Чынук (індзейцы)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Чынук
(Tsinúk)
Агульная колькасць 1800 (2018 г.)
Рэгіёны пражывання ЗША, Канада
Мова чынукскія мовы, чынук вава
Рэлігія анімізм, татэмізм, хрысціянства
Блізкія этнічныя групы

Чыну́к (саманазва: Tsinúk) — група малых індзейскіх народаў, якая размаўляе на чынукскіх мовах, карэннае насельніцтва вакол ракі Калумбія. Жывуць у ЗША і Канадзе. Агульная колькасць (2018 г.) — 1800 чал.[1][2][3]

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Паводле міфалогіі чынук, яны з’яўляюцца нашчадкамі чалавека, народжанага ад яйка буравесніка[4]. Навукоўцы лічаць, што продкі чынук насялялі ціхаакіянскае ўзбярэжжа Паўночнай Амерыкі пасля 300 г. да н. э.[5] Чынук не мелі палітычнага адзінства і падзяляліся на некалькі малых народаў. Агульная назва чынук была дадзена ім у сярэдзіне XIX ст. па найменню салішскай вёскі.

Вылучаюць наступныя этнічныя супольнасці чынук першай паловы XIX ст.:

  • Катламет (вусце ракі Калумбія)
  • Клатсап (уздоўж ракі Калумбія)
  • Клэкамас (даліна Віламіт)
  • Клавевала (даліна Віламіт)
  • Ватлата (вадаспады ракі Калумбія)
  • Васка і вішрам (паўднёвы бераг ракі Калумбія)
  • Чылукітэква (паўночны бераг ракі Калумбія)
  • Кілукланюк (ніжняя плынь ракі Калумбія)
  • Катласкан (востраў Саві)
  • Вілапа (заліў Вілапа)
  • Вакікум (сярэдняя плынь ракі Калумбія)
  • Скілот (сярэдняя плынь ракі Калумбія

У нашы дні прынята вылучаць ніжніх і верхніх чынук, а таксама крэолаў вава.

Верагодна, кантакты з еўрапейцамі пачаліся ўжо ў XVI — XVII стст., але дакументаваны факт гандлёвых зносін з маракамі датуецца 1792 г.[6] У 1805 г. землі чынук наведала амерыканская экспедыцыя Льюіса і Кларка. У 1811 г. быў адчынены амерыканскі гандлёвы пост. Археалагічныя даследаванні паказваюць, што гандаль з народамі еўрапейскага паходжання аказаў моцны ўплыў на матэрыяльную культуру чынук[7]. Аднак зваротным бокам кантактаў былі эпідэміі малярыі і воспы.

У 18501851 гг. тэрыторыі чынук пачалі займаць амерыканскія перасяленцы. Улады ЗША заключылі мірныя пагадненні з плямёнамі і перасялілі іх у рэзервацыі.

Культура[правіць | правіць зыходнік]

Традыцыйная хаціна чынук

Галоўнымі заняткамі індзейцаў чынук здаўна з’яўляліся рыбалоўства і збіральніцтва. Рыбу лавілі сеткамі, білі гарпунамі, стрэламі, ладзілі пасткі і дамбы на рэках. Асабліва важную ролю адыгрываў сезонны лоў ласасёвых рыб. Іх вэндзілі і назапашвалі на зімовы перыяд. Паўсядзённым дадаткам да ежы быў рыбін тлушч. Збіральніцтвам займаліся пераважна жанчыны. Збіралі ядомыя расліны і малюскаў. Прысмакам лічылася смажаная на камянях дзікая цыбуля з ягадамі. Нягледзячы на багатую фаўну, паляванне мела другасны характар. Палявалі на ласёў, аленяў, дзікіх птушак, жыхары ўзбярэжжа — на ластаногіх. У XIX ст. ведалі конегадоўлю, умелі вырошчваць бульбу.

Чынук былі выдатнымі будаўнікамі каноэ, што вырабляліся з суцэльнага драўнянага ствала і выпальваліся ўсярэдзіне. Экспедыцыя Льюіса і Кларка выкарыстоўвала мясцовыя каноэ для транспартыроўкі па рацэ Калумбія і нават выкрала адно, калі не здолела дамовіцца аб абмене на тавары. Лічыцца, што чынук рэдка ваявалі, хаця сярод іх былі ваеннапалонныя рабы. У якасці зброі выкарыстоўвалі лукі, стрэлы, дзіды і булавы. Для абароны цела выраблялі наборныя даспехі з ласінай скуры і хваёвай кары. У пачатку XIX ст. чынук ужо шырока выкарыстоўвалі прылады еўрапейскага паходжання, пра што кажуць шматлікія шкляныя бутэлькі[8], якія знаходзяць археолагі.

Багатыя рэсурсы дазвалялі чынук мець сталыя паселішчы. Хаціны будавалі ў форме чатырохкутніка з дошак. У даўжыню яны былі ад 15 м да 45 м. У такой хаціне адначасова жыло некалькі сваяцкіх сем’яў. Для абароны ад вільгаці дошкі перакрывалі некалькі разоў. Знутры хаціны мелася яміна для агменю. Вокнаў не было, аднак у даху рабілі адтуліны для святла і дыму. Спальныя месцы і гаспадарчая прастора адлучаліся дошкамі і шкурамі. Перад уваходам усталёўваўся татэмны слуп.

Мужчыны амаль не насілі вопратку. Толькі ў дрэннае надвор'е апраналі халаты, падперазаныя вяроўкай. Жанчыны мелі вопратку накшталт спадніц і фартухоў. Для вопраткі выраблялі валакно з асоту або хваёвай кары. Чынук багата размалёўвалі цела і твар, рабілі татуіроўкі, упрыгожваліся бісерам.

Асноўнай грамадска-палітычнай адзінкай была вясковая абшчына, што складалася з буйных пашыраных сем.яў, якія ў сваю чаргу ўваходзілі ў склад родаў. Сваяцтва перадавалася па жаночай лініі, таму дзеці былі чальцамі роду маці. Пэўныя сем’і і роды валодалі месцамі лову і збіральніцтва, каноэ. Існавала таксама прыватная маёмасць. Найбольш заможны мужчына займаў пасаду правадыра вёскі. Асабліва заможныя маглі кантраляваць некалькі суседніх вёсак. У чынук існаваў звычай сплескваць чэрап немаўлятаў з дапамогай дошак. Пляскаты чэрап лічыўся прыкметай заможнага роду. На ніжэйшай прыступцы сацыяльнай лесвіцы знаходзіліся рабы. Іх колькасць дасягала 25 % ад усяго насельніцтва.

Фальклор чынук багаты на міфы і казкі. Вылучаюцца цыклы казак пра трыкстэраў Блакітную Сойку[9] і Каёта[10]. Рытуальныя песні і танцы суправаджаліся музыкай. Распаўсюджаныя музычныя інструменты: свістулькі і бразготкі.

Мовы[правіць | правіць зыходнік]

Чынукскія мовы ўтвараюць самастойную моўную сям’ю. Часам яе аб’ядноўваюць з цымшыянскімі мовамі. Вылучаюць 8 моў, якія падзяляюць на 3 групы. У нашы дні захавалася толькі верхнечынукская мова васка-вішрам. На аснове чынукскіх і еўрапейскіх моў узнік крэольскі жаргон чынук вава.

Зноскі

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]