Чырвоны тэрор

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search

Чырвоны тэрор — комплекс карных мер, якія праводзіліся бальшавікамі падчас Грамадзянскай вайны ў Расіі (1917—1923) супраць сацыяльных груп, якія былі абвешчаны класавымі ворагамі, а таксама супраць асоб, якія абвінавачваліся ў контррэвалюцыйнай дзейнасці. З'яўляўся часткай рэпрэсіўнай дзяржаўнай палітыкі бальшавіцкага ўрада, прымяняўся на практыцы як шляхам рэалізацыі заканадаўчых актаў, так і па-за рамкамі якога-небудзь заканадаўства. Служыў сродкам застрашвання як антыбальшавіцкіх сілаў, так і насельніцтва, якое не прымала удзелу ў Грамадзянскай вайне. Пры гэтым бальшавікі і раней шырока выкарыстоўвалі тэрор і гвалт супраць «класавых ворагаў», яшчэ да афіцыйнага абвяшчэння дэкрэта ад 5 верасьня 1918 года «Аб чырвоным тэроры». Фелікс Дзяржынскі, ініцыятар і кіраўнік тэрору, вызначаў чырвоны тэрор, як «застрашванне, арышты і знішчэнне ворагаў рэвалюцыі па прынцыпе іх класавай прыналежнасці».

5 ліпеня 1918 года на V Усерасійскім з'ездзе саветаў са справаздачай аб дзейнасці УЦВК выступіў Якаў Свярдлоў. Ва ўмовах, крызісу бальшавіцкай улады, які паглыбляўся, Свярдлоў у сваім дакладзе заклікаў да «масавага тэрору», які неабходна праводзіць супраць «контррэвалюцыі» і «ворагаў савецкай улады» і выказаў упэўненасць, што «ўся працоўная Расія паставіцца з поўным адабрэннем да такой меры, як расстрэл контррэвалюцыйных генералаў і іншых ворагаў працоўных». З'езд афіцыйна ўхваліў гэтую дактрыну.

Чырвоны тэрор быў абвешчаны 2 верасня 1918 года Якавам Свярдловым ў звароце УЦВК і пацверджаны пастановай Саўнаркама ад 5 верасня 1918 года як адказ на замах на Леніна 30 жніўня, а таксама на забойства ў гэты ж дзень Леанідам Канегісерам старшыні Петраградскай НК Урыцкага.

Згодна з пастановай СНК РСФСР ад 2 верасня 1918 года, «забеспячэнне тылу шляхам тэрору з'яўляецца прамой неабходнасцю», рэспубліка вызваляецца ад «класавых ворагаў шляхам ізалявання іх у канцэнтрацыйных лагерах», «падлягаюць расстрэлу ўсе асобы, датычныя да белагвардзейскіх арганізацый, змоваў і мецяжоў».

Часткай чырвонага тэрору лічыцца расстрэл царскай сям'і́, які быў ажыццёўлены ў ноч з 16 на 17 ліпеня 1918 года ў Екацярынбургу ў выкананне пастановы выканкама Уральскага абласнога Савета рабочых, сялянскіх і салдацкіх дэпутатаў.

З 1918 года пачаліся рэпрэсіі супраць духавенства. Некаторыя забойствы ажыццяўляліся публічна ў спалучэнні з рознымі паказальнымі знявагамі. У Варонежы ў 1919 годзе было забіта 160 святароў на чале з арцыбіскупам Ціханам (Ніканоравым), якога павесілі на Царскай браме ў царкве Мітрафанаўскага манастыра. Паводле ацэнак некаторых гісторыкаў, з 1918 года да канца 1930-х гадоў у ходзе рэпрэсій у дачыненні да духавенства было расстраляна альбо памерла ў месцах пазбаўлення волі каля 42 000 святароў.

24 студзеня 1919 года на пасяджэнні Аргбюро ЦК была прынята дырэктыва, якая паклала пачатак масавага тэрору і рэпрэсіям у адносінах да багатага казацтва, а таксама «да ўсіх наогул казакаў, якія прымалі які-кольвек прамы або ўскосны ўдзел у барацьбе з савецкай уладай». 29 студзеня 1919 года пасля падпісання старшынёй УЦВК Я.Свярдловым суправаджальнага ліста дырэктыва была накіравана ў партыйныя арганізацыі Паўднёвага фронту.

Глядзі таксама[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]