Чырвонае (возера)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Чырвонае
Князь-возера
Морфаметрыя
Вышыня над узроўнем мора 136[1] м
Даўжыня 12,1 (11,68[2]) км
Шырыня 5,2 (5,03[2]) км
Плошча 43,8 (40,82[2]) км²
Аб’ём 0,02735[2] км³
Даўжыня берагавой лініі 30,8 (30,78[2]) км
Найбольшая глыбіня 4 (2,9[2]) м
Сярэдняя глыбіня 0,7 м
Басейн
Плошча вадазбору 280 км²
Упадаюць Дземенка
Размяшчэнне
Краіна  Беларусь
Рэгіён Гомельская вобласць
Чырвонае (Беларусь)
Чырвонае
Чырвонае
Чырвонае (Гомельская вобласць)
Чырвонае
Чырвонае
Map

Чырвонае, Князь-возера — самае вялікае возера Гомельскай вобласці і трэцяе паводле плошчы сярод азёр Беларусі. Знаходзіцца ў Жыткавіцкім раёне, у басейне ракі Прыпяць, за 18 км у напрамку на паўночны ўсход ад горада Жыткавічы.

Назва[правіць | правіць зыходнік]

Сучасная назва «Чырвонае» з’яўляецца следам раннесавецкай практыкі перайменавання «немілагучных» і ідэалагічна чужых назваў. Яна была замацаваная пастановай 1931 г., у якой гаварылася: «…возера „Князь“ або „Жыд“ Ляхавіцкага сельсавета Жыткавіцкага раёна перайменаваць у возера „Чырвонае Палессе“»[3].

У народных паданнях пра возера дзве паралельна ўжываныя яго назвы «Князь-возера» і «Жыд-возера» тлумачацца тым, што князь ажаніўся з яўрэйкай (шынкарскай дачкой)[4].

Больш старажытнай трэба лічыць назву «Жыд-возера», яна балцкага паходжання і не звязаная з бел. (састарэл.) жыд «яўрэй».

Назва «Жыд» паходзіць ад балцкага кораня *žeid- / *žid- «гарэць; свяціць, ззяць», ад якога літоўскае žydėti «свяціць; цвісці», žaida «агмень (месца для адкрытага агня)». Далей да карацейшага балцкага *žei- / *ži- (з тым жа значэннем), ад якога таксама латышскае zīt «світаць, віднець», zaigs «зіхоткі» (*žei-, -g-), літоўскае žibus «зіхоткі» (*ži-, -b-)[5]. Далей да індаеўрапейскага *ĝei- «ззяць; мігцець»[6].

Той жа корань у назве возера Жыдзец каля Моталя[7].

Літоўскія гідранімічныя аналагі — назвы тыпу Žiba, Žiegas, Žied-upė, Žyd-a-upis[8]. «Зіхоткія» водныя назвы ў балцкай гідраніміі на ўсходзе — Лучоса (на старой балцкай тэрыторыі тройчы), Свіцязь (двойчы). Ад таго ж балцкага кораня *žid- паходзіць літоўскае žizdra (< *žid-dra-) "пясок" (з семантыкай светлага, зіхоткага), ад якога назва ракі Жыздра на Павоччы.

Ад балцкага *žei- / *ži-, што і назва Жыд-возера, яцвяжскія назвы *Zeitō (адна ў форме «Зъято» з "Іпацьеўскага летапісу", другая як Zyatha у крыніцы сярэдзіны XVI ст.). Абедзве гэтыя азёрныя назвы значаць «Блішчастае (возера)» і матываваныя «блішчастасцю» воднай паверхні.

Балцкія гідронімы ў басейне Прыпяці не рэдкасць. З аднаго боку ад Жыд-возера — рака Арэса, з другога — у Прыпяць уцякаюць Цна, Лунія (Лань).

Гідраграфія[правіць | правіць зыходнік]

Плошча возера 43,8 (40,82[2]) км². Найбольшая глыбіня 4 (2,9[2]) м, сярэдняя — 0,7[2] м. даўжыня 12,1 (11,68[2]) км, шырыня да 5,2 (5,03[2]) км. Даўжыня берагавой лініі — 30,8 (30,78[2]) км. Аб’ём вадыў возеры 27,35 млн м³[2].

Катлавіна возера рэшткавага тыпу, авальная, злёгку выцягнутая з паўночнага захаду на паўднёвы ўсход. Берагі возера нізкія, затарфаваныя, дно выслана сапрапелем, на поўдні па мелкаводдзю пясчанае. Упадаюць рака Дземенка, канава Цесна, канава Восаўская і інш., выцякаюць Жыткавіцкі канал, канал Азёрны.

Экалогія[правіць | правіць зыходнік]

З захаду да возера прымыкаюць тарфяныя палі, на якіх вядзецца здабыча торфу. У выніку асушэння і торфараспрацоўкі балотнага масіву «Булеў Мох» быў парушаны гідралагічны рэжым возера, адбылася трансфармацыя прылягаючых лясных супольніцтваў у збедненыя меліярацыйна-ўтвораныя фітацэнозы. Нягледзячы на тое, што старая торфараспрацоўка затоплена, гідралагічны рэжым тэрыторыі да гэтага часу цалкам не аднавіўся.

На частцы торфараспрацовак агульнай плошчай каля 2,5 тыс. га праводзіцца аднаўленне балот. Зараз гэтыя ўчасткі ўяўляюць сабой сажалкі, раздзеленыя дамбамі. Глыбіня вады ў іх вагаецца ад 0,5 да 1,5 м, у каналах — ад 1,5 да 3 м. Усё гэта стварае спрыяльныя ўмовы для гнездавання многіх відаў водна-балотных птушак.

Возера выкарыстоўваецца ў рыбнай гаспадарцы, у рэкрэацыйных мэтах, як крыніца вады для арашэння. Возера і затопленыя тарфянікі арандуюцца пад аматарскае рыбалоўства.

Каля возера населеныя пункты Ляхавічы Пухавічы. У возеры водзяцца карась сярэбраны, карась звычайны, плотка, краснапёрка, лінь, акунь рачны, джгір звычайны, уюн звычайны[2]. Сустракаецца шчупак звычайны[2]. Зарыблялася карпам, белым амурам, белым таўсталобікам, судаком звычайным[2].

Зноскі

  1. Атлас 2011.
  2. а б в г д е ё ж з і к л м н о п Морфометрические параметры озёр Гомельской области // Справочник «Водные объекты Республики Беларусь»] (руск.)
  3. Постановление Центрального Исполнительного комитета и Совета Народных Комиссаров БССР от 5 декабря 1931 г. № 284 Об изменении территории некоторых районов и сельских советов и о переименовании сельских советов, деревень и озера «Князь» // Збор законаў і распараджэнняў Рабоча-Сялянскага Ўрада Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі. — 1931, № 51, аддз. 1.
  4. Легенды і паданні. Мінск, 1983. № 671—673. С. 381—385.
  5. S. Karaliūnas. Iš baltų kalbų puodininkystės terminijos istorijos // Lietuvių kalbotyros klausimai. XVI. 1975. С. 137—141.
  6. S. Karaliūnas. Iš baltų kalbų puodininkystės terminijos istorijos // Lietuvių kalbotyros klausimai. XVI. 1975. С. 140—141.
  7. О. Цинкаловський. Стара Волинь і Волинське Полісся (Краєзнавчий словник — від найдавніших часів до 1914 року). Т. 1. Вінніпег, 1984. С. 393.
  8. A. Vanagas. Lietuvių hidronimų etimologinis žodynas. — Vilnius, 1981. — С. 400, 401.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Блакітная кніга Беларусі : Энцыклапедыя / рэдкал.: Н. А. Дзісько і інш. — Мн.: БелЭн, 1994. — 415 с. — 10 000 экз. — ISBN 5-85700-133-1.
  • Скарбы прыроды Беларусі — Treasures of Belarusian Nature: Тэрыторыі, якія маюць міжнар. значэнне для захавання біял разнастайнасці /аўт. тэксту і фота А. В. Казулін [і інш]. — 2-ое выд., перапрац., дап. — Мн.: Беларусь, 2005. — 215 с. — Паводле эл. рэсурса ptushki.org
  • Республика Беларусь. Атлас охотника и рыболова: Гомельская область / Редактор Г. Г. Науменко. — Мн.: РУП «Белкартография», 2011. — С. 12. — 68 с. — 10 000 экз. — ISBN 978-985-508-107-5. (руск.)
  • Республика Беларусь. Минская область: Общегеографический атлас / Ред. Г. Г. Науменко. — Мн.: РУП «Белкартография», 2008. — С. 31. — 48 с. — 10 000 экз. — ISBN 978-985-508-054-2. (руск.)

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]