Шацк (Пухавіцкі раён)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Аграгарадок
Шацк
Цэнтральная плошча
Цэнтральная плошча
Краіна
Вобласць
Раён
Сельсавет
Каардынаты
Першая згадка
Ранейшыя назвы
Шацак
Вышыня цэнтра
180 м
Насельніцтва
697 чалавек (2012)
Часавы пояс
Тэлефонны код
+375 1713
Паштовы індэкс
222824
Аўтамабільны код
5
Шацк на карце Беларусі ±
Шацк (Пухавіцкі раён) (Беларусь)
Шацк (Пухавіцкі раён)
Шацк (Пухавіцкі раён) (Мінская вобласць)
Шацк (Пухавіцкі раён)

Шацк[1] (трансліт.: Šack, руск.: Шацк) — аграгарадок у Пухавіцкім раёне Мінскай вобласці, на рацэ Шаць. Адміністрацыйны цэнтр Шацкага сельсавета.

Месціцца за 32 км на паўднёвы захад ад Мар’інай Горкі, за 68 км ад Мінска, за 28 км ад чыгуначнай станцыі Рудзенск; каля аўтамабільнай дарогі Пухавічы — Узда — Негарэлае.

Назва[правіць | правіць зыходнік]

Назва Шацк (таксама Шацк Белы[2]) пайшла ад ракі Шаць (Шача), якая мае балцкае паходжанне.

У назве Шаць корань Šat- звязаны з літоўскім šatra(s) «дубец, галінка, доўгая тонкая жэрдзь», šatrus «шпаркі, увішны, гарэзлівы», *šatas «гарэза» (> šatija «банда»), šėtoti «бушаваць, ятрыцца».

Значэнне назвы можна перадаць як «Звілістая (рака)». Гідранімічныя аналагі — літоўскія рачныя назвы Šata (Šatė), Šačia, Šat-upis, таксама Šėta, Šatrija[3]. Адпаведнікі на ўсходзе старабалцкай тэрыторыі — балцкія рачныя назвы Шат, Шача (адпаведна, у Тульскай і Разанскай абласцях цяперашняй Расіі, у басейне Волгі).

Паводле іншай версіі, значэнне такіх назваў трэба шукаць у словах кшталту шацунак (украса) і шата (адзенне, плашч)[4].

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Вялікае Княства Літоўскае[правіць | правіць зыходнік]

У першай палове XV стагоддзя Шацк быў у валоданні Судзівоя Валімонтавіча, а пазней яго сына Станькі[5]. Вялікі князь Аляксандр 10 лістапада 1492 года перадаў Шацк разам з Нясвіжам троцкаму ваяводзе Пятру «Беламу» Мантыгердавічу. У 1523 годзе Шацк упамінаецца як сяло, цэнтр воласці, уласнасць старосты генеральнага жамойцкага Яна Радзівіла.

Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай 1565—1566 гадоў Шацк увайшоў у склад Менскага павета Менскага ваяводства. У XVI стагоддзі тут збудавалі кальвінскі збор паводле фундацыі віленскага харунжага М. Краштоўскага.

У 1582 годзе Мікалай Крыштаф Радзівіл Сіротка прадаў Шацк. Пасля шэрагу ўладальнікаў у 1732 годзе Шацк куплены Гервацыем Аскеркам. 9 траўня 1750 года нададзены статус мястэчка.

Пад уладай Расійскай імперыі[правіць | правіць зыходнік]

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай 1793 года тэрыторыя апынулася ў складзе Расійскай імперыі. Шацк стаў цэнтрам воласці Ігуменскага павета Мінскай губерні.

У 1800 годзе была Ільінская царква, цагляны і чарапічны заводы, карчма, млын, вінакурня, сукнавальня. У 16 лістапада 1863 года адкрыта земская школа. 10 сакавіка 1881 года на базе земскай школы адкрываецца 2-класнае народнае вучылішча. У 1882 годзе закладзены вінакурны завод. У 1886 годзе ёсць народнае вучылішча, царква, валасное праўленне, вадзяны млын, бальніца, 5 крамаў, яўрэйская школа.

У 1879 годзе ад Ігнація Аскеркі маёнтак Шацк перайшоў да Гамуліцкіх, потым да Пуцятаў. З 1888 года адбываліся штотыднёвыя таржкі, штогадовы кірмаш. У 1892 годзе ў школе 66 хлопчыкаў, 10 дзяўчынак. У 1897 годзе ў мястэчку 130 двароў, царква, 2 сінагогі, народнае вучылішча, паштовае аддзяленне, 4 піцейныя дамы, 15 лавак; у маёнтку вінны завод. Побач быў маёнтак Стары Шацк.

Найноўшы час[правіць | правіць зыходнік]

Шацк (Шацак) на карце 1927 г.

З канца лютага 1918 года тэрыторыя акупаваная войскамі Германскай імперыі. 25 сакавіка 1918 года згодна з Трэцяй Устаўной граматай абвяшчалася часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. У снежні 1918 года занята Чырвонай Арміяй, з 1 студзеня 1919 года ў адпаведнасці з пастановай І з’езда КП(б) Беларусі яна ўвайшла ў склад Савецкай Беларусі, з 27 лютага 1919 года — у ЛітБел ССР. У час польска-савецкай вайны ў жніўні 1919 — ліпені 1920 гадоў і ў сярэдзіне кастрычніка 1920 года пад акупацыяй Польшчы (Мінская акруга ГУУЗ).

З 31 ліпеня 1920 года ў Беларускай ССР. У 1921 годзе адкрыта няпоўная сярэдняя школа, у якой у 1922 годзе было 5 настаўнікаў. З 17 ліпеня 1924 года да 4 жніўня 1927 года цэнтр Шацкага раёна Менскай акругі. З 4 жніўня 1927 года да 6 ліпеня 1935 года ў Пухавіцкім раёне Менскай акругі (да 26 ліпеня 1930), у 1935—1938 гадах у Смілавіцкім і Рудзенскім раёнах, з 20 лютага 1938 года ў Менскай вобласці. У 1935 годзе статус паселішча панізілі да вёскі.

У Другую сусветную вайну з канца чэрвеня 1941 года да пачатку ліпеня 1944 года вёска пад акупацыяй Германіі. Нямецкія войскі зайшлі ў Шацк 30 чэрвеня 1941 года. Адразу была расстраляная першая група жыхароў. Нямецкая адміністрацыя арганізавала яўрэйскае гета. Самая масавая акцыя па знішчэнні яўрэяў праведзена ў кастрычніку 1941 года. Ахвяры гэтых карных акцый пахаваны ў трох ямах на ўзлеску гаю з правага боку дарогі з Шацка ў бок вёскі Задашчэнне[6]. За час акупацыі ў Шацку было забіта больш за 800 чалавек.

З 20 студзеня 1960 года ва Уздзенскім, з красавіка 1960 года ў Пухавіцкім раёне. 24 лістапада 1966 года вёскі Міхалевічы, Стары Шацк і Сярэдзіна далучаны да Шацка. Міхалевічы ў пачатку XX стагоддзя налічвалі 59 двароў, 405 жыхароў, Стары Шацк у пачатку XX стагоддзя — маёнтак, 4 двары, 28 жыхароў, Сярэдзіна ў пачатку XX стагоддзя — 41 двор, 282 жыхары.

Насельніцтва[правіць | правіць зыходнік]

Інфраструктура[правіць | правіць зыходнік]

Каля пошты

Дзейнічае Шацкая сярэдняя школа. Ёсць Шацкая ўчастковая бальніца, якая была збудавана ў студзені 1953 года[7].

У Шацку ёсць прыход праваслаўнай царквы Святога прарока Ільі і дом малітвы Евангельскіх хрысціян[8].

Дэмаграфія[правіць | правіць зыходнік]

Вуліца Міхалевічы, 2018 г.
  • 1800 год — 142 жыхары, 29 двароў
  • 1886 год — 184 жыхары, 27 двароў
  • 1897 год — 974 жыхары, 130 двароў; маёнтак Шацк — 63 жыхары; маёнтак Стары Шацк — 22 жыхары, 2 двары
  • 1908 год — 2476 жыхароў, у тым ліку ў мястэчку 2350 жыхароў, 240 двароў; маёнткі Шацк і Стары Шацк — 126 жыхароў
  • 1917 год — 1259 жыхароў, у тым ліку ў мястэчку 1121 жыхар, 166 двароў; маёнткі Шацк і Стары Шацк — 138 жыхароў
  • 1939 год — 3120 жыхароў[9]
  • 1960 год — 210 жыхароў
  • 1999 год — 819 жыхароў
  • 2002 год — 732 жыхары, 324 гаспадаркі
  • 2003 год — 773 жыхароў
  • 2009 год — 669 жыхароў[10]
  • 2012 год — 697 жыхароў, 285 гаспадарак

Славутасці[правіць | правіць зыходнік]

Помнік загінулым яўрэям на могілках
  • Парк пры колішняй сядзібе Аскерак (XIX ст.)
  • Курганны могільнік (мясцовая назва Французская магіла)
  • Помнікі: землякам, загінулым у гады Другой сусветнай вайны; настаўнікам Шацка, загінулым у гады Другой сусветнай вайны (устаноўлены мясцовым жыхаром Міхалам Тарасевічам у 1994 годзе); помнік на месцы яўрэйскага гета

Страчаная спадчына[правіць | правіць зыходнік]

  • Царква Святога прарока Ільі (XIX ст.)
  • Сінагога
  • Сядзіба Аскеркаў (XIX ст.)
  • Помнік загінулым яўрэям. Быў адкрыты 5 ліпеня 1964 года на месцы збору яўрэяў у цэнтры Шацка. Ініцыятарам яго стварэння быў мясцовы жыхар Абрам Іцкавіч Левін. Грошы збіралі яўрэі Шацка і выхадцы з Шацка ў іншых гарадах. Праз некалькі гадоў гэты помнік прыбралі.

Вядомыя асобы[правіць | правіць зыходнік]

Крыніцы[правіць | правіць зыходнік]

  1. Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Мінская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2003. — 604 с. ISBN 985-458-054-7. (DJVU). Сустракаецца таксама варыянт Ша́цак
  2. SgKP 1890, s. 755.
  3. A. Vanagas. Lietuvių hidronimų etimologinis žodynas. Vilnius, 1981. С. 326—327.
  4. Жучкевич В. А. Краткий топонимический словарь Белоруссии. — Мн.: Изд-во БГУ, 1974. С. 407—408.
  5. Насевіч В. Л. Генеалагічныя табліцы старадаўніх княжацкіх і магнацкіх беларускіх родаў 12-18 ст. — Мн.: БелЭН, 1993.
  6. Пройти дорогами памяти. // Пухавіцкія навіны, 8 мая 2018. (руск.)
  7. Марьиногорская центральная районная больница. О больнице. (руск.)
  8. История Пуховичского благочиния. // Белорусская православная церковь. (руск.)
  9. Место расстрела евреев местечка Шацк
  10. Насельніцтва Мінскай вобласці па выніках перапісу 2009 года Архівавана 29 чэрвеня 2015..

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]