ім Украінскай паўстанчай арміяй. Недамоўленасць з імі была выклікана тым, што УПА выказвала прэтэнзіі на беларускае Палессе. Вітушка загадаў не ўступаць у баі з украінскімі жаўнерамі першымі, але бараніць беларускія інтарэсы ў выпадку іх нападу. З іншага боку было плённае супрацоўніцтва з байцамі ўкраінскага атамана Тараса Бульбы. З польскімі «Ляснымі братамі» адносіны былі таксама цяжкія, але дамовіцца ўсё ж атрымалася.

Баявыя дзеянні[правіць | правіць зыходнік]

Адразу пасля канферэнцыі пачаліся збройныя акцыі «Чорнага ката». Важным кірункам яго дзейнасці было вызваленне палітвязняў з турмаў МДБ: падобных аперацыяў было шмат. Найбольш удалай акцыяй было вызваленне палітвязняў Пінскай турмы ў 1946 годзе, калі МДБ правяло чарговую зачыстку і арыштавала больш за 250 чалавек, пераважна былых сяброў «СБМ» і проста незадаволеных савецкай уладай людзей. Пасля допытаў усіх арыштаваных на грузавых машынах павезлі ў Мінск. Па дарозе канвой патрапіў у засаду, арганізаваную байцамі «Чорнага ката» пад кіраўніцтвам невядомага жаўнера па мянушцы «Сыч». У выніку бою амаль увесь савецкі канвой быў забіты, а арыштаваныя вызваленыя. Летам таго ж года партызаны Вітушкі зрабілі напад на фільтрацыйны лагер пад Магілёвам, дзе ўтрымліваліся 17 юнакоў, якія ў канцы Другой сусветнай служылі ў дапаможнай службе нямецкага Вермахту. У выніку былі вызваленыя ўсе, хто пажадаў пакінуць лагер — больш за 60 чалавек.

У канцы 1946 г. атрад на чале з Антонам Бандыкам вызваліў больш за трыста беларусаў, якіх бальшавікі везлі дзеля допытаў праз Варшаву з Германіі. У чэрвені 1949 года атрад з 40 байцоў «Чорнага ката» вызваліў больш за сто чалавек, якіх МДБ арыштавала за супраціўленне калгасам.

Партызаны «Чорнага ката» неаднаразова захоплівалі беларускія мястэчкі і гарады дзякуючы выдатнаму валоданню тактыкай вулічных баёў. Напрыклад, у сакавіку 1948 г. аб’яднаная група аддзелаў арганізацыі «Чорны кот» пры дапамозе некалькіх атрадаў «бульбаўцаў» (агульная колькасць 200 чалавек) напала на Навагрудак, каб вызваліць арыштаванага ўдзельніка арганізацыі. У горадзе знаходзілася база спецыяльнага аддзелу МДБ, які займаўся вынішчэннем антысавецкіх партызанаў (каля 500 байцоў). У баі гарнізон страціў забітымі каля 300 чалавек. Некаторы час партызанамі нават утрымлівалася частка гораду, але потым яны хутка пакінулі Навагрудак і адышлі ў лясы. Пасля «Наваградскай аперацыі» МДБ правяла карную акцыю ў Налібоцкай пушчы: самалёты бамбавалі кожны падазроны раён альбо дым. Аднак адзінае, чаго дамагліся саветы — часовае спыненне аперацый «Чорнага ката» ў гэтым рэгіёне.

У верасні 1948 г. года МДБ правяло арышты ў Кобрынскім раёне, выяўляючы тых, хто дапамагаў украінскім і беларускім партызанам, у выніку чаго арыштавана больш за дзвесце чалавек. З-за таго, што турма была перапоўненая, арыштаваных утрымлівалі ў казармах на ўскрайку Кобрына. Партызаны «Чорнага ката» напалі на казармы і вызвалілі вязняў.

Таксама важным кірункам дзейнасці «Чорнага ката» былі дыверсіі на чыгунцы. Так, у ліпені 1950 года было знішчана некалькі цягнікоў на чыгунцы МінскБрэстВаршава, а ў канцы таго ж месяца выбухнуў чыгуначны мост. Пры выбуху загінулі некалькі салдат аховы, аднаўленчая праца заняла каля тыдня.

У 1945 годзе ў арганізацыю «Чорны кот» увайшоў віцэ-прэзыдэнт БЦР — Мікола Шкялёнак, які вярнуўся ў Беларусь для ўзмацнення арганізацыі. Міколе Шкялёнку была дадзена мянушка «Шкляны» і ён быў прызначаны камандзірам атраду. Атрад «Шклянога» быў накіраваны на Барысаўшчыну, але па дарозе атрад трапіў у засаду, арганізаваную МГБшнікамі. Пасля жорсткага бою з 32-х байцоў атраду Шкялёнка выжылі толькі сем. Сам Шкялёнак быў цяжка паранены і, па некаторых звестках, памёр у турэмным шпіталі МДБ у Мінску. Пра атрад Шклянога было чуваць і ў 1946 годзе: паводле некаторых звестак, ён правёў 8 дыверсіяў на чыгунцы БаранавічыМінск, а таксама забіў некалькі дзясяткаў партыйных актывістаў ды міліцыянтаў. Канчаткова аддзел быў ліквідаваны толькі ў студзені 1947 года. У канцы красавіка 1947 года атрад камандзіра Сыча здзейсніў напад на калону МДБ на беларуска-ўкраінскай мяжы і захапіў боепрыпасы, некалькі камплектаў летняй вопраткі, астатнія рэчы былі знішчаны.

Сканчэнне дзейнасці[правіць | правіць зыходнік]

У 1948 годзе арганізацыя пачала затухаць. У студзені загінуў камандзір галіны «Беларусь-Поўнач» Пятро Гаевіч: дзесці ў снежні 1947 года ягоны атрад зрабіў напад на калону МГБ, пасля чаго супраць атраду былі кінутыя рэгулярныя часткі Чырвонай арміі. Партызаны Гаевіча доўгі час вялі бой у аблозе, а пасля спрабавалі прарваць кальцо аблогі. У выніку спробы загінула большая частка байцоў, у тым ліку сам Пятро Гаевіч. Толькі чатыром байцам удалося прарвацца і далучыцца да іншых атрадаў «Чорнага ката». У канцы 1948 года загінула кіраўніцтва галіны «Беларусь-Поўдзень». Сувязь Сыча з галоўным штабам абарвалася ў канцы лістапада пасля нападу на калону МДБ на ўкраінска-беларускай мяжы. Адысці ў бяспечнае месца партызаны не паспелі, і на іх след выйшла рота спецыяльнага аддзелу МДБ. Партызаны мусілі прыняць няроўны бой, заняўшы абарону ў вясковай хаце. Калі партызаны адмовіліся здацца, чэкісты падпалілі хату, і абаронцы згарэлі жыўцом. Перад гэтым яны ўзьнялі ў паветра бел-чырвона-белы і жоўта-блакітны сцягі.

У пачатку 1949 года страты «Чорнага ката» былі значнымі. Прычына ў тым, што МГБ зразумела ўсю сур’ёзнасць праціўніка, і барацьба стала больш сістэмнай. Да яе падключыліся прафесіяналы з Масквы, МДБ атрымлівала часткі савецкага войска, каб прачосваць лес у пошуку беларускіх паўстанцаў. Таксама гуртаваліся ў псеўдаатрады незадаволеныя савецкай уладай людзей, якіх потым арыштоўвалі. Акрамя гэтага МДБ БССР стварыла вялікую сець інфарматараў: толькі на першага сакавіка 1949 года іх налічвалася амаль 25 тысячаў[4].

Каб палепшыць становішча «Чорнага ката», увесну 1949 года Міхал Вітушка выдаў загад пра яго рэарганізацыю, у выніку якой партызанскія групы і падпольшчыкі былі вылучаны ў першую асобную галіну. Яе кіраўніком прызначылі Вацлава Харэўскага. Другая галіна складалася з асабліва каштоўных агентаў выведкі. Яе ачоліў невядомы пад мянушкай «Чачот». Трэцюю, агітацыйна-інфармацыйную, ачоліў сябра галоўнага штабу пад мянушкай «Кастусь». Тым часам шэрагі пад кіраўніцтвам Міхала Вітушкі радзелі: у 1950 годзе сябрамі арганізацыі былі ад 250 да 300 чалавек.

У 1952 годзе Вітушка пачаў выводзіць людзей на Захад праз Польшчу. Застаўся толькі атрад пад кіраўніцтвам Яўгена Жыхара, які працягваў барацьбу да лістапада 1954 года. Пасля таго, як большасць байцоў атраду загінулі ў баях з войскамі МГБ, Жыхар загадаў рэшце сыходзіць на Захад праз Польшчу. Сам ён застаўся і загінуў у баі з супрацоўнікамі МДБ ў студзені 1955 года. З яго смерцю «Чорны кот» канчаткова спыніў сваю дзейнасць на тэрыторыі БССР, але аддзелы, незалежныя ад «Чорнага ката» ваявалі да пачатку 1960-х.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Антысавецкія рухі ў Беларусі. 1944—1956. Даведнік, — Мінск, 1999. ISBN 985-6374-07-3.

Глядзіце таксама[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі

  1. http://slounik.org/154988.html Гісторыя «Чорнага ката»
  2. Сяргей Ёрш. Беларускі Рэзыстанс N2(7)/2009
  3. ZStL 206 AR-Z 94/60, Bd.III, Bl. 3215.
  4. http://press.net.by/dsp/2003/03/2003_03_05.14/14_22_1.shtml(недаступная спасылка)

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]