Перайсці да зместу

Чыставусавыя

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Чыставусавыя

Чыставуст каралеўскі (Osmunda regalis)
Навуковая класіфікацыя
Міжнародная навуковая назва

Osmundaceae Martynov

Роды

Сістэматыка
на Віківідах

Выявы
на Вікісховішчы
ITIS  17216
NCBI  3282
EOL  4517
IPNI  77126775-1
FW  54780

Чыставу́ставыя, асмундавыя (Osmundaceae) — адно са старажытнейшых сямействаў цяпер жывучых папарацей.

Для прадстаўнікоў сямейства характэрны як травяністыя шматгадовыя, так і дрэвападобныя жыццёвыя формы. Кароткі масіўны артатропны парастак пакрыты чахлом з ніжніх частак апалых вай і шматлікіх каранёў. Гэты чахол дапамагае ўтрымліваць вільгаць. Часам парасткі адзін-два разы дыхатамічна разгаліноўваюцца на верхавінцы. У маладой раслінкі праводная сістэма — пратастэла. Пасля ўтварэння вай фарміруецца і стрыжань парастка. Ксілема дарослай расліны — кампактны сеткаваты цыліндр з вузкімі падоўжанымі лакунамі. У некаторых афрыкана-аўстралійскіх прадстаўнікоў рода тадэя (Todea) парастак можа дасягаць 2 м у вышыню. Ваі буйныя, адзін раз ці двойчы перыстыя, ад скурыстых да плевачных. Ніз рахіса мае пры аснове ўтварэнні, падобныя на прылісткі.

Ваі падзелены на спараносную і вегетатыўную часткі. Вегетатыўная частка — зялёная фотасінтэзуючая, а спараносная — бурая. Фертыльная (спараносная) частка ваі можа размяшчацца на верхавінцы або пасярэдзіне. Размяшчэнне спарангіяў групавое, часцей блізка да краю долей. Спарангіі не сабраны ў сорусы — яны размяшчаюцца ўчасткамі на ніжнім баку пласцінкі ліста, як у роду тадэі, ці невялікімі групамі з некалькіх спарангіяў каля асновы сегментаў, як у відаў роду лептаптэрыс (Leptopteris). У падсямействе ўласна Чыставуставых (у чыставуста) спарангіі размяшчаюцца па краі часткова рэдукаванага і пазбаўленага хларафілу ліста. Спарангіі на кароткіх ножках, нераўнамерна зваротна-авальныя без спарангіяльнага колца, рэшткі якога знаходзяцца каля самай верхавінкі спарангія. Раскрываюцца дзвюма створкамі, не маюць індузія. Споры роўныя, шматлікія, тэтраэдрычна-шарападобныя, зялёныя, маюць хларафіл і алей.

Чыставуставыя — лясныя гіграфіты цёплага ўмеранага пояса, вільготных субтропікаў і сярэднягорных тропікаў. Некаторыя віды маюць дыз’юнктыўныя рэліктавыя арэалы. Былі шырока распаўсюджаны ў старажытныя часы. У выкапнёвым выглядзе іх знаходзяць у слаях позняй каменнавугальнай сістэмы, калі планету ад полюса да полюса пакрывалі лясы прымітыўных папарацепадобных раслін. Большасць прадстаўнікоў гэтага таксона вымерлі, некаторых можна назваць «жывымі выкапнямі».

Рэшткі раслін, з большай ці меншай упэўненасцю аднесеных да асмундавых, сустракаюцца ў адкладаннях позняга карбону. У пермскім перыядзе знойдзены дакладныя рэшткі асмундавых, якія характарызаваліся прымітыўнай арганізацыяй, мелі пратастэлічную будову сцябла. Часам іх росквіту была мезазойская эра, але, пачынаючы ўжо з позняга дэвону, яны выконваюць усё меншую ролю ў раслінным покрыве Зямлі і сустракаюцца ўсё радзей. У цяперашні час гэта сямейства налічвае 4-5 родаў, у т. л.: асмунда (Osmunda), тадэя (Todea) і лептаптэрыс (Leptopteris). Відаў налічваецца, верагодна, не больш 20, хоць іншы раз указваюць да 30. У флоры Рэспублікі Беларусь асмундавыя прадстаўлены адным відам — чыставустам каралеўскім (Osmunda regalis).

Дэкаратыўныя, ядомыя, лекавыя і тэхнічныя расліны. Дзякуючы таму што маюць шэраг біялагічна актыўных рэчываў, яны знаходзяць прымяненне ў лячэнні страўнікава-кішачных і лёгачных захворванняў. У народнай медыцыне сродак для лячэння рахіту ў дзяцей. У ежу ўжываюць маладыя неразгорнутыя ваі ў стадыі ўліткі. Вельмі папулярныя ў садаводстве пры праектаванні садоў у прыродным стылі. У японскай этнаграфіі ёсць сведчанні пра дабаўленне валасінак рахіса асмунды ў сумесь з бавоўнай пры вытворчасці грубых тканін.

  • Сапегін Л. М. Батаніка. Сістэматыка вышэйшых раслін: вучэбны дапаможнік для студэнтаў устаноў вышэйшай адукацыі па біялагічных спецыяльнасцях. — Гомель: ГДУ, 2012. — 337 с. ISBN 978-985-439-644-6