Перайсці да зместу

Чэслаў Гервель

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Чэслаў Гервель
Дата нараджэння 18 ліпеня 1909(1909-07-18)
Месца нараджэння
Дата смерці 12 верасня 1974(1974-09-12) (65 гадоў)
Месца смерці
Грамадзянства
Род дзейнасці фатограф, біёлаг
Альма-матар
Член у
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Чэслаў Гервель (польск.: Czesław Gerwel; 18 ліпеня 1909, Баранавічы — 12 верасня 1974, Познань) — польскі вучоны, удзельнік Варшаўскага паўстання (псеўданім Orłoś), фатограф.

Нарадзіўся 18 ліпеня 1909 года ў Баранавічах.

Закончыў гімназію імя Рамуальда Траўгута ў Брэсце.

Навуковую работу ў галіне эмбрыялогіі пачаў у 1934 г. як асістэнт пад кіраўніцтвам прафесара А. Якубоўскага на кафедры параўнальнай анатоміі і біялогіі Познаньскага ўніверсітэта.

У 1939 годзе скончыў матэматычна-прыродазнаўчы факультэт Познаньскага ўніверсітэта.

У траўні 1940 года разам з жонкай быў дэпартаваны на прымусовыя работы ў Мартэнсхаген (Martenshagen) на Памор’і.

Вызвалены ў снежні 1940 года, перасяліўся з сям’ёй у Варшаву.

З 1941 года працаваў у Дзяржаўным інстытуце гігіены. У той жа год уступіў у Армію Краёву. Меў званне падпаручыка і падпольнае імя «Орлась» (польск.: Orłoś).

Таемна ўдзельнічаў у вырабе вакцыны супраць тыфу для партызанскіх часцей і варшаўскага гета.

У 1942—1944 гадах вывучаў медыцыну ў тайным Універсітэце Заходніх Земляў у Варшаве.

У час Варшаўскага паўстання, у згрупаванні «Chrobry II» у Варшаве, кіраваў бактэрыялагічна-эпідэміялагічнай лабараторыяй і аптэкай у палявым шпіталі на вул. Супольнай, 27. Пасля капітуляцыі Паўстання дэпартаваны ў Stalag IVB у Цайтхайне (Zeithain), дзе ўдзельнічаў у стварэнні і кіраванні Польскім ваенным шпіталем як малодшы ардынатар[2].

Пасля вызвалення з лагера вучыўся ў Цэнтры Вышэйшых Польскіх Навук у Бруселі.

У 1946 годзе вярнуўся ў Польшчу і пасяліўся ў Познані. Працягнуў навуковую работу ў Познаньскім універсітэце спачатку як асістэнт, пазней — як старэйшы асістэнт і ад’юнкт[3].

У 1950 годзе атрымаў доктарскую ступень матэматычна-прыродазнаўчых навук, стаў кіраўніком кафедры заалогіі і паразіталогіі на фармацэўтычным факультэце, а пасля яе аб’яднання з кафедрай агульнай біялогіі — кіраўніком лекарскага факультэта Медыцынскай акадэміі.

У 1956 г па ініцыятыве Ч. Гервеля пры міністры аховы здароўя ПНР была створана Камісія медыцынскай паразіталогіі. Спачатку ён выконваў абавязкі навуковага сакратара, а з 1961 — старшыні.

У 1957 годзе праходзіў навучанне на курсах паразіталогіі і трапічных хвароб у Інстытуце Бернхард-Нохт у Гамбургу.

Па яго ініцыятыве ў 1961 годзе была створана першая ў Польшчы клініка паразітарных хвароб у Медыцынскай акадэміі ў Познані.

У 1963 годзе прафесар Ч. Гервель стаў кіраўніком польска-амерыканскай навуковай праграмы па даследаванні трыхінелёзу. У гэтай праграме ўдзельнічала 10 навуковых устаноў і клінік Познані, Варшавы, Кракава, Беластока і вялікая колькасць ветерынарных станцый з усёй Польшы. План даследаванняў уключаў каля 40 тэм у сферы біялогіі, эпідэміялогіі, імуналогіі, патагенезу, клінікі і тэрапіі трыхінелёзу.

У 1960-х гг. быў экспертам Сусветнай арганізацыі аховы здароўя ў сферы паразіталогіі. Быў членам Asociación Internacional de Hidatidología, American Veterinary Epidemiological Society, Польскага паразіталагічнага таварыства[4].

Аўтар многіх публікацый па паразіталогіі.

Падчас Варшаўскага паўстання (жнівень-верасень 1944 года) і знаходжання ў Шталагу IVB у Цайтхайне Чэслав Гервель выканаў 216 фотаздымкаў фотаапаратам Leica, які атрымаў ад свайго брата, лекара Тадэвуша Гервеля. Негатывы ён змог вывезці з Варшавы і схаваць падчас ператрусаў у Шталагу. На фатаграфіях ён зафіксаваў паўстанцкае жыццё, якое кіпела вакол барыкады на скрыжаванні вуліц Вялікай і Сеннай, суседніх вуліц і будынкаў, дзейнасць шпіталя на вуліцы Супольнай, 27 у Варшаве, паўстанцаў, санітарак і цывільнае насельніцтва.

Фотакалекцыя Ч. Гервеля захоўваецца ў музеі Варшаўскага паўстання[5].

  1. а б https://www.1944.pl/powstancze-biogramy/czeslaw-gerwel%2C13770.html
  2. Prof. dr Czesław Gerwel (1909-1974) - wspomnienie pośmiertne (польск.).
  3. Konferencja naukowa: Profesor dr Czeslaw Gerwel jako czlowiek i naukowiec (польск.). bibliotekanauki.pl. Праверана 20 лютага 2024.
  4. Profesor dr med.Czesław Gerwel – na stulecie urodzin - Epidemiological Review (польск.). www.przeglepidemiol.pzh.gov.pl. Праверана 20 лютага 2024.
  5. Czesław Gerwel „Orłoś” (польск.). www.1944.pl. Праверана 20 лютага 2024.