Чылійцы

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Чылійцы (ісп.: Los chilenos) — народ, асноўнае насельніцтва Чылі. Колькасць — звыш 11 млн, з іх у Чылі 11 млн.чалавек, 200 тыс.чалавек жыве ў суседніх раёнах Аргенціны, невялікія групы — у іншых краінах Амерыкі, у Еўропе і Аўстраліі. Антрапалагічна надзвычай неаднародныя. Фізічнае аблічча чылійцаў фарміруецца ў выніку змяшання прадстаўнікоў вялікай еўрапеоіднай расы і амерыканскай расы, пераходныя, метысныя формы пераважаюць. Гавораць на лацінаамерыканскім варыянце іспанскай мовы. Вернікі — каталікі.

Чылійская народнасць пачала фарміравацца ў перыяд заваявання іспанцамі цэнтральных раёнаў Чылі (ад паўднёвай мяжы Атакамы да ракі Бія-Бія) у сярэдзіне 16 стагоддзя. Да канкісты тут жылі земляробчыя плямёны індзейцаў пікунчэ і дыягітаў (300—500 тыс.чал.). Іспанамоўныя чылійцы сфарміраваліся ад змяшэння індзейцаў з імігрантамі з Еўропы — іспанцамі, а з 2-й паловы 19 стагоддзя і з выхадцамі з іншых краін. За каланіяльныя часы з Еўропы ў Чылі перасялілася 50-70 тыс.чал. У 1843 годзе іспанамоўнае насельніцтва складала 1,5 млн.чал. Этнічнай асіміляцыі індзейцаў спрыяла страта імі былой этнічнай самасвядомасці ва ўмовах рэзкага ламання традыцыйнай культуры.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Народы мира, «Советская энциклопедия», М., 1988