Шальнік трыпутнікавы

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Шальнік трыпутнікавы
Alisma plantago-aquatica20090812 259.jpg
Агульны выгляд квітнеючай расліны
Навуковая класіфікацыя
Міжнародная навуковая назва

Alisma plantago-aquatica L. (1753)

Ахоўны статус
Wikispecies-logo.svg
Сістэматыка
на Віківідах
Commons-logo.svg
Выявы
на Вікісховішчы
ITIS  38894
NCBI  15000
EOL  1084197
GRIN  t:2204
IPNI  30019518-2
TPL  kew-294841

Шальнік трыпутнікавы, або Водны трыпутніктрыпутнік (лац.: Alisma plantago-aquatica) — від раслін з роду Шальнік сямейства Шальнікавыя (Alismataceae), тыпавы від гэтага роду.

Назва[правіць | правіць зыходнік]

Відавы эпітэт у навуковай назве віду — plantago-aquatica — перакладаецца як «вадзяны трыпутнік».

Батанічнае апісанне[правіць | правіць зыходнік]

Батанічная ілюстрацыя з кнігі О. В. Тамэ «Flora von Deutschland, Österreich und der Schweiz», 1885

Шматгадовая травяністая расліна з кароткім тоўстым карэнішчам. Вышыня расліны вагаецца звычайна ў межах 20-60 см.

Лісце з доўгім хвосцікам, сэрцападобнай або закругленай асновай, яйцападобнай або ланцэтна-яйцападобнай пласцінкай, можа дасягаць у даўжыню 20 см; сабрана ў прыкаранёвую разетку. Як і для іншых відаў шальніку, для шальніку трыпутнікавага характэрная гетэрафілія (розналісцевасць): падводная форма расліны мае лінейнае лісце.

Кветканосы з’яўляюцца з цэнтра ліставых разетак, могуць падымацца ў вышыню да 90 см; у падводных раслін суквеццяў звычайна не ўтвараецца. Кветкі актынаморфныя, з падвойным калякветнікам. Чашалісцікі зеленаватыя, застаюцца на пладах. Пялёсткі свабодныя, ападаюць; белыя. Чашалісцікаў і пялёсткаў — па тры. Кветкі абодваполыя, з шасцю тычынкамі і шматлікімі плодалісткамі, размешчанымі на амаль плоскім кветаложы. Даўжыня пылавікоў — ад 0,7 да 1,1 мм.

Плады — дробныя, па баках пляскатыя шматарэшкі зялёнага колеру; распадаюцца на плывучыя сегменты (плодзікі), кожны з якіх змяшчае па адной насеніне. Плодзікі з амаль прамым брушным бокам, з тонкаскурыстымі, не празрыстымі бакамі. Насеніна — з гладкай паверхняй.

Лік храмасом: 2n = 14.

Распаўсюджанне і экалогія[правіць | правіць зыходнік]

Арэал віду ахоплівае ўсе ўмераныя рэгіёны Паўночнага паўшар’я, расліна сустракаецца таксама ў Афрыцы і Паўднёвай Аўстраліі.

Расце ў розных месцах з павышаным увільгатненнем — па берагах вадаёмаў і на плыткаводдзях, на багністых лугах, у канавах.

Апыляецца галоўным чынам мухамі, у некаторых выпадках пылок таксама пераносіцца патокамі паветра.

Хімічны склад[правіць | правіць зыходнік]

Расліна ў свежым выглядзе атрутная для жывёлы; змяшчае рэчывы, якія могуць выклікаць раздражненне пры кантакце са скурай чалавека.

Значэнне і прымяненне[правіць | правіць зыходнік]

Расліна выкарыстоўваецца ў дэкаратыўным садаводстве — іх саджаюць па краях сажалак або ў забалочаных месцах садоў і паркаў; расліны цэняцца ў тым ліку і па той прычыне, што практычна не патрабуюць догляду. Размнажэнне — насеннем і дзяленнем.

Карэнішча расліны багата крухмалам, ядомае пасля тэрмічнай апрацоўкі (напрыклад, у печаным выглядзе) падобна карэнішчам рагозу[3]. Ядомасць карэнішча пасля адмірання верхняй часткі расліны застаецца пад пытаннем.

Меданос і пылканос. У цёплыя дні, калі тэмпература паветра вышэй 15°, яго кветкі вылучаюць слабацукрысты нектар. За суткі адна кветка можа даць 0,2 мг пры канцэнтрацыі цукроў каля 40 %[4].

Зноскі

  1. Ужываецца таксама назва Пакрытанасенныя.
  2. Пра ўмоўнасць аднясення апісванай у гэтым артыкуле групы раслін да класа аднадольных гл. раздзел «Сістэмы APG» артыкула «Аднадольныя».
  3. Колесников, 1943
  4. Суворова, 1997

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Губанов И. А., Киселёва К. В., Новиков В. С., Тихомиров В. Н. 80. Alisma plantago-aquatica L. — Частуха подорожниковая // Иллюстрированный определитель растений Средней России. В 3-х томах. — М.: Т-во научных изданий КМК, Ин-т технологических исследований, 2002. — Т. 1. Папоротники, хвощи, плауны, голосеменные, покрытосеменные (однодольные). — С. 160. — ISBN 8-87317-091-6.
  • Колесников Б. П. Дикие съедобные растения. — Владивосток, 1943. — С. 7—8. — 55 с.
  • Суворова С. Д. Медоносы рязанской мещеры // Пчеловодство : часопіс. — 1997. — № 4. — С. 17—20.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]

  • Частуха подорожниковая: інфармацыя пра таксон у праекце «Плантариум» (вызначальнік раслін і ілюстраваны атлас відаў). (руск.) (Праверана 19 кастрычніка 2012)