Шала-казахі
Шала́-каза́хі, шалаказа́хі (каз.: шалақазақтар, шала қазақтар) — зневажальная мянушка той часткі казахскага этнасу, якая не хоча валодаць казахскай мовай, не трымаецца або не паважае казахскую культуру і традыцыі.
Словазлучэнне таксама ўжываецца для абазначэння людзей мяшанага паходжання, калі адзін з бацькоў не ёсць казахам[1]. У мінулым (XVIII—XIX стагоддзі) такую назву мела этнаграфічная група (т. зв. чала-казакі), сфарміраваная з нашчадкаў татар, сартаў, уйгураў і інш. народаў мяшанымі шлюбамі з казахамі[2][3][4]. Таксама такую назву маюць некаторыя падраздзяленні казахскіх і кіргізскіх родаў (род мамбет казахскага племя найман, род абла кіргізскага племя сарыбагыш)[5].
Процілегласцю «шала-казаха» ёсць «нагыз-казах» (каз.: нағыз қазақ) — «сапраўдны казах». Тых казахаў, якія цалкам адышлі ад сваіх каранёў, у казахскім грамадстве называюць «ада-казахамі» (каз.: ада қазақ — «кончаны», «абезнадзеены казах»)[6].
Этымалогія
правіцьУ казахскай мове слова «шала́» значыць «палавіністы»[7], «сыры»[8]. У пары з іншымі словамі «шала» надае ім сэнс «непаўнавартасці»: шала туған — «неданошаны», шала жансар — «паўжывы», шала сауатты — «малапісьменны».
Гісторыя
правіць
З моманту каланізацыі казахскіх стэпаў Расійскай імперыяй вялася палітыка русіфікацыі, былі арганізаваны руска-туземныя школы, у якіх з малога веку выкладанне вялося на рускай мове для мясцовага насельніцтва, а ў савецкі перыяд была абвешчана ўсеагульная абавязковая сістэма адукацыі з ухілам на рускую мову; паводле слоў Мекемтаса Мырзахметулы, гэтыя школы сталі «фабрыкай шала-казахаў»[9]. На думку казахстанскага палітолага Айдоса Сарыма, тэрмін «шала» замацаваўся ў 1980-я гады, калі ў перыяд палітыкі Галоснасці ва ўсім СССР сталі цікавіцца сваімі каранямі, а само пытанне, верагодна, бярэ пачатак у 1950-х гадах[10].
У сучасным Казахстане пад шала-казахамі найперш маюць на ўвазе абруселых казахаў, якія ў пэўнай ступені страцілі першапачатковыя казахскія карані праз навучанне ў рускамоўных школах і выхаванне ў неказахскім духу. Гэта паслужыла палярызацыі казахскага грамадства. Казахскамоўныя казахі (асабліва аралманы) ставяцца з пэўным падазрэннем да абруселых казахаў і лічаць, што яны не да канца разумеюць і падзяляюць іх погляды[6]. Самі ж рускамоўныя шала-казахі часам глядзяць на казахскамоўных крыху з пагардай і лічаць сябе знаўцамі сусветнай літаратуры, не звяртаючы ўвагі на тое, што магутная інтэлігенцыя канца XIX — пачатку XX стагоддзяў была носьбітам традыцыйных казахскіх каштоўнасцей. У рэзананснай кнізе Жумабая Жакупава «Шала-қазақ» аўтар выяўляе шала-казахаў у станоўчым выглядзе, паказваючы іх разумнымі і адукаванымі[10], у той жа час аўтар выказвае тэзіс, у якім замест абраз просіць падаць руку помачы абруселым казахам і дапамагчы ім вярнуцца да казахскіх каранёў:
| Спадзяюся, што Мухтар-аға стане адным з першых, хто нарэшце дасць руку помачы нам, шала-казахам, якія не сваёй воляй пазбавіліся напалову сваёй роднай мовы, роднай культуры і роднай зямлі[11]. |
Казахскія патрыёты называюць «шала-казахамі» і тых, хто не ведае роднай мовы і пагарджае сваёй этнічнай прыналежнасцю, і тых, хто не адмаўляе сваю прыналежнасць да нацыі[12]. Асноўным патрабаваннем казахскіх патрыётаў ёсць валоданне казахскай мовай усіх «абруселых» казахаў і прадстаўнікоў іншых нацыянальнасцей (у тым ліку казахстанскіх рускіх), бо яна ёсць дзяржаўнай мовай Казахстана. Паводле слоў казахскага пісьменніка Смагула Елубая, усе, хто спасылаецца на роўнасць рускай з дзяржаўнай мовай, «за 20 гадоў нават не навучыліся вітацца па-казахску ці проста гэтага не хочуць», амаль усе нацыяналісты Казахстана валодаюць і рускай, і казахскай, а рускамоўныя, што пярэчаць рэформам, валодаюць толькі рускай[13]. «Калі б усе рускамоўныя валодалі дзвюма асноўнымі мовамі рэспублікі, моўная праблема адпала б сама сабой», — адзначыў ён. Моўная палітыка ў Казахстане прадугледжвае абавязковае валоданне казахскай.
| І сярод саміх казахаў ёсць людзі, якія не ведаюць казахскай мовы, вы самі ведаеце. І гэта таксама не іх віна, іх бацькі жылі ў рускамоўным асяроддзі. І не трэба іх называць шала-казахамі ці неяк накшталт таго, усе мы казахі. І хіба прадстаўнікі іншых народаў вінаватыя, што не гавораць па-казахску? Не, не вінаватыя. Гэта трэба канечне разумець[14]. |
На думку даследчыка Талгата Мамыраімава, прычынай такога падзелу ёсць «комплекс непаўнавартасці» сярод казахскага народа і інтэлігенцыі праз тое, што казахская культура ў савецкі час лічылася «адсталай», а руская — «перадавой». У часы СССР гаварыць на казахскай і быць носьбітам гэтай культуры лічылася «непрыстойным», а няведанне рускай стала прыкметай «мамбетызму» і перашкаджала кар’ернаму росту[12].
Паводле слоў Болата Жанаева, «культурная прорва паміж казахскамоўнымі і рускамоўнымі казахамі моцна перабольшана», бо ва ўсіх шала-казахаў ёсць сваякі нагыз-казахі, і яны з дзяцінства пераймаюць многія казахскія традыцыі[5].
Мова
правіцьШала-казахскай называюць мяшаную мову з мноствам запазычанняў з рускай, аналагічна суржыку ва Украіне і трасянцы ў Беларусі. Самі шала-казахі, як правіла, не гавораць гэтай мовай. На ёй гавораць казахскамоўныя казахі, якія дадаюць у казахскую гаворку рускія словы. Паводле даных сацыялагічнага апытання «31 канала» Казахстана, самымі папулярнымі шала-казахскімі выразамі сярод навучэнцаў сталі фразы «красавчик», «столовый» (руск.: столовая), «грузить етпе» (руск.: не грузи), «мешать етпе» (руск.: не мешай), «поздравить ету» (руск.: поздравить) і інш.[15]
Шала-казахі ў культуры
правіцьФеномен шала-казахаў абыгрываўся спачатку ў рубрыцы скетчкома «Қызық Радиосы» на тэлеканале КТК, дзе «шала-казахскую» рубрыку вялі Нуртас Адамбаеў і Даут Шайхісламаў, пасля ў скетчкоме «Наша KZаша», у якім шала-казахская «выкладаецца» ўжо ў школе.
Гл. таксама
правіцьКрыніцы
правіць- ↑ Кужникова А. Канат Нуров: Шала-казахи — остов казахстанской нации. — Kapital.kz, 2014-07-05. Архівавана з першакрыніцы 17 снежня 2014.
- ↑ Терентьев М. А. История завоевания Средней Азии. — 1906. — Т. 3. — С. 390. — 542 с. — ISBN 5458637275.
- ↑ Федоров D. Я. Опыт военно-статистического описания Илийского края. — С. 280. — ISBN 5458064801.
- ↑ Институт этнографии имени Н. Н. Миклухо-Маклая. Советская этнография. — Академия наук СССР, 1971. — С. 104.
- ↑ а б Байтукенов Т. Паршивая овца не пожалеет и отца // «Время» : газета. — 27 мая 2010. Архівавана з першакрыніцы 17 снежня 2014.
- ↑ а б Татиля К. Герольд Бельгер: «И ада, и шала, и таза — для меня единые казахи». — Central Asia Monitor, 03.05.2012. Архівавана з першакрыніцы 17 студзеня 2015.
- ↑ Большой казахско-русско-английский словарь(недаступная спасылка). Комитет по развитию языков и общественно-политической работы Министерства культуры и спорта Республики Казахстан. Архівавана з першакрыніцы 11 студзеня 2015. Праверана 11 студзеня 2015.
- ↑ Түсіндірме сөздік (каз.). Государственный институт развития языка. Архівавана з першакрыніцы 29 красавіка 2015. Праверана 11 студзеня 2015.
- ↑ Мәкімбай Б. Қазақ тілі: Қазақ халқының бірінші жауы – шала қазақтар(каз.). — Abai.kz, 26 сентября 2013. Архівавана з першакрыніцы 17 снежня 2014.
- ↑ а б Малеев С. «Шала-қазақ» – это не диагноз // «Мегаполис» : газета. Архівавана з першакрыніцы 18 снежня 2014.
- ↑ Шала Қазақ. aspandau.kz. Архівавана з першакрыніцы 5 жніўня 2021. Праверана 28 красавіка 2022.
- ↑ а б Мамыраимов Т. В защиту некоторых «шала-казахов» и здравого национализма. — Казахстанский центр гуманитарно-политической конъюнктуры, 20.02.2009. Архівавана з першакрыніцы 22 снежня 2014.
- ↑ Хен И. Смагул Елубай: Вся проблема в обрусевших казахах? «Многие наши собратья забыли о том, кто они и откуда». — Central Asia Monitor, 07.10.2011. Архівавана з першакрыніцы 17 снежня 2014.
- ↑ Назарбаев вступился за тех, кто не знает госязыка. — Kapital.kz, 17.10.2013. Архівавана з першакрыніцы 26 красавіка 2014.
- ↑ Составлен рейтинг самых популярных шала-казахских фраз. — tengrinews.kz, 21 февраля 2012. Архівавана з першакрыніцы 26 снежня 2014.