Швейная машына

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Швейная машына «Singer»

Швейная машына (у побыце швейная машынка) — тэхнічнае абсталяванне для злучэння і аздаблення матэрыялаў метадам шыцця. Швейныя машыны прымяняюцца ў швейнай, трыкатажнай, абутковай і іншых галінах лёгкай прамысловасці, а таксама ў побыце.

Швейныя машыны выпускаюцца з ручным, нажным і электрычным прывадам.

Фарміраванне сцежкі швейнай машынкай чоўнавага шыўка

Швейная машына дазваляе злучаць у хатніх умовах дэталі з тканіны нітачнай строчкай, весці іх аддзелку і ўпрыгожванне, прышываць гузікі, абкідваць петлі і г. д. Швейныя машыны бываюць 3 класаў. На швейнай машыне класа 2М можна сшываць дэталі адзення адналінейнай чаўночнай строчкай, замацоўваць строчкі ў пачатку і ў канцы шва, шыць вырабы паралельнымі строчкамі, прышываць карункі або тасьму да вырабаў, падшываць краі вырабаў запашывачным швом, прышываць аплікацыі, цыраваць, вышываць. На швейнай машыне класа 132 дадаткова можна абкідваць петлі, прышываць гузікі, рабіць гладзевую строчку, рэльефную строчку, абкідваць краі і сшываць устык зігзагападобнай строчкай. На швейнай машыне класа 142 можна выконваць вышэй пералічаныя работы, а таксама спецыяльныя і дэкаратыўныя строчкі.

Фастрыгава́льная машына — від швейных машын для часовага змацавання дэталяў швейных вырабаў. Утварае ланцуговыя строчкі (з даўжынёй шыўка да 9 мм), якія лёгка распускаюцца. Выпускаюцца спецыялізаваныя фастрыгавальныя машыны: для абкідання борта, для фастрыгавання (наметкі) парусіны і інш.

Важнае значэнне мае наладка швейнай машыны перад эксплуатацыяй (рэгуляванне велічыні шыўкоў, ціску націскной лапкі, нацяжэнне верхняй і ніжняй нітак, вышыні зубцоў рухавіка тканіны пад іголкавай пласцінкай), а таксама своечасовая змазка яе працуючых вузлоў.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Энцыклапедыя сельскага гаспадара. — Мн.: БелЭн, 1993.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]